ГАЛІМБА́ЕВА (Айша Гарыфаўна) (н. 11.1.1918, г. Ісык, Казахстан),

казахскі жывапісец. Нар. мастак Казахстана (1967). Вучылася ў Алма-Ацінскім маст. вучылішчы (1939—43) і Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1943—49). Аўтар жывапісных работ: «Партрэт Абая» (1949), «Праводзіны сына Джамбула на фронт» (1951), «Народныя таленты» (1957), «Песня Казахстана» (1962), «Піяла кумысу» (1967); эскізаў касцюмаў да фільмаў, малюнкаў для альбома «Казахскі народны касцюм» (1959).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА (Святлана Уладзіміраўна) (н. 18.9.1963, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1982), Бел. АМ (1991). Разнастайная па тэматыцы творчасць пабудавана на кантрастах: работы ў алеі яркія, дынамічныя (трыпціх «Музыканты», «Сасуд», абедзве 1995), у тэмперы — больш мяккія, у блакітна-бірузовым, ружова-пастэльным каларыце (трыпціх «Стыхіі», 1994, «Эўрыдыкі» 1997). Свет створаных ёй вобразаў непаўторны, сімвалічны і сведчыць пра пошук уласнай адметнай стылістыкі.

С.Даманава. «Сасуд». 1995.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНРАЗЕ (Kalnroze; canp. Розенбергс, Rozenbergs) Валдзіс (17.11.1894, г. Кулдыга, Латвія — 1993), латышскі жывапісец-пейзажыст. Нар. маст. Латвіі (1970). Вучыўся ў Латв. АМ (1927—32) у В.Пурвіта. Аўтар лірычных пейзажаў, выкананых у вытанчанай серабрыстай колеравай гаме: «Даўгава» (1935), «Восеньскі пейзаж» (1942), «Мора» (1956), «У рачным заліве» (1957), «Восень ва Угале» (1958), «Старая Рыга» і «Пара квітнення» (1970-я г.) і інш.

В.Калнразе. Восень ва Угале. 1958.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Дзмітрый Іванавіч) (21.9.1880, с. Латонава Мацвеева-Курганскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 1.7.1970),

жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1917). Выкладаў у Віцебскім маст вучылішчы (1925—26, 1928—29), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1958—63). Аўтар твораў «Пры домне» (1917), «Коксавыя печы» (1932), «Малацьба ў калгасе «Іскра» (1937), «На калгасным пчальніку» (1940), «Каля доменнай печы» (да 1959), партрэтаў А.​Стаханава (1935), даяркі Сечнай (1938) і інш.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́ЦКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (10.9.1905, г.п. Халмы Карукаўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 26.5.1968),

украінскі жывапісец. Нар. маст. Украіны (1960). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Пасля сканчэння Кіеўскага маст. ін-та (1928), выкладаў у ім (з 1947 праф.). Майстар жанравай карціны. Творы вызначаюцца дасканалай распрацоўкай сюжэта, псіхалаг. пераканаўчасцю характараў: «Допыт ворага» (1937), «Т.​Шаўчэнка ў ссылцы. Пасля муштры» (1939), «Вяртанне» (1945—1947) і інш.

У.Касцецкі. Вяртанне. 1945—47.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СКІЯ,

бел. мастакі (бацька і сын).

Ксаверы Дамінік (? — 4.12.1764), жывапісец і гравёр. У 1733 — 64 працаваў у Нясвіжскім замку ў кн. Радзівілаў. У 1753 напісаў для гал. алтара Нясвіжскага касцёла езуітаў карціну «Тайная вячэра», пісаў таксама ў ім фрэскі. Стварыў (з Г.​Ляйбовічам) шэраг партрэтаў Радзівілаў для альбома (1757). Адзін з аўтараў дэкарацый для «камедыенгаўза» ў Нясвіжы, узораў (кардонаў) для габеленаў, якія ткаліся на мануфактурах у Карэлічах, Нясвіжы, Міры. Часта працаваў з сынам Юзафам Ксаверыем.

Юзаф Ксаверы, прыдворны жывапісец Радзівілаў у Нясвіжы ў 2-й пал. 18 ст. Сярод работ партрэты Міхала, Урсулы, Ганны (усе 1759), Гераніма (1785) Радзівілаў, польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1783). Афармляў інтэр’еры нясвіжскіх замка і дамініканскага касцёла (1763). Мяркуюць (У.​Сыракомля і інш.), што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу карцін для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла («Раздача міласціны св. Антоніем і епіскапам Юльянам» і інш.). Выязджаў для работ у Брэст і Жоўкву (цяпер г. Несцераў, Украіна). Навучаў прыгонных мастакоў Мікалая, Андрэя, Канстанціна і інш.

Да арт. Гескія. Ю.​К.​Гескі. Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 1783.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЬКО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (19.10.1854, г. Ізюм, Украіна — 7.10.1917),

украінскі жывапісец. У 1876—85 вучыўся ў Пецярбургскай АМ у М.Клота і У.Арлоўскага. Аўтар лірыка-эпічных пейзажаў, адметных мяккімі колеравымі спалучэннямі, жанравых і гіст. карцін («Раніца. Статак у стэпе», 1884, «Казацкі луг», 1893, «Казак і дзяўчына», 1894), манум. пано, альбомаў «З украінскай даўніны» (1900) і «Матывы ўкраінскага арнаменту» (1912, абодва разам з М.Самокішам).

Літ.:

Безхутрий М.М. Сергій Васильківський: Біогр. повість. Київ, 1979.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЬКО́Ў (Павел Пятровіч) (8.12.1879, г. Казань — 16.1.1949),

узбекскі жывапісец. Засл. дз. маст. Узбекістана (1939). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901 — 06), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—32). Майстар пленэру з тонкім адчуваннем прыроды і нац. каларыту Сярэдняй Азіі. Сярод работ: «Старая Бухара» і «Дзяўчаты-хівінкі» (1931), «Ліст з фронту» (1945), «Дзяўчына з дутарам» (1947), «Зноў на радзіме» (1948) і інш.

П.Бянькоў. Дзяўчына з дутарам. 1947.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭЕ́СКУ ((Andreescu) Іон) (15.11.1850, Бухарэст — 22.10.1882),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Бухарэсце (1869—72), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1879—81). У канцы 1870-х г. працаваў у Францыі разам з жывапісцамі барбізонскай школы жывапісу. Пейзажы і партрэты адметныя лірызмам, тонкасцю каларыту: «Чабан з авечкамі» (1873), «У лесе Бузэу» (1874), «Дарога па ўзгорках», «Сялянка ў зялёнай хустцы», аўтапартрэт, «Зіма ў Барбізоне» (усе 1881) і інш.

І.Андрэеску. Аўтапартрэт.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙТЫ́ЕЎ (Гапар Айтыевіч) (28.9.1912, с. Першы Тулейкен Ошскай вобл., Кыргызстан — 16.12.1984),

кіргізскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Чл.-кар. АМ СССР (1974), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Кіргізскі ін-т асветы (1932), у 1935—38 вучыўся ў Маскве. Аўтар паэт. пейзажаў («Поўдзень на Ісык-Кулі», 1954; «Баваўнянае поле на поўдні Кіргізіі», пано, 1955; «Наваколле Андыжана», 1967), партрэтаў («Галерэя партрэтаў сучаснікаў», 1979), размалёвак і інш.

Г.Айтыеў. Наваколле Андыжана. 1967.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)