Жуда́ 1 ’жах’ (ТСБМ). Рус. кур., арл., смал. жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус. жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв. жу̑д ’жаданне’, балг. дыял. жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ. žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́ti ’гінуць’, лат. zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ. жэмайц. žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ. žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел. жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ. gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв. жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт. жудя з рус. жуда, балт. формамі тыпу літ. žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл. gūas ’небяспека’, англа-сакс. gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е. *gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда 2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.

Жуда́ 2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус. арл. жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда 1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калакалу́ша ’чаромха, Prunus padus (= Padus racemosa)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Дэмб., Касп.; віц., гродз., маг., мін., смал., Кіс.; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк. 1, Яўс.; слаўг., Яшк.), калакалуха (Бяльк., Мат. Маг., Мядзв.), калакушка (Бяльк.), какалуша (гом., Кіс.). Укр. калакалуша і колоколуша, акаючыя формы, відавочна, сведчаць аб распаўсюджанні слова з паўн.-усх. гаворак, усх.-палес. какалуша, рус. зах.-бран. калакалуша, смал. колоколуша, росл., смал., кур., тульск. колоколуха ’чаромха’ і ’ягады чаромхі’, ’асобы від калючай травы’, адзначаюцца таксама іншыя формы. Звяртае на сябе ўвагу і арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’, аднак, відаць, сюды гэта лексема не адносіцца (утворана ад асновы колк‑, дэрываты ад якой азначаюць ’розныя калючыя расліны’). У іншых слав. мовах адпаведнікі да бел. слова як быццам не адзначаюцца. Слова не вельмі яснага паходжання. Па сутнасці, нельга з упэўненасцю высветліць першапачатковую фанетыку кала‑ або колокуша. Укр. даныя з’яўляюцца, па сутнасці, двухсэнсоўнымі. У слоўніку Макавецкага шэраг крыніц дубліруюць адна другую, іншыя (перакладныя слоўнікі) нельга прымаць пад увагу з прычыны падазронасці статуса зах.-укр. слова, а што датычыць паўн.-укр. запісаў, параўн. у Бялецкага–Насенкі: «Калакалуша: слово задесенское (белорусское)». Даль падае гэта слова з паметай «зах.» і змяшчае яго ў гняздо «колокол». Больш новыя даныя па рус. нар. гаворках удакладнілі тэрыторыю распаўсюджання слова. Так, сталі вядомымі запісы яго ў кур. і тульск. абласцях, аднак, паколькі іншых матэрыялаў няма, а іншыя запісы паслядоўна ўказваюць на пагранічныя беларускім гаворкі рускай мовы, можна думаць, што гэта або вынік пранікнення слова як тэрміна, або факт, які сведчыць аб міграцыі насельніцтва ў розныя зоны на ўсход. Ствараецца ўражанне, што размова можа ісці толькі аб беларускай інавацыі (іначай гл. Цыхун. Бел.-укр. ізал., 82–83). Калі дапускаць, што зыходнай была форма колоколуша, а падставы для гэтага ёсць, нельга не ўбачыць магчымай сувязі з рус. дыял. колока ’чаромхавы гай’, колок ’невялікі лясок; малады бярозавы гай; вільготнае балоцістае месца ў нізіне, якое зарасло хмызняком’, паўн.-зах. колокол ’малады бярозавы лясок’. Параўн. (СРНГ, 14, 162) «Низменное место вроде чашенки, черемуха там, смородина, березняк. Смородина, а между ней кислица, черемуха, калина в том колке». Параўн. яшчэ бел. гродз. калокавіна ’чаромха’. Калакалуха пры такой версіі вынік рэдуплікацыі формы, адпаведнай да рус. дыял. колка, колки ’зараснікі чаромхі, глогу на полі, у лагчынах’, колк ’невялікае балота, якое зарасло лесам’. Фармальна такую версію можна пацвердзіць прыкладамі дэрыватаў ад асновы колк‑ (рус. дыял. колки — голкі, калючкі і да т. п.): наўг. колкуха ’расліна Xanthium, або, магчыма, Arctium’, колкуша ’расліна Arctium’. Параўн. яшчэ рус. арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’ і бел. маг. калатуша (Грыг.). У якасці спрэчнай гіпотэзы можна яшчэ прапанаваць этымалогію, паводле якой слова тлумачыцца па бел. глебе. Бел. слаўг. гаворкі ведаюць утварэнне калалужжа ’абшар каля лугу’. Па семантыцы ўтварэнне калакалуша на базе мяркуемай намі формы цалкам магчымае (чаромха — расліна вільготных мясцін). З фармальнага боку яго можна разумець як адваротную дэрывацыю (калакалуга < калакалужжа) з наступнай заменам суфікса. Параўн. крыч. калакалушша ’зараснік калакалушы’, тое ж слаўг. (Яшк.). Аднак недахопы такога тлумачэння (у тым ліку і па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю), нягледзячы на тое што для батанічнага тэрміна можна дапусціць больш-менш шырокую наступную экспансію, відавочныя, і прыняць яго нельга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГО́РКІ (Максім) (сапр. Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),

рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АН БССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.

У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.​І.​Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.​Г.​Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.

Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.​Я.​Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.​Купала, Ц.​Гартны, А.​Александровіч, у 1931 — К.​Крапіва, П.​Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.​Гардзялкоўская, К.​Чорны, М.​Гарэцкі, Э.​Самуйлёнак, П.​Глебка, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, А.​Куляшоў, Я.​Брыль, Э.​Агняцвет, З.​Астапенка, С.​Баранавых, В.​Вітка, Ю.​Гаўрук, А.​Зарыцкі, М.​Лобан, М.​Машара, Я.​Скрыган, Т.​Хадкевіч, У.​Хадыка, А.​Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—25. М., 1968 — 76;

Архив А.​М.​Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;

Бел. пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);

Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;

Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;

Справа Артамонавых. Мн., 1941;

Маці. Мн., 1941;

Дзяцінства. Мн., 1949;

У людзях. Мн., 1952;

Мае універсітэты. Мн., 1953;

Казкі. Мн., 1968.

Літ.:

Летопись жизни и творчества А.​М.​Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;

Десницкий М.В. А.​М.​Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;

Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.​Горького. 3 изд. М., 1969;

Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Ивашин В.В. М.​Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;

Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;

Максім Горкі і Беларусь: Зб. арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.

М.​П.​Кенька.

М.Горкі.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),

пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.

У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.

У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх. ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.

Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал. цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.

У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.

У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл. Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз. навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн. муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).

Літ.:

Композиция в современной архитектуре. М., 1973.

Я.​Ф.​Шунейка, А.​А.​Дылейка, С.​А.​Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).

т. 7, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,

рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс. чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л. Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс. чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш. усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл. Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл. Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл. Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл. Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).

Літ.:

Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;

Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;

Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Да арт. Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».

т. 8, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),

бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад. АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ. «Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ. «Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел. нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-т Цэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз. чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНК БССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.

Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.​Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб. маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел. нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел. дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).

Тв.:

Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;

Творы: Апавяданні, казкі, арт. Мн., 1994;

Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.

Літ.:

Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;

Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;

Яго ж. «Жывіце без мяне...» // Полымя. 1992. № 1.

А.​Ф.​Мяснікоў.

Я.Ю.Лёсік.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДРЫ́Д (Madrid),

горад, сталіца Іспаніі. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і прав. Мадрыд. Знаходзіцца ў цэнтры Пірэнейскага п-ва, на Новакастыльскім пласкагор’і, на р. Мансанарэс (бас. р. Таха). 4072 тыс. ж., з прыгарадамі ўтварае гар. агламерацыю Вял. Мадрыд з насельніцтвам больш за 5 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Барахас. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. аўтамабіле-, самалёта- і лакаматывабудаванне, вытв-сць электра- і радыёапаратуры, энергасілавога абсталявання, прыладабудаванне, ваеннае), хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць пластмас, швейная, тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая, паліграф., фарфора-фаянсавая, парфумерная, цэментная. Саматужныя промыслы (вытв-сць вышывак, карункаў, хустак, габеленаў, веераў, кастаньет, ювелірных вырабаў). Асн. прамысл. прадпрыемствы ў прадмесцях і гарадах-спадарожніках. Метрапалітэн. 6 ун-таў. Буйны цэнтр міжнар. турызму.

