устойлівая этнасац. супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэр., звязаны агульным эканам. і сац.-паліт. жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гіст. развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Прадстаўнікі псіхал. тэорыі разглядаюць Н. як суб’ектыўнае пачуццё, жаданне і волю адвольнай групы людзей (Г.Кон, К.Іглтан, В.Сульбах) або як супольнасць людзей, звязаных агульнасцю іх характараў, гіст. памяццю і імкненнем жыць разам (О.Баўэр, Э.Рэнан). Паводле М.Вебера і П.А.Сарокіна, Н. — чалавечая супольнасць, якая аб’яднана агульнасцю мовы, рэлігіі, звычаяў або лёсу. Этатычныя тэорыі зыходзяць з таго, што Н. ўтвараюць людзі не абавязкова аднаго этн. паходжання, але якія адносяцца да дадзенай дзяржавы як да сваёй Бацькаўшчыны.
Сучасныя Н. зараджаліся і фарміраваліся з 15—17 ст. разам з развіццём і універсалізацыяй капіталіст. адносін. У выніку развіцця таварнай вытв-сці, гандлю, складвання рэгіянальных і агульнанац. рынкаў пераадольвалася былая адасобленасць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню агульнанац. культуры, фарміраванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. Нац. дзяржавы склаліся на аснове аб’яднання этн. груп (немцы, італьянцы) або іх вылучэння з поліэтн. імперый (Аўстра-Венгерская, Атаманская, Расійская). Некаторыя Н. ўзнікалі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія — шляхам аб’яднання ў Н. шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей (франц. і паўн.-амер. Н.). У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі працэс фарміравання Н. непасрэдна быў звязаны з працэсам распаду каланіяльнай сістэмы і ўтварэннем новых незалежных дзяржаў. У СССР і інш.сацыяліст. краінах Н. базіравалася на пэўнай сац.-класавай структуры і нац. складзе насельніцтва асобных рэгіёнаў і тэрыторый.
Бел. Н. сфарміравалася на аснове этн. і сац. супольнасці, папярэдняй феад. эпохі. Прыхільнікі старажытнарус. канцэпцыі генезісу і развіцця бел. Н. лічаць, што ёй папярэднічала бел. народнасць, якая разам з рус. і ўкр. узнікла на базе народнасці, што існавала ў Кіеўскай Русі. Існуе пункт погляду, паводле якога аснову бел. народнасці, што пазней кансалідавалася ў Н., складалі ўсх.-слав. плямёны (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) і асобныя групы зах.-слав. і балцкай этн. супольнасцей. Пэўны ўзровень гандл.-эканам. сувязей, моцнай дзярж.-тэр. інтэграцыі і ўсведамленне прыналежнасці да сваёй агульнай Бацькаўшчыны, якімі адрознівалася ўжо сфарміраваная бел. народнасць у перыяд Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, стварылі аб’ектыўныя перадумовы для паглыблення кансалідацыйных працэсаў і яе паступовага пераўтварэння ў Н. Пасля далучэння бел. зямель да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. працягваўся працэс кансалідацыі бел. народнасці і паступовага пераходу да новага этапу развіцця бел. этнасу ад народнасці да Н.; гэты працэс у пэўным сэнсе стрымліваўся адсутнасцю дзярж. аб’яднання на нац. тэрыторыі. Да канца 19 — пач. 20 ст. была канчаткова ліквідавана гасп. адасобленасць усіх абласцей Беларусі, сфарміраваўся мясц.нац. рынак, што прывяло да ўтварэння асн. прыкмет бел. Н. — адзінства эканам. жыцця, бел.літ. мовы, бел.нац. тэрыторыі, культуры. Аб’ектыўныя працэсы кансалідацыі бел. народнасці ў Н. арганічна ўвязваліся з неабходнасцю сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве, барацьбой за дасягненне суверэнітэту, забеспячэнне права на самаст.паліт. і культ. развіццё. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 была завершана тэр. кансалідацыя бел. Н. У 1993 створана суверэнная незалежная Рэспубліка Беларусь. Далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі бел. Н. адбываецца на аснове дэмакр. і нац.-культ. каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гіст.-культ. спадчыны, дасягненняў інш. культур і народаў, забеспячэння свабоднага развіцця бел. дзяржавы як раўнапраўнага члена еўрап. і агульначалавечай супольнасці. Гл. таксама Беларусь, Беларусы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1—3. Варшава;
Пг., 1903—22;
Яго ж. Беларускі народ і яго мова. Мн., 1920;
Цвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча. Мн.;
Вільня;
Берлін, 1921;
Ленін У.І. Аб праве нацый на самавызначэнне // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст.арт.Мн.. 1994;
Уайт Ф.Л. Што ёсьць нацыянальнасьць?: Пер. з англ. // Бел.гіст. агляд. 1994. Т. 1, сш. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНЯ,
форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.
