хэнць, ‑і, ж.

Абл. Жаданне, ахвота. Узіраючыся, як мільгала за частаколам.. [Марціна Ваўчка] шарая, ганарыста ссунутая на адно вуха кепка, Міця таксама ўчуў нейкую хэнць прайсціся вузенькаю, вытаптанаю ў росным карычневым быльніку па чужой мяжы сцежкаю ў блізкі верасаўскі лясок. Адамчык. Кожны падкрэслены.. [Якавам Гузікам] сказ выклікае прыметныя калыханкі ўсяе залы. Гэта надавала яму настрою, хэнці, захаплення. Гартны.

[Польск. chęć.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ МІЖНАРО́ДНЫ, Міжнародны саюз архітэктараў (МСА),

міжнародная няўрадавая арганізацыя. Створаны ў 1948 у г. Лазана (Швейцарыя), сталае месцазнаходжанне штаб-кватэры — Парыж. Асн. задачы саюза: аб’яднанне на дэмакр. аснове архітэктараў усяго свету, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, умацаванне маст., навук. і прафес. сувязей паміж імі. Вышэйшы орган МСА — Асамблея (склікаецца раз у 3 гады), у час якой выбіраюцца Бюро і Савет. Быць членам саюза і прадстаўляць краіну можа толькі адна карпарацыйная арг-цыя (творчы саюз, асацыяцыя, ін-т і інш. арг-цыі архітэктараў). МСА аб’ядноўвае больш за 100 нац. секцый і рэгіянальных груп (Скандынаўскія краіны, краіны Балтыі і інш.). Нац. секцыі ўваходзяць паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў адпаведныя рэгіёны, кожны з якіх узначальвае віцэ-прэзідэнт (Зах. Еўропа, Усх. Еўропа і Сярэдні Усход, краіны Амерыкі, Азія і Аўстралія, Афрыка). У рамках дзейнасці МСА функцыянуюць больш за 10 рабочых груп і праграм, працуюць камісія па міжнар. конкурсах (засн. Залаты медаль за выдатныя творчыя дасягненні, прызы за лепшы праект), праграма па прафес. практыцы і інш. Саюз мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА, Эканам. і сац. савеце ААН. Выдаецца Бюлетэнь МСА (выходзіць раз у 2 месяцы). У 1990-я г. ў МСА уваходзіў Саюз архітэктараў Беларусі.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТО́Р (ад лац. creditor пазыкадавальнік),

суб’ект (фіз. або юрыд. асоба), які дае грошы, тавары і інш. каштоўнасці ў пазыку (у крэдыт, доўг і інш.); у бухгалтарскім уліку — фіз. або юрыд. асоба, якой прадпрыемства (фірма) запазычыла грашовыя сродкі. К. могуць быць, напр., пастаўшчыкі і падрадчыкі за прадастаўленыя імі, але не аплачаныя матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі, заказчыкі па атрыманых ад іх авансах, вэксалетрымальнікі па атрыманых вэксалях, арг-цыі, якія выдалі крэдыт, дэпаненты па нявыплачанай у тэрмін зарплаце і інш. Каб стаць К., неабходна мець пэўныя сродкі. Іх крыніцай могуць быць уласныя зберажэнні або запазычаныя ў інш. уладальнікаў сродкі. К., як правіла, становяцца добраахвотна, маючы матэрыяльную зацікаўленасць у выглядзе атрымання пазыковага працэнта — цаны за атрыманне крэдыту. Пазычальнік абавязаны вярнуць доўг з працэнтамі. Разлікі з К. улічваюцца на адпаведных рахунках бухгалтарскага ўліку, якія адлюстроўваюць, напр., разлікі з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі, пакупнікамі і заказчыкамі, рабочымі і служачымі, з бюджэтам і інш. Даўгі К. ўтвараюць крэдыторскую запазычанасць.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗАН ((Korzon) Тадэвуш Сільвестр) (9.11.1839, Мінск — 8.3.1918),

польскі гісторык, прадстаўнік варшаўскай гіст. школы. Правадз. чл. Польскай АН у Кракаве (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). За рэв. дзейнасць сасланы ў Арэнбург (1861). З 1869 у Варшаве, выкладаў у гімназіі. У 1886 за прапаганду нац. ідэй пазбаўлены права выкладання. З 1897 дырэктар б-кі Красінскіх. Адзін з заснавальнікаў у 1905 час. «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд»), у 1907 — т-ва аматараў гісторыі. Аўтар манаграфій, падручнікаў па агульнай гісторыі, артыкулаў па тэорыі і методыкі гіст. даследаванняў, гістарыяграфіі. Даследаваў паліт. і эканам. гісторыю Рэчы Паспалітай.

Тв.:

Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta. 2 wyd. T. 1—6. Warszawa, 1897—98.

Літ.:

Włodarczyk J. Tadeusz Korzon: Głowne konccpcje historyczne i historiograficzne. Lódź, 1958.

Дз.​У.​Караў.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАП — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).

М.​М.​Пікулік.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна

(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),

рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».

Літ.:

Назаревский Н.А. З.​М.​Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.

Л.​Л.​Збралевіч.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

да́ма

(фр. dame)

1) замужняя жанчына ў адрозненне ад дзяўчыны, раней жанчына з багатага або інтэлігентнага асяроддзя (свецкая д.);

2) ветлівы зварот да жанчыны (пераважна ў афіцыйных выступленнях);

3) жанчына, якая танцуе ў пары з кавалерам;

4) трэцяя па старшынству ігральная карта з малюнкам жанчыны, малодшая за караля.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эксцэнтры́чны

(фр. excentrique < с.-лац. excentricus, ад лац. ex = з, па-за + centrum = цэнтр)

1) заснаваны на рэзкіх гукавых або зрокавых кантрастах, незвычайных, смешных прыёмах (напр. э. трук);

2) незвычайны, дзіўны, вельмі своеасаблівы (напр. э. учынак);

3) мат. які не мае агульнага цэнтра, адхіляецца ад яго (проціл. канцэнтрычны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЫ́СЫЛКА,

1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.

2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́НСНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ, рэзанансы,

нестабільныя элементарныя часціцы (адроны), якія могуць распадацца за кошт моцных узаемадзеянняў. Маюць час жыцця ад 10​−24 да 10​−22 с. Аб наяўнасці Р.ч. мяркуюць па ўскосных звестках, напр., па «рэзанансным» (адсюль назва) павелічэнні эфектыўнага сячэння даследаванага працэсу ўзаемадзеяння часціц пры тых значэннях энергіі, якія адпавядаюць масе (у энергет. адзінках) пэўнай Р.ч. Эксперыментальна адкрыты Э.​Фермі (пач 1950-х г.) і першасна трактаваліся як узбуджаныя станы адронаў.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)