КУЖАМ’Я́РАЎ Куддус Хаджам’яравіч (н. 21.5.1918, с. Кайназар Энбекшыказахскага р-на Алма-Ацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог; заснавальнік уйгурскай прафес. музыкі. Нар. арт. Казахстана (1973). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1951, клас Я.​Брусілоўскага), з 1953 выкладае ў ёй (у 1957—67 рэктар, з 1965 праф.). Сярод твораў: оперы «Назугум» (паст. 1956), «Залатыя горы» (з Н.​Тлендыевым, 1960), «Садырасілак» (1975), балет «Чын Тамур» (1969); араторыя «Квітней, Сямірэчча» (1970); кантата «Радзіма» (1986); вак.-сімф. паэмы (1982, 1984); 5 сімфоній (1971—87), 8 сімф. паэм (1950—88); 4 канцэрты для інструментаў (1973—86) і голасу (1988) з арк.; камерна-інстр. ансамблі, хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Казахстана 1984.

Літ.:

Кирина К.Ф. К.​Кужамьяров. М., 1980.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙСЕНСКІ ФАРФО́Р, мейсенскі фарфор,

мастацкія вырабы першага ў Еўропе фарфоравага завода ў г. Майсен каля Дрэздэна, Германія. Завод засн. ў 1710. У 1710—19 выпускаў посуд строгіх форм з каменнай масы і фарфору; у 1720—35 (у «жывапісны» перыяд) пашырана паліхромная надглазуравая і кобальтавая падглазуравая размалёўка посуду; у 1735—63 («скульптурны» перыяд) набылі вядомасць багатыя сервізы, вазы, туалетныя і пісьмовыя прыборы, табакеркі ў стылі ракако, скульпт. фігуры і групы — жанравыя, галантныя, пастаральныя, персанажы «камедыі дэль артэ», жывёл (мадэльеры І.​І.​Кендлер, І.​Г.​Кірхнер, І.​Ф.​Эберлайн). М.ф. ўласцівы вытанчанасць мадэліроўкі, мяккасць пластыкі ў спалучэнні з размалёўкай. Традыцыі керамічнага мастацтва М.ф. захоўваюцца. Марка завода (з 1725) — сінія мячы, нанесеныя падглазуравай размалёўкай. Іл. гл. таксама да арт. Кераміка.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Майсенскі фарфор. Сервіз і дэкаратыўныя кампазіцыі.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРЭ́НКА Анатоль Юр’евіч (н. 22.1. 1933, г.п. Цярны Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спявак (барытон). Нар. арт. Украіны (1973). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1956), Кіеўскую кансерваторыю (1963). З 1968 саліст Укр. т-ра оперы і балета (Кіеў). Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. дараваннем. Сярод партый: Мікола, Астап («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Максім («Арсенал» Г.​Майбарады), Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Жэрмон, граф ды Луна («Травіята», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Невер («Гугеноты» Дж.​Меербера), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Мурман («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі). Дзярж. прэмія Грузіі 1972. Дзярж. прэмія Украіны 1979.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛЬЧАНКА Ала Анатолеўна (н. 3.7.1957, Масква),

расійская артыстка балета. Засл. арт. Узбекістана (1981). Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1976, клас С.Галоўкінай). З 1976 у Вял. т-ры ў Маскве. Яе танец вылучаецца высокай тэхнікай, пластычнасцю, вытанчанасцю ліній, псіхал. глыбінёй. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Шырын («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Рыта («Залаты век» Дз.​Шастаковіча), Анастасія («Іван Грозны» С.​Пракоф’ева), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Ніна Зарэчная («Чайка» Р.​Шчадрына) і інш. 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета ў Маскве (1976), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1976) і Маскве (1977). Знялася ў тэлеэкранізацыях балетаў «Гэтыя чароўныя гукі...» (1981), «Фрагменты адной біяграфіі» і «Я хачу танцаваць» (абедзве 1985).

