сваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Гарэзаваць, дурэць. [Брат Зосі] куляўся па пасцелі, сваволіў. Чорны. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Колас. // перан. Бушаваць (пра стыхію). Хто спявае ў чыстым полі, Між аўсяных ніў, далін? Гэта вецер там сваволіць, Ліст страсаючы з калін. Пушча. Сваволіць стане Сож радзей, Заўважыўшы ў здзіўленні Агні сігнальныя раней, Чым першыя лілеі... Грачанікаў.

2. Рабіць у адпаведнасці са сваёй воляй, не зважаючы ні на што. У воласці Магілёўскай сваволіла шляхта, у горадзе ад яе не адставалі паны бурмістры. Шынклер. // Выступаць супраць каго‑, чаго‑н. Не з тых ён [Сомік] быў, каб сваволіць, каб выступаць супраць пэўнага парадку. Лынькоў. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.

3. Весці сябе несур’ёзна, легкадумна; бушаваць, буяніць. [Пятрусь да Таісы:] — Ты навучылася жыць лёгка. Ты ўмееш кружыцца, сваволіць, не ведаць ніякіх турбот — як птушка. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кірма́ш, ‑у, м.

1. Продаж тавараў, які праводзіцца ў пэўную пару года ў вызначаным месцы і часта звязаны з выстаўкай. Вясенні Лейпцыгскі кірмаш. □ На кірмашы будуць дэманстравацца цэнтрабежны землясос, кукурузаўборачны камбайн, трактар «МТЗ‑5 МС». «Звязда». // Вялікі святочны базар, звычайна з народным гуляннем. З ранку праз пераезд грукалі фурманкі з далёкіх сёл, кіруючыся, ў мястэчка, на нядзельны кірмаш; ішлі пешыя, несучы, хто што мае, на продаж. Навуменка. На шырокім на Мядзельскім рынку Падрывалася хрыпла катрынка — Пачынаўся вясенні кірмаш. Танк.

2. перан. Разм. Пра шумнае, ажыўленае зборышча людзей. Хлопцы не заўважылі, як з настаўніцкага пакоя ўвайшла ў клас і апынулася ў самым кірмашы іх выхавацелька. Брыль.

3. Уст. Прастольнае свята пры царкве, касцёле, манастыры. Кожны год на Міколу манастыр наладжваў кірмаш. З усяго наваколля туды з’язджаліся паны, купцы, мяшчане .. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.

•••

Не на кірмаш, а з кірмашу хто — пра таго, чые справы ідуць у горшы бок.

[Ням. Kirmes з Kirchmesse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абабра́ць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; заг. абяры; зак., каго-што.

1. Зняць плады з дрэва, куста і пад. Абабраць яблыкі. Абабраць маліны. // Вызваліць ад пладоў. Абабраць яблыню. Абабраць сад. // Пазнімаць рукамі што‑н. з чаго‑н. Моніч, адабраў з плашча салому, што начаплялася ў брычцы. Бажко. // Сабраць што‑н., беручы жменямі, зграбаючы ў што‑н. Абабраць муку з пода. Абабраць рой у раёўню.

2. Абакрасці, абрабаваць каго‑н. ці абабраць што‑н. ашуканствам, пазабіраць што‑н. у каго‑н. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Чарот.

3. Разм. Пасля пошукаў спыніцца на чым‑н., выбраць каго‑, што‑н. Абабраць месца для маёркі. Абабраць спосаб жыцця. □ З паклонам і павагай [жаніхі] будуць прыязджаць у яе [Эльзы] маёнтак, і яна абярэ сабе самага знатнага і прыгожага. Шчарбатаў.

4. Абрэзаць, зняць лушпінне з чаго‑н. Абабраць бульбіну. Абабраць апельсін.

•••

(Абабраць) да ніткі гл. нітка.

Абабраць як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Невялікая скрынка з кардону, дрэва, бляхі і пад., звычайна з вечкам. Папяросная каробка. □ [Сакратар абкома] адчыніў чырвоную каробку і сам прыкалоў залатую зорку. Васілевіч. [Дубаў] выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гарбук. // Такая скрынка з якім‑н. таварам, наборам якіх‑н. прадметаў. Каробка цукерак. Каробка папярос. Каробка каляровых алоўкаў. // Пасудзіна рознай формы і рознага прызначэння, сплеценая з лазы, саломы і інш. Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы. Колас. Малеча і старыя.. снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ.

2. Каркас будынка. Злева і справа чарнелі папялішчы, пахіленыя і закурадымленыя каробкі, абгарэлыя дрэвы. Сіўцоў. Стаялі толькі мураваныя каробкі, апавітыя рыштаваннямі, невялікі драўляны дамок, здалёк падобны на кузню. Кулакоўскі.

3. Футляр для якога‑н. механізма. Каробка компаса. Каробка радыёпрыёмніка.

•••

Каробка скорасцей; каробка перадач — у розных машынах: механізм для змены скорасці і напрамку руху.

