СКО́БЛІКАВА (Лідзія Паўлаўна) (н. 8.3.1939, г. Златауст Чэлябінскай вобл., Расія),
расійская спартсменка (канькабежны спорт). Засл. майстар спорту (1960). Скончыла Чэлябінскі пед. ін-т (1965). Чэмпіёнка VIII і IX зімовых Алімп. гульняў (1960, г. Скво-Вэлі, ЗША — на дыстанцыях 1500 і 3000 м; 1964, г. Інсбрук, Аўстрыя — на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м). Абс. чэмпіёнка свету (1963, Японія; 1964, Швецыя), 25-разовая чэмпіёнка свету (1960—69), 15-разовая — СССР (1960, 1962, 1968, 1969), шматразовая рэкардсменка свету (1960, 1963, 1967, 1968) на асобных дыстанцыях.
т. 14, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТМАН (Наталля Рыгораўна) (н. 14.9.1942, Казань, Татарстан),
расійская віяланчэлістка. Нар. арт. Расіі (1989), нар. арт. СССР (1991). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1964), у 1967—77 выкладала ў ёй. З 1964 салістка Масканцэрта, з 1976 — Маскоўскай філармоніі. Адна з буйнейшых рас. выканальніц віяланчэльнай класікі і сучаснай музыкі. Выступае і як ансамблістка (у т. л. з С.Рыхтэрам, да 1990 з мужам А.Каганам). З 1992 праф. Вышэйшай школы музыкі ў г. Штутгарт (Германія). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1961), міжнар. конкурсаў віяланчэлістаў імя А.Дворжака (Прага, 1961), імя П.І.Чайкоўскага (Масква, 1962), камерных ансамбляў (Мюнхен, 1967; разам з А.Наседкіным).
т. 5, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ (Ксенія Георгіеўна) (6.2.1889, Кіеў — 9.6.1951),
расійская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Спевам вучылася ў Пецярбургу і Берліне ў М.Малінгер. У 1915—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Адна з буйнейшых рас. спявачак, валодала моцным, сакавітым, выразным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, артыстычнай культурай. Сярод лепшых партый: Ліза, Кума Настасся («Пікавая дама», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Фяўроння («Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Першая выканала на сцэне т-ра партыю Турандот («Турандот» Дж.Пучыні). Вядома як выканальніца вак. лірыкі Чайкоўскага, С.Рахманінава. З 1947 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 6, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ПЕР-ЧЭ́ХАВА (Вольга Леанардаўна) (21.9.1868, г. Глазаў, Удмурція — 22.3.1959),
расійская актрыса. Жонка А.П.Чэхава. Нар. арт. СССР (1937). Скончыла муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1898 у трупе Маскоўскага маст. т-ра. Валодала высокай артыстычнай культурай, сцэн. абаяннем. Першая выканаўца роляў у п’есах Чэхава; Аркадзіна, Алена Андрэеўна, Маша, Ранеўская, Сара («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Іванаў»). Душэўнасцю прасякнуты ролі Алены («Мяшчане» М.Горкага), Ганны Маар («Адзінокія» Г.Гаўптмана). Сярод інш. роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Беліна («Уяўны хворы» Мальера), Наталля Пятроўна («Месяц на вёсцы» І.Тургенева). Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 8, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛІ́ЦІНАВА (Варвара Восіпаўна) (29.7.1878, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 20.10.1945),
расійская актрыса. Сястра М.В.Масаліцінава. Нар. арт. Расіі (1933). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1901). Працавала ў Малым т-ры. У творчасці спалучала глыбокі псіхалагізм, быт. дакладнасць, заснаваную на жыццёвых назіраннях, з яркай выразнасцю знешняга малюнка вобраза. Сярод роляў: Няніла Сідараўна, Манефа, Кукушкіна («З чужога шалу галава кружыцца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Дзямідзьеўна («Нашэсце» Л.Лявонава). Знялася ў фільмах «Паны Скацініны» (1927), «Навальніца» (1934), «Дзяцінства Горкага» (1938) і «У людзях» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941).
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ЦЭНТРАЛІЗАВА́НАЯ ДЗЯРЖА́ВА Расійская дзяржава, Рускае царства,
шматнацыянальная манархічная дзяржава, якая ўзнікла ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў выніку далучэння да Маскоўскага вялікага княства зямель і княстваў Паўн.-Усх. Русі. Маскоўскі вял. кн. Іван III [1462—1505] першы пачаў называць сябе вял. князем і «гасударам усяе Русі». Вярх. ўлада ў дзяржаве належала вял. князю, з 1547 — цару. Дарадчы орган — Баярская дума, з 1549 склікаліся земскія саборы. Тэр. Р.ц.дз. ў 1550-я г. складала каля 3 млн. км², насельніцтва — 7—9 млн. чал. (рускія, татары, удмурты, мары, мардва, чувашы, карэлы і інш.). Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Расія.
