помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, З-га Бел. і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944. Знаходзіцца на 21-м км шашы Мінск—Масква. Закладзены 30.9.1966, адкрыты 5.7.1969. Аўтары: скульпт. А.Бембель, арх. А.Стаховіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1970), скульпт. А.Арцімовіч, арх. Л.Міцкевіч, інж. В.Лапцэвіч. Выш. кургана 35 м, на яго вяршыні 4 штыкі-абеліскі (выш. кожнага 35,6 м), якія сімвалізуюць франты, што ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. У іх ніжняй ч. мазаічныя выявы ордэнаў Айч. вайны і Славы. Аснову штыкоў абкружае шырокае кальцо, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!» На вонкавай паверхні кальца абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы твараў воінаў усіх родаў войск і партызан. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні кургана вядуць 2 лесвіцы. Каля падножжа і на схіле гранітныя пліты з інфарм. тэкстам. Вакол помніка мемар. парк са штучным басейнам. Філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны.
А.Г.Ванькевіч.
Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМЕ́ЛІШКІ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 70 км на Пн ад г.п. Астравец, 272 км ад Гродна, 75 км ад чыг. ст. Гудагай. 730 ж., 280 двароў (1998).
Вядомы з 1644 як сяло маёнтка Свіраны, які ў 17—18 ст. належаў Сангушкам, Данілевічам, Корвін-Пятроўскім, Прушынскім. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У 1886—143 ж., 21 двор. З 1922 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета Свірскага р-на, у 1959—62 у Некрашунскім і Падольскім с/с Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. З 1965 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1971—521 ж., 189 двароў.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Кемелішкаўскі касцёл Нараджэння Дзевы Марыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁЛЬНСКІ САБО́Р, сабор Санкт-Петэр-унд-Марыя,
помнік архітэктуры ням. готыкі 13—19 ст.; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Кёльн (Германія) на ўзор Ам’енскага сабора. Буд-ва пачалося ў 1248—1560 (майстры Герардус, з 1248; Арнальд, з 1271; М.Савойскі, каля 1350; Н. фон Бюрэн, з 1395; К.Кюйн, з 1445; I. фон Франкенбург, з 1469). Завершаны па старых чарцяжах у 1842—80 (у т. л.гал. фасад і вежы). 5-нефавая крыжападобная базіліка з 3-нефавым трансептам і 2 вежамі. Даўж. 144 м, шыр. і выш. 61 м, выш. вежаў 157 м. Высокі (каля 45 м) сярэдні неф, трыфорыі прарэзаны аконнымі праёмамі, сцены запаўняюць часта размешчаныя вял. стральчатыя вокны. На фасадзе традыц. гатычнае акно-ружа заменена на стральчатае. Выразная скіраванасць угару падкрэсліваецца багатым і складаным дэкорам, які ўпрыгожвае ўсе дэталі канструкцыі. У інтэр’еры вітражы (каля 1320), скульптура 10—15 ст. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры. Сфарміравалася ў 19—20 ст. у в. Краскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. на беразе р. Зальвянка. Уключае палац у рэтраспектыўна-замкавым стылі, шэраг драўляных і мураваных пабудоў і пейзажны парк са ставам. Палац складаецца з драўлянага 1-павярховага корпуса (1839) і прыбудаванага да яго 2-павярховага мураванага аб’ёму (1905). Верт. дамінанты — круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчастымі парапетамі і флюгерамі. Гал. ўваход аформлены высокім ганкам і стральчатым парталам з 4 вуглавымі пінаклямі. У дэкоры выкарыстаны разнастайныя абрамленні аконных праёмаў са стральчатымі і паўцыркульнымі завяршэннямі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, балюстрада, філёнгі і інш. Парк пейзажнага тыпу (пл. 3 га) складаецца з 3 частак: партэрнай перад палацам, пейзажнай на паўд.-ўсх. схіле ўзгорка і хваёвага лесапарку на ўзгорку. У планіроўцы адкрытыя паляны з курцінамі і прагулачныя алеі. У парку расце больш за 30 відаў дрэў і кустоў, у т. л. хвоя веймутава. лістоўніца еўрапейская, воцатнае дрэва, акацыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЎШЫЦ (Мордух Насонавіч) (17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец.буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл. збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв.ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.
Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1919 у Гомелі, на базе нацыяналізаваных у 1917 калекцый кн. І.І.Паскевіча, меў мастацкі профіль. З 1945 — гісторыка-краязнаўчы, з 1952 абл. краязнаўчы музей. Размешчаны ў палацы Румянцавых-Паскевічаў (арх.помнік 18—19 ст.). Мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 1013 м²), больш за 200 тыс. экспанатаў (1997). Аддзелы: прыроды, гісторыі, мастацтва. Экспануюцца карысныя выкапні, узоры расліннага і жывёльнага свету Гомельшчыны, матэрыялы з археал. раскопак краю, этнагр. калекцыі, старадрукі 16 — 19 ст. Значнае месца займаюць матэрыялы, прысвечаныя ўладальнікам Гомельскага маёнтка П.А., М.П. і С.П.Румянцавым, І.Ф.Паскевічу, а таксама рэв. руху ў краі канца 19 — пач. 20 ст., у т. л.Рудабельскай рэспубліцы і яе кіраўнікам. Вял. экспазіцыя прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, якая расказвае пра Гомеля абарону 1941, дзейнасць патрыят. і камсамольска-маладзёжнага падполляў, партыз. злучэнняў; экспануецца дыярама «Азарыцкія лагеры смерці» і інш. Праводзяцца маст. выстаўкі. Філіял — аддзел адкрытага захоўвання фондаў у в. Хальч Веткаўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛЬСК,
горад, цэнтр Ельскага р-на Гомельскай вобл. За 177 км ад Гомеля. Чыг. ст. на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). 11,2 тыс.ж. (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 16 ст., у Мазырскім пав.ВКЛ. Меў таксама назву Каралін. Належаў Спадам, Казіміру Аскерку.
З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Мазырскім пав. У 1886 у Е. 44 двары, вінакурны з-д, 3 крамы, школа, царква, з 1873 чыг. станцыя; у 1897—600 ж. З 1924 цэнтр Каралінскага раёна, з 1931 — Ельскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,9 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 23.8.1941 да 11.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Е. і раёне 5435 чал. Дзейнічала Ельскае патрыятычнае падполле. 4,8 тыс.ж. у 1959; 6,7 тыс.ж. у 1971. З 5.7.1971 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Дзейнічае Ельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і падпольшчыка. Помнік архітэктуры — Ельская Троіцкая царква (1769—80).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад.Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял.Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в.Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплекс Зыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).
Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.
Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).