РУБІНШТЭ́ЙН (Антон Рыгоравіч) (28.11.1829, с. Выхвацінец, Малдова — 20.11.1894),

рускі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог і муз. дзеяч. Брат М.​Р.​Рубінштэйна. Чл. Ін-та Францыі (1874). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст., які паклаў пачатак сусв. славы рус. піяністычнага мастацтва. З 1839 вёў канцэртную дзейнасць у Маскве і за мяжой. Заснавальнік Рускага музычнага таварыства (1859) і першай рас. кансерваторыі (1862, С.-Пецярбург; адначасова яе дырэктар, у 1862—67 і 1887—91 праф.). Выкананне Р. вылучалася імправіз. свабодай, драм. сілай. Аўтар твораў розных жанраў: 14 опер (у т. л. «Дэман», паст. ў 1875; у Мінску ў 1892, на сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў 1951; «Макавеі», паст. 1875, ставілася ў Мінску ў 1890—91), 6 сімфоній, 5 фп. канцэртаў (найб. вядомы 4-ы), 10 стр. квартэтаў, фп. мініяцюр, рамансаў і песень, у т. л. цыкла «Персідскія песні» (1854), і інш. Яго музыка адметная лірыка-рамант. накіраванасцю, шырокім меладычным подыхам, тонкім увасабленнем арыентальных матываў. Сярод вучняў І.​Гофман, П.​Чайкоўскі і інш.

Літ. тв.: Лит. наследие. Т. 1—3. М., 1983—86; Избр. письма. М., 1954.

Літ.:

Баренбойм Л.А. А.​Г.​Рубинштейн. Т. 1—2. Л., 1957—62;

Хопрова Т. А.​Г.​Рубинштейн. 2 изд. Л., 1987.

І.​Дз.​Назіна.

А.Р.Рубінштэйн.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

самату́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саматужнікаў, належыць ім. Саматужны я майстэрні. □ Вытворчасць саней — з даўняга часу вельмі пашыраны і скрозь вядомы саматужны промысел на Беларусі. «Помнікі». // Зроблены ўручную, не фабрычным спосабам. Дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. // Недасканалы, прымітыўны па выкананню. Атрымалася [лістоўка] нягеглая з выгляду і нікога не ўзрадавала. Адразу кідалася ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.

2. перан. Неарганізаваны, распылены, адасоблены. Галоўная рыса нашага руху, якая асабліва кідаецца ў вочы ў апошні час, гэта яго раздробленасць, яго саматужны, калі можна так сказаць, характар: мясцовыя гурткі ўзнікаюць і дзейнічаюць амаль зусім незалежна ад гурткоў у іншых месцах і нават (што асабліва важна) ад гурткоў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць адначасова ў тых жа цэнтрах. Ленін. // Не падрыхтаваны належным чынам. [Шыянок:] — Мне здавалася, што я пагаварыў немаведама чаго. Нават баяўся, што сакратар парткома заўтра ўсыпле за маё саматужнае выступленне. Сабаленка. // Малакваліфікаваны. Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная. Лужанін. [Пан Галыга:] — Ну! Музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.​Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.​Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.​Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.​Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНАЯ МО́ВА,

асноўная наддыялектная форма існавання мовы, якая характарызуецца агульнанац. значнасцю, поліфункцыянальнасцю. разнастайнасцю пісьмовых і вусных жанраў яе выкарыстання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, тэндэнцыяй да рэгламентацыі. Як вышэйшая форма нацыянальнай мовы паводле свайго сац. і культ. статусу процістаіць тэр. дыялектам і прастамоўю. Л.м. — катэгорыя гістарычная. Яна складваецца на пэўным этапе сац.-эканам. і культ. развіцця этнасу, калі ўзнікае грамадска ўсвядомленая неабходнасць у больш дасканалым, чым асобныя мясц. гаворкі, агульназразумелым сродку зносін з мэтай абслугоўвання патрэб маладой нацыі ў сферы дзярж. кіравання, эканомікі, адукацыі, навукі, мастацтва і культуры. Гістарычнасць Л.м. выяўляецца ў паступовай зменлівасці норм моўных, складванні функцыян. стыляў мовы і падстыляў, стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў выражэння, павелічэнні лексіка-фразеалагічнага фонду мовы, фарміраванні тэрміналогіі, з’яўленні пісьменнасці, назапашванні рознажанравых пісьмовых помнікаў (тэкстаў), стварэнні заканадаўча-прававых актаў, накіраваных на ахову Л.м. як агульнанац. духоўнай каштоўнасці. Л.м. павінна мець абавязковую пісьмовую фіксацыю (гл. Пісьмовая мова), кніжна-пісьмовую форму пры натуральным захаванні і вуснай формы яе бытавання (гл. Вусная мова). Нарматыўнасць Л.м. выступае ў якасці рэгулятара яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі, сац. фактарамі (стандартызацыяй дакументацыі, агульнасцю дыдактычных задач школы, адзінствам правапіснай сістэмы і інш.) і ўнутрымоўнымі, сістэмна-структурнымі фактарамі (наяўнасцю моўна-маўленчых варыянтаў, дыялектнымі і іншамоўнымі ўплывамі, праяўленнямі тэндэнцый фанет. і лексіка-грамат. развіцця і інш.). Агульнаабавязковасць моўных норм адлюстроўваецца ў іх кадыфікацыі, г.зн. фіксацыі ў слоўніках розных тыпаў, навуч. і навук. граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, тэрміналагічных і інш. моўных даведніках.