Нар. П. ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў (гл.Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.Аляб’еў, А.Варламаў, А.Гурылёў, М.Глінка) і зах.-еўрап. (І.Брамс, Ж.Бізэ, Ф.Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст.вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.Брасенс, Ш.Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.Акуджава, У.Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт.Эстрадная музыка).
На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл.Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел.нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел.прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.Любан, Л.Маркевіч, А.Туранкоў, У.Тэраўскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, В.Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял.Айч. вайны (М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш.Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.Буднік, Я.Глебаў, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Кузняцоў, І.Лучанок, У.Мулявін, І.Палівода, В.Раінчык, Семяняка, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж.т-рамуз. камедыі, Нац.акад.т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.
Літ.:
Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,
абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.
Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.
Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш.л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт.Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел.стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб.«Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав.народаў (пераважна рускага).
Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав.народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш.бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл.«Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ.«Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).
З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд.навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт.Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт.Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел.навук.т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв.бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял.Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.
За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл.«Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.
Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ра́на1, ‑ы, ж.
1. Пашкоджанне тканак жывога арганізма, парушэнне яго цэласнасці. Смяротная рана. □ Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану.Мележ.Цяжкія раны ад апёку на руках і спіне, ад болю [Васіль] страціў прытомнасць, цяпер, здавалася хлопцу, перасталі ныць.Ваданосаў.
2.перан. Душэўны боль, пакуты. [Лузавец:] — Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Усё, аб чым баліць душа, павінна вылечыць праца...Краўчанка.Ніколі не залечваюцца раны на сэрцы ў таго, Хто быў жывым З крывёю ад радзімы адарваны.Аўрамчык.// Пра шкоду, страты, прычыненыя чаму‑н. З дапамогай брацкіх народаў краіны Беларусь залячыла раны ваеннага ліхалецця, адбудавала гарады і вёскі.«Звязда».Свабодная зямля Загоіць хутка свае раны.Танк.
•••
Агнястрэльная рана — рана, прычыненая куляй або асколкам баявога зарада.
Жывая рана — а) рана, якая яшчэ не зажывае; б) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.
Сыпаць соль на раныгл. сыпаць.
Хоць ты да раны кладзігл. класці.
ра́на2, прысл.
1. Раніцай, уранні. Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі.Брыль.І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня.Кляўко.//узнач.наз.ра́на, нескл., н. Раніца. З вечара да рана.
2. Раннім часам, у першы перыяд раніцы. [Віктар] ведаў, што Зелянюк паедзе ўранні, але не думаў, што гэтак рана.Зарэцкі.— Навошта так рана .. [Паўліка] будзілі? — запытала маці.С. Александровіч.//безас.узнач.вык. Пра ранні час. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам.Хомчанка.
3. Да ўстаноўленага або патрэбнага часу. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай.Брыль.І Дзімка рады быў — завязе спорненька вязку [сена] на кірмаш, не вельмі стоміцца і рана дамоў вернецца.Капыловіч.//безас.узнач.вык. Пра тэрмін, які яшчэ не настаў, не прыйшоў. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна.Баранавых.//безас.узнач.вык. Пра непадрыхтаванасць да чаго‑н., адсутнасць прычын для чаго‑н. Пачынаць будаўніцтва яшчэ рана. □ Салдаты, каторыя вярнуліся з вайны без рук ды без ног, кажуць — адчайвацца яшчэ рана.Якімовіч.
•••
Рана ці позна, рана-позна — калі‑н. (пра тое, што абавязкова павінна здарыцца).
Раным-рана — вельмі рана, як толькі можна рана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свабо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім.Колас.// Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна.Шамякін.
2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь.Гімн СССР.
3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон.Купала.
4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак.// Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.
5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві».Крапіва.Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі!Колас.// Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.
7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай.// Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.
8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое.Пташнікаў.Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў.Лобан.// Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца.Брыль.// Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.
9.Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.
10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.
11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.
12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.
13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.
•••
Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.
Свабодны ўдаргл. удар.
Свабодныя электроныгл. электрон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,
краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр.ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш.народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН,
ганаровая дзярж. ўзнагарода за асобыя заслугі і знак (знакі) да яе. Паходжаннем О. звязаны з еўрап. прыдворнымі ордэнамі (карпарацыямі) 14—16 ст., членства ў якіх было формай заахвочвання манархам найб. адданых дваран. Гэтыя ордэны, у сваю чаргу, паходзілі ад ордэнаў рыцарскіх 12—13 ст.
