мезарэлье́ф

(ад меза- + рэльеф)

формы рэльефу зямной паверхні з амплітудай вышынь да некалькіх дзесяткаў метраў, прамежкавыя паміж макрарэльефам і мікрарэльефам (рачныя даліны, катлавіны і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гляцыяка́рст

(ад лац. glacies = лёд + карст)

з’явы, якія суправаджаюць раставанне нерухомага лёду і ўзнікненне пры гэтым розных форм рэльефу і парушэнняў у заляганні горных парод.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нанарэлье́ф

(ад гр. nanos = карлік + рэльеф)

самыя дробныя формы рэльефу зямной паверхні, утвораныя ў выніку карставых з’яў, дзейнасці ветру, а таксама жыццядзейнасці жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАКАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа. Цягнецца з паўн. боку паралельна Галоўнаму (Водападзельнаму) хрыбту. Складаецца з асобных масіваў, падзеленых вярхоўямі рэк паўн. схілу Вял. Каўказа. Выш. да 5642 м (г. Эльбрус). Да Бабакога хрыбта адносяцца самыя высокія вяршыні Вял. Каўказа: Дыхтау (5203 м), Казбек (5033 м), Тэбуласмта (4493 м) і інш. Складзены з асадкавых парод, крышт. і гліністых сланцаў, гранітаў. У грабянёвай частцы альпійскія формы рэльефу. Хвойныя лясы, высакагорныя лугі. У цэнтр. частцы ледавікі.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПСАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, на якіх адлюстраваны рэльеф у выглядзе гарызанталей з расфарбоўкай па вышынных ступенях. Рэльеф паказваецца спосабам умоўных сячэнняў лініямі роўных вышынь (гарызанталямі або ізагіпсамі). Яны праводзяцца праз розныя вышынныя інтэрвалы ў залежнасці ад характару рэльефу, маштабу і прызначэння карты. Найб. пашырана шкала афарбоўкі, дзе выкарыстоўваецца карычневы колер, які згушчаецца з нарастаннем вышыні. Упершыню рэльеф тэр. Беларусі паказаны на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі, складзенай рус. Картографам А.​А.​Ціло ў 1889 у маштабе 1: 2 520 000.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВА-КЛІМАТЫ́ЧНАЯ АКРУ́ГА,

састаўная частка глебавай правінцыі з аднолькавым генетычным тыпам рэльефу, складам глебаўтваральных парод і глеб, адным пераважным тыпам глебаўтварэння. Адрозніваецца асаблівасцямі мясц. клімату і складам расліннага покрыва. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучана 7 глебава-кліматычных акруг: Паўночна-заходняя (займае 15,4% тэр.), Паўночна-ўсходняя (14,3%), Заходняя (18,5%), Цэнтральная (10,3%), Усходняя (13,9%), Паўднёва-заходняя (14,5%), Паўднёва-ўсходняя (13,1%). Глебава-кліматычная акруга падзяляецца на аграглебавыя раёны. Гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.

т. 5, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НУС ВЫ́НАСУ,

акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) ў месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГЧЫ́НА,

лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАТУ́НДРА,

занальны тып ландшафту, які характарызуецца чаргаваннем на водападзелах тундры і лесу. Пашырана ў субарктычным поясе Паўн. паўшар’я. Лясныя ўчасткі прадстаўлены пераважна рэдкалессямі з дрэвамі выш. 2—8 м, якія ўтвораны найчасцей лістоўніцамі, елкамі і некат. відамі бярозы, з карлікавай бярозкай і часам ядлоўцам у падлеску, з зялёнымі імхамі і ягелямі ў наглебавым покрыве. Рэдкалессі чаргуюцца з бязлеснымі ўчасткамі: на павышэннях рэльефу — хмызняковымі, плямістымі, мохава-лішайнікавымі тундрамі, у паніжэннях — узгорыстымі, гіпнавымі і інш. балотамі. Гл. таксама Лесатундравая зона.

Лесатундра.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Падольскае плато. На Украіне, па левабярэжжы р. Днестр. Выш. да 471 м (г. Камула). Развіты карст. Для рэльефу характэрна злучэнне вял. плоскіх міжрэччаў і глыбокіх каньёнападобных далін. Паўн. край узвышша ўзгорысты; складзена з вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў, сланцаў. Прыднястроўская яго частка — прыступкападобная раўніна, утвораная вял. тэрасамі Днястра. На З узгоркі і грады Толтры (Медаборы). Месцамі захаваліся дубовыя і букавыя лясы, на Пд — разнатраўныя стэпы. Значная тэр. разарана. П.ў. разам з Валынскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім узвышшам.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)