МА́ЛАШ-АКСАМІ́ТАВА (Леаніла Апанасаўна) (н. 1.6.1927, в. Несцераўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1967). Скончыла БДУ (1952). З 1952 працавала ў Ін-це л-ры і Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі, БДУ, у 1968—90 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор, гісторыю бел. фалькларыстыкі, бел. вяселле на агульнаслав. фоне. Адзін з аўтараў манаграфій «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (1989, з ГА.​Каханоўскім і К.​А.​Цвіркам), «З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага» (1991, з А.​С.​Аксамітавым). Укладальнік кн. «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), а таксама зб. «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (Кіеў, 1974, з А.​Дэем). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у шматтомным навук. выданні «Беларуская народная творчасць».

Тв.:

Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму. Мн., 1973 (разам з В.​К.​Бандарчыкам);

Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага. Мн., 1993 (разам з А.​С.​Аксамітавым).

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАШЭ́ЎСКІ Каятан, бел. і польскі драматург канца 18 ст. Праф. рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.). Аўтар бел.-польск. «Камедыі» і польск. трагедыі «Свабода ў няволі» (паст. ў 1787 у мясц. школьным т-ры). У «Камедыі» паказана цяжкае жыццё прыгоннага селяніна Дзёмкі, выказваецца асветніцкая думка, што шчасце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. Твор напісаны ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму, аднак адчуваецца ўплыў барочных інтэрмедый, якія ўпершыню ў бел. л-ры сінтэзуюцца ў камедыю. Ідэі асветніцтва выявіліся ў трагедыі «Свабода ў няволі», дзе гал. герой — рымскі палкаводзец Велізарый — вышэй асабістых інтарэсаў ставіць інтарэсы радзімы. «Камедыя» ўпершыню апубл. У.​Ператцам у 1911. Творы М. захаваліся ў рукапісным зборніку, які зберагаецца ў б-цы Літ. АН. Сюжэт «Камедыі» выкарыстоўвалі бел. драматургі (п’еса Ф.​Аляхновіча «Птушка шчасця», 1920; паст. ў Мінску ў 1991).

Тв.:

Камедыя // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд. Мн., 1997. Т. 1.

Літ.:

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 72—110;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн.. 1980. С. 320—335.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Надру́га ’здзек, кпіны’ (Сцяшк.). Гл. нару́га ’тс’, паралельныя формы з над- і на- сведчаць аб «канкурэнцыі» адпаведных прыназоўнікаў у шэрагу славянскіх моў (параўн. ESSJ SG, 1, 127; Махэк₂, 387).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скачо́к ‘конік (насякомае)’ (Мат. Маг., Шымк. Собр.), ‘жук-дрывасек’ (Бяльк.). Да скакаць (гл.), самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах: рус. пск. скачо́к ‘конік’, балг. самак. скачо́к ‘тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кулі́чкі ’калені’ (Яўс.). Зыходзячы з агульнабалтыйскай назвы косці (ст.-прус. сайіап, літ. kaulas, лат. kaüls)% якая не мае паралелей у славянскіх мовах, можна меркаваць аб балтыйскім уплыве (суфіксацыя слова славянская ‑ičьka).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарэ́ніваць, скарані́ць ‘выкараніць; давесці да галечы’ (Нас.). Да корань (гл.). Аналагічна ў іншых славянскіх мовах: укр. скорени́ти, рус. искореня́ть, чэш. výkořeniti і г. д. Узыходзіць да прасл. *jьzkoreniti, гл. ЭССЯ, 9, 38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуркама́н ’нелюдзімы, але хітры чалавек’ (Яўс.). Ад ву́рка (гл.) з экспрэсіўным суфіксам ‑ман, вядомым у беларускай і інш. славянскіх мовах (Слаўскі, 4, 243); сюды ж рус. дан. воркома́н, відаць, збліжанае з вор ’злодзей’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),

бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.​Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.

Тв.:

Страницы из жизни Максима Горького. Мн., 1965;

Язык земли. Ярославль, 1966.

Літ.:

Пширков Ю.С. А.​Е.​Богданович. Мн., 1966.

А.Я.Багдановіч.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

група індаеўрапейскіх моў. Адны з найб. архаічных; добра захоўваюць стараж. індаеўрап. моўную аснову. Паводле структуры найб. блізкія да славянскіх моў. Падзяляюцца на ўсходнюю (сучасныя літоўская мова і латышская мова) і заходнюю (мёртвыя мовы — старажытнапруская мова, яцвягаў мова і куршская) групы. Некаторыя даследчыкі дапускаюць існаванне ў мінулым трэцяй — верхнедняпроўскай групы. Адзначалася тэндэнцыя (у пэўнай ступені захоўваецца і цяпер) фарміравання асобнай латгальскай мовы на аснове ўсх.-латышскага дыялекту.

У наш час арэал пашырэння балтыйскіх моў у асн. абмяжоўваецца тэр. Літвы і Латвіі. У мінулым вобласць, дзе жылі балцкія народы і плямёны, была ў некалькі разоў большая, пра што сведчаць шматлікія назвы рэк і азёраў (гідранімія), нас. пунктаў, урочышчаў (тапанімія і мікратапанімія) у тых рэгіёнах, дзе цяпер балты не жывуць; пісьмовыя звесткі і запазычанні з балтыйскіх моў у інш. мовах. Арэал балцкай гідраніміі ахоплівае частку Беларусі, ПнУ Польшчы, Укр. Палессе на У ад Гарыні, частку Расіі (бас. Дзясны, верхняй і сярэдняй Акі, вярхоўі Дняпра і Волгі, Падмаскоўе, паўд. Пскоўшчыну) і інш. Найбольш балтызмаў у бел. мове, менш у польск., рус. і ўкр. мовах, сустракаюцца ў чэшскай, балг., сербскахарвацкай, славенскай.

Ф.​Д.​Клімчук.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.

Літ.:

Ковалев Н.С. Македонский язык. Иваново, 1977.

Г.​А.​Цыхун.

т. 9, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)