Вядомы з 932, склаўся вакол араб. (маўрскай) крэпасці Маджырыт. У 1083 адваяваны ў арабаў каралём Альфонсам VI і далучаны да Кастыліі. У 1118 за актыўны ўдзел у Рэканкісце атрымаў прывілеі горада. У 14—15 ст. рэзідэнцыя кастыльскіх каралёў і месца пасяджэнняў картэсаў (з 1309). У 1520 гараджане ўдзельнічалі ў паўстанні камунерас. З 1561 сталіца Іспаніі. З канца 17 ст. буйны культ. цэнтр, у 1774 засн. Каралеўская акадэмія мастацтваў. У 1808—12 акупіраваны франц. войскамі, тут пачалася нац.-вызв. Ісп. рэвалюцыя 1808—14; адзін з цэнтраў рэвалюцый 1820—23, 1834—43, 1854—56, 1868—74 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 у М размяшчаўся ўрад рэспубліканцаў, 28.3.1939 заняты франкістамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр выступленняў супраць дыктатуры Ф.​Франка. У 1981 кансерватыўныя вайскоўцы намагаліся ажыццявіць у М. дзярж. пераварот.

Цэнтр М. з параднай паркавай магістраллю размешчаны паміж плошчамі Пуэрта дэль Соль, Пласа Маёр і Пласа дэ Эспанья. Значная ч. арх. помнікаў страчана ў час рэканструкцыі горада ў 19—20 ст. Аблічча старога горада з сярэдневяковай нерэгулярнай планіроўкай захавалася толькі на ПдЗ ад пл. Пуэрта дэль Соль, ад якой адыходзяць 10 радыяльных вуліц. Помнікі 14—18 ст.: вежа Торэ дэ Сан-Ніколас (14 ст., стыль мудэхар), біскупская капэла (1520, стыль платэрэска), ансамбль Пласа Маёр (1619, Х. дэ Мора; стыль эрэрэска), касцёлы Сан-Ісідра эль Рэаль (1626—61), Сан-Хінес (1645, у інтэр’еры жывапіс Эль Грэка, А.​Кана і інш., барока), Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала (1764—78, Ф.​Сабаціні). У стылі класіцызму 18—19 ст. пабудаваны каралеўскі палац (1738—64, італьян. арх. Дж.​Б.​Сакеці і Сабаціні, арх. В.​Радрыгес, паводле праекта Ф.​Ювары; у інтэр’еры багаты збор жывапісу, скульптуры, габеленаў, мэблі і інш.), касцёлы Сан-Франсіска эль Грандэ (1776—85), Эрміта дэ Сан-Антоніо дэ ла Фларыда (1792—98, фрэскі Ф.​Гоі), будынак музея Прада У М. шмат парадных пабудоў у духу эклектыкі і стылі мадэрн, у т. л. палац ісп. картэсаў (1843—50, арх. Н.​Паскуаль). Паводле генплана 1950-х г. (арх. Х.​Л.​Серт) М. забудоўваўся на Пн, ПдУ, створаны шэраг гарадоў-спадарожнікаў (Эскарыял, Эль-Парда). Новыя раёны рэгулярнай планіроўкі, з вял. паркамі, праспектамі і плошчамі забудоўваюцца добраўпарадкаванымі шматпавярховымі дамамі пераважна з чырв. цэглы. Сярод пабудоў у духу сучаснай архітэктуры: раён Сьюдад Хардзін («горад-сад») з універсітэцкім гарадком (пачаты ў 1931, арх. М.​Лопес Атэра, у 1939 зруйнаваны, адноўлены ў 1950-я г., арх. М.​Фісак і інш.), іпадром Сарсуэла (1935), вежавыя дамы, т.зв. Белыя вежы (1969, арх. Ф.​Х.​Саэнс дэ Ойса і інш.), Цэнтр рэстаўрацыйных работ (1960—70-я г., арх. Ф.​Ігерас, А.​Міра). Паркі: Мадрыдскі (б. Буэн-Рэціра; 1868), Прада, Заходні, Каса дэ Кампа, фантаны 18 ст. Помнікі: М.​Сервантэсу (1835, А.​Сола, і 1927, арх. П.​Мугуруса, скульпт. К.​Валера), Х.​Калумбу (1885, А.​Меліда і Х.​Суньёль), Д.​Веласкесу (1899, А.​Марынас), Ф.​Гоі (1905), Э.​Касталару (1908, абодва арх. М.​Бенльюрэ). У М. знаходзяцца Каралеўская ісп. акадэмія (з 1713), 6 ун-таў, у т. л. Мадрыдскі універсітэт, Каталіцкі ун-т (з 1860), каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). Т-ры: «Рэаль», «Сарсуэла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т. л. Прада. Нац. археал., ісп. народа, сучаснага мастацтва і інш.

