АЛЬВЕАКАКО́З (Alveococcosis),
гельмінтозная хвароба жывёлы і чалавека, якая выклікаецца цэстодай Alveococcosis multilocularis. Пашыраны ў Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і ў інш. рэгіёнах, у т. л. на Беларусі. Трапляецца ў 2 формах — імагінальнай (узбуджальнік — дарослыя паразіты, якія лакалізуюцца ў тонкім кішэчніку лісоў, пясцоў, радзей ваўкоў, сабак і катоў) і ларвальнай (выклікаецца лічынкамі, што паразітуюць у печані, радзей у інш органах грызуноў і чалавека). Распаўсюджваецца пераважна грызунамі, дзякуючы якім утвараюцца прыродныя ачагі хваробы. Чалавек заражаецца пры заглынанні яец альвеакока з забруджаных рук. Паразіты выклікаюць атрафію пашкоджаных органаў. Лячэнне для жывёл не распрацавана, у чалавека — хірургічнае.
т. 1, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМО́ЛІЗ (ад гема... + ...ліз),
працэс разбурэння чырвоных крывяных цельцаў (эрытрацытаў). У арганізме чалавека і жывёл адбываецца пастаянна як фізіял. працэс гібелі эрытрацытаў, што канчаюць свой жыццёвы цыкл; можа быць паталагічным (гемалітычная хвароба, гемалітычныя анеміі і інш). Эрытрацыты, якія старэюць, і тыя, што маюць дэфекты, разбураюцца ў селязёнцы, няспелыя — у касцявым мозгу, эрытрацыты са значнымі дэфектамі — у печані. Гэта ўнутрыклетачны гемоліз, дзе асн. вытворным з’яўляецца білірубін. Каля 10% эрытрацытаў у норме разбураюцца ўнутры сасудзістага рэчышча, дзе б. ч. гемаглабіну разбураных эрытрацытаў злучаецца са спецыфічным бялком — гаптаглабінам, а лішак трапляе ў ныркі і выдзяляецца з мачой (гемаглабінурыя).
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАГЕНО́ЛІЗ (ад глікаген + ...ліз),
працэс анаэробнага ферментатыўнага распаду глікагену ў тканках. Ажыццяўляецца гідралітычна (пры ўздзеянні амілаз) і фасфаралітычна (галоўны шлях) — пад уздзеяннем глікагенфасфарылазы ў прысутнасці неарган. фасфату ад глікагену аддзяляецца глюкоза-1-фасфат, які ператвараецца фосфаглюкамутазамі ў глюкоза-6-фасфат. У клетках печані пазваночных гэтае злучэнне гідралізуецца глюкоза-6-фасфатазай з утварэннем свабоднай глюкозы, якая паступае ў кроў. У клетках шкілетных мышцаў усе наступныя пераўтварэнні глюкоза-6-фасфату аналагічныя гліколізу. Энергетычны выхад ад фосфаралітычнага распаду глікагену да малочнай к-ты выражаецца ў сінтэзе 2 малекул АТФ у разліку на адно звяно глюкозы малекулы глікагену.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯСКЛЕРО́З (ад кардыя... + ...склероз),
міякардыясклероз, разрастанне злучальнай тканкі ў мышцы сэрца. Найчасцей бывае як вынік хранічнага ці вострага захворвання сэрца (інфаркт міякарда, міякардыт, кардыяміяпатыя, на фоне ішэмічнай хваробы сэрца). Першасны К. бывае рэдка. Постінфарктны К. — вынік некрозу ўчастка міякарда, велічыня яго адпавядае памерам інфаркту міякарда, рубцовыя палі не могуць скарачацца. К. без ачаговых некратычных змен развіваецца на фоне ішэмічнай хваробы сэрца. Міякардытычны К. — вынік міякардыту віруснага, бактэрыяльнага ці алергічнага генезу. Пры К. павялічваюцца памеры сэрца, развіваюцца сімптомы недастатковасці сардэчнага кровазвароту (задышка, тахікардыя, ацёкі, павелічэнне памераў печані, застоі крыві ў сасудах, лёгкіх і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.
