А́КТЫ ПАЎДНЁВАЙ І ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І, «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,
шматтомны збор дакументаў па паліт., царк. і сац.-эканам. гісторыі Украіны і Беларусі з 1361 да 1678 (т. 1—15. Спб., 1861—92). Складальнікі-рэдактары М.І.Кастамараў і Г.Ф.Карпаў. Змешчаны дакументы пераважна на старабел. і стараўкр. мовах, якія асвятляюць сац.-эканам.адносіны ў ВКЛ, гісторыю праваслаўнай і уніяцкай царквы, дзейнасць брацтваў, сял.-казацкія паўстанні (у т. л. С.Налівайкі), войны сярэдзіны 17 ст. Сярод дакументаў прывілеі вял. князёў на землі, сялян, корчмы, мыта, кірмашы, на магдэбургскае права гарадам, адм. пасады, судовыя дакументы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР НЕ́ЎСКІ (каля 1200 — 14.11.1263),
князь наўгародскі [1236—51], вял. князь уладзімірскі (з 1252). Праводзіў палітыку абароны паўн.-зах. зямель Русі ад шведаў, якіх разбіў у Неўскай бітве 1240, пасля чаго стаў звацца Неўскім. Выйграў бітву супраць крыжаносцаў у Лядовым пабоішчы 1242. Імкнуўся ўстанавіць мірныя адносіны з Залатой Ардой. Маючы на мэце аб’яднанне сіл у барацьбе са шведска-ням. экспансіяй, падтрымліваў цесныя сувязі з Полацкам. У 1239 ажаніўся з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава Васількавіча. На адной з пячатак князя была выява конніка, якая нагадвала герб «Пагоня». Пасля смерці кананізаваны правасл. царквой. У Расіі з 1725 і ў СССР з 1942 быў уведзены ваенны ордэн Аляксандра Неўскага.
Аляксандр Неўскі. Цэнтральная частка трыпціха П.Дз.Корына. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,
дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б.СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў КНЯЗЁЎ ЛЮБАРТО́ВІЧАЎ-САНГУ́ШКАЎ У СЛАВУ́ЦЕ»
(«Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie»),
зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 13—16 ст. Выдадзены ў 1887—1910 у Львове ў 7 тамах. Дакументы ўзяты з архіва Сангушкаў у мяст. Славута (цяпер Хмяльніцкая вобл. Украіны), а таксама з кніг Метрыкі ВКЛ, архіваў Львова, Пецярбурга, Нясвіжа. У зборніку змешчаны дакументы вярх. улады Польшчы і ВКЛ (каралеўскія і велікакняжацкія лісты, інструкцыі, прывілеі, у т. л. на бел. маёнткі, мястэчкі, гарады, замкі, на падатковыя льготы, заснаванне таргоў і кірмашоў, магдэбургскія прывілеі), дакументы пра асобныя соймавыя справы, пасольствы, прыватнаправавыя акты пра сац.-эканам. і сямейна-бытавыя адносіны Сангушкаў, Хадкевічаў, Заслаўскіх, Радзівілаў і інш. Большасць дакументаў на бел. і ўкр. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗА ((Groza) Петру) (7.12.1884, с. Бэчыя, пав. Хунедаара, Румынія — 7.1.1958),
румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. Доктар права. Вучыўся ў Будапешцкім, Берлінскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1918—27 чл.Нар. партыі. У 1921—22 і 1926—27 чл. урада. У 1933—53 старшыня леваарыентаванай арг-цыі «Фронт земляробаў». У 1943—44 зняволены за дзейнасць, скіраваную супраць дыктатуры І.Антанеску. У 1944 удзельнічаў у стварэнні Нац.-дэмакр. фронту. З ліст. 1944 віцэ-прэм’ер, у 1945—52 прэм’ер-міністр Румыніі. У 1952—58 Старшыня Прэзідыума Вял.нац. сходу (кіраўнік дзяржавы). Урад Гроза правёў агр. рэформу, рэарганізаваў сістэму кіравання, устанавіў дыпламат.адносіны з СССР (6.8.1945), садзейнічаў ліквідацыі ў краіне манархіі, абвяшчэнню Румыніі нар. рэспублікай (30.12.1947) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБУЛІ́НЫ (ад лац. globulus шарык),