Літ.:

Чернышев В.П. Город вечерней звезды: (Очерки о Мадриде) М., 1990.

Мадрыд. Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала. 1764—78. Арх. Ф.​Сабаціні.
Мадрыд. Плошча Кібелы з фантанам.

т. 9, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКС ((Marx) Карл) (5.5.1818, г. Трыр, Германія — 14.3.1883),

мысліцель, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Д-р філасофіі (1841). Вучыўся на юрыд. ф-це ун-таў Бона і Берліна (1835—41). Яго філас. погляды фарміраваліся пад уплывам младагегельянцаў. З 1842 супрацоўнік, гал. рэдактар газ. «Rheinische Zeitung» («Рэйнская газета») у Кёльне. У 1843 пераехаў у Парыж (высланы), у 1845 — у Брусель. У 1846 М. і Ф.Энгельс стварылі Брусельскі камуніст. карэспандэнцкі к-т, наладзілі сувязь з Саюзам справядлівых у Лондане, які ў чэрв. 1847 рэарганізавалі ў Саюз камуністаў. Лозунг Саюза справядлівых «Усе людзі браты» замянілі «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1848 М. высланы з Бельгіі, пераехаў у Парыж, дзе выбраны старшынёй ЦК Саюза камуністаў, потым — у Кёльн, дзе засн. «Neue Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета», чэрв. 1848 — май 1849) і стаў яе гал. рэдактарам. У 1849 М. высланы з Прусіі, паехаў у Парыж, але высланы і адтуль; пасяліўся ў Лондане, дзе і жыў да канца жыцця.

Пераход М. да матэрыялізму і сацыялізму адбыўся ў сярэдзіне 1840-х г. і адлюстраваны ў яго ранніх творах (асабліва «Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права. Уводзіны», 1844). У першай сумеснай працы М. і Энгельса «Святая сям’я» (1845) абгрунтаваны погляд на гіст. ролю пралетарыяту ў грамадскім жыцці. распрацаваны асн. палажэнні тэорыі і практыкі рэв. барацьбы. У іх працы «Нямецкая ідэалогія» (1846) распрацавана канцэпцыя матэрыяліст. разумення гісторыі, абгрунтавана ідэя змены грамадска-эканам. фармацый і замены капіталізму сацыяліст. ладам. У працах «Класавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850 г.» (1850) і «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта» (1852) М. развіў тэорыю класавай барацьбы, выказаў думку пра неабходнасць саюза з сялянствам пры заваяванні пралетарыятам паліт. улады. М. — заснавальнік Інтэрнацыянала 1-га і кіраўнік яго Ген. савета. Парыжскую камуну 1871 ён разглядаў як першую спробу стварэння дыктатуры пралетарыяту. У працы «Да крытыкі палітычнай эканоміі» (1859) і ў гал. сваёй працы «Капітал» (т. 1, 1867; т. 2 і 3 падрыхтаваў да друку і выдаў Энгельс у 1885 і 1894) М. сфармуляваў асн. палажэнні гіст. матэрыялізму, дыялектыкі ўзаемаадносін базісу і надбудовы ў развіцці грамадства, закон прыбавачнай вартасці і інш. заканамернасці, якія на яго думку, вядуць да змены адной сац.-эканам. фармацыі другой і ў канчатковым выніку — да ўсталявання камуніст. грамадства. У працы «Крытыка Гоцкай праграмы» (1875, апубл. 1891) ён сфармуляваў палажэнне аб пераходным перыядзе і 2 фазах такога грамадства (сацыяліст. і камуністычнай). М. падтрымліваў цесныя сувязі з многімі рус. рэвалюцыянерамі. У яго працах ёсць звесткі пра Беларусь. Творы М. пачалі распаўсюджвацца на Беларусі ў 1870-я г. (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў і інш.). Першая кніга М. і Энгельса ў перакладзе на бел. мову — «Маніфест Камуністычнай партыі» («Камуністычны маніфест»), выдадзена ў 1924.

