ВЫ́ГІН у супраціўленні матэрыялаў, від дэфармацыі, які праяўляецца ў скрыўленні восі або пасярэдняй паверхні цела (бэлькі, бруса, пліты, абалонкі і інш.) пад дзеяннем знешняй сілы ці т-ры. У адносінах да прасцейшых цел (напр., бруса) велічыня скрыўлення ў межах пругкасці залежыць ад велічыні выгінальнага моманту і жорсткасці цела.

Адрозніваюць выгіны: просты, або плоскі (знешнія сілы ляжаць у адной плоскасці); складаны (выклікаецца сіламі, што дзейнічаюць у розных плоскасцях); касы (прыватны выпадак складанага выгіну); чысты (дзеянне толькі выгінальных момантаў); папярочны (дзейнічаюць таксама і папярочныя сілы). У інж. практыцы разглядаюцца таксама падоўжныя і падоўжна-папярочныя выгіны. Разлікі на выгіны (у т. л. трываласці матэрыялаў на выгіны) робяць пры праектаванні машын, механізмаў, інж. збудаванняў, даследаванні сістэм будаўнічай механікі.

М.К.Балыкін.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыя сінтакс. канструкцыі.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

П.П.Шуба.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́РЫН ЧАРАВІ́ЧАК

(Cypripedium),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я: 1 від трапляецца ў Мексіцы. На Беларусі вельмі рэдка ў шыракалістых, хвойных і мяшаных лясах трапляецца венерын чаравічак сапраўдны, або жоўты (Cypripedium calceolus), які занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, таксама трапляліся буйнакветкавы (Cypripedium macranthon) і плямісты (Cypripedium guttatum), якія лічацца зніклымі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі ўзыходнымі сцёбламі выш. да 50 см і гарызантальным карэнішчам. Лісце простае, шырокаавальнае або эліпсоіднае. Кветкі вялікія, адзіночныя або сабраныя па 2—3 у гронкі, рознай афарбоўкі і арыгінальнай формы (мехападобна ўздутая губа калякветніка нагадвае чаравічак, адсюль назва). Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем. Дэкар. і лек. расліны.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’І́

(Passer),

род птушак сям. ткачыкавых атр. вераб’інападобных. 18 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, некаторыя віды завезены ў Паўн. і Паўд. Амерыку, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. месцы. Жывуць у населеных месцах, садах, парках, гаях, поймавых дубровах, на палях, у пустынях. На Беларусі 2 віды: верабей дамавы (Passer domesticus) і верабей палявы (Passer montanus), аселыя. Верабей палявы часткова вандроўны від.

Даўж. 12—18 см, маса 20—37 г. Апярэнне светла-шэрае, бураватае і чорнае. У самцоў многіх відаў чорная пляма на горле. Амаль усе чародныя, у перыяд гнездавання — каланіяльныя птушкі. Гнёзды пад дахамі, у нішах будынкаў, у дуплах, норах, на дрэвах. Калі кормяць птушанят, знішчаюць шмат шкодных насякомых. Дарослыя кормяцца пераважна зернем. Шкодзяць збожжавым культурам.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС

(Calluna),

род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.

Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТНЫ СПОРТ,

від авіяцыйнага спорту, уключае спаборніцтвы на дакладнае пілатаванне верталётам на малой вышыні ў абмежаваны час, слалам, верталётаваджэнне. У СССР пачаў развівацца з 1958, тады ж уключаны ў Адзіную спарт. класіфікацыю. На Беларусі развіваецца з пач. 1960-х г. З 1974 каманда Беларусі па верталётным спорце ўдзельнічала ў чэмпіянатах СССР (бел. верталётчыкі былі чэмпіёнамі і прызёрамі гэтых спаборніцтваў), з 1994 — у чэмпіянатах свету. Бел. майстры верталётнага спорту А.Грышчанка і А.Дзятлаў — чэмпіёны свету, І.Гарэлышава і Т.Стэльмах — бронзавыя прызёры (усе ў 1994). Падрыхтоўка спартсменаў да 1991 ажыццяўлялася праз структуры ДТСААФ БССР, з 1991 — Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Асн. цэнтры падрыхтоўкі — Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі аэраклубы. У 1978 у Віцебску праходзіў чэмпіянат свету па верталётным спорце.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—H​δ+... B​δ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—H​δ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.

Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.

І.В.Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЖА́НКА

(Aruncus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, пераважна ў горных раёнах. Рэлікты трацічнай тургайскай флоры. На Беларусі ў зах. і цэнтр. раёнах трапляецца валжанка звычайная, або двухдомная (А. vulgaris). Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах. Рэдкі знікаючы від, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, уведзены ў культуру.

Двухдомныя шматгадовыя травяністыя расліны або кусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м і тоўстым дравяністым карэнішчам. Лісце двойчы-, тройчыперыстае, пілавата-зубчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя або крэмавыя, у коласападобных гронках, сабраных у буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — шматлістоўка. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ Максім Нічыпаравіч

(6.8.1787, г. Пскоў, Расія — 29.8.1855),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1798—1809) і выкладаў у ёй (праф. з 1823). У складзе рус. арміі быў у Германіі і Францыі (1813—14), вандраваў па Б. Усходзе (1820—21), па Балканах (1828) і Італіі (1844—45). Некаторыя карціны пісаў па пуцявых замалёўках. Выканаў шэраг відаў Пецярбурга і Масквы. Дакладнасць арх. перспектывы спалучаў з узнёсла-эмацыянальным успрыманнем прыроды, выкарыстаннем разнастайных эфектаў асвятлення («Від на Маскоўскі Крэмль», 1815, «Восеньская ноч у Пецярбургу», «Узбярэжжа Нявы са сфінксамі каля Акадэміі мастацтваў», абедзве 1835, «Алея ў Альбана», 1845, і інш.). У яго пейзажах упершыню ў рус. мастацтве з’явіліся рысы рамант. бачання вобраза.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАР’ЕТЭ́

(франц. variété літар. разнастайнасць),

від тэатра, у праграму паказаў якога ўваходзяць забаўляльныя нумары тэатр., муз. і цыркавых жанраў. Уключае аднаактовыя камічныя п’ескі, парадыйныя сцэнкі, выступленні спевакоў, чытальнікаў, танцораў, штукароў і інш. Назва паходзіць ад парыжскага т-ра, т.зв. Вар’етэ-Мантансье (засн. ў 1790, з 1807 Т-р вар’етэ). Т-ры тыпу вар’етэ былі пашыраны ў гарадах Зах. Еўропы ў канцы 19 — пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых сучасных вар’етэ «Мулен-Руж», «Фалі-Бержэр», «Лідо» (Парыж). У эфектных, багата аформленых пастаноўках вар’етэ ўзнік і зацвердзіўся жанр рэвю. Існуюць радыё- і тэлевар’етэ, у праграмах якіх песні, скетчы і інш. эстр. нумары.

Літ.:

Gunther E. Geschichte des Varietes. 2 Aufl. Berlin, 1981.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)