фра́кцыя

(фр. fraction, ад лац. fractio = разломванне)

1) група членаў якой-н. партыі ў парламенце, грамадскай арганізацыі або адасобленая групоўка ўнутры палітычнай партыі;

2) частка сыпкага або кускавога цвёрдага рэчыва, выдзеленага дробнай перагонкай з вадкасці, раствору (напр. ф. нафты).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Трух ‘ павольная рысь, трушок’ (ТСБМ, Бяльк.), трух‑трух — гукаперайманне для абазначэння бегу дробнай рыссю (ТСБМ), трюх‑трюх — пра язду трушком (мсцісл., Нар. лекс.), трю́ханьня ‘язда трушком’ (Юрч. СНЛ); тру́хаць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ, Шат., ТС; віл., Сл. ПЗБ), тру́хыць ‘тс’ (Бяльк.; Юрч. Сін.), пратру́хаць (Нік. Очерки), часцей, аднак, прыслоўе ў форме назоўніка ў Тв. скл.: тру́хам ‘(трухаць) трушком’ (Шат., Гарэц., Др.-Падб., Янк. 1, Байк. і Некр.; лях., Сл. ПЗБ), трухо́м ‘павольным бегам’ (рагач., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), тру́хом ‘тс’ (ТС), тру́хым ‘тс’ (Бяльк.). Укр. трух ‘конскі бег’, трух‑трух, трюх‑трюх, трюхи́‑трюхи́ — выгук для выражэння бегу каня трушком, трюха́ ‘малая рысь каня’, трухце́м, трюхом ‘трушком’, трю́хати ‘бегчы або ехаць рыссю’, рус. тру́хать ‘ехаць дробнай рыссю’, трю́хать ‘трэсціся’, трюх‑трюх, трух‑трух — перадае язду рыссю. Усходнеславянскае гукапераймальнае ўтварэнне, якое ўзнікла, відаць, пры ад’ідэацыі дзеяслова трусіць < прасл. *trǫsiti (sę) ‘трэсціся’ (Фасмер, 4, 110–112; ЕСУМ, 5, 663), параўн. і польск. trząskiem ‘трушком’ (Брукнер, 579). Сюды ж трухла́ ‘подбежкам’ (Сцяшк. Сл.), трухіня́ць ‘ісці подбегам’ (Скарбы; слонім., Жыв. сл.). Гл. таксама труском, трушком.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РА́ПУШКІ,

рыбы сям. сіговых атр. ласосепадобных. 2 віды: Р. еўрапейская, або балтыйская, або сялява (Coregonus albula), і Р. сібірская, або зельдзь (C. sardinella). Прэснаводныя і паўпрахадныя рыбы, утвараюць мноства форм. Р. еўрап. пашырана ад Ірландыі да бас. Балт. і Баранцава м., трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Буйная Р. з Анежскага і Ладажскага азёр наз. рыпус. Р. сібірская пашырана ў рэках бас. Паўн. Ледавітага ак. ад Белага м. да Аляскі, трапляецца таксама ў вярхоўі Волгі. На Беларусі Р. еўрап. трапляецца ў азёрах бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман, у т. л. воз. Дрывяты, Нарач і інш.

Даўж. да 46 см, маса Р. еўрап. да 1,2 кг (на Беларусі даўж. да 25 см, маса да 200 г), сібірскай каля 0,5 кг. Цела верацёнападобнае. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і акліматызацыі.

А.​М.​Петрыкаў.

Рапушкі: 1 — сібірская; 2 — еўрапейская.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),

французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.​Бланкі (1906), П.​Сезана (1912), К.​Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.

Літ.:

Петрочук О.К. А.​Майоль. М., 1977;

Апчинская Н.В. А.​Майоль. М., 1981.

А.​Маёль. Іль-дэ-Франс. 1920—25.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,

тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.​Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.

Н.​М.​Махнач.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАІ́ (Botaurus),

птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (B. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.

Бугаі: 1 — вялікі; 2 — малы (а — самец; б — самка).

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБРА́НЦЫ,

ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс. чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу для дзяцей дробнай гар. буржуазіі і служачых у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1872—1912. Утвораны з пав. вучылішчаў. Прымалі дзяцей з 7 гадоў. Навучанне 6-гадовае, платнае. Былі 1-, 2-, 3- і 4-класныя. У 2-класных курс 1-га класа 4-гадовы, курс 2-га класа 2-гадовы; у 3- і 4-класных курсы 1-га і 2-га класаў па 2 гады, а 3-га і 4-га па 1 году. Выпускнікі маглі паступаць у ніжэйшыя прафес. школы ці на 1- і 2-гадовыя пед. курсы пры некаторых гарадскіх вучылішчах (давалі права выкладаць у пач. вучылішчах і паступаць у настаўніцкія ін-ты). На Беларусі ў 1906 было 60 гарадскіх вучылішчаў, у т. л. 2-класных 3, 3-класных 40, 4-класных 17. У 1912 гарадскія вучылішчы 3- і 4-класныя пераўтвораны ў вышэйшыя пачатковыя вучылішчы.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУ́ША (Oncorhynchus gorbuscha),

прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Ціхага ак. і прылеглай ч. Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.

Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял. прамысл. значэнне.

Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМГА, ласось высакародны (Salmo salar),

рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Атл. ак., паўд.-зах. ч. Ледавітага ак. каля берагоў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Існуе азёрная форма С. — азёрны ласось (S. s. morpha sebago) у буйных паўн. азёрах Лабрадор, Ладажскае, Анежскае і інш. На Беларусі да пабудовы на рэках плацін заходзіла на нераст з Балтыйскага м. ў рэкі Нёман, Зах. Дзвіна, Вілія, Буг. Апошні раз назіралася ў р. Вілія (1954).

Даўж. цела да 1,5 м, маса да 39 кг. Луска дробная, серабрыстая. Перад нерастам цела цямнее, на баках і галаве паяўляюцца чорныя, чырв. і аранжавыя плямы, у самцоў падаўжаюцца і скрыўляюцца сківіцы. Скура на спіне патаўшчаецца. Плоднасць да 26 тыс. ікрынак. Ікра буйная, аранжавая. У рэкі заходзіць пераважна восенню. Моладзь жыве ў рэках да 5 гадоў, корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай, у моры — рыбай і ракападобнымі. Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.

Сёмга: 1 — самец у звычайным, 2 — у шлюбным убранні.

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)