зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.
Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.
Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд.т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.
Літ.:
Водоросли: Справ. Киев, 1989;
Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;
Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,
працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССР з мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст.вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦКВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл.Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.І.Бухарына, А.І.Рыкава, М.П.Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масаваераскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦКВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял.Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.
Літ.:
Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв.Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;
Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.Ц.Петрыкаў.
Да арт.Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.Гуткоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кроў, крыві, Т кроўю і крывёй, ж.
1. Чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма, жывіць яго клеткі і забяспечвае абмен рэчываў. Артэрыяльная кроў. Венозная кроў. Рух крыві.
2.перан. Блізкае кроўнае сваяцтва. Адной крыві. □ — У Марысі Антосева кроў.Бажко.// Блізкі сваяк. У глыбіні душы варухнулася ў Сіпака нешта падобнае на крупінку жалю да чалавека: што тут ні кажы, а ўсё ж свая кроў...Лынькоў.
3. Парода жывёлы. Бульдог чыстай крыві.// Пра род, паходжанне людзей. Мадам Гамрэкелі сказала, што ў Сімонавых паводзінах адразу відаць несамавітасць ягонага роду, не[высака]роднасць крыві.Самуйлёнак.
4.перан. Забойства, кровапраліцце. [Дзед Бадыль:] Народ не вытрымае, з голымі рукамі кінецца на гарматы і кулямёты. Крыві шмат будзе.Крапіва.
5.перан.; якая. Тэмперамент, характар. Гарачая кроў. Маладая кроў.
•••
Сумяшчальнасць крывігл. сумяшчальнасць.
Гарачая кроў — пра страснага, тэмпераментнага чалавека.
Да апошняй каплі крывігл. капля.
Кроў гаворыць (загаварыла)укім — аб праяўленні чаго‑н., уласцівага роду, нацыі і пад.
Кроў за кроў — помсціць забойствам за забойства.
Кроў з малаком — пра дужага прыгожага чалавека з румяным свежым тварам.
Кроў іграе (кіпіць) — пра багацце жыццёвых сіл, энергіі.
Кроў кінулася (хлынула) у галавукаму — хто‑н. моцна ўсхваляваўся, узрушыўся.
Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) — пра пачуццё жаху, моцнага перапуду.
Кроў ударыла ў тваркаму — хто‑н. пачырванеў ад збянтэжанасці, сораму, непрыемнасці і пад.
Кроўю сэрца (кніжн.) — з глыбокім пачуццём і перакананнем, з вялікімі мукамі (пісаць, тварыць што‑н.).
Купацца ў крывігл. купацца.
Ліць (праліць) кроўгл. ліць.
Льецца (праліваецца) кроўчыя,якая — пра вялікія ахвяры, масавае забойства людзей (звычайна ў час вайны).
Наліцца кроўюгл. напіцца.
Напіцца (насмактацца) крывігл. напіцца.
Патапіць у крывігл. патапіць.
Піць (смактаць, ссаць) кроўгл. піць.
Плоць ад плоці, кроў ад крывігл. плоць.
Плоць і кроўкаго,чыягл. плоць.
Потам і кроўюгл. пот.
Псаваць кроўкамугл. псаваць.
Псаваць сабе кроўгл. псаваць.
Сысці кроўюгл. сысці.
Сэрца кроўю абліваеццагл. сэрца.
Умыцца кроўюгл. умыцца.
(Хоць) кроў з носа — нягледзячы ні на якія цяжкасці, перашкоды (зрабіць што‑н., дамагчыся чаго‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял.Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,
кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.
Пасля Брэсцкай уніі 1596правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел.правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел.правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус.правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.
У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);
Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНІЦТВА,
1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв.мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),
Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 7229,1 тыс.чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г.Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз.Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч.тэр. ў бас.р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц.традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс.ж. (1993), па 20—40 тыс.ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн.чал. загінулі, каля 2 млн.чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс.н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм.Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.
1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масаваефіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн.чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.
Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп.дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл.ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс.га пад ворывам, каля 250 тыс.га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс.га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс.га.
Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс.т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс.т збожжа, 3 тыс.т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс.т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс.т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн.дол., імпарт 326 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал.гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн.дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.
Літ.:
Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;
Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Руанды.Да арт.Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г.масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.