ПЯЦІГО́Р’Е.
У Перадкаўказзі, паўн. ч. раёна Каўказскіх Мінеральных Вод (у наваколлі г. Пяцігорск). Пакатая раўніна (выш. да 600 м), сярод якой узнімаюцца 18 ізаляваных гор-лакалітаў, якія маюць купалападобную (Машук, Лысая, Залаты Курган), канічную (Юца) ці вычварную (Развалка, Вярблюд і інш.) формы. Пяцікупальная (адсюль назва) г. Бештау самая высокая (1400 м). Трапляюцца карставыя формы рэльефу (правалы, пячоры). На схілах — шыракалістыя лясы, месцамі яны ўкрываюць і раўніну. Шмат мінер. крыніц.
т. 13, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)