АНІ́САЎ (Сяргей Рыгоравіч) (парт. псеўд. Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял. Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),
дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.
т. 1, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА БАЛКА́НСКАЯ,
саюз Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі. Заключаны 9.2.1934 у Афінах пад эгідай Францыі з мэтай захавання суадносін сіл на Балканах, што склаліся пасля 1-й сусв. вайны. Першапачаткова адпавядаў інтарэсам Францыі як сродак узмацнення яе пазіцый у краінах Паўд.-Усх. Еўропы. Дагавор аб стварэнні Антанты Балканскай прадугледжваў узаемную гарантыю бяспекі балканскіх граніц краін-удзельніц, а таксама ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу на адну з іх. Дзеянні Германіі і Італіі, якія абапіраліся на фаш. групоўкі ў Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі, падарвалі франц. ўплыў на краіны Антанты Балканскай, у 2-ю сусв. вайну яна распалася.
т. 1, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ ((Orłowski) Аляксандр Восіпавіч) (9.3.1777, Варшава — 13.3.1832),
польскі і рускі жывапісец і графік. Прадстаўнік рамантызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1809). Каля 1793—1802 вучыўся і працаваў у Варшаве ў Я.П.Норбліна. З 1802 у Пецярбургу. Аўтар жанравых («Сцэна ў карчме», 1795—96) і батальных («Бітва пад Рацлавіцамі», 1798 або каля 1801) твораў, партрэтаў герояў вайны 1812 (М.І.Платава, Д.Давыдава), «Аўтапартрэта», пейзажаў, малюнкаў. Арлоўскі — адзін з заснавальнікаў шаржа («Ш.Л.Дзідро», каля 1810) і паліт. карыкатуры («Французскі эмігрант Дзю-Селон», 1806) у рус. графіцы. Адзін з першых пачаў працаваць у тэхніцы літаграфіі («Рамізніцкая біржа», 1820).
Літ.:
Ацаркина Э.Н. А.О.Орловский, 1777—1832. М., 1971.
т. 1, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГУ́Н (Аляксей Васілевіч) (16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),
удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.
Э.А.Карніловіч.
т. 3, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙЦЗЭКЕР ((Weizsäcker) Рыхард фон) (н. 15.4.1920, г. Штутгарт, Германія),
палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Юрыст. Чл. Хрысц.-дэмакр. саюза з 1954. У 1964—70 і 1979—81 прэзідэнт Ням. евангелістычнага царк. сабора. Дэп. (1969—81) і нам. старшыні (1979—81) бундэстага. У 1981—84 кіруючы бургамістр Зах. Берліна. Прэзідэнт ФРГ у 1984—94. У сваёй прамове 8.5.1985, прысвечанай 40-годдзю заканчэння 2-й сусв. вайны ў Еўропе, выказаўся пра адказнасць немцаў за злачынствы нацыянал-сацыяліст. рэжыму. Аўтар твораў «Палітычная сіла культуры» (1987), «Масты да ўзаемаразумення» (1990), «З Германіі ў Еўропу» (1991) і інш.
т. 3, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ (Яўген Захаравіч) (12.12.1910, Рыга — 31.8.1990),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ін-т журналістыкі. Аўтар раманаў «Вышыня» (1952, пра будаўнікоў з-да на Паўд. Урале), «Зямля, да запатрабавання» (1970, пра лёс сав. разведчыка Л.Маневіча), «Ахвота да перамены месцаў» (1979, пра новабудоўлі на Ангары), аповесцяў «Капля крыві» (1960), «Форма адзення зімовая» (1965), «Дах над галавой» (1974), «Стары і яго вучні» (1981) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвяціў зб-кі аповесцяў і апавяданняў «Гонар пяхоты» (1946), «Учора была вайна» (1975), «Па старой Смаленскай дарозе» (1979) і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.
т. 3, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 32 км ад Докшыц, 165 км ад Віцебска, 42 км ад чыг. ст. Параф’янава. 199 ж., 105 двароў (1995).
Упершыню згадваецца ў 1395 як цэнтр вял. капітульнага маёнтка. У 16—17 ст. неаднаразова ўпамінаецца сярод уладанняў віленскага каталіцкага біскупства. Частка Ваўчы належала Тышкевічам, Пацам. З 1861 у Бягомльскай вол. Барысаўскага пав. У 1897 — 311 ж., 83 двары. З 1924 у Бягомльскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі часткова знішчылі вёску. Пасля вайны адноўлена. З 1960 у Докшыцкім р-не. Каля Ваўчы курганны могільнік 11—13 ст.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛІЯ (Westfalen),
гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам І Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт. акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)