У аснову літ. бел. мовы леглі гаворкі Цэнтр. Беларусі (зона Ашмяны—Мінск—Барысаў; гл. ў арт. Дыялект). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найб. тыповыя рысы паўд.-зах, і паўн.-ўсх. бел. дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца запазычаннямі з роднасных рус. і ўкр., а таксама інш. моў. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з дыялектамі, пастаянна папаўняецца за іх кошт. Адначасова яна ўплывае на дыялекты, спрыяе іх уніфікацыі. Паняцці Л.м. і мова мастацкай літаратуры суадносныя, але не тоесныя. Маст. л-ра — толькі адна са сфер выкарыстання Л.м. У маст. л-ры могуць выкарыстоўвацца словы і формы слоў з прастамоўя, мясц. дыялектаў, жаргонаў, а таксама элементы індывідуальнай словатворчасці пісьменніка. На станаўленне шматлікіх Л.м. уплывае творчасць пісьменнікаў (напр., А.​Пушкіна на рус. Л.м., У.​Шэкспіра на англ. мову, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. на бел. Л.м.). Пра асн. этапы развіцця і сучасны стан бел. Л.м. гл. ў арт. Беларуская мова.

Літ.:

Виноградов В.В. Проблемы литературных языков и закономерностей их образования и развития. М., 1967;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Міхневіч А.Я. Да характарыстыкі беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане // Slavia. 1984. R. 53, № 3—4.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 9, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ МАНА́СКІЯ,

цэнтралізаваныя манаскія аб’яднанні ў некат. канфесіях, якія маюць статут і ўласную арганізац. структуру. Найб. пашыраны ў рымска-каталіцкай царкве. Звычайна каталіцкія О.м. былі падначалены рым. папе і не падпарадкоўваліся біскупам (епіскапам) на месцах. На чале О.м. стаіць генерал (генерал-магістр), пры якім ёсць капітул — калегія кіруючых асоб. Тэрытарыяльна О.м. падзяляюцца на правінцыі на чале з правінцыяламі. Адрозніваюцца адзін ад аднаго традыц. ладам жыцця, мэтамі, закладзенымі сваімі заснавальнікамі і задачамі, вызначанымі папствам, а таксама колерам і кроем адзення. Маюць свае звычаі і абраднасць. Некат. мужчынскія ордэны маюць жаночыя адгалінаванні (напр., дамініканкі, кармеліткі), існуюць і асобныя жаночыя ордэны (напр., урсулінкі). Члены большасці О.м. жывуць у кляштарах. Старэйшым О.м. лічыцца ордэн бенедыкцінцаў (засн. каля 538). Па меры пашырэння хрысціянства павялічвалася колькасць О.м., узнікла іх «спецыялізацыя». У 11—12 ст. у сувязі з крыжовымі паходамі на Б.​Усход узнік шэраг духоўна-рыцарскіх ордэнаў, члены якіх былі адначасова рыцарамі і манахамі: іааніты, Тэўтонскі ордэн і інш., а таксама цыстэрцыянцы. У 12—13 ст. узніклі жабрацкія ордэны (іх члены павінны былі жыць толькі на міласціну, з часам зарок беднасці стаў выконвацца менш строга): аўгусцінцы, бернардзінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы. Ватыкан выкарыстоўваў О.м. для барацьбы з ерасямі і для місіянерскай дзейнасці. Для барацьбы з Рэфармацыяй быў створаны ордэн езуітаў, якія разам з піярамі адыгралі адначасова вял. ролю ў развіцці навукі і адукацыі. На ўзор рым.-каталіцкіх О.м. былі створаны і уніяцкія ордэны — базыльян (у грэка-каталіцкай царкве) і мхітарыстаў (у армяна-каталіцкай царкве). На Беларусі найб. актыўная дзейнасць О.м. прыпала на 16—17 ст. — перыяд контррэфармацыі; у 19 ст. дзейнасць большасці ордэнаў тут спынена, а іх кляштары падначалены біскупам. У пач. 20 ст. на Беларусі аднавіў дзейнасць ордэн марыянаў (адраджалі грэка-каталіцкі абрад, буйнейшы кляштар у арх. комплексе б. Друйскага кляштара бернардзінцаў) і з’явіўся ордэн назарэцянак. У 20 ст. О.м. ўдасканальвалі і пашыралі сваю дзейнасць у свеце, прыстасоўваючы яе да патрэб сучаснага жыцця і сац.-эканам. і паліт. змен. Паводле кодэкса кананічнага права 1983 О.м. могуць быць заснаваны на папскім і дыяцэзіяльным праве. У першым выпадку яны знаходзяцца ў распараджэнні папы, у другім — пад апекай дыяцэзіяльнага біскупа. Па сваіх задачах і арганізац. структуры да О.м. блізка стаяць кангрэгацыі і аб’яднанні белых ксяндзоў (напр. камуністы), але не лічацца ордэнамі, бо іх члены не даюць спец. манаскіх зарокаў.

