алфавітны даведнік, які падае правільнае напісанне рэестравых слоў і іх формаў у адпаведнасці з існуючымі правапіснымі нормамі. Яго лічаць «слоўнікам слоўнікаў», паколькі ўсе інш. даведнікі арыентуюцца на яго і толькі ў ім поруч з рэестравай лексікай падаецца ў сістэматызаваным выглядзе афіцыйна ўзаконены звод арфаграфічных правілаў. Арфаграфічныя слоўнікі любой мовы падзяляюць на агульныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987) і аспектныя слоўнікі. Сярод аспектных вылучаюць: спецыяльныя (напр., рус. «Арфаграфічны марскі слоўнік» Р.Э.Парэцкай, 1974); школьныя (бел. «Арфаграфічны слоўнік: Для пачатковых класаў», 5-е выд., 1987; «Арфаграфічны слоўнік: Для сярэдняй школы» М.П.Лобана і М.Р.Судніка, 6-е выд., 1990); вузкааспектныя, якія засяроджваюць увагу на правільным напісанні слоў пэўных разрадаў (бел. «Асобна, разам, праз дэфіс» М.Р.Прыгодзіча, 1994; рус. «Вялікая ці малая?» Д.Э.Разенталя, 3-е выд., 1987, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕВА,
вёска ў Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., на р. Мярэя. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдУ ад Дуброўна, 120 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 297 ж., 98 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. як сяло. З 1772 у Копыскім, з 1861 у Горацкім пав. Магілёўскай губ. У 1880 у мястэчку Баева каля 1000 ж., 98 дамоў, валасное праўленне, 2 школы, 2 правасл. царквы, вадзяны млын, багадзельня, 7 крам. З 1919 мястэчка ў Гомельскай, з 1922 валасны цэнтр у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Ляднянскім, з 1931 — у Дубровенскім р-нах. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ў Баеве было 1095 ж., 220 двароў. За час акупацыі (ліп. 1941 — 30.9.1943) ням.-фаш. захопнікі загубілі 110 жыхароў, вёску спалілі.
У Баеве базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛІЦКІ (Антон Васілевіч) (17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел.школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз.чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл.ЦККП(б)Б у 1929—30, чл.ЦВКБССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.
Літ.:
Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.В.Баліцкага). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,
маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел.тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш.ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел.нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел.нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-вабел.школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЫКЦІ́НЦЫ,
члены першага ў каталіцкай царкве манаскага ордэна, заснаванага ў 530 у Італіі Бенядзіктам Нурсійскім (адсюль назва). Адыгралі значную ролю ў распаўсюджанні каталіцызму. Статут бенедыкцінцаў патрабаваў сталага жыхарства ў кляштары, паслушэнства, устрымання і беднасці. Абавязковай была праца. У 11—13 ст. бенедыкцінцы актыўна ўдзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці каталіцкай царквы на слав. землях і ў Прыбалтыцы. У ВКЛ прыйшлі ў 17 ст. з Польшчы. На Беларусі іх кляштары ў 17—19 ст. існавалі ў Мінску, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Слоніме і інш. Яны мелі свае б-кі, школы, скрыпторыі, дзе перапісваліся кнігі і летапісы. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) кляштары бенедыкцінцаў і інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў аб’яднаны ў бенедыкцінска-цыстэрцыянска-камедула-картузскую кангрэгацыю. Пасля паўстанняў 1830—31 і 1863—64 на Беларусі кляштары бенедыкцінцаў закрыты. У Зах. Еўропе ў 1893 заснавана федэрацыя бенедыкцінцаў. Зараз існуе 18 кангрэгацый бенедыкцінцаў, якія налічваюць каля 10 тыс. манахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАПА́ЕВА,
