МАКА́РТУР ((MacArthur) Дуглас) (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),

амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-МАГО́Н ((Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс) (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж. ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕЦ (Іван Васілевіч) (н. 13.1.1908, в. Мольнічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. настаўнік Беларусі (1966). У 1928 сакратар Навагрудскага райкома КПЗБ. З 1928 у СССР, вучыўся на рабфаку пры Горацкай с.-г. акадэміі, у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.​Мархлеўскага ў Маскве (1929—32). У маі 1932 вярнуўся ў Зах. Беларусь, у ліп.снеж. 1932 сакратар ЦК КСМЗБ, у 1933 сакратар Беластоцкага, Віленскага акр. к-таў КПЗБ. У сак. 1933 арыштаваны і зняволены ўладамі Польшчы. Са жн. 1936 сакратар Слонімскага, Беластоцкага, Гродзенскага акр. к-таў КСМЗБ. У 1938—39 зноў зняволены ў турму. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі. У 1944—62 на сав. і выкладчыцкай рабоце ў Ляхавіцкім р-не.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТГО́МЕРЫ Аламейнскі

(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),

брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧЫЯР ((Mečiar) Уладзімір) (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),

славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.​А.​Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЕРЛА́ЎК (сапр. Фрыдфельд) Алексіс

(15.4.1866, г. Ікшкіле, Латвія — 19.4.1943),

латышскі тэатр. дзеяч, акцёр, рэжысёр; заснавальнік сучаснай лат. рэжысуры. З 1886 удзельнічаў у аматарскіх спектаклях ў Рызе. З 1890 акцёр, рэжысёр Рыжскага лат. т-ра. У 1909—11 і з 1914 кіраўнік Новага рыжскага, з 1915 у петраградскім Новым лат. т-рах, з 1919 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі, у 1919—38 у Нац. т-ры (да 1921 дырэктар). Паставіў спектаклі: «Ворагі» М.​Горкага і «Адзін і многія» А.​Упіта (абодва 1919), «Іосіф і яго браты» (1920) і «Іграў я і скакаў» (1921) Я.​Райніса, «Купальшчыца Сусанна» Упіта (1922). Сцэн. вобразы адметныя эмацыянальнасцю, глыбокай тыповасцю, смеласцю ў выбары сродкаў акцёрскай выразнасці: Кленга, Кангар («У агні» Р.​Блаўмана, «Агонь і ноч» Райніса), Атынгаўзен («Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера) і інш.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й КУЗА́НСКІ [Nicolaus Cusanus; сапр. Крэбс (Krebs); 1.8.1401, г. Бернкастэль-Кус, Германія — 11.8.1464],

нямецкі філосаф, багаслоў, царк. і паліт. дзеяч. Скончыў Падуанскі ун-т (1424). Манах-аўгусцінец. Удзельнік Базельскага і Ферара-Фларэнційскага сабораў. З 1433 чл. папскай курыі, саветнік папы Пія II, кардынал (1448). Крыніцай пазнання лічыў вопыт. Зыходзячы з ідэй неаплатанічнай дыялектыкі і ням. містыкі, развіў вучэнне пра абсалют як супадзенне процілегласцей (канечнага і бясконцага, найменшага і найбольшага, адзінага і множнага і г.д.) і палажэнні аб ролі матэм. паняццяў для пазнання прыроды, існаванні бясконца малых велічынь і інш. Аўтар матэм. трактатаў, адзін з папярэднікаў касмалогіі Каперніка; сцвярджаў, што Зямля не з’яўляецца цэнтрам Сусвету і падобная на інш. планеты. Стварыў першыя геагр. карты Цэнтр. і Усх. Еўропы.

П.: Рус. пер.Соч. Т. 1—2. М., 1979—80.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮ́ЦІН (Мікалай Аляксеевіч) (18.6.1818, Масква — 7.2.1872),

расійскі дзярж. дзеяч. Брат Дз.А.Мілюціна і У.А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це. З 1835 у Мін-ве ўнутр. спраў. У 1859—61 таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў, фактычны кіраўнік работ па падрыхтоўцы Сялянскай рэформы 1861рэдакцыйных камісіях прадстаўляў ліберальную апазіцыю прыгоннікам). Узначальваў камісію па распрацоўцы праекта Земскай рэформы 1864. У час паўстання 1863—64 накіраваны восенню 1863 у Царства Польскае, дзе кіраваў ажыццяўленнем сял. рэформы. З 1864 статс-сакратар па справах Польшчы і кіраўнік цывільнай часткі канцылярыі ген.-губернатара ў Варшаве; праводзіў палітыку русіфікацыі. З 1865 чл. Дзярж. савета, гал. нач. Канцылярыі па справах Царства Польскага ў Пецярбургу і член Гал. к-та па ўладкаванні маёмасці сялян. Аўтар прац па эканоміцы і статыстыцы, успамінаў, дзённіка.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),

іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).

т. 12, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТУ́Н (Антон Мартынавіч) (13.11.1896, в. Амлынцы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1938),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Акадэмік АН БССР (1931). Вучыўся ў Нясвіжскім гар. вучылішчы. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1920—27 на парт. і сав. рабоце ў Мазыры, Барысаве, Слуцку. З 1927 старшыня Цэнтр. праўлення прафсаюза працаўнікоў асветы БССР і рэдактар час. «Прафесійны рух Беларусі». У 1929—33 нарком асветы БССР, 7.3.1933 зняты з пасады. З 1933 на парт. рабоце ў Зах. Сібіры. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—33. Чл. ЦВК БССР у 1927—33, Прэзідыума ЦВК у 1931—33. Неабгрунтавана асуджаны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў БССР. Мн., 1930;

За культурную рэвалюцыю. Мн., 1931;

Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет. М.; Л.;

1931.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)