т. 13, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯРДЛО́ВА (Роза Міронаўна) (н. 25.10.1908, г. Віцебск),
бел. і расійская кінаактрыса. Засл. арт. Беларусі (1935). Скончыла кінааддзяленне Ленінградскага тэатр. тэхнікума (1930, майстэрня Я.Чарвякова). З 1927 здымалася ў кіно. Выканаўца лірыка-драм. роляў. Створаным вобразам уласціва спалучэнне жыццёвай верагоднасці з героіка-рамант. афарбоўкай характару гераінь. Знялася ў бел. фільмах: «Да заўтра» (1929), «Баям насустрач» (1932), «Залатыя агні» (1934), «Новая радзіма», «Шлях карабля» (абодва 1935), «Дачка Радзімы» (1937). Найб. значныя ролі ў маст. стужках на «Ленфільме»: «Дзяўчына з далёкай ракі» (1928), «Цана чалавека» (1929), «Каўказскі палоннік» (1930), «Кроў зямлі» (1931), «Адчайны батальён» (1933), «Нявеста» (1957).
В.А.Мядзведзева.
т. 14, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТЛІ́НСКАЯ (Вера Казіміраўна) (11.5.1906, г. Севастопаль, Украіна — 23.4.1976),
расійская пісьменніца. Друкавалася з 1928. Раманы «Рост» (1934), «Мужнасць» (1938), «Дні нашага жыцця» (1952), «Інакш жыць не варта» (1960), аповесці «Натка Мічурына» (1928), «Плато вышэй за хмары» (1964), зб. апавяд. «Дзень, пражыты двойчы» (1964) пра маладых горадабудаўнікоў, вучоных-наватараў, студэнтаў з іх светам думак, пачуццяў, праблем. Раман «У аблозе» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) прысвечаны гераічнай абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну. Аўтар камедыі «Так, вось яно, каханне» (1954), аўтабіягр. аповесці «Вечар. Вокны. Людзі» (1972), рамана «Дзень добры, маладосць!» (1975), артыкулаў па л-ры і мастацтве.
Літ.:
Рапопорт Э.Е. Вера Кетлинская. Л., 1958.
т. 8, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНІ́ГА ВЯЛІ́КАМУ ЧАРЦЯЖУ́»,
тэкставае апісанне (па гал. рэках) найбуйнейшай карты Расіі 17 ст. (не захавалася). Складзена ў 1627 у Разрадным прыказе. Была практычным дапаможнікам для служылых людзей, якіх пасылалі ў розныя мясцовасці краіны, з канца 17 і ў 18 ст. выкарыстоўвалася як школьны падручнік па геаграфіі Расіі. Распаўсюджвалася ў рукапісных спісах; існуе 8 асн. рэдакцый кнігі (у ёй прыведзены каля 2 тыс. тапонімаў і больш за 1,5 тыс. велічынь адлегласцей). Уведзена ў навук. абарачэнне В.М.Тацішчавым; упершыню надрук. ў 1775 М.І.Навіковым пад назвай «Старажытная расійская ідраграфія, якая змяшчае апісанне Маскоўскай дзяржавы рэк, праток, азёр, крыніц, і якія на іх урочышчы і на якой яны адлегласці».
т. 8, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАВА (Зоя Іванаўна) (н. 31.12. 1913, С.-Пецярбург),
расійская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю т-ра Ленінградскага савета прафсаюзаў (1936). Працавала ў т-рах Ленінграда, Выбарга, Мурманска. У 1956—68 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Раскрываючы ўнутр. свет сваіх гераінь, спалучала яркую сцэн. форму з выразнымі дэталямі. Сярод роляў у Магілёўскім т-ры: Мар’я («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Вольга Мікалаеўна («Гэта было ў Магілёве» Я.Тарасава), Ягадка («Амністыя» М.Матукоўскага), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Тэрэза («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані), Кацярына Бяссмертная («Чаму ўсміхаліся зоркі» А.Карнейчука), мадэмуазель Куку («Безымянная зорка» М.Себасцьяна).
Г.Р.Герштэйн.
т. 10, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)