Філас. светаўспрыманне М. і яго вучэнне значна паўплывалі на развіццё сац. думкі 19 ст., сталі тэарэт. і арганізац. асновай сацыяліст. рэвалюцый 20 ст. ў розных краінах свету, у т. л. Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ажыццёўленай у Расіі бальшавікамі на чале з У.​І.​Леніным. Разам з тым М. абсалютызаваў ролю класавай барацьбы, адмаўляў магчымасць прагрэс. эвалюцыі бурж. грамадства, рамантызаваў гіст. ролю пралетарыяту, сцвярджаў неабходнасць ліквідацыі прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці. Шэраг ідэй М. ў дастасаванні да новых гіст. умоў знайшлі адлюстраванне ў стварэнні СССР, а пасля 2-й сусв. вайны — сацыяліст. дзяржаў ва Усх. Еўропе, Азіі і на Кубе. Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі М. ўвесь час вядзецца барацьба, асабліва па пытаннях разумення грамадска-паліт. жыцця, ажыццяўлення сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве (гл. Марксізм, Марксізм-ленінізм).

Тв.:

Бел. пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1951—52;

Рус. пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Соч. Т. 1—50. 2 изд. М., 1954—81.

Літ.:

Ленін У.І. Гістарычны лёс вучэння Карла Маркса // Тв. Т. 18. (Полн. собр. соч. Т. 23);

Карл Маркс: Биогр. 3 изд. М., 1989;

Меринг Ф. Карл Маркс: История его жизни: Пер. с нем. 2 изд. М., 1990;

Фридрих Энгельс о Карле Марксе: [Сб.]. М., 1990;

Максимова Л.П., Меднова Е.С. Их стихией была борьба: Очерки о жизни и деятельности К.​Маркса и Ф.​Энгельса. Мн., 1991;

Лобок АМ. Подсознательный Маркс, или Евангелие, которое не состоялось: Книга-гипотеза. Екатеринбург, 1993.

П.​Ц.​Петрыкаў.

К.Маркс.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЗМ,

кірунак грамадска-паліт. думкі, які спалучае агульнадэмакр. ідэі і мэты з задачамі сац. і нац. вызвалення прыгнечаных народаў. Яго ідэйныя вытокі ў ідэалогіі Асветніцтва, якая была цесна звязана з рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. рухам за дасягненне паліт. самастойнасці, адраджэнне нац. самасвядомасці і культуры.

За ўстанаўленне ў дзяржаве суверэнітэту народаў на аснове грамадскага дагавору, ажыццяўленне гуманіст. ідэалаў сац. справядлівасці, дэмакратыі і свабоды людзей выступалі Вальтэр, П.​Гольбах, Д.​Дзідро, Ж.​Ж.​Русо (Францыя), Дж.​Лок; Ф.​Бэкан, Дж.​Свіфт (Англія), Г.​Лесінг, Ф.​Шылер, І.​В.​Гётэ (Германія), бел. мысліцелі-асветнікі Б.​Дабшэвіч, Г.​Каніскі, І.​Капіевіч, М.​Матушэвіч, К.​Нарбут, А.​Нарушэвіч, І.​Страйноўскі і інш. Гэтыя ідэі далей развіты ў эпоху фарміравання нацый і стварэння нац. дзяржаў у Зах. і Усх. Еўропе, Паўн. Амерыцы, пазней у нац.-вызв. руху каланіяльных краін.

