прыцерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., што.

Злёгку прыкрыць, прыпарушыць чым‑н. Месяц яшчэ не ўзышоў. І каб не лёгкі сняжок, які з вечара прыцерушыў зямлю, было б цёмна. Гаўрылкін. З недакуркаў, што валяліся ўзбоч шашы, я навылушчваў добрых дзве жмені тытуню — ..прысыпаць, прыцерушыць за сабой сляды, збіць у сабак нюх... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тупары́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З тупым, шырокім рылам, мордай. Тупарылы галавень. Тупарылы вяпрук. // Груб. З пляскатым, шырокім тварам (пра чалавека).

2. Які мае тупую, шырокую пярэднюю частку (пра прадметы). Тупарылыя баржы. Тупарылыя танкеткі. □ Тупарылыя чорныя грузавікі адзін за адным мільгаюць у кароткім абсягу шашы, які адкрываецца Шуравым вачам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАСТЭ́ЛА (Мікалай Францавіч) (6.5.1907, Масква — 26.6.1941),

Герой Сав. Саюза (1941). Беларус. Скончыў Луганскую ваен. школу лётчыкаў (1933). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пач. Вял. Айч. вайны капітан Гастэла камандаваў эскадрылляй, удзельнічаў у бамбардзіроўцы танк. і механіз. калон праціўніка. 26 чэрв. ў час бамбардзіроўкі варожай танк. калоны на дарозе Маладзечна—Радашковічы з членамі экіпажа А.​А.​Бурдзенюком, А.​А.​Калініным, Р.​М.​Скарабагатавым накіраваў ахоплены полымем самалёт на скопішча варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрнаў. На месцы подзвігу, на шашы Мінск—Вільнюс, помнік-мемарыял экіпажу, у г.п. Радашковічы, у г. Мураме, Сухумі, на радзіме бацькі Гастэлы (Карэліцкі р-н), на тэр. Варашылаўградскага вышэйшага авіяц. вучылішча штурманаў яму пастаўлены помнікі.

М.Ф.Гастэла.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВА́ТАР (Леў Міхайлавіч) (20.2.1902, в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1941),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў кав. вучылішча (1926), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце на чале асобнай кав. групы, якая ў жн.—вер. зрабіла глыбокі рэйд па тылах ворага ў Смаленскай вобл., вяла абарончыя баі на р. Мёжа на Валакаламскім напрамку. З ліст. 1941 камандаваў кав. корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вял. ўзнагароду. Загінуў у баі каля в. Палашкіна на подступах да г. Руза Маскоўскай вобл. Помнікі на шашы Лепель—Ула, у в. Хоціна, г.п. Ула, дзе ёсць і мемар. музей Даватара.

Л.М.Даватар.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЛА́ГЕРЫ (ППЛ) у СССР, дзе адбывалі пакаранне грамадзяне, асуджаныя судамі ці пазасудовымі органамі па абвінавачанні ў контррэвалюц. і агульнакрымін. злачынствах. Ствараліся паводле пастановы СНК СССР ад 7.4.1930, існавалі да канца 1950-х г. Знаходзіліся ў падпарадкаванні рэсп. АДПУ, з 1934 — НКУС СССР. З’яўляліся асн. адзінкай сістэмы ГУЛАГа, складалі каля 80% усіх яго лагераў. Зняволеныя ў ППЛ выкарыстоўваліся на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, Дняпроўскай ГЭС, Магнітагорска, інш. буйных будоўлях. У 1939 у СССР налічвалася 180 ППЛ. Наяўнасць ППЛ на Беларусі дакументальна не пацверджана, але іх кантынгент выкарыстоўваўся ў Аўтадарлагу на буд-ве шашы Мінск—Масква ў 1930-я г. У кастр. 1956—крас. 1957 ППЛ выведзены з падпарадкавання МУС і падначалены Мін-ву юстыцыі СССР.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ХАСЭ́ (San José),

горад, сталіца Коста-Рыкі. Знаходзіцца на міжгорным вулканічным плато на выш. каля 1100 м, паблізу дзеючых вулканаў Ірасу і Поас. Каля 1,3 млн. ж. з прыгарадамі (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Паліт., культ. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., металаапр., гарбарна-абутковая, тэкст., тытунёвая. 2 ун-ты. Акадэмія гісторыі і мовы. Нац. тэатр. Музеі: Нац., Туземны. Арх. помнікі калан. перыяду. Частыя землетрасенні.

