Ры́нда 1, рындося ’хто неахайны’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), рус. дыял. ры́нда ’худы высокі чалавек’, ’худы конь’. З літ. rindà ’непаваротлівы чалавек’ (Саўка, Запісы 23, 57).

Ры́нда 2 ’воін царскай аховы на Русі’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’аружаносец, целаахоўнік’, ст.-руск. рында. Цяжкое слова, верагодна іншамоўнага паходжання. Вывядзенне са ст.-ісл. rǫnd ’край шчыта, шчыт’ ставіцца пад сумненне з фанетычнага пункту гледжання. Зусім неверагоднае тлумачэнне з дац. rinde, rende ’бегчы’ і з ням. Ronde ’дазор’ (Фасмер, 3, 529). Магчыма, сюды ж рус. ры́ндель ’знамяносец’ з наступным з’яўленнем насавога (Фасмер, 3, 529).

Ры́нда 3: рынду біць ’у парусным флоце — тройчы ўдарыць у звон у поўдзень’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’звон карабельнага колакала’. Тлумачыцца як утварэнне з англ. to ring the bell ’званіць у колакал’ (Фасмер, 5, 529). Малаверагоднай падаецца версія аб запазычанні са швец. ringa ’званіць’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар. Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦК КПБ, з 1991 нам. гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.​Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;

Журавінавы востраў. Мн., 1998.

Літ.:

Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 4;

Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;

Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.

А.​В.​Спрынчан.

Г.П.Пашкоў.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),

старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;

Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

Плацін.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аху́хцінацямненькі выкл. ’уздых аблягчэння пасля фізічнай нагрузкі’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.). Складанае ўтварэнне, у якім можна вылучыць наступныя элементы: а‑хух‑ці‑на‑ця‑мненькі, дзе а прыстаўное; хух адпавядае выкл. ’ах, ох’ (КСП); ці па паходжанню асабовы энклітычны займеннік дав. скл. адз. л. 2‑й асобы; на няяснага паходжання, магчыма, узмацняльная часціца тыпу рус. ‑на ў эвона ’вось’, звязаная з займеннікам *onъ, Фасмер, 4, 513; ця па паходжанню асабовы энклітычны займеннік він. скл. адз. л. 2‑й асобы, параўн. а́хця мне выкл. ’гора мне!’ (дзісн., Рам. 8, 519); мненькі займеннік мне з экспрэсіўнай суфіксацыяй, характэрнай для такога тыпу выклічнікаў, параўн. авохцінькі, ахці мненюшкі, ацінькі (ад аці ’дзякую’, гл.), «спешчаныя» формы тыпу спатанькі (ад спаць) і інш., гл. Карскі 2–3, 64, пры гэтым магчыма народнаэтымалагічнае збліжэнне канца слова і цёмны, цёмна, параўн. запісы а вой цямней выкл. ’выказванне незадавальнення’, якія Клопава (Лінгв. зб., 143) выводзіць з авохці мне і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПРЫ́КАЗКА,

кароткі, лаканічна і граматычна завершаны афарыстычны выраз, які адлюстроўвае шматвяковы жыццёвы вопыт і мудрасць народа найчасцей у мастацка-вобразнай форме і ўжываецца пераважна ў пераносным значэнні; жанр нар. паэтычнай творчасці. Тэматычна П. вельмі разнастайныя, у іх адлюстраваліся жыццё і сямейны побыт чалавека, ацэнка яго маральных якасцей, трапныя назіранні, а таксама разважанні і павучанні. Генетычна вельмі блізкія да прымаўкі. Першыя запісы П. прыпісваюць Арыстоцелю. Зб. антычных П. у 1500 склаў Эразм Ратэрдамскі. На Беларусі самыя даўнія выданні П. — зб. С.​Рысінскага (Любча, 1618), публікацыі 1-й пал. 19 ст. П.​Шпілеўскага, Я.​Чачота і інш. Па структуры П. звычайна двухчленныя, нярэдка рыфмаваныя, мова іх багатая метафарамі, параўнаннямі, эпітэтамі, алегорыямі і інш. выяўл. сродкамі: «Так і жылі: хто схлусіць, той вып’е і закусіць, а хто праўду скажа, той і так спаць ляжа», «як пасцелешся, так і выспішся», «хто працуе, той святкуе». Лаканічнасць і трапнасць думкі, маст. выразнасць абумоўліваюць шырокае бытаванне П. ў жывой гутарковай мове, у творах маст. л-ры. Бел. П. збіралі У.​Дабравольскі, Я.​Ляцкі, І.​Насовіч, Е.​Раманаў, М.​Федароўскі, Ф.​Янкоўскі, Я.​Рапановіч і інш.