гар. пасёлак у Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. За 27 км ад Паставаў, 223 км ад Віцебска. Чыг. вузел (лініі на Лынтупы, Друю, Крулеўшчыну), аўтадарогай злучаны з Глыбокім і Паставамі. 4 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска ў Пастаўскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; існавалі заезны дом, млын, валюшня. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Дунілавіцкім р-не. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравала ням. фашыстамі, разбурана. З 1950 гар. пасёлак, у 1950—60 цэнтр Дунілавіцкага р-на, у 1960—62 у Глыбоцкім р-не. У 1969 — 4,2 тыс.ж. Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, камбікормавай і харч. прам-сці.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, 3 клубы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік садова-паркавага мастацтва — Варапаеўскі парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́НА (Антось) (сапр.Міцкевіч Міхаіл Міхайлавіч; 13.7.1897, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 25.10.1991),
бел. пісьменнік, публіцыст, перакладчык, педагог. Брат Я.Коласа. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1917). Жыў на хутары Смольня і займаўся сельскай гаспадаркай. У час ням. акупацыі працаваў інспектарам школ. У 1944, баючыся рэпрэсій, выехаў на Захад — спачатку ў Чэхаславакію, потым у Зах. Германію. Жыў у лагеры для перамешчаных асоб, працаваў інспектарам пачатковых бел. школ, якія дзейнічалі ў лагерах. Выдаў каля дзесятка чытанак. У 1950 пераехаў у Нью-Йорк, дзе працаваў настаўнікам бел.школы, вартаўніком цвінтара. З 1952 да пач. 1960-х г. рэдактар газ. «Беларус», у 1970—81 — час. «Голас царквы». Літ. дзейнасць пачаў у 1917 («Як Мікіта бараніў сваіх», разам з Я.Лёсікам). Тэматыка яго апавяданняў і фельетонаў — жыццё сялян, семінарыстаў, фарміраванне нац. самасвядомасці беларусаў. У 1960-я г. пераклаў з царк.-слав. на бел. мову тэксты малітваў, богаслужэнняў, Евангелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫН,
вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вабіч, на аўтадарогах Бялынічы — Галоўчын, Магілёў — Круглае. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г.п. Бялынічы, за 26 км ад горада і чыг. ст. Магілёў. 674 ж., 280 двароў (1996). Сярэдняя і муз.школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Царква.
Вядомы з канца 15 ст. З 1501 належаў жонцы вял.кн. Аляксандра Алене Іванаўне, пазней — кн. Галоўчынскім, Патоцкім, віленскаму ваяводу Пацу. У 1567 цэнтр маёнтка ў Аршанскім пав. З 1785 Галоўчын у Магілёўскім пав. Праз вёску праходзіў Віленскі паштовы тракт. У вайну 1812 каля Галоўчына дзейнічаў атрад Дз.Давыдава. У 1901 у вёсцы 1603 ж., 201 двор. З 1924 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну Галоўчын акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў чэрв. 1944 спалілі 178 двароў, загубілі 201 жыхара. У 1970 — 670 ж., 261 двор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
французскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік франц. сімфоніі. Чл. Ін-та Францыі (1795). Вучыўся ў пеўчай школе кафедральнага сабора ў Антверпене. З 1751 у Парыжы. Стварыў там муз. т-вы «Канцэрты аматараў», «Духоўныя канцэрты», кіраваў хорам у т-ры «Парыжская опера», арганізаваў Каралеўскую школу спеваў і дэкламацыі, на базе якой у 1795 адкрыта кансерваторыя (яе праф. і інспектар). У сваіх сімфоніях самабытна пераўтварыў дасягненні «мангеймскай школы». Узбагаціў камерна-інстр. жанр, пісаў камічныя оперы (каля 20), муз. трагедыі, балеты, араторыі, месы і інш. У час Франц. рэвалюцыі 1789—95 арганізатар і дырыжор масавых рэв. свят, пачынальнік манум.вак.-аркестравага стылю і новых муз. жанраў: рэв. масавай песні, музыкі гераічных і жалобных шэсцяў, буйных кантатна-аратарыяльных твораў для выканання на вольным паветры.
Літ.:
Радиге А. Французские музыканты эпохи Великой французской революции: Пер. с фр.М., 1934.