ГАСТЭРАМІЦЭ́ТЫ (Gasteromycetes),

група парадкаў базідыяльных грыбоў. 11 парадкаў, 23 сям., 145 родаў, больш за 1000 відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў цёплых і ўмерана цёплых засушлівых раёнах (стэпах, паўпустынях і пустынях), ёсць трапічныя роды і віды, таксама касмапаліты. На Беларусі 5 парадкаў — нідулярыяльныя, дажджавіковыя, гіменагастральныя, склерадэрматальныя, фаляльныя, 23 роды (найб. вядомыя вясёлка, галавач, гняздоўка, дажджавік, порхаўка, зорачнік, тыгельчык несапраўдны дажджавік, міцэнаструм, гіменагастэр, каранёвец, кілішак, лангерманія), каля 60 відаў. У асноўным глебавыя сапратрофы і ксілатрофы, некаторыя мікарызаўтваральнікі, ёсць каранёвыя паразіты. Растуць у лясах на глебе і подсціле, рэштках драўніны, на лугах і палях. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.

Характэрныя прыкметы гастэраміцэтаў — замкнёнасць пладовых цел да поўнага выспявання базідыяспор. Пладовыя целы сядзячыя або на ножцы, розныя па форме (шара-, клубне-, груша-, яйца-, кубачка-, зоркападобныя і інш.), памерах (дыям. 1—70 см), масе (да 12,5 кг). Бываюць наземныя, паўпадземныя, падземныя. Пладовыя целы ўкрыты адна-, двух- або шматслаёвай абалонкай (перыдыем). Мякаць (глеба) у маладым узросце белая або шараватая, рыхлая, у пераважнай большасці відаў з камерамі, у якіх развіваюцца базідыі з базідыяспорамі, потым парашкападобная, слізкая ад аліўкавага да карычневага колеру, зрэдку застаецца шчыльнай. Сярод гастэраміцэтаў — ядомыя (маладыя галавачы, дажджавікі і інш.), ядавітыя (несапраўдны дажджавік), лек. (вясёлка) грыбы.

В.​С.​Гапіенка.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАШТОЎНЫЯ ПАПЕ́РЫ,

дзяржаўныя абавязацельствы, якія афармляюцца ў выглядзе пазыковых каштоўных папер. Выпускаюцца цэнтр. і дзярж. ўстановамі і мясц. органамі ўлады з мэтай мабілізацыі грашовых сродкаў для фінансавання дзярж. доўгу. бюджэтнага дэфіцыту, мэтавых агульнанац. і рэгіянальных праграм, забеспячэння камерц. банкаў ліквіднымі актывамі, падтрымкі ўстаноў і арг-цый сац. накіраванасці, рэгулявання грашовай масы ў абарачэнні. Першаснае размяшчэнне Дз.к.п. ажыццяўляецца Нац. (Цэнтр.) банкам праз сетку дылераў (камерцыйныя банкі, фін. кампаніі і г.д.) шляхам правядзення аўкцыёнаў, адкрытага продажу або на падставе індывід. перагавораў. Існуюць рыначныя і нярыначныя Дз.к.п. Рыначныя — казначэйскія вэксалі, ноты, аблігацыі, якія свабодна прадаюцца і купляюцца на другасным рынку кашт. папер, значная частка іх абароту прыпадае на пазабіржавы рынак; асн. трымальнікі — крэдытна-фін. ўстановы, інстытуцыянальныя інвестары (пенсіённыя, страхавыя. інвестыцыйныя фонды і г.д.), прыватныя асобы. Нярыначныя — ашчадныя аблігацыі і сертыфікаты, некаторыя віды пенсіённых аблігацый, якія размяшчаюцца мясц. органамі ўлады або рэалізуюцца за мяжой; прызначаюцца гал. чынам для размяшчэння сярод насельніцтва і не могуць свабодна пераходзіць ад аднаго трымальніка да другога. Парадак і памер выплат даходаў па Дз.к.п. вызначаюцца працэнтнымі стаўкамі, дысконтам, правядзеннем выйгрышных пазык. На Беларусі ў абароце знаходзяцца дзярж. кароткатэрміновыя аблігацыі, казначэйскія вэксалі, кароткатэрміновыя абавязацельствы Нац. банка, трымальнікамі якіх з’яўляюцца выключна юрыд. асобы; імянныя прыватызацыйныя чэкі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖДЖАВЫ́Я ЧЭРВІ, земляныя чэрві,

