ЗАКУШНЯ́К Аляксандр Якаўлевіч (10.3.1879, г. Адэса, Украіна — 21.4.1930),
артыст эстрады, заснавальнік жанру «вечары апавяданняў». Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1906 як драм. акцёр. З 1910 выступаў з канцэртамі, як аўтар, рэжысёр і выканаўца твораў л-ры з эстрады: «Паўстанне анёлаў» А.Франса, «Егіпецкія ночы» А.Пушкіна, «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Кацюша Маслава» паводле Л.Талстога, «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф.Дастаеўскага і інш.
т. 6, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́Н (Kallinos),
старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г. Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.
т. 7, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХДЗІ́ (араб. той, каго вядуць сапраўдным шляхам),
у ісламе — прадвеснік блізкага канца свету, які павінен адрадзіць першапачатковую «чысціню» ісламу; у шыітаў — 12-ы, «схаваны», імам. Ідэя М. часта выкарыстоўвалася правадырамі паўстанняў і рухаў у мусульм. свеце. М. абвяшчалі сябе Убайдалах (заснавальнік дынастыі Фатымідаў у 10 ст.), Мухамед ібн Тумарт (першы з Альмахадаў, 12 ст.), Мухамед Ахмед ва Усх. Судане (гл. Махдзі Суданскі).
т. 10, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ЛІНК (Sweelinck, Swelink) Ян Пітэрсзан (1562, г. Дэвентэр, Нідэрланды — 16.10.1621), нідэрландскі кампазітар, арганіст; заснавальнік школы ігры на аргане. Развіваў традыцыі нідэрландскай школы, узбагаціў іх дасягненнямі італьян. і англ. майстроў. Віртуознае выканальніцкае майстэрства С. спалучалася з эмацыянальнасцю, тонкай апрацоўкай дэталей. Аўтар твораў для аргана (фантазіі, рычэркары, такаты, апрацоўкі харалаў), вак. твораў (шансон, псалмы, матэты і інш.), трактата аб правілах кампазіцыі. Сярод вучняў С.Шайт, М.Прэторыус.
т. 14, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЕРТ (Gellert) Эндрэ (1.10.1914, Будапешт — 1.3.1960),
венгерскі рэжысёр. Нар. арт. Венгрыі (1954). Праф. (1946) Тэатр, ін-та. Скончыў Тэатр. акадэмію (1935). У 1945—60 вядучы рэжысёр Нац. т-ра. Заснавальнік венг. рэаліст. школы рэжысуры, паслядоўнік К.С.Станіслаўскага. Сярод пастановак: «Панскае баляванне» Ж.Морыца (1948), «Трагедыя чалавека» І.Мадача (1955), «Рэвізор» М.Гогаля (1951), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1952). Прэміі імя Л.Кошута 1950, 1953.
т. 5, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭМ (Brehm) Альфрэд Эдмунд (2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),
нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.
т. 3, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́ЎСКІ Адам (1889, фальварак Талочкі Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Саколкаўскі пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 18.11.1937),
бел. грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т; працаваў суддзёй у Саколцы, адвакатам у Варшаве. Адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, заснавальнік «Асветнага таварыства беларусаў» у Варшаве (дзейнічала ў 1930-я г.). Аўтар сцэнічнага абразка «Сваты», які ставілі многія самадзейныя драм. гурткі ў Зах. Беларусі.
А.С.Ліс.
т. 3, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭМА́ЛЬ-АД-ДЗІН АЛЬ-АФГАНІ́ Мухамед Сеід (1838, с. Асадабад, каля Кабула — 9.3.1897),
мусульманскі рэліг. і паліт. дзеяч, філосаф, пісьменнік, публіцыст. Заснавальнік панісламізму. Заклікаў да мадэрнізацыі ісламу з мэтай паліт. адраджэння халіфата пад эгідай Асманскай імперыі і вызвалення з-пад еўрап. паліт. і культ. ўплыву. У 1883—86 жыў у Зах. Еўропе. Выдаваў у Парыжы газ. «Надзейная апора». Аўтар твораў на перс. мове «Абвяржэнне матэрыялізму».
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл. Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.
т. 1, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НЫ (Antonini),
дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].
Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым. грамадзянства і інш.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)