Пліта́, плыта́, плі́тка ’вялікі плоскі камень або кавалак металу з роўнай паверхняй’, ’кухонная печ з канфоркамі’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ; навагр., астрав., воран., Сцяшк. МГ), ’засохлы камяк зямлі на засеяным полі’ (Яшк.), ’ссохлая луста зямлі, крыга’ (ТС), ’вялікі кавалак апрацаванай гліны’ (клец., ЖНС), плі́та ’вялікая крыга’ (лёзы., Яшк.), пліта́ ’тс’ (лёзн., ЛА, 2), ’памост ці камень на беразе рэчкі, дзе мыюць бялізну’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), ’вялікі кавалак сала’ (лун., мазыр., Шатал., ЛА, 4), плі́ты ’брыкет’ (Сцяшк. Сл.), пліта́ ’раскладка снапоў для малацьбы’ (рагач., ДАБМ, камент., 872), ’застаронак у гумне’ (кіраў., рагач., бабр., ЛА, 2), плі́та ’тарпа сена, саломы, снапоў’ (кіраў., Нар. сл.), пліта́ ’сцірта’, ’зляжалы пласт сена’ (рагач., гродз., Сл. ПЗБ; рэч., ЛА, 2), пліта́ ’касцёр дроў’, плі́та ’тс’ (асіп., жлоб., рагач., бабр., ЛА, 1), ст.-бел. плитка ’адзінка колькасці солі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. пли́та, рус. плита́ ’пліта’, стараж.-рус. плита ’кавалак каменя з плоскай паверхняй’, ’цэгла’, польск. plitaбел.), płytaукр.), балг. пли́та ’цэгла’, магчыма, серб.-харв. пли̏тица ’плыткая міска’. Звычайна збліжаюць са ст.-грэч. πλίντος ’цэгла’ (Фасмер, 3, 283). Магчыма, некаторыя лексемы (напр., балгарская) узыходзяць да навагрэч. πλίθα ’цэгла з гліны і саломы’ (БЕР, 5, 354), аднак трэба прыняць пад увагу пашырэнне (усх.-слав. тэрыторыя) і суаднесці з літ. plytéti ’распасцірацца’, plìsti ’тс’, у такім выпадку можна гаварыць аб лексеме пліта́ як аб балтызме (Банькоўскі, 2, 610). Сюды ж плітня́к ’вапняковая ці пясчаная парода, якая лёгка раздзяляецца на пліты’, плітава́ць ’абчэсваць камень у выглядзе пліткі’ (Шат.), плі́тка ’кара’ ў выразе: пліткай узяцца ’пакрыцца струпамі’ (докш., Сл. ПЗБ), плі́ты ’прыступкі ганка з каменю’ (воран., Сцяшк. МГ), плітоўка ’расколатыя на кавалкі камяні’, плітоўнік ’малаток для расколвання камянёў на кавалкі’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ды́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і дыша; незак.

1. Паглынаць спецыяльнымі органамі кісларод, неабходны для жыццядзейнасці арганізма. Дрэвы дыхаюць лісцем, рыбы — жабрамі, чалавек і жывёлы — лёгкімі. // Убіраць і выпускаць паветра лёгкімі, рабіць удых і выдых. Чалавек дыхаў на поўныя грудзі, час ад часу паціраў азяблыя плечы. Шыцік. Коні нашы былі ў мыле, цяжка дыхалі. Якімовіч. // Выпускаць струмень паветра з лёгкіх на каго‑, што‑н.; хукаць. [Мікола] узяў халодныя жончыны рукі і пачаў дыхаць на іх. Новікаў. [Колька] горача дыхаў маці на шчаку, смяяўся, песціўся, не ведаў, як яшчэ выказаць сваю бадзёрасць і дзіцячую бестурботнасць. Кулакоўскі.

2. перан. Вылучаць, распаўсюджваць што‑н. Цёплая ноч поўнілася звонкімі пералівамі салаўіных галасоў, дыхала пахамі траў і кветак. Дудо. Ліпа цвіла і дыхала мёдам. Чыгрынаў. // перан. Выяўляць адзнакі жыцця, дзейнасці. За светлым.. залівам жыў, дыхаў горад — дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў. Шамякін.

3. перан.; кім-чым. Бачыць у кім‑, чым‑н. мэту свайго існавання; поўнасцю аддавацца каму‑, чаму‑н. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў.

4. перан.; чым. Жыць, апіраючыся на што‑н. раней набытае. Чаму навучыўся раней, толькі тым і дыхае.

5. перан. Быць прасякнутым чым‑н., выражаць што‑н. Агнём і полымем замілавання і нянавісці дыхаюць творы Віктара Гюго. Чорны.

6. перан. Разм. Угінацца, прагінацца (пра памост, дрыгву і пад.). От ужо.. [Тварыцкі] сышоў уніз, дзе няма кустоў, дзе сцежка дыхае пад нагамі. Чорны.

•••

Дыхаць на ладан — быць цяжка хворым, пры смерці.

Ледзь дыхаць — тое, што і дыхаць на ладан.

Не дыхаць — маўчаць, стаіўшы дыханне. Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр.

Чым дыхае (дыша) хто — чым цікавіцца, якімі інтарэсамі жыве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)