Магазінная каробка — прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, дзе змяшчаюцца патроны.

Чарапная каробка — тое, што і чэрап.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рум1 выкл. ’шась, тух, бах’: госьці рум на двор (ЭШ), агледзеліся паны да рум назад (Сержп. Казкі). Укр. рум ’тс’, польск. rum ’шась, скрып, бух’. Гукапераймальнага паходжання (Брукнер, 468; Смаль-Стоцкі, Приміт., 97). Сюды ж таксама ру́мнуць ’нечакана зайсці, ускочыць’ (ТС), польск. rumać ’грукаць, стукацца ў дзверы’, каш. rumac ’моцна кашляць’, якое Борысь (SEK, 4, 219) параўноўвае з блізкім па значэнні і фанетыцы ням. rummeln ’шумець, крычаць, ляскатаць’. Гл. таксама румзаць, румза. Мяркулава (Этим. иссл., 6, 24–25) адносіць сюды і рус. ру́ма ’непрытомнасць’, стараж.-рус. рюма ’эпілепсія’, узводзіць апошнія да прасл. *ruti, *rʼuti ’рухацца’ + суфікс *ma, пастулюючы для ўкр. рум ’шась, тух’ першаснае значэнне руху.

Рум2 ’месца на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і дзе вяжуць плыты’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сержп. Казкі, ТС), рум, ром ’тс’ і ’штабель бярвенняў, дроў’, ’вялікая па плошчы прастора’ (Сл. ПЗБ), рюм ’месца на беразе ракі, куды звозяць сплаўны лес’ (віц., Нар. сл.). Ст.-бел. румъ ’руіны’, ’вольнае месца’, ’месца пагрузкі’, што з ст.-польск. rum ’вольнае месца’, ’вольны праход, дарога’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. rūm, сучаснае ням. Raum ’прастора’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189; БЛ, 29, 45–46; SEK, 4, 218.

Рум3 ’уся будоўля’ (Сцяшк. Сл.), ’агульная страха жылога будынка і гаспадарчых пабудоў’, ’зруб’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. румъ ’будаўнічы матэрыял’, ’вольнае месца’. Параўн. польск. дыял. rum ’вялікі пакой у жылым памяшканні’, в.-луж. rum ’прастора, абшар’, ’пакой’, што выводзяцца з ням. дыял. rūm ’прастора’, ’частка будынка, абмежаваная сценамі, пакой’, н.-ням. Rūm, Rüm ’прастора’, ’памяшканне’, параўн. Борысь, SEK, 4, 218. Гл. рум2.

Рум4 ’сена з першага ўкосу’ (хойн., Арх. ГУ). Няясна.

Рум5 ’ром’: “Подмовивши да красную девку, румом напоили” (гом., Рам. 1, 135). Гл. ром.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

варо́чаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вярнуць ​1.

варо́чаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Перамяшчаць, пераварочваць з боку на бок што‑н. цяжкае. Варочаць бярвенні, мяшкі. □ На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. Цэлую ноч Васілю снілася, што ён арэ: варочае і варочае велізарныя глыбы. Кулакоўскі. // перан.; што і без дап. Выконваць цяжкую работу. [Мазавецкі:] — Ты адно націскай на.. [Гушку], і ён табе, як вол, будзе работу варочаць. Чорны. // што. Паварочваць другім бокам, варушыць. Варочаць сена. □ Хто пёк сала, хто варочаў у прыску бульбу, а хто лежачы, напяваў сам сабе песню... Нікановіч.

2. што. Валіць на бок, перакульваць. А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё. Нікановіч.

3. што, чым. Круціць вакол восі. Гукаў цягнік, здаволены адпраўкай, варочаў каламі хутчэй штораз. Гілевіч. // Круціць, паварочваць у розныя бакі. [Захар Зынга] падбег да варот, выхваціў з рук чалавека пісьмо, доўга варочаў яго ў руках. Чорны.

4. перан.; чым. Разм. Распараджацца; кіраваць. Варочаць мільёнамі. Варочаць справамі.

•••

Варочаць мазгамі — абдумваць, разважаць.

Горы варочаць — выконваць работу, якая патрабуе вялікіх намаганняў.

Ледзь варочаць языком — з вялікай цяжкасцю, вельмі павольна гаварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Захопліваючы, грабучы, збіраць у адно месца, у кучу; зграбаць. Заграбаць сена. □ Ячны .. заграбае рукамі ў кужэльны беленькі фартух залатыя зярняты. Брыль. // (звычайна са словамі «нага», «ногі»). Чапляць, ссоўваць зямлю пры хадзьбе. Заграбаць нагамі. □ Акаваныя жалезам боты пакінулі след... Можа Змітрок Шэмет? Не. У Змітрака адна падкова трэснула, да таго ж, ён заграбае абцасам зямлю, не пакідаючы яснага следу. Бажко. // перан. Разм. З прагнасцю захопліваць, прысвойваць; многа атрымліваць, зарабляць. Паны заўсёды заграбалі лепшыя землі сабе, заўсёды адціскалі нашага брата бліжэй да балота і пяскоў. Брыль.