Прыдворныя ордэны звычайна мелі пышныя ордэнскія касцюмы і асобыя ордэнскія знакі (стужка, крыж, зорка), якія паступова набылі характар узнагарод (напр., англ. О. Падвязкі, 1348 або 1350, О. Лазні, 1399, бургундскі, аўстр. і ісп. О. Залатога Руна, 1429, франц. О. Св. Духа, 1579 і інш.). З канца 18 ст. знакі О. пачалі існаваць асобна ад ордэнскага адзення. Вял. колькасць узнагародных О. заснавана ў 18—19 ст., у т. л. ў краінах Азіі: у Турцыі (О. Паўмесяца, 1799), Іране (О. Льва і Сонца, 1808), Японіі (О. Узыходзячага Сонца, 1875), Кітаі (О. Двайнога Дракона, 1882). З канца 18 і да нашага часу з узнікненнем новых незалежных дзяржаў у Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы ўводзіліся ўласныя ўзнагародныя О., пераважна на аснове еўрап. традыцыі. Звычайна знакі вышэйшай ступені ўзнагароды насілі на стужцы цераз плячо разам з зоркай на грудзях, 2-й ступені — на шыі, ніжэйшай — у пятліцы (пазней — злева на грудзях). Парадак узнагароджання рэгламентаваўся статутам О. Існавала традыцыя ўручаць О. у час ордэнскага свята. Справамі О. ведаў капітул. Пры існаванні ў дзяржаве некалькіх О. выпрацоўваліся правілы ордэнскай паступеннасці. О. найчасцей быў індывід. і пажыццёвай узнагародай. У 20 ст. з’явіліся традыцыі пасмяротных і калект. узнагароджанняў. Да 2-й пал. 19 ст. знакі аднаго О. розных ступеней адначасова не насілі, знак ніжэйшай ступені замяняўся на знак вышэйшай. Звычайна ў мінулым кавалеры О. мелі пэўныя матэрыяльныя выгады (пенсіі, ільготы). Гэтая традыцыя ў некаторых краінах захавалася да нашага часу.
Першыя О., звязаныя з гісторыяй Беларусі, — О. Рэчы Паспалітай. Першы і вышэйшы з іх — О. Белага Арла (1705—95), які спачатку меў выгляд залатога эмалевага нашыйнага медальёна, а з 1709 — нашыйнага крыжа з брыльянтамі. У 1713 з’явілася зорка. Ордэнская стужка напачатку была белая з чырв. палосамі па краях, з 1713 — блакітная. О. меў дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege» («За веру, караля і закон»). О. св. Станіслава (1765—93) быў узнагародай за цывільныя заслугі і меў дэвіз «Praemiando inicitat» («Узнагароджваючы, заахвочваю»). Статут патрабаваў ад ордэнскіх кавалераў фін. ахвяраванняў на дабрачыннасць. О. Вайсковага крыжа (1792—94) спачатку меў выгляд медаля «Virtuti Militari» («Ваеннай доблесці») з серабра і золата, пазней уведзены крыж і зорка. У далейшым гэты О. падзелены на 5 ступеней (крыжы вялікі з зоркай, камандорскі шыйны, кавалерскі пятлічны, медалі залаты і сярэбраны); стужка была чырвоная з белымі палосамі па краі, пазней цёмна-блакітная з чорнымі палосамі.