У ісламе да О.м. часам адносяць брацтвы дэрвішаў, прыхільнікаў суфізму — кадзірыя, накшбандзія, ясевія, меўлевія, бекташыя, сенусія і інш. Аднак гэта не зусім дакладна: дэрвішы не даюць зароку бясшлюбнасці, могуць выйсці з манастыра, жаніцца, вярнуцца да часова пакінутай сям’і.

Літ.:

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Карсавин Л.П. Монашество в средние века. М., 1992;

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

М.​А.​Дабрынін, А.​А.​Цітавец.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.​Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.​Ядзешка, Т.​Івінская, І.​Сумнікава, А.​Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

Да арт. Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАДЭРМАТЫ́Т [ад акра... + дэрматыт(ы)],

група хвароб з выключным або пераважным пашкоджаннем скуры канечнасцяў. Атрафічны хранічны акрадэрматыт бывае часцей у жанчын. На скуры тыльнага боку кісці і ступні, каленных і локцевых суставаў з’яўляецца застойна-сінюшная эрытэма, якая паступова распаўсюджваецца па ўсёй канечнасці. Скура атрафіруецца, станчаецца, робіцца падобнай на папяросную паперу. Суб’ектыўныя адчуванні адсутнічаюць, зрэдку — паколванні, неўралгічныя болі. Іншы раз бываюць зацвярдзенні скуры, вузлы каля каленных і локцевых суставаў, трафічныя язвы. Пры пустулёзным акрадэрматыце скура далоняў і тыльных паверхняў пальцаў рук (часцей вакол пазногцяў і каля падушачак), радзей скура пальцаў ног робіцца сінюшна-чырвоная, нацягнутая, бліскучая, пачынае лушчыцца (эрытэматозналушчыльная форма), з’яўляюцца пухіры (везікулёзная форма), часцей паверхневыя гнайнікі (пустулёзная форма). Скура паступова станчаецца, атрафіруецца, пазногці мутнеюць, дэфармуюцца і адпадаюць. Працэс можа пашырыцца на скуру далоняў, падэшвы, іншы раз — на ўсё цела. Суб’ектыўна — паколванні, радзей неўралгічныя болі. Захворванне працяглае з кароткімі рэмісіямі. Энтэрапатычны акрадэрматыт развіваецца часцей у немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту. Абумоўлены спадчыннасцю, парушэннямі ўсмоктвання пажыўных рэчываў і цынку ў тонкіх кішках. Характарызуецца пухірковай, гнайнічковай высыпкай вакол рота, вачэй, задняга праходу, у вобласці локцяў, каленяў, пахвінна-сцегнавых складак, на сцёгнах, ягадзіцах, дзе потым утвараюцца бляшкі. Адначасова пашкоджваецца слізістая абалонка рота, пазногці мутнеюць, робяцца ломкія, выпадаюць валасы на галаве, брывах, вейках. Характэрны святлабоязь, блефараспазма, страўнікава-кішачныя расстройствы, якія прыводзяць да знясілення і адставання ў фіз. развіцці дзіцяці.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),

падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр. б. СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.​Равецкі, Т.​Камароўскі, Л.​Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс. чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав. партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр. Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.