2. што. Закопваць у што‑н. сыпкае. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч.

3. Грэбці вёсламі, рукамі і пад. Міканор Іванавіч рытмічна апускаў вёслы, адкідваўся назад і моцна, напружваючы сілы, заграбаў. Даніленка. Нейкі момант Казік яшчэ спрабаваў утрымацца ў паветры. Дрыгаў нагамі, сутаргава заграбаў рукамі. Шыловіч.

4. Незак. да загрэбці (у 2 знач.).

•••

Хоць граблямі (лапатай) заграбай — пра вялікую колькасць чаго‑н.

Чужымі рукамі жар заграбаць — карыстацца вынікамі чужой працы ў сваіх карыслівых мэтах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Грамадская дзейнасць, барацьба, у якой адлюстроўваюцца карэнныя інтарэсы класаў і іхнія ўзаемаадносіны; дзейнасць дзяржавы ў галіне ўнутранага жыцця і міжнародных адносін. Знешняя палітыка. Унутраная палітыка. Міжнародная палітыка. □ — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль. // Агульны напрамак дзейнасці дзяржавы, якога‑н. класа, партыі. Агрэсіўная палітыка. Палітыка мірнага суіснавання. Палітыка нейтралітэту. // Напрамак дзейнасці дзяржавы, палітычнай партыі ў той ці іншай галіне ў пэўны перыяд. Новая эканамічная палітыка. Нацыянальная палітыка. // Падзеі і пытанні ўнутранага і міжнароднага грамадскага жыцця. Максіму хацелася таксама сказаць што-небудзь аб палітыцы, але ён дні тры ўжо не чытаў газет і таму баяўся сказаць неўпапад. Шамякін.

2. Разм. Характар паводзін, які вызначае адносіны да каго‑, чаго‑н. — Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці... Ды бога пабаялася б.. — Усё гэта хітрыкі дзеда, і маці добра разумее яго палітыку. Але што ты з гэтым дзедам зробіш. Лынькоў.

3. Разм. Удзел у рэвалюцыйным руху, у рэвалюцыйнай рабоце. Цяпер.. [Параска] жыла без мужа: яго засудзілі паны на восем год за палітыку. Дамашэвіч.

[Грэч. politikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.

1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.

4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.

5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.

6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.

7. Разм. Тры рублі.

•••

На тройках ехаць гл. ехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страпяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Мімаволі ўздрыгнуць, страсянуцца (ад страху, узрушэння і пад.); выйсці са стану нерухомасці, знямення. Нешта было шаснула, калі я нагнуўся ды глядзеў у чорную яму. Я страпянуўся, узняў галаву, .. — Юзіка не было відаць. Баранавых. Толькі тады страпянуўся, як рука лягла мне на плячо і я пачуў басавіты, немалады ўжо голас. Сабаленка. — Горш няма, як ляжаць у засадзе ў такі холад... — ціха сказаў Алег камандзіру ўзвода і страпянуўся: з дарогі далятаў гул машын. «Маладосць». Раптам [дзед Агей] сам страпянуўся ўвесь: — Сынку, лаві! Вуду лаві! Вунь на бервяне паплыла. Крапіва. // Схамянуцца, успомніўшы што‑н. важнае, істотнае. — Слухайце, — страпянуўся Міша. — дагаварыліся мы, і я ледзь не забыўся. Вы [лейтэнант] вось сказалі, што вы гэта не вы, а мой старэйшы брат Іван. Яно б добра было, толькі ж уся вёска ведае, што адзін у мяне брат — Юрка. І не старэйшы, а малодшы. Курто. // Зварухнуцца, уздрыгнуць. Пальцы натыкаюцца на мяккую поўсць .. Націскаю — не страпянуўся, значыць, мёртвы. Жычка. Уздрыгнулі шырокія бровы, Страпянуліся вейкі — крозы. Зазвінелі буйныя слёзы. Глебка. / у перан. ужыв. Страпянуўся лес. Пытае: — У каго бяда якая? Калачынскі. // Забіцца мацней, часцей (пра сэрца). З дзвярэй дыхнула цёплым малаком і салёнымі агуркамі .. Сэрца страпянулася і балюча сціснулася. Дома! Асіпенка. І як страпянулася яго сэрца, калі ў першых радах .. [Джыавані] заўважыў сваю маці. Лынькоў.

2. Разм. Хуткім рухам цела страсянуцца, абтрэсціся. Калі я [Варташэвіч] наблізіўся, кот раптам страпянуўся і так хутка скочыў у кусты, нібы ў паветры хто правёў белую рысачку. Карпюк. Хлапчук ледзь не наступіў на .. [птушку] нагою. Жаваранак страпянуўся і ўзняўся ўгору. Пальчэўскі. Акуньчык спрытна страпянуўся. Колас.

3. перан. Пачаць актыўна дзейнічаць, праявіць сябе. Паны яшчэ страпянуцца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)