АЦЭТА́ТЫ,
вытворныя воцатнай кіслаты, солі CH3COOM (M-метал) і эфіры CH3COOR (R-алкіл). Солі — крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, выкарыстоўваюцца як каталізатары ў арган. сінтэзе. Эфіры — лятучыя вадкасці з фруктовым ці кветкавым пахам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі нітрацэлюлозных лакаў, поліэфірных і гліфталевых смолаў, у вытв-сці цэлулоіду, кінаплёнак, у парфумернай і харч. прам-сці. Гл. таксама Амілацэтаты, Вінілацэтат, Этылацэтат.
т. 2, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГАЗАВА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя злучэнні, якія актыўна рэагуюць з атрутнымі рэчывамі і ператвараюць іх у нетаксічныя ці малатаксічныя злучэнні. Адрозніваюць Д.р. акісляльна-хларавальнага дзеяння (гіпахларыты — кальцыевыя і натрыевыя солі хларнавацістай кіслаты, хлораміны) і шчолачныя (сода, гідраксід натрыю, аміячная вада і інш.). Выкарыстоўваюць растворы Д.р. у вадзе ці арган. растваральніках (напр., дыхлорэтане, трыхлорэтане, тэтрахлорэтане, бензіне і інш.) пры дэгазацыі хім. спосабамі.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСУЛЬФІ́ТЫ, бісульфіты, гідрагенсульфіты,
кіслыя солі сярністай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны толькі гідрасульфіты шчолачных металаў і амонію (напр., гідрасульфіты калію KHSO3, натрыю NaHSO3). Добра раствараюцца ў вадзе. Аднаўляльнікі, лёгка акісляюцца кіслародам паветра, раскладаюцца к-тамі з вылучэннем дыаксіду серы. Гідрасульфіты натрыю выкарыстоўваюць для адбельвання тканін, прыродных валокнаў, гідрасульфіты кальцыю — для атрымання цэлюлозы з драўніны (кампанент сульфітнага шчолаку).
т. 5, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЦАТНЫ АНГІДРЫ́Д,
ангідрыд воцатнай кіслаты (CH3CO)2O. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1083 кг/м³ (20 °C), tкіп 139,9 °C. У гарачай вадзе пераўтвараецца ў воцатную кіслату, гарыць (т-ра загарання 40 °C). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці ацэтылцэлюлозы, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў і лек. сродкаў. Таксічны, раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5∙10−4%.
т. 4, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАКТУ́РА (ад лац. contractura сцягванне, звужэнне, сцісканне) у фізіялогіі, працяглае, устойлівае, часта неабарачальнае скарачэнне (змярцвенне) мышачнага валакна ці яго часткі. У адрозненне ад звычайнага скарачэння, якое распаўсюджваецца хвалепадобна па мышачным валакне, К. — скарачэнне, якое не распаўсюджваецца. Прычына — парушэнне працэсаў аднаўлення адэназінтрыфосфарнай кіслаты. У медыцыне К. — абмежаванне рухомасці сустава ў выніку пашкоджання скуры, сухажылля, мышцаў і інш.
т. 8, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМАРЫ́Н, лактон о-оксікарычнай кіслаты,
бясколерныя крышталі з пахам толькі што скошанага сена. Знаходзіцца ў выглядзе глюказідаў у многіх раслінах: баркуне, зуброўцы і інш. Растваральны ў спірце і эфіры, дрэнна — у вадзе. У прам-сці К. атрымліваюць з саліцылавага альдэгіду і воцатнага ангідрыду. Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў вытв-сці тытунёвых вырабаў і парфумернай прам-сці.
т. 9, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІНАМІ́Д,
амід нікацінавай кіслаты. Разам з гэтай к-той уваходзіць у групу водарастваральных злучэнняў (вітамін PP) пірыдзін-3-карбонавай к-ты і яе вытворных. У складзе нікацінаміднуклеінавых ферментаў многіх дэгідрагеназ прымае ўдзел у пачатковых этапах біял. акіслення вугляводаў, арган. к-т і інш. злучэнняў. Недахоп Н. выклікае пелагру. На Н. багатыя прадукты жывёльнага паходжання і дрожджы.
т. 11, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЛМЕТАКРЫЛА́Т,
метылавы эфір метакрылавай кіслаты, CH2C(CH3)COOCH3. Бясколерная празрыстая вадкасць, tкіп 101 °C, шчыльн. 943 кг/м³. Неабмежавана раствараецца ў дыэтылавым эфіры, метаноле, абмежавана — у вадзе. Сумесь з паветрам (1,47—12,5% М. па аб’ёме) выбухованебяспечная. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй ацэтонцыянангідрыду ў прысутнасці метанолу. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліметылметакрылату (гл. Шкло арганічнае). Гл. таксама Метакрылаты.
т. 10, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
со́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Агульная назва натрыевых солей вугальнай кіслаты, якія шырока выкарыстоўваюцца ў тэхніцы, медыцыне, быце. Крышталічная сода.
•••
Кальцыніраваная сода — бязводны вуглякіслы натрый.
Каўстычная сода — тэхнічная назва едкага натру.
Пітная сода — ачышчаны двухвуглякіслы натрый, белы парашок, які ўжываецца ў медыцыне і кулінарыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ацэтальдэгі́д
(ад ацэт- + альдэгід)
арганічнае злучэнне, альдэгід воцатнай кіслаты, вадкасць, якая кіпіць пры 20°C; выкарыстоўваецца для вытворчасці воцатнай кіслаты, фармацэўтычных прэпаратаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)