Публ.: Носович И.И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874; Ляцкий Е.А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. [Т.] I. Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898; Янкоўскі Ф. Беларускія прыказкі. прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992; Рапановіч Я. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. 2 выд. Мн., 1974; Прыказкі і прымаўкі / Скл. М.​Я.​Грынблат. Кн. 1—2. Мн., 1976.

Літ.:

Янкоўскі М.​А.​Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Я гож. Прыказкі і прымаўкі // Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якалцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996;

Аксамітаў А.С. Прыказкі і прымаўкі. Мн., 2000.

А.​С.​Фядосік.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ШВІН (Міхаіл Міхайлавіч) (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),

рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.​Маўра, Я.​Брыля, В.​Адамчыка, В.​Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.​Брыль, Я.​Маўр, Б.​Сачанка і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1982—86;

Бел. пер. — Ярык. Мн., 1937;

Звер бурундук. Мн., 1940;

Лісічкін хлеб. Мн., 1941;

Журка. Мн., 1948;

Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;

3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.

Літ.:

Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.​М.​Пришвине. М., 1981;

Яе ж. Путь к слову. М., 1984;

Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.

М.​І.​Мішчанчук.

М.М.Прышвін.

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перапра́віць ​1, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Унесці якія‑н. змены, паправіць недахопы, памылкі ў чым‑н. Пераправіць лічбу «1» на «і». □ Сп’яна ахрысцілі кумы хлапчука Не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам; Агледзеўшыся, пабрылі да дзяка, Ды нельга было пераправіць па часе. Танк. — Сыны [пана] не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч.

2. Змяняючы, выпраўляючы недахопы, памылкі, паправіць усё, многае. Пераправіць усе запісы.

перапра́віць ​2, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Перавезці, перавесці (звычайна цераз рэчку або якое‑н. цяжкае небяспечнае для праходу месца). Нарэшце.. камандаванне, пад прыкрыццём «кацюш», пераправіла цераз Бесядзь танкавую брыгаду. Чыгрынаў. — Гэй, там, на пароме! Перапраўце бедных падарожнікаў! Курто.

2. Адправіць, пераспаць каго‑, што‑н. у другое месца (звычайна скрыта або пераадольваючы якія‑н. цяжкасці). Частку зброі хлопцы пераправілі партызанскаму атраду. Васілеўская. [Ганна:] Максім Іванавіч, я думаю, што групу Іванчыка трэба пераправіць у лес... Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тра́п’е — недакладна вызначанае значэнне ’рыззё, лахманы’, параўн. ілюстрацыю: рыба залезе ў гэты закобэнь [закутак], у гэтэ трапʼе (ТС). Параўн. каш. třap ’гразь на дарогах; снег з дажджом’, якое Борысь (SEK, 5, 176) звязвае з *trepati (гл. трапаць 1). Аднак кантэкст і іншыя запісы (КСТ) дапускаюць сувязь і з адпаведнымі паўднёваславянскімі словамі, параўн. балг. дыял. трапйе ’роў, упадзіна’ (Сб. на Бълг. книж. дружество, 1. София, 1901, 16), тапонім Трапьето (Младенов, Принос. към. изучване на бълг. говори в Източна и Западна Тракия. София, 1936, 173), макед. дыял. трапје ’карытападобныя формы на зямлі’ (МЈ, 8, 1, 83), што да балг., макед. трап ’яма, роў’, серб.-харв. тра̏п ’яма для захоўвання гародніны зімой’, славен. trap ’яма’, якія Куркіна (Диал. структура, 31) лічыць паўднёваславянскімі дыялектызмамі і ўзводзіць да прасл. *trapъ/*torpъ (з пытальнікам). У якасці іншаславянскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. tar̃pas ’прамежак, шчыліна’ (гл. торп, тарпа), раманскае trabs ’калода’ (Бязлай, Eseji, 83). Гл. таксама трап 1 і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ (Арцём Ігнатавіч) (4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),

бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.​Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.​Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.​Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб. газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Сов. славяноведение. 1971. № 2;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 144—212;

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 213—292.

Г.​В.​Кісялёў.

А.І.Вярыга-Дарэўскі.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́НСКІ (Аляксандр Феліксавіч) (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),

бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл. Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар. рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.​Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да маст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.​Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел. рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.​Баршчэўскага, Г.​Марцінкевіча, В.​Рэута, Ф.​Рысінскага, Т.​Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.​І.​Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;

Піятуховіч М. Рукапісы А.​Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

У.​І.​Мархель.

А.Ф.Рыпінскі.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)