запіс напаўнення кроўю сасудаў і капіляраў, зроблены пры дапамозе рэографа.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АТЭРАСКЛЕРО́З (ад грэч. athēra кашка + склероз),
хранічная хвароба крывяносных сасудаў, пры якой на ўнутраных сценках артэрый утвараюцца атэрасклератычныя бляшкі — ачаговыя назапашванні ліпідаў (тлушчападобных рэчываў), складаных вугляводаў, фібрознай тканкі, кампанентаў крыві і кальцыю. У выніку артэрыі трацяць эластычнасць і дэфармуюцца, іх прасвет звужаецца, ламінарны цёк крыві ператвараецца ў турбулентны; пашкоджанне крывяных пласцінак, актывацыя згусальнай і прыгнечанне антызгусальнай сістэм крыві садзейнічаюць узнікненню ў сасудах трамбатычных мас; парушаюцца кровазабеспячэнне, функцыі розных органаў і тканак. Напрыклад, моцны атэрасклероз сасудаў сэрца праяўляецца каранарнай недастатковасцю або інфарктам міякарда, мозга — парушэннямі разумовай дзейнасці, інсультам і паралічам, нырак — стойкай гіпертаніяй, ног — эндартэрыітам аблітэральным і інш. Найчасцей хварэюць на атэрасклероз у сталым і старэчым узросце (мужчыны часцей за жанчын), развіццё атэрасклератычных змен магчыма і з дзяцінства, асабліва пры спадчыннай да яго схільнасці.
Да фактараў рызыкі, што ўплываюць на ўзнікненне атэрасклерозу, адносяць незбалансаванае харчаванне, захворванне на цукр. дыябет, жоўцекамянёвую хваробу, хранічную нырачную недастатковасць, атлусценне арганізма, малую фіз. актыўнасць (гіпакінезія), гіпертэнзію, ужыванне алкаголю, курэнне, змяненні гарманальнага фону ў выніку пастаяннага псіхаэмацыянальнага перанапружання, уплыў некаторых спецыфічных умоў працы і інш. Паводле халестэрынавай гіпотэзы патагенезу атэрасклерозу, якая існуе каля 80 гадоў, цэнтр. месца ў развіцці хваробы адводзіцца парушэнням абмену халестэрыну. У прафілактыцы атэрасклерозу гал. роля належыць здароваму спосабу жыцця, абмежаванню ў ежы прадуктаў з вял. колькасцю халестэрыну і спажыванню большай колькасці прадуктаў, у якіх шмат алею і клятчаткі, выключэнню фактараў рызыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАХІРУРГІ́Я (ад нейра... + хірургія),
раздзел хірургіі, які вывучае метады дыягностыкі, хірург. лячэння захворванняў і траўматычных пашкоджанняў цэнтр. і перыферычнай нерв.сістэм. Цесна звязана з неўрапаталогіяй.
Асн. нейрахірург. захворванні: пухліны галаўнога, спіннога мозга і нерваў, артэрыяльныя анеўрызмы сасудаў галаўнога і спіннога мозга, унутрычарапныя гематомы і кісты, абсцэсы і некат. паразітарныя хваробы галаўнога мозга, чэрапна-мазгавая і спінальная траўма, некат. віды неўралгій, эпілепсій і інш. У Н. выкарыстоўваюць камп’ютэрную, ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію і інш., мікрахірург. тэхніку і спец. інструменты. Першая ў Расіі клініка Н. арганізавана ў С.-Пецярбургу Л.М.Пусепам у 1912.
На Беларусі аддзяленне Н. адкрыў М.І.Грашчанкаў у 1949 у Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускім НДІ. Заснавальнік бел. школы нейрахірургаў Э.І.Злотнік, які ўпершыню ў СССР выканаў аперацыі выключэння артэрыяльнай анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, татальнага выдалення неўрыномы слыхавога нерва і інш.; па яго ініцыятыве адкрыты аддзяленні Н. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. Вядомыя бел. нейрахірургі Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Паўлавец, С.Ф.Секач, І.А.Склют, А.Ф.Смеяновіч і інш. Навукова-практычная база па Н. — аддзел Н. Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (Смеяновіч) і кафедра нерв. і нейрахірург. хвароб Мінскага мед. ін-та (Аляшкевіч).
Літ.:
Злотник Э.И. Аневризмы сосудов головного мозга. Мн., 1967;
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978;
Олешкевич Ф.В., Олешкевич А.Ф. Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАМІМЕ́ТЫКІ,
лекавыя сродкі, якія выклікаюць фізіял. эфекты, падобныя на ўздзеянне медыятараў — норадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. У залежнасці ад тыпу адрэнарэцэптара, з якім узаемадзейнічаюць адрэнаміметыкі, іх падзяляюць на α-, β- і αβ-адрэнаміметыкі.
α-адрэнаміметыкі (мезатон, нафтызін) звужаюць крывяносныя сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск. Выкарыстоўваюць пры рэзкім паніжэнні артэрыяльнага ціску (гіпатаніі) і мясцова — для звужэння сасудаў (пры насмарку, кан’юнктывітах і інш.). β-адрэнаміметыкі (ізадрын, салбутамол) стымулююць работу сэрца, ліквідуюць бронхаспазму, актывізуюць абмен рэчываў. Ужываюць пры лячэнні бранхіяльнай астмы і некаторых парушэннях сардэчнага рытму. α, β-адрэнаміметыкі (адрэналін, эфедрын) стымулююць работу сэрца, звужаюць сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск, актывізуюць абмен рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАСПАРЫ́ДЫІ (Haemosporidia),
кроваспаравікі, падатрад прасцейшых кл. спаравікоў. 10 родаў, больш як 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Паразітуюць у эрытрацытах або эндатэліяльных клетках сасудаў пазваночных жывёл і чалавека. Некат. выклікаюць цяжкія захворванні. Да гемаспарыдый адносяцца плазмодыі, шэраг відаў якіх — узбуджальнікі малярыі.
Цела авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл са зменай гаспадароў. Прамежкавы гаспадар — пазваночная жывёла або чалавек — заражаецца пры ўкусе кровасысучым насякомым (канчатковы гаспадар). Ва ўнутр. органах прамежкавага гаспадара паразіты размнажаюцца бясполым шляхам (шызаганія), потым укараняюцца ў эрытрацыты. Палавы працэс адбываецца ў арганізме насякомых, пераносчыкаў гемаспарыдый. Для чалавека найб. небяспечныя ўзбуджальнікі малярыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́ВА, шакаладнае дрэва (Theobroma cacao),
кветкавая расліна сям. стэркуліевых. Пашырана ў трапічных лясах Амерыкі. Насенне какавы завезена ў Еўропу ў 1520. Культывуецца ў вільготных тропіках як харч. расліна, ва ўмераным клімаце расце ў аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш. 5—8 м. Лісце вял., бліскучае. Кветкі дробныя, жоўтыя або чырв. ў пучках. Плод — ягада чырв., жоўтага або аранжавага колеру, мае 25—60 міндалепадобных зярнят. Цвіце і пладаносіць увесь год. У зярнятах ёсць алкалоід тэабрамін (здымае спазмы сасудаў, паніжае крывяны ціск); тлушч (да 50%) ідзе на выраб какавы-алею. З зерня гатуюць шакалад і танізуючы напітак какаву.