група глабулярных бялкоў жывёльнага і расліннага паходжання, найб. пашыраных у прыродзе. Раствараюцца ў разбаўленых растворах солей, к-т і шчолачы, слабарастваральныя ў вадзе (акрамя міязіну і некат. інш.). Уваходзяць у састаў раслінных і жывёльных тканак (складаюць амаль палову сываратачных бялкоў крыві, вызначаюць яе буферную ёмістасць). Большасць глабулінаў — простыя бялкі, некат. звязаны з вугляводамі, ліпідамі (асабліва глабуліны плазмы крыві), нуклеінавымі к-тамі (нейраглабулін), ёдам (тырэаглабулін). Вызначаюць імунныя якасці арганізма (антыцела, камплемент), згусанне крыві (пратрамбін, фібрынаген і інш.), удзельнічаюць у пераносе жалеза (трансферын, гаптаглабін), медзі (цэруплазмін), у рэгуляцыі гемапаэзу (эрытрапаэціны) і г.д.Адносіны альбумін/глабулін у плазме крыві маюць дыягнастычнае значэнне (у норме каля 2, пры запаленчых працэсах памяншаецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе жыллёвыя і інш. звязаныя з імі грамадскія адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 10-га склікання 22.12.1983 і ўведзены ў дзеянне 1.4.1984. У кодэксе вылучаны агульныя палажэнні, асобны раздзел прысвечаны кіраванню жыллёвым фондам, падрабязна рэгламентаваны парадак забеспячэння грамадзян памяшканнямі ў дамах жыллёва-буд. кааператываў, карыстання жылымі памяшканнямі ў дамах дзярж. і грамадскага жыллёвага фонду, службовымі жылымі памяшканнямі, інтэрнатамі, у дамах індывід. жыллёвага фонду. Асобныя раздзелы кодэкса рэгламентуюць пытанні забеспячэння захаванасці жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі і рамонту, адказнасці за парушэнне жыллёвага заканадаўства, вырашэння жыллёвых спрэчак. У сувязі з тым, што многія палажэнні кодэкса ўстарэлі і патрабуюць пэўных змен, распрацоўваецца новы жыллёвы кодэкс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРЫЁЛА ((Labriola) Антоніо) (2.7.1843, г. Касіна, Італія — 2.2.1904),
італьянскі філосаф, публіцыст, дзеяч сацыяліст. руху. Скончыў ун-т у Неапалі. З 1874 праф. Рымскага ун-та. Спачатку падзяляў погляды младагегельянцаў, у 1889—90 перайшоў на пазіцыі марксізму, стаў першым тэарэтыкам і прапагандыстам гэтага вучэння ў Італіі. Адзін з заснавальнікаў Італьян. рабочай партыі (1892, потым Італьян.сацыяліст. партыя). У рамках гіст. матэрыялізму даследаваў праблемы прычыннай абумоўленасці (дэтэрмінізму) грамадскіх з’яў і працэсаў, даваў матэрыяліст. інтэрпрэтацыю форм грамадскай свядомасці, аналізаваў адносіныгіст. матэрыялізму да т.зв.фактараў тэорыі. Выступаў супраць трактоўкі марксізму як замкнутай сістэмы, падкрэсліваў неабходнасць яго развіцця і канкрэтызацыі.
Тв.:
Рус.пер. — Очерки материалистического понимания истории. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ XIII [Leo; свецкае Печы (Pecci) Вінчэнца Джаакіна; 2.3.1810, Карпінета-Рамана, Італія — 20.7.1903],
папа рымскі [1878—1903]. З 1846 архіепіскап, з 1853 кардынал. У сваёй першай энцыкліцы выклаў праграму прымірэння царквы з сучаснай цывілізацыяй. Спрыяў завяршэнню Культуркампфа ў Германіі, нармалізаваў адносіны з Бельгіяй, Расіяй, Японіяй. Паўплываў на адраджэнне тамізму, заклікаючы вывучаць філас. сістэму Фамы Аквінскага. Спрыяў развіццю біблеістыкі, у т. л. стварэнню Папскай біблейскай камісіі (1902). Рашуча выступіў супраць масонства, лічыў, што яно супярэчыць каталіцызму. Ініцыіраваў стварэнне каталіцкага грамадска-паліт. руху хрысц. дэмакратаў. У энцыкліцы «Rerum novarum» («Пра новыя рэчы», 1891) крытыкаваў лібералізм і палемізаваў з сацыялізмам, дамагаўся захавання натуральных чалавечых правоў рабочых. У 1881 дазволіў частковае выкарыстанне архіваў Ватыкана ў навук. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),
1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:
Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету — Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.Панчанка. «Зялёнае гняздо»)
Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.
2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).