КАПЦЮ́Г (Валянцін Афанасьевіч) (9.6.1931, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 10.1.1997),

расійскі хімік-арганік. Акад. Рас. АН (1979; чл.-кар. 1968). Замежны чл. АН Беларусі (1995). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал. ін-т (1954), дзе і працаваў. З 1959 у Ін-це арган. хіміі Сібірскага аддз. Рас. АН (з 1987 дырэктар), адначасова ў Новасібірскім ун-це (у 1978—80 рэктар). З 1980 віцэ-прэзідэнт Рас. АН і старшыня яе Сібірскага аддзялення. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэакцый ізамерызацыі замешчаных араматычных злучэнняў, выкарыстанні ЭВМ для рашэння структурных задач арган. хіміі. Устанавіў асаблівасці будовы і заканамернасці пераўтварэння карбакатыёнаў, што паслужыла асновай колькаснай тэорыі малекулярных перагруповак. Распрацаваў новыя спосабы атрымання і выкарыстання арган. злучэнняў розных тыпаў (для інгібіравання акісляльнай дэструкцыі палімераў, як дабаўкі для паляпшэння рэалагічных уласцівасцей нафтаў і інш.). Ленінская прэмія 1990.

Літ.:

В.​А.​Коптюг: Указ. науч. тр., 1981—1986. Новосибирск, 1986.

В.А.Капцюг.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 22.7.1922, г. Арэнбург, Расія),

расійскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947) і Літ. ін-т імя Горкага (1954). Удзельнік Вял. Айч. вайны. Да 1965 служыў у Сав. Арміі. У 1981—86 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкуецца з 1945. Аўтар твораў пераважна вайскова-ваен. тэматыкі: кнігі апавяданняў і аповесцей «Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця разведчыка» (1960), «Камандзіры сівеюць рана» (1963), «Жылі-былі разведчыкі» (1970), «Не мячом адзіным» (1979), раманы «Вечны бой» (1967), «Маршальскі жэзл» (1970, за абодва Дзярж. прэмія Узбекістана 1970), «Узяць жывым!» (1975; часткова апубл. як аповесць «Такая работа», 1974), «Палкаводзец» (1982—84, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Маршал Жукаў. Яго паплечнікі і праціўнікі ў гады вайны і міру» (кн. 1, 1992), кн. публіцыстыкі «Эстафета подзвігу» (1980).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1982.

Літ.:

Кудинов П.Н. Охотник за «языками». М., 1971.

У.В.Карпаў.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),

украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял. Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр. партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.

С.А.Каўпак.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЖАР (Ілья Паўлавіч) (3.8.1902, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 13.10.1967),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1949). З 1924 на сав. і парт. рабоце ў Аршанскай акрузе, Раснянскім і Круглянскім р-нах Магілёўскай, Брагінскім, Веткаўскім, Лоеўскім р-нах Гомельскай абл. З жн. 1940 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага, з жн. 1941 сакратар Гомельскага падп. абкома КП(б)Б, адначасова з ліст. 1942 камандзір Гомельскага партыз. злучэння. З 1943 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б, у апараце ЦК КП(б)Б. У 1947—63 дырэктар Мінскай ВПШ, выкладчык БДУ. Чл. ЦК КПБ у 1952—61, у 1963—66 старшыня Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—63, 1967.

І.П.Кожар.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС (Іван Андрэевіч) (н. 5.6.1923, в. Каратынічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі ў Вял. Айч. вайну, разведчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1994), палк. (1985). Скончыў Мазырскае пед. вучылішча (1939). З 1942 на падп. рабоце ў тыле ворага ў Харкаўскай вобл., потым у Лельчыцкім р-не — камандзір партыз. атрадаў імя Кутузава, імя Калініна і інш. У 1943—44 вёў падп. і развед. работу на акупіраванай тэр. Пінскага, Баранавіцкага, Лідскага, Ваўкавыскага р-наў, Польшчы. У вер. 1944 у час Варшаўскага паўстання 1944 па заданні Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання закінуты ў Варшаву. Потым да канца вайны вёў разведку ў Берліне. З 1949 у Гал. разведупраўленні Мін-ва абароны СССР. Аўтар шэрагу кніг аб Вял. Айч. вайне.

Тв.:

Варшава в огне. М., 1956;

Рельсовая война в Полесье. М., 1962;

По заданию центра. М., 1989;

Возвращение из ада: Избр. М., 1996.

А.​Д.​Колас.

