БЕ́РКМАН (Юзаф) (4.8.1838, г. Валожын Мінскай вобл. — 19.7.1919),
бел. жывапісец. Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, маст. адукацыю атрымаў у Пецярбургскай АМ. За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі сасланы ў Сібір, дзе і жыў пасля адбыцця катаргі; у Іркуцку меў жывапісную майстэрню. З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 — у Лібаве (цяпер г. Ліепая, Латвія). Пісаў пераважна сцэны з паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута»). Гэтай жа тэматыцы прысвечаны серыі акварэляў (да Вял.Айч. вайны захоўваліся ў Львоўскай карціннай галерэі). Сярод работ жывапісныя карціны «Коннік з двума канямі», «Тройка» (абедзве 1877), «Чацвёрка» (1914) і інш. Большасць твораў захоўваецца ў Іркуцкім маст. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ (Міхаіл Веніямінавіч) (н. 10.7.1922, г. Тамбоў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскі ін-тдэкар.-прыкладнога мастацтва (1950). З 1950 у Львоўскім ін-це дэкар.-прыкладнога мастацтва, з 1962 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў галіне керамікі. У аснове творчасці — легенды, казкі, алегарычныя сюжэты. Работы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, вобразнай выразнасцю. Аўтар дэкар. кампазіцый «Лясная песня» (трыптых па творах Л.Украінкі, 1958); алегарычных скульптур «Бярэзіна» (1967), «Яблынька» (1979), «Лясун»; серыі «Поры года»; 5 дэкар. масак для фантана каля Дзярж.т-ра музкамедыі Беларусі (усе 1981); маст.-керамічнай абліцоўкі вытв. корпуса Бел. тэлебачання (1985), «Сцяпан Палубес», «Весці Чарнобыля», «Перакаці-поле» (усе 1990), «Казка» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Фадзей Уладзіслававіч) (1858, каля г. Пінск — ?),
бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.Міцкевіча і інш.).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІКО́ЎСКІ ((Dunikowski) Ксаверы Францішак) (24.11.1875, г. Кракаў, Польшча — 26.1.1964),
польскі скульптар, мастак. Скончыў Кракаўскую АМ (1903), з 1930 яе прафесар. Прафесар Дзярж. вышэйшай школы пластычных мастацтваў у Вроцлаве (з 1959). Творчасць Д. зазнала ўплыў сімвалізму (цыкл «Чалавек», 1898—1905), кубізму («Надмагілле Баляслава Смелага», 1917—20), Майстар партрэтаў (А.Міцкевіч, 1908, і інш.). У 1925—29 выканаў для Вавельскага замка ў Кракаве серыю «Вавельскія галовы». У 1940-я г. стварыў «Пантэон польскай культуры». Аўтар помніка Ю. Дзятлу ў Кракаве (1937—39), мемар. манументаў «Помнік паўстанцам» каля г. Аполе (1946—52), «Помнік вызвалення зямлі Варміньскай і Мазурскай» у Ольштыне (1949—53). Дзярж. прэміі Польшчы 1948, 1955.
К.Дунікоўскі. Адам Міцкевіч. З серыі «Вавельскія галовы». 1925—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІЯ́НІ ((Damiani) Даміяна) (н. 23.7.1922, Пасьяна ды Пардэноне, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Міланскай акадэміі прыгожых мастацтваў. З 1953 у кіно. У яго творчасці спалучаліся дзве тэндэнцыі — цікавасць да сац. і псіхал. праблем грамадства і цяга да вострасюжэтнага фільма з напружаным дзеяннем. Пазней яны аб’ядналіся ў серыі фільмаў пра сіцылійскую мафію і яе сувязь з палітыкамі: «Дзень савы» (1967, у сав. пракаце «Сава з’яўляецца днём»), «Прызнанне камісара паліцыі пракурору рэспублікі» (1971), «Следства скончана — забудзьцеся» (1972), «Чаму забіваюць суддзяў» (1975), «Я баюся» (1977), «Чалавек на каленях» (1979), «Папярэджанне» (1980; у сав. пракаце «Следства з рызыкай для жыцця») і інш. У сваіх фільмах Д. новымі маст. сродкамі прадаўжае традыцыі неарэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак, графік. Чл.Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.Ягоўдзіка (усе 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛАЎ (Віктар Георгіевіч) (н. 14.7.1927, г. Горлаўка, Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1966). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1959). У 1963—67 гал. мастак Мінскага фарфоравага з-да. З 1964 выкладчык Бел.АМ, з 1993 — Бел.маст. ліцэя. Працуе пераважна ў керамічнай пластыцы. Яго творы вызначаюцца выразнасцю вобразаў, гармоніяй пластычных формаў: сервіз «Юбілейны» (1967), анімалістычныя скульптуры «Залаты ражок» (1969) і «Конік» (1970), пластыка «Бярэзінскі запаведнік» (1980), серыі талерак «Спорт» і «Беларуская песня» (1980—81), кампазіцыі «Каляды» (1982), «Налібокі» (1993), вазы «Зубр» (1990), «Папараць-кветка» (1995) і інш.
Тв.:
Мастацтва, створанае народам. Мн., 1978 (разам з І.М.Паньшынай);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ СПРА́ВА,
назва серыісуд. працэсаў па абвінавачанні шэрагу буйных парт., сав. і гасп. работнікаў у здрадзе Радзіме і намеры ператварыць Ленінградскую парт. арг-цыю ў апору барацьбы супраць ЦКВКП(б), сфальсіфікаваных органамі бяспекі СССР у канцы 1940 — пач. 1950-х г.Суд. працэс над гал. абвінавачанымі (вер. 1950) праведзены з парушэннем працэсуальных норм: 6 чал., у т. л. былыя чл. Палітбюро ЦКВКП(б) М.А.Вазнясенскі, сакратар ЦКВКП(б) А.А.Кузняцоў, старшыня СМ РСФСР М.І.Радзіёнаў, 1-ы сакратар Ленінградскага абкома партыі П.С.Папкоў, расстраляны, астатнія асуджаны на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення. У Ленінградзе па гэтай справе рэпрэсіравана каля 2000 чал. Пазней усе асуджаныя па Л.с. рэабілітаваны, большасць пасмяротна.