міну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; зак.
1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго-, чаго-н., пакінуўшы яго ззаду або збоку.
М. азярко.
2. пераважна з адмоўем, чаго. Пазбегнуць чаго-н.
Не м. бяды (безас.). Горш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся.
3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.).
Вось і лета мінула.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каму. Споўніцца (пра ўзрост).
Яму мінула сем гадоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
расхіну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; зак.
1. Раскінуць на сабе адзенне.
Расхініся, калі горача.
2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Разысціся ў бакі, адхінуўшыся (пра краі, крыссе адзення).
Полы курткі расхінуліся.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскрыцца (пра дзверы, акно, заслону і пад.).
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца (пра што-н. загорнутае).
Пакунак расхінуўся.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расступіцца ў бакі, даўшы праход, месца.
Натоўп расхінуўся.
|| незак. расхіна́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
сур’ё́зны, -ая, -ае.
1. Удумлівы і строгі, не легкадумны.
С. чалавек.
Сур’ёзныя адносіны да працы.
2. Глыбакадумны, засяроджаны на важных справах.
С. падыход.
3. Істотны і важны па змесце, не жартоўны.
Сур’ёзная п’еса.
Сур’ёзная размова.
4. Які патрабуе да сябе ўвагі з-за сваёй складанасці, які тоіць у сабе небяспечныя вынікі.
Сур’ёзная праблема.
Сур’ёзнае захворванне.
5. Заняты якімі-н. думкамі (пра выраз твару).
С. выгляд.
6. сур’ёзна, пабочн. сл. На самай справе, сапраўды.
Не, сур’ёзна, калі прыедзеце да нас?
|| наз. сур’ёзнасць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),
асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш. юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд. прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.
Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 598
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́СТВАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца агульныя ўласцівасці мностваў; з’яўляецца фундаментам шэрагу матэм. дысцыплін (напр., тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, агульнай тапалогіі, агульнай алгебры, функцыян. аналізу). Метады М.т. знаходзяць дастасаванні ў класічных галінах матэматыкі (напр., якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйным злічэнні, тэорыі імавернасцей). Развіццё М.т. глыбока паўплывала на разуменне самога прадмета матэматыкі.
Заснавана Г.Кантарам, які ўвёў паняцці магутнасці мноства, даказаў незлічонасць мноства рэчаісных лікаў, сфармуляваў паняцце актуальна бясконцага (гл. Бесканечнае і канечнае, Бесканечнасць). Паняцце мноства належыць да першапачатковых матэм. паняццяў, яго можна тлумачыць толькі на прыкладах. Адно з асн. паняццяў М.т. — паняцце прыналежнасці элемента дадзенаму мноству. Мноства лічыцца зададзеным, калі зададзена характарыстычная ўласцівасць яго элементаў; а калі дадзенай уласцівасці не мае ні адзін з элементаў, то гавораць, што такая ўласцівасць вызначае пустое мноства. Напр., мноства рэчаісных каранёў ураўнення х2 = -1 з’яўляецца пустым. Магчымасць колькаснай параўнальнай ацэнкі мностваў грунтуецца на паняцці ўзаемна адназначнай адпаведнасці (біекцыі) паміж 2 мноствамі: мноствы X і Y з’яўляюцца роўнамагутнымі (эквівалентнымі), калі паміж іх элементамі вызначана ўзаемна адназначная адпаведнасць. Бясконцыя мноствы, роўнамагутныя мноству ўсіх цэлых лікаў, наз. злічонымі (напр., мноства рацыянальных лікаў). Мноства ўсіх рэчаісных лікаў мае магутнасць (абагульненне паняцця ліку элементаў), большую за магутнасць злічонага мноства, і яго магутнасць наз. магутнасцю кантынуума. Значны ўклад у развіццё М.т. зрабілі рас. матэматыкі Дз.Ф.Ягораў, М.М.Лузін, П.С.Аляксандраў, А.М.Калмагораў, П.С.Новікаў, амер. матэматык П.Дж.Коэн.
Літ.:
Бурбаки Н. Теория множеств: Пер. с фр. М., 1965;
Коэн П.Дж. Теория множеств и континуум-гипотеза: Пер. с англ. М., 1969;
Александров П.С. Введение в теорию множеств и общую топологию. М., 1977.
А.А.Гусак.
т. 10, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сцячы́, сцяку, сцячэш, сцячэ; сцячом, сцечаце, сцякуць; пр. сцёк, сцякла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Збегчы па нахіленай паверхні ўніз (пра вадкасць). Як сцякла вада і тужэла зямля, абмытае каменне на ўзлеску блішч[а]ла пад сонцам. Чорны.
2. Знемагчы ад страты крыві. А калі знянацку куля Абарве маё жыццё, Помні, за цябе, матуля, Сын крывёю чыстай сцёк. Астрэйка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вычарпацца, скончыцца. Калі ёсць мукі скрыня, то і свіння — гаспадыня, а калі мука сцячэ, дык і гаспадыня не спячэ. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.
1. Паслядоўна, па чарзе заменьваць адно другім. Мы вывучылі .. кожны крок [вартавых], ведалі, як яны чаргуюцца на пастах: ведалі, хто калі патрулюе за агароджай, калі стаіць ля ўваходу, калі адпачывае. С. Александровіч. Непаўторныя ап’яняючыя часіны шчасця чаргаваліся з часінамі роспачы і душэўнага болю. Краўчанка. // Перыядычна паўтарацца. Шорганне чаргавалася размерна і рытмічна — раз-два! раз-два! Колас. // Размяшчацца паслядоўна адно за другім. Сасновыя бары чаргаваліся з забалочанымі хмызнякамі. Няхай.
2. У лінгвістыцы — заканамерна замяняцца адзін другім (пра гукі) у каранях або афіксах роднасных слоў або форм.
3. Зал. да чаргаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Недабой ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (гродз., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Жд. 1). Ад недабіць, з не- (гл.) і дабіць ’прыбіць’, параўн. недасек ’тс’, гл. неда-.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Клы́зніць ’жыць, дажываць’, ’гаварыць пустое’ (Юрч. Фраз. 2). Зыходзячы са значэння ’гаварыць пустое’, можна разглядаць як скажонае трызніць (гл.). Калі так, то ў гэтай форме збераглося другое старажытнае значэнне — ’дажываць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Авур-авур-авур ’падзыўныя словы для авечак’ (Інстр. III), авуль‑вуль‑вуль ’тс’ (Дразд.). Калі пачатковае а‑ не мае пратэтычнага характару, магчыма, ав‑ звязана з назвай авечкі. Параўн. (а)быр.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)