Засн. ў 1738 іспанцамі. У 1755 сюды прымусова перасялілі жыхароў далін Асеры і Эрэдыя. У 1813 атрымаў гар. правы. У 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з ростам плантацый тытуню стаў цэнтрам тытунёвай вытв-сці. З 1823 сталіца Коста-Рыкі (разам з г. Картага, амаль поўнасцю разбураным вывяржэннем вулкана Ірасу).

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пераго́н ’участак чыгункі, шашы паміж дзвюма станцыямі’, ’малако, абястлушчанае на сепаратары’ (ТСБМ), параго́н ’тс’ (Сл. ПЗБ) — новыя словы, успрынятыя з рус. ці польск. моў, утвораныя паводле ўзору прасл. *per‑gonъ < *per‑ і gъnati > гнаць (гл.), параўн. пераго́н ’перавод пчол у іншы вулей’ (Нікан.), пераго́нка ’тс’ (Яруш.), укр. перегі́н ’доўгі шлях перапраўкі рэкрутаў з У краіны ў Расію’, рус. перего́н ’дарога, па якой гоняць скаціну’, польск. przegon, славац. priehon ’тс’, в.-луж. přehon ’прагон праз што-небудзь’, славен. pregòn ’праследаванне’, а таксама бел. перагон ’участак апрацаванай зямлі, пэўная адлегласць раллі’ (Касп.), перагонам ’перагонны дождж (з перапынкамі)’ (ЛА, 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турката́ць ‘утвараць характэрныя для галубоў гукі, буркаваць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нар. Гом.), туркота́ті ‘тарахцець’ (беласт., Сл. ПЗБ). Сюды ж туркаце́ць ‘утвараць характэрныя для жабаў-жарлянак гукі’ (Скарбы), ‘грукатаць (коламі па шашы)’ (Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр.); ‘ляскатаць’; туркоті͡еті ‘тс’, ту́ркот ‘грукат’ (Вруб.). Параўн. укр. туркота́ти ‘буркаваць’, ‘аднастайна тарахцець, грукаюць’, ‘мармытаць, нешта часта паўтараць’, польск. turkotać ‘тс’, славац. trkotať ‘хутка і шмат сакатаць, балбатаць’, славен. trketáti ‘гучна ступаць’. Дзеяслоў з інтэнсіўным фармантам ‑от‑ (‑ат‑), утвораны ад гукапераймальнай асновы туркаць, гл. Борысь (654) лічыць, што адпаведны назоўнік, параўн. польск. turkot ‘грукат колаў’, вытворны ад дзеяслова turkotać ‘туркатаць’, а не наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЧЭ́ЙКАЎСКІЯ БАІ́ 1943.

Адбыліся паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў у в. Бачэйкава Бешанковіцкага р-на ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў апорным пунктам акупантаў на шашы Віцебск—Лепель, рабаваў насельніцтва, удзельнічаў у карных аперацыях. У ноч на 25 ліп. байцы партыз. брыгады 2-й Ушацкай імя П.​Панамарэнкі (камандзір М.​В.​Уткін) разграмілі гарнізон, знішчылі склады з гаручым, боепрыпасамі і сельгаспрадуктамі, аўтарамонтную майстэрню, вузел сувязі і інш. 20 кастр. ў час. Лепельскай аперацыі 1943 партыз. брыгада «Аляксея» (А.​Ф.​Данукалаў) і 2-я імя К.​Заслонава (В.​П.​Комлеў) ударамі з Пд і ПдЗ захапілі частку в. Бачэйкава, авалодалі в. Дзямідавічы і разграмілі гарнізон у в. Слабодка. 25 кастр. партызаны адышлі ў напрамку в. Свяча і на дарозе разбілі ням.-фаш. падраздзяленні. Фашысты занялі в. Бачэйкава і спалілі яе.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎМЫВА́КІН (Сяргей Барысавіч) (н. 17.4.1930, с. Белаводскае Чуйскай вобл., Кіргізія),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Я.​Рэпіна (1961). З 1961 працаваў у Душанбе. З 1967 у Мінску: гал. архітэктар праектаў, нач. аддзела ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: гандл. цэнтры па вул. Маскоўскай у Брэсце (1977), па вул. Ракасоўскага ў Пінску (1990, у сааўт.), па Ракаўскай шашы (1934, у сааўт.) і ў жылым раёне Паўд. Захад 1 і 2 у Мінску (1982, 1984, у сааўт.), рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы», Палац шахмат па вул. К.​Маркса (1982, у сааўт.), рэканструкцыя будынкаў ГУМа (1984) і ЦУМа (1990, абодва ў сааўт.) у Мінску; клуб-сталовая, мед. блок і добраўпарадкаванне пляжа санаторыя «Беларусь» у Місхоры (Крым).

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)