М.Ф.Сарока.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРТЫКАСТЭРО́ІДЫ,
гармоны пазваночных, якія выпрацоўваюцца карой наднырачнікаў. Уплываюць на водна-салявы (мінералакартыкоіды), вугляводны і бялковы (глюкакартыкоіды) абмен рэчываў. Па будове стэроіды — вытворныя тэтрацыклічнага вуглевадароду прагнану. Асн. К.: глюкакартыкоіды — гідракартызон (картызол), кортыкастэрон, картызон і мінералакартыкоід — альдастэрон. У крыві К. звязаны з бялкамі плазмы (альбумін і транскарцін). Метабалізуюцца пераважна ў печані, прадукты абмену выводзяцца праз ныркі. Біясінтэз і сакрэцыя К. рэгулююцца адрэнакартыкатропным гармонам (АКТГ). Сакрэцыя АКТГ і К. знаходзіцца пад уплывам навакольнага асяроддзя (напр., стрэс); т.ч. забяспечваецца адаптацыя арганізма да ўмоў існавання. Парушэнні абмену К. прыводзяць да хвароб (напр., Адысонава хвароба, Іцэнка-Кушынга хвароба). Прэпараты К. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
т. 8, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЦЫЦІ́НЫ (ад грэч. lekithos яечны жаўток),
халінфасфатыды, складаныя эфіры амінаспірту халіну і дыгліцэрыдфосфарных кіслот; найважн. прадстаўнікі фосфаліпідаў. Малекулы складаюцца з рэшткаў гліцэрыну, тлушчавых к-т, фосфарнай к-ты і халіну.
Гіграскапічныя воскападобныя рэчывы, добра раствараюцца ў спіртах. У арганізме чалавека многа Л. у печані, сардэчнай мышцы, нерв. тканцы. Шмат Л. у яечным жаўтку, ікры рыбы, насенні coi і сланечніку. Асн. функцыя ў арганізме — удзел у будаўніцтве біял. мембран. Шэраг Л. атрыманы сінтэтычна. У медыцыне пры хваробах нерв. сістэмы, анеміях ужываюць цэрабралецыцін, які атрымліваюць экстракцыяй з мозга буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкстыльнай і касметычнай прам-сці.
т. 9, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пе́чань, печэня, часта ў мн. л.: печане́, пе́чані, пе́чэні ’печань’ (ТСБМ, КЭС, Касп., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ), пе́чэнне ’пячонкі’ (Растарг.). Укр. пече́ня ’смажаніна’, ст.-польск. pieczenia, а з XVIII — pieczeń ’тс’, славац. pečeň, ’пячонка’, pečeňa ’смажаніна’. Прасл. *pečenь ’печанае, смажанае мяса’ (Слаўскі, SP, К 128), з якога пазней развілося ’смажаная печань’ > ’печань’ (Махэк₂, 441; Брукнер, 406; Фасмер, 3, 255–256). Да пячы́ (гл.). Сюды ж: пячэ́ня, пэче́ня ’смажаніна’ (мін., Дзмітр.: Шпіл.; Бес.; Нас.), пічанёўка ’кілбаса, начыненая фаршам з унутранасцей’ (полац., Нар. сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ліпакаі́н
(ад гр. lipos = тлушч + kaio = спальваю)
прэпарат, які атрымліваюць з падстраўнікавай залозы буйной рагатай жывёлы; выкарыстоўваецца пры захворваннях печані, цукровым дыябеце.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сальцісо́н
(польск. salceson, ад іт. salsiccione)
каўбасны выраб з спрасаваных вараных субпрадуктаў (здробненых кавалачкаў мяса з свіной галавы, печані, языка і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
тромбатрапі́н
(ад тромб1 + гр. trope = паварот, змена)
бялок, які выпрацоўваецца ў печані, цыркулюе ў плазме крыві, патрэбны для ўтварэння актыўнага тромбапласціну.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)