ПАТРЫЯРХА́Т (ад грэч. pater бацька + archē улада),
1) форма родавай арганізацыі першабытнаабшчыннага ладу, якая характарызуецца вяршэнствам мужчыны ў грамадскай вытв-сці і сац. жыцці. П. ўласцівы патрылакальнасць (прыход жанчын у сем’і родавых абшчын) і патрылінейнасць (адлік роднасці па бацькоўскай лініі). Адрозніваюць ранні П., заснаваны на парнай сям’і, і позні П., які з’явіўся ў канцы першабытнаабшчыннага ладу ў выглядзе манагамных патрыярхальных сем’яў. Як і матрыярхат, П. існаваў не ва ўсіх народаў і не быў стадыяй развіцця першабытнаабшчыннага ладу. Прыхільнікамі тэорыі першапачатковай патрыярхальнасці грамадства ў ант. часы былі Платон, Арыстоцель. У сярэднія вякі гэты погляд быў пануючым, у 19 ст. яго абараняў Г.Мэн. У 1860—80-я г. І.Бахафен і Л.Морган абверглі гэту ідэю. На тэр. Беларусі першыя адзнакі патрыярхальных адносін выяўлены пры даследаванні помнікаў эпохі бронзы: на паселішчах Падзвіння скульпт. і графічныя выявы мужчын-духаў, што сведчыць пра большую ролю мужчын у рэліг. вераваннях; на калект. могілках сярэднедняпроўскай культуры пахаванні мужчын часцей займаюць цэнтр. месца.
2) У хрысціянстве П., патрыярхія — кіруемая патрыярхам царква ў сукупнасці яе элементаў: веравучэння, культу, падання і традыцыі, іерархічнай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НІЯ,
старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э.паўд.ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культувярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл.Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.
На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл.Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-тЕўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач.рэліг. школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў этнаграфіі,
кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл.Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКА́НЕ,
адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.
Літ.:
Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ККА (араб. Умаль-Кура),
горад у Саудаўскай Аравіі, за 70 км ад узбярэжжа Чырвонага м.Адм. ц.прав. Хіджаз. Каля 800 тыс.ж. (1997). Гал.рэліг. цэнтр ісламу і месца паломніцтва мусульман (каля 5 млн.чал. штогод). Гандл.-трансп. вузел. У цэнтры М. — «свяшчэнны» комплекс мячэці Харам, або Бейт-Улах, вакол стараж. свяцілішча Кааба (608, занава адбудавана ў 1570). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг.культу. Мусульм. тэалагічная акадэмія. Ісламскі ун-т.
Узнікла каля крыніцы Земзем. Упершыню згадваецца ў Пталамея як Макараба. У 5—6 ст. паселішча араб. племя курэйш. Важны гандл. і культавы (культ Чорнага Каменя ў храме Кааба) цэнтр на караванным шляху з Паўд. Аравіі ў краіны Міжземнамор’я. У М. нарадзіўся і пачаў сваю дзейнасць заснавальнік ісламу Мухамед, які ўстанавіў паломніцтва (гл.Хадж) у храм Кааба ў М. адным з абавязкаў мусульманіна. Да сярэдзіны 10 ст. пад уладай Амеядаў, Абасідаў. У 930 М. захапілі бахрэйнскія карматы (радыкальная плынь ісламу). У 941 горад далучаны да Егіпта. У 1517 М. прызнала ўладу асманскіх султанаў, пры якіх правіцелі М. (шэрыфы) мелі значную самастойнасць. У 1806—13 у складзе дзяржавы вахабітаў. У 1916—24 сталіца каралеўства Хіджаз. У 1924 захоплена вахабіцкімі войскамі і далучана да Саудаўскай Аравіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЦЫ́ ЦАРКВЫ́,
найбольш уплывовыя дзеячы хрысц. царквы 2—8 ст., якія стварылі яе дагматыку і арг-цыю. Айцы царквы наз. епіскапаў першых хрысц. абшчын, а з канца 4 ст. — аўтарытэтных царк. пісьменнікаў. Неабходныя ўмовы для прылічэння да Айцоў царквы — прававернасць вучэння, прыналежнасць да патрыстыкі, прызнаная святасць іх жыцця. Прынята абмежаванне патрыстычнай эры Іаанам Дамаскінам (п. каля 748). Айцы царквы, якія, паводле падання, перанялі вучэнне непасрэдна ад апосталаў, называюць Апостальскімі Айцамі (Клімент Рымскі, Ігнацій Антыяхійскі, Палікарп Смірнскі і Папій Іерапольскі). Падзяляюцца на зах. (лацінскіх) і ўсх. (грэчаскіх) у залежнасці ад мовы, на якой яны пісалі. Акрамя згаданых, сярод зах. Айцоў царквы найбольш шануюцца Юсцін-філосаф, Ірыней Ліёнскі (2—3 ст.), Кіпрыян, Лактанцый (3—4 ст.), Іларый Піктавійскі, Амвросій Медыяланскі (4 ст.), Аўгусцін, Іеранім (4—5 ст.), папа Леў I Вялікі (5 ст.), папа Грыгорый Вялікі (6 ст.), Ісідар Севільскі (7 ст.); сярод усх. — Клімент Александрыйскі (2 ст.), Афанасій Вялікі (Александрыйскі), Яфрэм Сірын, Кірыла Іерусалімскі, Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст (4 ст.), Кірыла Александрыйскі (5 ст.), Іаан Лесвічнік, Максім Вызнаўца (6—7 ст.). Многія творы Айцоў царквы захаваліся цалкам ці фрагментарна, інш. Вядомыя з крыніц па цытатах, пераказах або назвах. Творчасць Айцоў царквы зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне хрысц. дагматыкі, літургічнага культу, традыцыяў, аскетызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЕ́І-ЧЭ́ЦЦІ»
(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),
«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.
Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.
На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).