На Беларусі фарміраванне ідэалогіі Н.-д. непасрэдна звязана з паспяваннем сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве па забеспячэнні суверэнных правоў бел. народа на самаст. паліт. і культ. развіццё. Перадумовы для яго ўзнікнення складаліся ў працэсе развіцця беларусазнаўства, культ.-асв. і выхаваўчай дзейнасці патрыят. арг-цый, т-ваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім ун-це, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства» ў Віленскай мед. акадэміі і інш. Важную ролю ў пашырэнні гэтых ідэй адыгралі К.​Каліноўскі і яго «Лісты з-пад шыбеніцы», газ. «Мужыцкая праўда», час. «Гомон». Самастойны характар гісторыі бел. народа раскрывалі ў сваіх творах Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына (І.​Л.​Неслухоўскі), М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​М.​Ігнатоўскі, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Г.​Гурыновіч, вучоныя-славісты і этнографы М.​А.​Янчук, У.​М.​Дабравольскі, Я.​Ф.​Карскі, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, І.​А.​Сербаў, А.​К.​Сержпутоўскі і інш. Тэарэт. абгрунтаванню права бел. народа на развіццё сваёй дзяржаўнасці, мовы і культуры шмат увагі аддавалі газ. «Наша доля» і «Наша ніва». На платформе Н.-д. стаялі Беларуская сацыялістычная грамада (1903—18), бел. нац. грамадскія арг-цыі на чале з Беларускім народным камітэтам у Вільні, нац. арг-цыі, т-вы, гурткі, суполкі і згуртаванні ў Петраградзе, Маскве, Яраслаўлі і інш. гарадах, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны, рабочых, салдат, матросаў. Мэта ўтварэння бел. дзяржаўнасці (у форме аўт. часткі Рас. дэмакр. рэспублікі, літ-бел. канфедэрацыі або незалежнай дзяржавы) аб’ядноўвала ўсе плыні бел. нац. руху, на якія ён пачаў размяжоўвацца пасля Лют. рэвалюцыі 1917 і канчаткова раскалоўся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Практычным увасабленнем ідэалогіі Н.-д. была палітыка беларусізацыі, ажыццяўленне якой у 1920-я г. дазволіла сфарміраваць нац. сістэму адукацыі, сродкі масавай інфармацыі, кнігавыдавецкую справу і актывізаваць удзел беларусаў у культ. і гасп. жыцці. У сярэдзіне 1920-х г. Н.-д. быў абвешчаны «контррэвалюцыйнай плынню», «правым ухілам», «варожай антысавецкай ідэалогіяй і практыкай». У рамках барацьбы супраць Н.-д. органамі НКУС БССР была ўзбуджана справа аб т.зв. «Саюзе вызвалення Беларусі», а таксама шэраг спраў, па якіх да крымінальнай адказнасці неабгрунтавана прыцягнуты і рэпрэсіраваны многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі (гл. «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Аб’яднанае антысавецкае падполле»), У ліку афіц. дакументаў, накіраваных на пераадоленне Н.-д., была пастанова ЦК КП(б)Б «Аб фактах пранікнення класава-варожых, нацыянал-дэмакр. уплываў у маст. л-ры» (1933). У 1980—90-х г. работу па адраджэнні нац. традыцый і духоўных дэмакр. каштоўнасцей бел. народа працягвалі маладзёжныя нефармальныя аб’яднанні «Талака», «Паходня», «Тутэйшыя», грамадскія аб’яднанні і партыі Мартыралог Беларусі, «Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны» і інш. Асн. палажэнні праграм іх дзейнасці (пра вяршэнства нацыі ў яе самавызначэнні, пра фактычную і юрыд. прыналежнасць усёй дзярж. улады народу, захаванне нац. традыцый, гісторыка-культ. спадчыны і інш.) знайшлі адлюстраванне ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, і інш. заканадаўчых актах. Гарантыяй далейшага развіцця гэтых ідэй з’яўляюцца ўмацаванне дзярж. незалежнасці, развіццё ўсіх сфер жыцця бел. грамадства з улікам патрэб і нац. інтарэсаў краіны, агульнагуманіст. каштоўнасцей сусв. цывілізацыі.

Літ.:

Канчар А. Класавае, нацыянальнае і рэлігійнае змаганьне на Беларусі. Вільня, 1921;

Турук Ф. Белорусское движение: Репринт. Мн., 1994;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Гарэцкі Р.Г. Шляхам адраджэння. Мн., 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)