ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),
нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл.Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).
У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.Рукевіч, Ф.Савіч, М.Валовіч, М.Лавіцкі, Ш.Канарскі, М.Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш.навук. Г.Жавускі, М.Грабоўскі, І.Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.Давід і А.Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;
Философия права. М., 1990.
Літ.:
Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз.развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВЫ РАСЛІ́Н БЕЛАРУ́СКІ НДІМіністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1971 у пас. Прылукі Мінскага р-на на базе Мінскай н.-д. станцыі па каларадскім жуку, нематодах і раку бульбы, Усесаюзнага НДІ аховы раслін УАСГНІЛ, аддзела аховы раслін Бел.НДІ земляробства і лабараторыі біяметаду Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка экалагічна бясшкодных прыёмаў, метадаў і сістэм аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля ў розных глебава-кліматычных зонах Беларусі, удасканаленне метадаў фітасан. дыягностыкі і выкарыстанне камп’ютэрнай тэхнікі для аховы раслін, прагназаванне развіцця шкодных арганізмаў; імуналагічныя даследаванні і распрацоўка метадаў ацэнкі селекцыйнага матэрыялу на ўстойлівасць іх да патагенаў і шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб.развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.Траяноўскі, М.Шчадзінскі, А.Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.
рускі пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1950). Даследаваў жанр балады, паўн.рус. фальклор («Гісторыя развіцця жанру рускай балады», 1966, і інш.). Аповесць «Спадар Вялікі Ноўгарад» (1967), раман «Марфа-пасадніца» (1972) прысвечаны гісторыі Вольнага Ноўгарада. Аўтар шматтомнай гіст. эпапеі «Гасудары маскоўскія»: «Малодшы сын» (1975), «Вялікі стол» (1979), «Цяжар улады» (1981), «Сімяон Ганарлівы» (1983), «Вецер часу» (1987), «Адрачэнне» (ч. 1—2, 1988—89) пра фарміраванне рус. нацыі з яе асновамі (сям’я, абшчына, праваслаўе, адзінаўладдзе). Гэта спроба асэнсаваць гісторыю станаўлення Расіі паводле пасіянарнай тэорыі этнагенезу. У аснове эпапеі факталагічная дакладнасць і строгі храналагічны прынцып адлюстравання падзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́РЫН (Аляксандр Іванавіч) (2.3.1894, г. Угліч, Расія — 21.4.1980),
савецкі вучоны-біяхімік, грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1939), ганаровы чл. акадэмій навук Балгарыі, ГДР, Кубы, Іспаніі, Італіі. Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). З 1929 праф. гэтага ун-та. У 1935 з А.М.Бахам арганізаваў Ін-т біяхіміі АНСССР, з 1946 яго дырэктар. Навук. працы па біяхіміі раслін, праблеме ўзнікнення жыцця на Зямлі. Заснавальнік эвалюцыйнай біяхіміі, вучэння пра хім. эвалюцыю дабіялагічнага перыяду развіцця жыцця. Ленінская прэмія 1974. Залатыя медалі імя І.І.Мечнікава (1960) і М.В.Ламаносава (1979).
Тв.:
Возникновение жизни на Земле. 3 изд. М., 1957;
Жизнь, ее природа, происхождение и развитие. 2 изд. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭДЭРЛО́Ў ((Brederlow) Ніна) (н. 20.6.1941, Мінск),
нямецкая славістка. Скончыла Ленінградскі (1964) і Лейпцыгскі (1974) ун-ты. Д-р філалогіі (1985). Лектар Ін-та славістыкі Патсдамскага ун-та (1971). Чытала лекцыі па гісторыі бел. літаратуры, уводзінах у бел. мову. Выступала ў друку па праблемах бел. дзіцячай л-ры (у зб. «Савецкая літаратура для дзяцей і юнацтва», 1987). Аўтар артыкулаў «Да пытання аб тэндэнцыях развіцця беларускай прозы для дзяцей і юнацтва ў 80-я гады» (1989), «Станаўленне рэалістычнай літаратуры для дзяцей у Беларусі на пачатку 20 ст.» (1991), а таксама пра творчасць Я.Коласа, М.Лынькова і інш.
Літ.:
Соколовский В. Утверждение исконного: Бел. культура в немецкоязычном мире // Нёман. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБІЁЗ (ад ана... + ...біёз),
стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмены рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запавольваюцца, што адсутнічаюць усе бачныя прыкметы жыцця. З’яўляецца эвалюцыйна выпрацаваным фізіял. прыстасаваннем арганізмаў да ўздзеяння адмоўных фактараў асяроддзя (нізкія або высокія т-ры, адсутнасць вільгаці, корму і інш.). Пры спрыяльных умовах нармальныя функцыі жыццёвых працэсаў аднаўляюцца. Назіраецца ў мікраарганізмаў (спораўтваральныя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы), раслін і жывёл. Уваходзіць у нармальны цыкл развіцця многіх арганізмаў (насенне, споры, цысты). Беспазваночныя (гідры, чэрві, некаторыя ракападобныя, насякомыя, малюскі) і пазваночныя (земнаводныя і паўзуны) пры анабіёзе здольны страчваць да 3/4 вады з тканак. З’яву анабіёзу выкарыстоўваюць пры прыгатаванні сухіх жывых вакцын, кансерваванні донарскай крыві і тканак для трансплантацыі, спермы жывёл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РАНАСЦЬ,
індывідуальная своеасаблівасць задаткаў чалавека, якая забяспечвае патэнцыяльныя магчымасці і дазваляе дасягнуць значных поспехаў у пэўнай галіне дзейнасці. Залежыць ад біялагічна вызначаных прычын (уласцівасцяў мозга, нервовай сістэмы і інш.). Высокая ступень спецыяльнай адоранасці — талент. Тэрмінам «агульная адоранасць» вызначаюць адоранасць інтэлектуальную — праяўленне здольнасцей у рознай сферы дзейнасці. Звычайна адоранасць праяўляецца на ранніх этапах узроставага развіцця, у т. л. і праз якасці характару, асаблівасці сну, актыўнасці. Рэалізацыя адоранасці залежыць: ад адпаведных абставін жыцця, спец. навучання і выхавання; запатрабавання з боку грамадства; самарэалізацыі (самавыхавання) асобы.
Літ.:
Лейтес Е.С. Способности и одарённость в детские годы. М., 1984;
Одарённые дети: Пер. с англ.М., 1991;
Леви В. Нестандартный ребёнок. 3 изд. Хабаровск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.