Першы і вышэйшы О. Расіі — О. св. Андрэя Першазванага (1699, афіц. статут 1798) меў 1 ступень, крыж, зорку, блакітную стужку і дэвіз «За веру і вернасць». З 1855 за ваен. заслугі на знакі гэтага і інш.рас. О. дадаваліся мячы. Узнагароджанне О. св. Андрэя Першазванага аўтаматычна рабіла яго ўладальніка кавалерам інш.рас. О., акрамя О. св. Георгія і св. Уладзіміра. О. св. велікамучаніцы Кацярыны (1714) прызначаўся для жанчын імператарскай фаміліі і набліжаных да іх прадстаўніц знаці, меў 2 ступені, белую, з 1797 чырв. з сярэбраным беражком стужку і дэвіз «За каханне і Бацькаўшчыну». О. св. Аляксандра Неўскага (1725) быў узнагародай для асоб з чынам ген.-лейтэнанта або тайнага саветніка і вышэй, меў 1 ступень, чырв. стужку і дэвіз «За працу і Бацькаўшчыну». У 1736 кавалерам гэтага О. стаў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III. З 1742 рас. падданых узнагароджвалі шлезвіг-гальштэйнскім О. св. Ганны, які ў 1797 афіцыйна ўведзены ў рас. ўзнагародную сістэму; меў 1 ступень, чырв. стужку з жоўтым беражком (з 1797—3, з 1815—4 ступені) і дэвіз «Тым, хто любіць праўду, набожнасць і вернасць»; знак 4-й ступені насілі на халоднай зброі. Імператарскі ваен. О. св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (1769) быў выключна вайск. узнагародай для афіцэраў за баявыя заслугі або за выслугу гадоў (да 1855). З 1807 існаваў спец. знак О. св. Георгія для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў (з 1913 Георгіеўскі крыж), які ў сярэдзіне 19 ст. падзелены на 4 ступені; гл.Георгіеўскі кавалер. О. св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (1782) даваўся за выслугу гадоў і асаблівыя ўчынкі афіцэрам і чыноўнікам; меў 4 ступені, чырв. з чорным беражком стужку і дэвіз «Карысць, гонар і слава». У 1798—1817 рас. падданых узнагароджвалі О. св. Іаана Іерусалімскага (2 ступені, чорная стужка), які меў мальтыйскае паходжанне. О. Белага Арла (1815, 1 ступень, цёмна-сіняя стужка, дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege»), св. Станіслава (1815, 4 ступені, чырв. з белымі палоскамі па краях стужка, дэвіз «Praemiando inicitat») і «Virtuti Militari» (1815—31, 5 ступеней, цёмна-блакітная з чорнымі беражкамі стужка, дэвіз «Rex et Patria» («кароль і Радзіма») паходзілі яд адпаведных О. Герцагства Варшаўскага і да 1831 прызначаліся толькі для жыхароў Каралеўства Польскага. У 1870 дазволена насіць ордэнскія знакі ніжэйшых ступеней, атрыманыя за ваен. заслугі, адначасова з вышэйшымі.
У Польскай Рэспубліцы 1919—44 працягваліся папярэднія ордэнскія традыцыі; уведзены О. Белага Арла (1921), «Virtuti Militari» (5 ступеней, 1919) і новы О. Адраджэння Польшчы (5 ступеней, 1921).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 усе рас. О. скасаваны дэкрэтам ВЦВК ад 23.11.1917 і пачалося стварэнне сав. ордэнскай сістэмы. У 1918—33 у Сав. Расіі і інш.сав. рэспубліках існавалі рэсп. О. (звычайна ў выглядзе чырв. сцяга на ўзор О. Чырв. Сцяга РСФСР), у т. л. О. Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1924—32), О. Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і інш. Нашэнне рэсп. О. працягвалася і пасля іх скасавання. Звычайна іх кавалеры мелі права на пэўныя льготы. О. СССР з’явіліся паралельна з рэсп. і ў 1933 выцеснілі іх цалкам. Былі ўведзены О.: Чырвонага Сцяга (1924), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1928), Леніна (1930), Чырвонай Зоркі (1930), «Знак Пашаны» (1935, з 1988 наз. О. Пашаны), Айчыннай вайны (2 ступені, 1942), Суворава (3 ступені, 1942), Кутузава (2 ступені, 1942; 3 ступені, 1943), Аляксандра Неўскага (1942), Багдана Хмяльніцкага (3 ступені, 1943), Славы (3 ступені, 1943), «Перамога» (1943), Ушакова (2 ступені, 1944), Нахімава (2 ступені, 1944), «Маці-гераіня» (1944), «Мацярынская слава» (3 ступені, 1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1967), Дружбы народаў (1972), Працоўнай Славы (3 ступені, 1974), «За службу Радзіме ва Узбр. Сілах СССР» (3 ступені, 1974), «За асабістую мужнасць» (1988). Сярод асаблівасцей сав. ордэнскай сістэмы былі фармальная адмова ад прынцыпаў царскіх 0. і фактычнае наследаванне ім, дэклараванне роўнасці і фактычная службовая стратыфікацыя, існаванне «партрэтных» 0., адначасовае нашэнне знакаў усіх ступеней, адсутнасць зорак як дадатковых адзнак вышэйшых ступеней 0., знакі для паўторных узнагароджанняў, адсутнасць ордэнскай стужкі ў 1918—38 і інш. О. СССР захоўваюць сваё значэнне ў Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш.б.сав. рэспубліках. Законамі ад 13.4.1995 і 2.7.1997 уведзены О. Рэспублікі Беларусь (гл. ў арт.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь).
