БЯЛЫ́НІЦКІЯ-БІРУ́ЛІ , шляхецкі род герба «Бялыня» ў ВКЛ. Першым у дакументах згадваецца Гаўрыла Сямёнавіч Біруля, які ў час Лівонскай вайны 1558—83 быў ротмістрам казацкай харугвы. Магчыма, род паходзіць ад віцебскіх баяраў Харковічаў, бо ў 1635 Ян Біруля (верагодна, сын Гаўрылы) названы Харковічам. Першая частка прозвішча Бялыніцкіх-Біруляў паходзіць ад радавога маёнтка Бялынічы (сучасная в. Бялынавічы Віцебскага р-на). Валодалі таксама Навасёлкамі каля Бялынавіч, Зачарніччам, Тулавам, маёнткамі каля мяст. Бялынічы Аршанскага пав. (адсюль паданне пра іх паходжанне з гэтых мясцін). З роду Бялыніцкіх-Біруляў паходзяць А.А.Бялыніцкі-Біруля, В.К.Бялыніцкі-Біруля.

В.Л.Насевіч.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)