А.​М.​Літвін.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРЭ́ННЕ,

знаходжанне лікавых значэнняў пэўнай фіз. велічыні з дапамогай вымяральных прылад, інструментаў і інш. сродкаў вымяральнай тэхнікі. Ажыццяўляецца ў прынятых адзінках фізічных велічынь, звычайна з улікам хібнасці вымярэнняў. Адрозніваюць прамое вымярэнне, пры якім значэнне велічыні знаходзяць непасрэдна з паказанняў прылад (вымярэнне ціску манометрам, тэмпературы — тэрмометрам, масы — вагамі, даўжыні — лінейкай і г.д.), і ўскоснае, пры якім значэнне велічыні знаходзяць з вядомай залежнасці паміж ёю і іншымі велічынямі, што вымяраюцца непасрэдна (напр., знаходжанне плошчы на аснове прамога вымярэння лінейных памераў, шчыльнасці цела па яго масе і геам. памерах). Бываюць таксама сумесныя вымярэнні (прамыя і ўскосныя), пры якіх адначасова вымяраюць некалькі аднайменных і разнайменных велічынь.

У залежнасці ад аб’ектаў бываюць лінейныя вымярэнні, механічныя вымярэнні, радыяцыйныя вымярэнні, электрычныя (гл. Электравымяральныя прылады) і інш. Пашыраны дыстанцыйныя вымярэнні (гл. таксама Тэлеметрыя), укараняюцца аўтаматызаваныя інфармацыйна-вымяральныя сістэмы. Пры вымярэнні выкарыстоўваюцца дыферэнцыяльны, кампенсацыйны, нулявы, страбаскапічны метады вымярэння (гл. адпаведныя арт.), рабочыя сродкі вымярэнняў і ўзорныя сродкі вымярэнняў. Адзінства вымярэнняў забяспечвае метралагічная служба, якая захоўвае эталоны адзінак і выконвае праверку сродкаў вымярэння. На Беларусі найб. пашыраны лінейна-вуглавыя і мех. вымярэнні (машынабуд. прам-сць, с.-г. машынабудаванне), радыёвымярэнні (радыёэлектронная прам-сць), фіз.-хім. вымярэнні (хім. прам-сць), цеплатэхн., эл., магн., аптычная і інш. Дзейнічае Дзярж. камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СМ Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Метралогія.

А.​Р.​Архіпенка, У.​М.​Сацута.

Да арт. Вымярэнне. Структурная схема аўтаматызаванай інфармацыйна-вымяральнай сістэмы.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЮ́К (Святлана Піліпаўна) (н. 25.3.1939, Кіеў),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1971). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1963, клас З.Гайдай). Працавала ў Пермскім т-ры оперы і балета. З 1966 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1973 удасканальвалася ў міланскім т-ры «Ла Скала»), з 1986 салістка Бел. філармоніі. Валодае сакавітым, моцным і адначасова гнуткім рухомым голасам з добра развітым верхнім рэгістрам, што дае ёй магчымасць выконваць і каларатурныя партыі (Разіна ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні). Віртуозную тэхніку, майстэрства вакалізацыі Д. падпарадкоўвае ўдумлівай, тонкай інтэрпрэтацыі розных па стылі твораў, старанна шліфуе сцэнічны малюнак вобраза. У операх нац. рэпертуару стварыла вобразы Алесі («Алеся» Я.​Цікоцкага), Веранікі («Зорка Венера» Ю.​Семянякі). Творчая індывідуальнасць найб. яскрава выявілася ў партыях драм. плана: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Эбалі («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі). У канцэртных праграмах значную частку складаюць творы бел. кампазітараў; выконвае сольныя партыі ў буйных вак.-сімф. творах. Лаўрэат 3-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1965, 2-я прэмія), дыпламант 3-га Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1966).

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Святлана Данілюк // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.

Т.​А.​Дубкова.

С.П.Данілюк.
С.Данілюк у ролях Марыны Мнішак (злева) і Сантуцы.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)