У Расіі ў 1990-я г. ўведзены О. «За заслугі перад Айчынай» (4 ступені), Мужнасці, «За ваенныя заслугі», Пашаны, Дружбы, Жукава, св. Андрэя Першазванага, св. Георгія. Аддзеленая ад дзяржавы Руская правасл царква, да якой адносяцца правасл. прыходы Беларусі, мае свае О.: св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (3 ступені), Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені), Андрэя Першазванага (1 ступень, 1988), св. роўнаапостальнай кн. Вольгі (3 ступені, 1988), благавернага кн. Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988), св пакутніка Трыфана (3 ступені, 1996), свяціцеля Інакенція (3 ступені, 1997). Па ініцыятыве Бел. экзархата зацверджаны О. Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (2 ступені, 1998). Польская аўтакефальная правасл царква мае О. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (3 ступені). З узнагарод бел. эміграцыі вядомы О. «Гонар Айчыны», устаноўлены «Камітэтам шанавання» (1997).
З О. ЗША найб. вядомы «Пурпуровае сэрца», Марскі крыж, «Сярэбраная зорка»; з О. Вялікабрытаніі — О. Падвязкі, О. Лазні, «Крыж Вікторыі», «За заслугі», О. Гонару; з О. Польшчы — О. Белага Арла, «Virtuti Militari», Адраджэння Польшчы; з О. Францыі — О. Ганаровага легіёна.
Літ.:
Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. М., 1990;
Яго ж Ордена России: Альбом. М., 1993.
І.І.Сінчук.
Знакі ордэнаўРас. імперыі: 1 — зорка ордэна св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія 1-й ступені; 2 — зорка і крыж ордэна Белага Арла; 3 — крыжы ордэна «Virtuti Militari» 1—5-й ступеней.ОрдэныСССР: 1 — «Маці-гераіня»; 2 — «Мацярынская слава» 1-й ступені.ОрдэныСССР: 1 — Леніна; 2 — Кастрычніцкай Рэвалюцыі; 3 — Чырвонага Сцяга; 4 — Працоўнага Чырвонага Сцяга; 5 — Дружбы народаў; 6 — «Знак Пашаны»; 7 — Славы 1-й ступені; 8 — Славы 2-й ступені; 9 — Славы 3-й ступені; 10 — Працоўнай Славы 1-й ступені.Ордэны савецкіх рэспублік: 1 — Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР; 2 — Чырвонага Сцяга Грузінскай ССР; 3 — Ваенны Чырвоны Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспублікі Ордэн Чырвонага Сцяга Харэзмскай ССР.Ордэны Рэчы Паспалітай (1), Рас. імперыі (2—9), СССР (10—20): 1 — Вайсковага крыжа (вонкавы і адваротны бакі); 2 — св. Андрэя Першазванага (крыж з брыльянтамі); 3 — св. велікамучаніцы Кацярыны (крыж 1-й ступені); 4 — св. Аляксандра Неўскага (крыж з мячамі); 5 — св. Ганны (крыж 1-й ступені з мячамі і каронай); 6 — св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (крыж 1-й ступені); 7 — св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра (крыж 1-й ступені з мячамі); 8 — Белага Арла (крыж з мячамі); 9 — св. Станіслава (крыж 1-й ступені з мячамі); 10 — «Перамога»; 11 — Суворава 1-й ступені; 12 — Ушакова 1-й ступені; 13 — Кутузава 1-й ступені; 14 — Нахімава 1-й ступені; 15 — Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені; 16 — Аляксандра Неўскага; 17 — «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 1-й ступені; 18 — Айчыннай вайны 1-й ступені; 19 — Айчыннай вайны 2-й ступені; 20 — Чырвонай Зоркі.Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр.колодка ’тс’.
Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл.Сл. паўн.-зах.). Укр.колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск.kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).
Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў.колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр.колодка ’ручка, дзяржанне’, рус.колодка, польск.kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж.kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж.kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш.мар.kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл.koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.
Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр.колодочка ’абцас’, рус.дыял.колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.
Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АБРА́Д,
комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.
Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.
Бел.нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл.Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл.Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл.Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл.Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл.Саборная субота), каравайны абрад (гл.Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл.Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.
Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант.народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.
Літ.:
Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;
Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;
Радзінная паэзія. Мн., 1971;
Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;
Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;
Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;
Зімовыя песні. Мн., 1975;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;
Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;
Вяселле: Абрад. Мн., 1978;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;
Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Народны тэатр.Мн., 1983;
Палескае вяселле. Мн., 1984;
Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.
Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст.Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).
У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял.Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).
Літ.:
Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;
Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Бытавы жанр. В.Жолтак. А за вокнамі зіма. 1975.Да арт.Бытавы жанр. П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка. Каля 1660.