агульная назва 5 сям. кольчатых чарвей кл. алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў. Каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыб. да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найб. пашыраны пашавы чарвяк (Nicodrilus caliginosus), малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак (Lumbricus rubellus), эйзеніела чатырохгранная (Eiseniella tetraedra), гнаявы чарвяк (Eisenia foetida), вял. чырвоны выпаўзак (Lumbricus terrestris) і інш.

Даўж. 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шыр. да 20 мм. Цела цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60—450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае 2 асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан. Добра развітыя нерв., крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты. Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін. Рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінер. рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.

Дажджавыя чэрві: 1 — вялікі чырвоны выпаўзак; 2 — малы чырвоны; 3 — гнаявы; 4 — эйзеніела чатырохгранная.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАГЕАГРА́ФІЯ (ад зоа... + геаграфія),

геаграфія жывёл, раздзел біягеаграфіі, які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым відаў жывёл, іх экалагічных груповак і заканамернасці іх пашырэння на зямным шары.

Першыя звесткі па З. з’явіліся ў працах Арыстоцеля, Плінія Старэйшага і інш.; асабліва хутка назапашванне інфармацыі ішло ў эпоху вял. геагр. адкрыццяў 15—17 ст. Спробы падзелу паверхні Зямлі на асобныя зоагеагр. прасторы рабіліся ў 1-й пал. 19 ст. Вял. значэнне для развіцця З. мелі працы вучоных: англ. Ф.​Склетэра, А.​Уолеса, рас. М.​А.​Северцава, Л.​С.​Берга, Л.​А.​Зянкевіча, М.​А.​Мензбіра, П.​П.​Сушкіна і інш.

На Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1920-х г. (А.​У.​Фядзюшын, У.​В.​Станчынскі). Стан жывёльнага свету (віды і групоўкі млекакормячых, птушак, рыб, насякомых, паразітычных членістаногіх, водных беспазваночных) вывучалі І.​М.​Сяржанін, Фядзюшын, М.​С.​Долбік, П.​І.​Жукаў, І.​К.​Лапацін, В.​І.​Мержаеўская, Т.​Р.​Іанісіяні, І.​Ц.​Арзамасаў, І.​В.​Чыкілеўская, М.​М.​Драко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш. На падставе даных З. вучоныя складаюць схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюць рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах.

Літ.:

Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.​К.​Лапацін.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад лац. integratio аднаўленне, папаўненне),

адзін з бакоў працэсу развіцця, калі асобныя часткі ці элементы аб’ядноўваюцца пад дзеяннем пэўнага фактара ў адно цэлае. Працэсы І. могуць адбывацца ва ўжо існуючых сістэмах або весці да стварэння новых сістэм на падставе некаторай колькасці сістэмастваральных элементаў. І. — універсальная з’ява. Яна назіраецца ў прыродных, касм. і сац. працэсах. Тыповыя яе прыклады: сінтэз атамаў у тэрмаядзерных рэакцыях, сінтэз малекул пры стварэнні хім. рэчываў, аб’яднанне ў адзіны комплекс розных відаў вытв-сці (гл. Інтэграцыя эканамічная), аб’яднаўчыя сувязі паміж суб’ектамі грамадства — асобамі, сац. групамі, дзяржавамі, грамадскімі арг-цыямі і інш. (гл. Інтэграцыя сацыяльная). У выніку І. павялічваецца аб’ём і інтэнсіўнасць сувязей паміж элементамі ўнутры сістэмы, што прыводзіць да паяўлення новых узроўняў кіравання сістэмай. Што датычыць частак новай сістэмы, то ў залежнасці ад характару сістэмы іх пач. самастойнасць або змяняецца пэўнай ступенню аўтаноміі, або цалкам знікае на карысць цэлага. У залежнасці ад складу ўдзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прынцыпаў, мэт і спосабаў іх рэалізацыі адрозніваюць пэўныя ўзроўні, формы і віды І. У апошняй чвэрці 20 ст. хуткімі тэмпамі развіваецца міждзярж. І. ў галіне эканомікі і фінансаў, асабліва ў Зах. Еўропе, а таксама ў сферах палітыкі, абароны і інш. Аб’ектыўнай асновай І. выступае інтэрнацыяналізацыя эканам. і інш. сувязей.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУІ́НДЖЫ (Архіп Іванавіч) (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),

расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл. Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.​Рылоў, М.​Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.​Айвазоўскага. У сярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).

Літ.:

Марков В. АИ. Куинджи. М., 1969;

Неведомский М.П., Репин И.Е. АИ.​Куинджи. Ростов н/Д., 1997.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Куінджы. Дняпро раніцай. 1881.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СВІДА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Віцебскім р-нам, у бас. р. Храпаўлянка, за 7 км на Пд ад г. Гарадок. Пл. 11,42 км², даўж. каля 7,1 км, найб. шыр. каля 4,9 км, найб. глыб. 20,2 м, даўж. берагавой лініі 25,6 км. Пл. вадазбору 107 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м (на ПнЗ і З да 4 м), на Пн і У стромкія, парослыя лесам, часткова разараныя. 3 вял. залівы, паўн.-зах. аддзелены ад возера пясчанай водмеллю (глыб. 0,2 м). Берагі выш. да 1,5 м, месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі, на паўн.-зах. і паўд.-зах. нізкія, часткова забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шыр. зоны мелкаводдзя да 25 м у залівах і да 250 м уздоўж паўд. і паўд.-ўсх. берагоў. Дно ў прыбярэжнай ч. да глыб. 6 м выслана пяскамі, на У і Пн пясчана-галечнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю (шыр. паласы да 150 м). У возеры растуць рэдкія для флоры Беларусі ахоўныя віды: палушнік азёрны, наяды малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Цыганова. Уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе турбаза «Віцебская», спарт. база, лодачная станцыя.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр. Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.​Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш).

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;

Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.

С.​Ф.​Дубянецкі.

С.Майман.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ (Тамаш) (1562 або 1575, г. Гданьск?, Польшча — 1630),

бел. гравёр. У 1600—11 працаваў пры двары кн. М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы, кіраваў друкарняй. Творы вызначаюцца высокім майстэрствам, уплывамі маньерызму і галандскіх майстроў. Выгравіраваў першую дакладную карту Вял. кн. Літоўскага (каля 1603, захавалася 2-е выд., 1613, Амстэрдам), да якой склаў тлумачальны тэкст, уключыў у яго важнейшыя звесткі пра Беларусь, даў агульную характарыстыку краю (захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та). Аўтар гравюр да кніг «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» Радзівіла (1601, Брунсберг), «Гіпіка» К.​Дарагастайскага (1603, Кракаў; 1620, Познань), да «Панегірыка братоў Скарульскіх — Яна, Захара і Мікалая» (1604, Нясвіж), «Панегірыка Казіміру» (1610, Вільня). Выканаў гравіраваныя партрэт Радзівіла, віды Нясвіжа, Масквы (каля 1600), Вільні, Гродна, Клецка, Коўна, Трокаў, некалькі гравюр пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (серыя «Асада Смаленска», 1611; выява прадстаўлення сенату палонных братоў Шуйскіх, і інш.). Работы падпісваў Маковіус, Макоўскі, Т.М. У Нясвіжы ўстаноўлены бюст М.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка: Невядомы партрэт з творчай спадчыны Тамаша Макоўскага // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12;

Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiedo od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989.

С.​А.​Акуліч, А.​В.​Белы.

Т.Макоўскі Панарама Вільні. 1600.

т. 9, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)