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯГКО́Ў Андрэй Васілевіч (н. 8.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1986). Скончыў Ленінградскі хіміка-тэхнал. ін-т (1961), Школу-студыю МХАТ (1965). З 1965 у маскоўскім т-ры «Сучаснік», з 1977 у МХАТ (з 1989 імя А.​Чэхава). Стварае вобразы тонкай псіхалагічнай распрацоўкі, афарбаваныя мяккім гумарам і іроніяй: Рэпецілаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Вайніцкі, Трыгорын, Кулыгін («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Барон («На дне» М.​Горкага), Валерый («Мішаў юбілей» А.​Гельмана і Р.​Нельсана) і інш. З 1965 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Браты Карамазавы» (1969), «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Летаргія» (1983), «Пасляслоўе» (1984), «Ад зарплаты да зарплаты» (1985), «Апошняя дарога» (1986), «Кантракт са смерцю» (1999) і інш.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ Міхаіл Фёдаравіч (28.10.1896, С.-Пецярбург — 4.9.1963),

расійскі акцёр, рэжысёр і тэатр. дзеяч. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў драм. курсы ў Петраградзе (1920). Працаваў у петраградскіх т-рах, з 1924 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​С.​Пушкіна. З 1936 акцёр, у 1954—59 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра імя Лесі Украінкі. Творчай манеры Р. ўласцівы спалучэнне нязмушанасці сцэн. паводзін з псіхал. тонкасцю і філас. глыбінёй. Сярод роляў: Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Павел Пратасаў («Дзеці сонца» М.​Горкага), Акаёмаў («Машачка» А.​Афінагенава) і інш. Паставіў шэраг спектакляў. З 1935 адымаўся ў кіно; «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Подзвіг разведчыка» (1947), «Іван Франко» (1956) і інш. Аўтар арт. па праблемах тэатр. мастацтва.

Літ.:

Сенникова Р.Д. Михаил Романов. Киев, 1972.

М.Ф.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.​Голскага і Л.​Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.​Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.​Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.

Літ.:

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМАДЫ́ЕЎ Еркегалі Рахмадыевіч (н. 1.8.1932, аул № 9 Семіпалацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957, кл. кампазіцыі Я.​Брусілоўскага), з 1960 выкладаў у ёй (у 1967—75 рэктар, з 1979 праф.). З 1959 маст. кіраўнік Казахскай філармоніі. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення па справах мастацтва Мін-ва культуры Казахстана. З 1966 дырэктар Казахскага т-ра оперы і балета. Творчасць адметная спалучэннем рыс еўрап. прафес. мастацтва і казахскай нац. культуры. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Алпамыс» (1973), «Песня пра цаліну» (1980), «Майра» (1985); творы для салістаў, хору і арк.; канцэрты для скрыпкі з арк. (1986), для трубы (1984); камерна-інстр. творы; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Аўтар кн. «Час і музыка» (1986). Дзярж. прэмія Казахстана 1980.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ПКА Багдан Сільвестравіч (н. 27.8.1941, г.п. Кулікоў Жолкаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна),

украінскі акцёр, дзярж. дзеяч. Нар. арт. Украіны (1980). Нар. арт. СССР (1991). Скончыў Кіеўскі ін-т тэатр. мастацтва (1984). З 1961 акцёр Львоўскага ўкр. т-ра драмы імя М.​Занькавецкай, з 1978 — акад. т-ра імя І.​Франко. З 2000 міністр культуры Украіны. Творчая манера С. вызначаецца псіхал. і эмацыянальнай напружанасцю пры строгім знешнім малюнку роляў, сярод якіх: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Дон Жуан («Каменны гаспадар» Л.​Украінкі), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Васільеў («Выбар» паводле Ю.​Бондарава), Тэўе («Тэўе-Таўль» паводле Шолам-Алейхема) і інш. Здымаўся ў кіно: «Белая птушка з чорнай меткай», «Дзеці сонца», «Мікалай Вавілаў», «Дарога ў рай», «Пастка», «Усход-Захад», «Мазепа» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1980. Дзярж. прэмія Украіны 1992.

Б.С.Ступка.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́Т (сапр. Абрамовіч) Усевалад Сямёнавіч

(12.2.1912, г. Бадайбо Іркуцкай вобл., Расія — 3.3.1991),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1980). У 1931—34 і з 1938 акцёр Маскоўскага т-ра імя М.​Ярмолавай, у 1934—37 — Т-ра Чырв. Арміі ў Ташкенце. У 1964—68 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага. Рознахарактарны акцёр, творчасці якога ўласцівы глыбіня трактоўкі ролі, імкненне да завершанасці сцэн. формы, лаканізм выразных сродкаў. Сярод роляў: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Кучумаў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Пушкін («Пушкін» А.​Глобы), Прэйн («Горнае гняздо» паводле Дз.​Маміна-Сібірака), сэр Джон («Касцюмер» Р.​Харвуда), Жак («Як вам гэта спадабаецца» У.​Шэкспіра), Шура Зайцаў («Старыя сябры» Л.​Малюгіна) і інш. З 1955 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 18, кн. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)