САКСАУ́Л (Haloxylon),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).

Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.

Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Галінка саксаула чорнага.

т. 14, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРГА́САВА МО́РА (Sargasso Sea). У цэнтральнай частцы Атлантычнага акіяна. Абмывае ўсх. берагі Канады, ЗША, Кубы. Пл. 6—7 млн. км² (межы ўмоўныя і зменлівыя ў выніку сезонных перамяшчэнняў цячэнняў). Глыб. да 7110 м. Назва ад скопішчаў плаваючых саргасавых водарасцей, вял. колькасць якіх звязана з наяўнасцю ў С.м. зоны сыходжання паверхневых цячэнняў. У С.м. размешчаны Бермудскія а-вы. Уяўляе сабой застойны цэнтр асім. замкнутай антыцыкланічнай цыркуляцыі, тыповай для субтрапічных мораў, паміж цячэннямі Гальфстрым, Канарскім, Паўн.Атлантычным і Паўн. Пасатным. Т-ра вады на паверхні 18—23 °C зімой, 26—28 °C летам. Салёнасць 36,5—37‰. Багаты жывёльны свет: свабоднаплаваючыя — макрэлевыя, лятучыя рыбы, марскія іголкі, крабы, марскія чарапахі і інш.; прымацаваныя да водарасцей — актыніі, імшанкі і інш.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ТА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,83 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. каля 1,1 км, найб. глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 22 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 20—35 м, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. часткова разараныя. Пойма шыр. 10—15 м, на З да 200 м. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На Пн залівы. 3 астравы, агульнай пл. 1,6 га. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей гліністае. Зарастае слаба. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Чэцверць, выцякае ручай у воз. Світка.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Капа́ч ’прылада, якой капаюць зямлю, выкопваюць караняплоды’ (ТСБМ, Гарэц., Мал.; КЭС, лаг.; брасл., барыс., Сл. паўн.-зах.), капа́чык ’тс’ (Сцяшк.), ’прылада, якой гной скідаецца з воза’ (Касп., Гарэц., Нік. Очерки), кыпа́ч ’тс’ (Бяльк.), капа́ч, капа́чка ’прылада, якой вымаюць з печы патэльню’ (Сцяшк.; лід. Сл. паўн.-зах.); ваўк. капа́ч ’маруда’ (Сл. паўн.-зах.), ’землякоп’ (КЭС, лаг.; брасл., глыб., Сл. паўн.-зах., Кл., Янк. БП, ТСБМ), ’чалавек, які выбірае бульбу’ (Сцяшк.; маст. Сл. паўн.-зах.). Да капа́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 31–32. Прасл. kopačь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 12–13).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыззё ’старое, падранае адзенне’, ’анучы’ (ТСБМ, чэрв., ст.-дар., паст., мядз., шум., глыб., Сл. ПЗБ), ры́ззе ’дранае, старое адзенне’ (Ян.; добр., калінк., жытк., хойн., добр., гом., ветк., светл.; Янк. 2; Яўс.), ри́ззе ’лахманы’ (Нас.), ры́зы ’рыззё’ (смарг., вільн., брасл., Сл. ПЗБ; Сцяшк., Інстр. 1, 81), ’парванае адзенне’ (Жд. I), ризи́на, ризи́нка ’дрэннае, падранае адзенне’ (Нас.), рызі́нка ’ануча, якою адцэджваюць чыгуны’ (Жд. 3), рызняке ’адзенне’ (пух., Сл. ПЗБ), ры́зьзе́ ’падраная вопратка’ (Янк. 2), ’лахманы’ (Яруш.; Гарэц.), рыззё ’парванае адзенне’ (Янк.), рызіна ’старая падраная вопратка’ (Янк. 2). Ад ры́за (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,

Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 4,7 км, найб. глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн. м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і З парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.

Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак. — пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх. берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.

Г.​С.​Жукоўская.

Заслаўскае вадасховішча.
Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Су́бар ’сумесь збожжавага насення’ (Нас.; парыц., Янк. Мат.; Мат. Гом.; асіп., Сл. ПЗБ; маг., гом., ЛА, 4), ’зерневыя адходы пры веянні збожжа’ (Мат. Маг.; рагач., асіп., Сл. ПЗБ; Шатал., Ян.; ЛА, 2), су́бырь, су́барь ’розная мука, сабраная ў млыне ад дзесяціны’ (Шымк. Собр.), ’высеўкі, вотрубі’ (Растарг.), субо́р ’куча дробнага камення, сабраная на полі’ (Касп.; полац., Нар. лекс.), ’мука, атрыманая ад памолу сумесі ячменю і грэчкі’ (Ян.), ’натоўп, зборышча’ (Станк.; маст., Нар. сл.), сюды ж су́барны: субарная мука ’мука з сумесі рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), суба́рніца ’сумесь рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ), суба́рніна ’бязглуздзіца, кавардак’ (Касп.). Рус. суба́р ’адходы, сумесь’, пск. субо́р ’каменне, сабранае з поля і складзенае ў кучу’. З су- і браць, гл. (Фасмер, 3, 791–792). Параўн. аналагічнае славен. sọbra ’крупы’ < *sǫ‑bьra (Сной у Бязлай, 3, 282), што дае падставы для рэканструкцыі *sǫ‑borъ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 206). Значэнне ’куча камення на полі’ не звязана з бор ’узвышэнне, пясчаны бугор’ (Талстой, Геогр., 40). Борысь (Prefiks., 93) узнаўляе прасл. *sǫborь/*sǫborъ < прасл. *sъ‑berǫ, *‑bьrati з адпаведнікамі ў балцкіх мовах: літ. súmbaris ’ссыпанне, складванне разам’, sǫ́barios ’дажынкі’, лат. suobara ’сумесь розных гатункаў збожжа’. Варбат (Слав. языкозн., VII, 110–111) больш позняй праславянскай лічыць і *sǫbarъ з падаўжэннем апафанічнага *o ў корані аналагічна *udarъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

адмоўная структура на ПнЗ Рускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.

Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в. Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб. шыр. 0,85 км, найб. глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн. м³.

Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах. выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎЧКАВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Пціч,

у Мінскім р-не, на р. Пціч (бас. Дняпра). За 16 км ад Мінска, каля в. Воўчкавічы. Створана ў 1968. Пл. 0,85 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 6,5 м. Аб’ём вады 2,8 млн. м³.

Катлавіна выцягнутая ў даліне ракі. Левы бераг стромкі, выш. да 15 м, абвальна-асыпны, месцамі ўкрыты хмызняком і хваёвым лесам, у вярхоўі забалочаны, правы больш спадзісты, выш. да 10—12 м, пад мяшаным лесам. У паўн. ч. зарастае. Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 26,7 млн. м³. Зона адпачынку, месца правядзення спаборніцтваў па веславанні і водных лыжах. На беразе Воўчкавіцкага вадасховішча ў в. Строчыца створаны Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

Воўчкавіцкае вадасховішча.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)