т. 8, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Мікалай Іванавіч) (29.4.1903, с. Вішнёвае Тамалінскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 9.2.1972),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1962). Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., вер. 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928). У Сав. Арміі з 1919, удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну нач. штабоў Прыморскай (з крас. 1942), 62-й і 8-й гвардз. армій, каманд. войскамі 21-й (з мая 1943) і 5-й (кастр. 1943 — ліст. 1945) армій; удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Сталінградскай бітвы, Смаленскай, Беларускай (у чэрв. 1944 войскі 5-й арміі прарвалі абарону праціўніка ў раёне г.п. Багушэўск Віцебскай вобл., першыя фарсіравалі Бярэзіну) і Усх.-Прускай аперацый. У сав.-яп. вайну 1945 удзельнічаў у Харбінска-Гірынскай аперацыі. Пасля 1945 нам. камандуючага, каманд. войскамі Далёкаўсходняй, Уральскай, Ленінградскай і Маскоўскай ваен. акруг. З 1963 галоўнакамандуючы Ракетнымі войскамі стратэг. прызначэння, нам. міністра абароны СССР. Аўтар ваен. мемуараў.

М.І.Крылоў.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЧА́ТАЎ (Ігар Васілевіч) (12.1.1903, г. Сім Чэлябінскай вобл., Расія — 7.2.1960),

расійскі фізік, арганізатар і кіраўнік работ па атамнай навуцы і тэхніцы ў СССР. Акад. АН СССР (1943), тройчы Герой Сац. Працы (1949, 1951, 1954). Скончыў Крымскі ун-т (1923). У 1925—42 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це АН СССР. Разам з інш. адкрыў з’яву сегнетаэлектрычнасці (1929), выявіў ядз. ізамерыю (1935). Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны першы ў СССР цыклатрон (1939), адкрыта спантаннае дзяленне ядраў урану (1940), распрацавана процімінная ахова ваен. караблёў (1941), створаны першы ў Еўропе ядз. рэактар (1946), першая ў СССР атамная бомба (1949), першая ў свеце тэрмаядз. бомба (1953) і АЭС (1954), пачаліся даследаванні па праблеме кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу. Яго імем названы хім. элемент курчатовій. Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1954.

І.В.Курчатаў.

Літ.:

Основатели советской физики. М., 1970. С. 200—223;

Советские ученые: Очерки и воспоминания. М., 1983. С. 92—150.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКО́ВІЧ (Васіль Пятровіч) (н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп. Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам. нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).

Тв.:

Тайными тропами. Мн., 1974.

М.​П.​Клімец.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВЕНЦАЎ (Віктар Ільіч) (н. 21.4.1918, г.п. Давыдаўка Варонежскай вобл., Расія),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), парт. і дзярж. дзеяч БССР. Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Гродзенскае ваен.-паліт. вучылішча (1941), Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1952), Мінскі пед. ін-т (1955). У жн.—ліст. 1941 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскага патрыятычнага падполля, затым камандзір партыз. атрада, з лютага 1943—1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У 1944—50 заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1958 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. У 1978—86 кіраўнік спраў ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1981—86. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—89. Аўтар кн. «Партызанскі край» (4-е выд. 1983).

Літ.:

Люди легенд. М., 1968. Вып. 3. С. 211—234.

В.І.Лівенцаў.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СУНСІ́Н (5.5.1545, Сеул — 19.11. 1598),

карэйскі флатаводзец, герой Імдзінскай вайны 1592—98. З 1591 камандуючы флотам левай паўправінцыі Чаладо. Рыхтуючыся да адбіцця агрэсіі з боку Японіі, увёў у склад флоту ўдасканаленыя караблі з высокімі баявымі якасцямі. У ходзе вайны ў чэрв.—ліст. 1592 на чале флоту ў 4 бітвах разграміў флот праціўніка і сарваў планы яп. камандавання па камбінаваным наступленні сухапутных і марскіх сіл. У выніку прыдворных інтрыг Л.С. быў адхілены ад камандавання флотам; але ў 1597 у час новага нашэсця японцаў адноўлены на пасадзе. У вер. 1597 кар. флот зноў перамог праціўніка. У кастр. 1598 аб’яднаны кар.-кіт. флот на чале з Л.С. патапіў і па шкодзіў каля паўд. ўзбярэжжа Карэі каля 200 яп. караблёў. Л.С. загінуў у гэтай бітве.

Літ.:

История Кореи. Т. 1. М., 1974;

Хван И.И. Ли Сун Син // Краткие сообщения Ин-та востоковедения. 1951. Вып. 1.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)