асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр.СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, падпольныя патрыятычныя арг-цыі, якія дзейнічалі пераважна ў зах. абласцях акупіраванай Беларусі. Узнікалі найчасцей па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам б. членаў КПЗБ і КСМЗБ. Асновай антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі была ячэйка (група) з З—5 чал. на чале з сакратаром; 5—7 ячэек аб’ядноўваліся ў падраёны, 3—4 падраёны — у падп. раённую арг-цыю, якой кіраваў камітэт. На тэр. Беларусі дзейнічалі 2 абласныя (Беластоцкая і Брэсцкая), 3 акруговыя (Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая), 4 гарадскія (Беластоцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Слонімская), 27 раённых антыфашысцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі сотні груп, больш за 12 тыс.чал. Вакол іх групаваліся «сімпатыкі» (спачувальнікі), якія дапамагалі арганізоўваць барацьбу насельніцтва з акупантамі. Антыфашысцкія арганізацыі ўзаемадзейнічалі з партызанамі, дастаўлялі ім зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты, прадукты, здабывалі для іх разведінфармацыю, накіроўвалі да партызанаў мясц. жыхароў, вызваленых ваеннапалонных. Пасля стварэння падп.парт. органаў дзейнасць антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі ўскладнілася, парт. к-ты часам вымушалі арг-цыі да самароспуску. Кіраўнікамі антыфаш. падполля былі І.П.Урбановіч, А.С.Азончык, М.Е.Крыштафовіч, Д.К.Сукачоў, Я.М.Афанасьеў, Б.І.Гардзейчык, А.М.Дурэйка, І.І.Жышко, А.Ф.Манкевіч, Ф.З.Місько, М.А.Несцярук, М.І.Паўлоўскі, М.М.Уладыка, М.Ф.Трында, В.В.Янушка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,
кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф І Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.
Пасля Брэсцкай уніі 1596правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел.правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел.правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус.правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.
У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);
Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1794—1912. Створана ў час задушэння царызмам паўстання 1794. Цэнтр — г. Вільня (у 1794—96 г. Гродна). Спачатку наз. Літоўскае ген.-губернатарства, у 1800—30 Літоўскае ваен. губернатарства, з 1830 Віленскае ваен. губернатарства, пасля 1843 Віленскае, Гродзенскае і Ковенскае ген.-губернатарства. Ядром яго былі землі ВКЛ, далучаныя да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). У сувязі з адм.-тэр. зменамі і інш. падзеямі (паўстанні 1830—31 і 1863—64) тэр.ген.-губернатарства мянялася. У склад яго ў розны час уваходзілі: Слонімская і Віленская (1795—97), Літоўская (1797—1801), Віленская і Гродзенская (з 1801) губ., Беластоцкая вобл. (1831—42), Ковенская (з 1843), Мінская (1834—56 і 1862—70), Віцебская і Магілёўская (1863—69), Аўгустоўская (1863-564) губ. У 1850—55 ген.-губернатар кіраваў і Віленскай навучальнай акругай на правах папячыцеля. З 1860-х г. віленскага ген.-губернатара наз. «гал. начальнікам Паўн.-Зах. краю». З утварэннем Віленскай ваен. акругі пасада віленскага ген.-губернатара ў 1862—84, а часам і пазней аб’ядноўвалася з пасадай камандуючага войскамі акругі. Пасля 1909 ген.-губернатары не прызначаліся. Упраўленне ген.губернатара існавала да 1.7.1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413тэр. К.г. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Рас. імперыі ў 1829—50. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17.1.1829 пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі. Напачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 Мінская, з 1832 Гродзенская, Віленская губ. і Беластоцкая вобласці. Рэформы асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошні дакумент прадугледжваў уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навуч. сістэмы праводзілася з мэтай ліквідацыі польск. паліт. і культ. ўплыву. Навуч. ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкаму духавенству, замест польск. мовы ўводзілася руская. За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэр. створана 6 гімназій, 17 пав. вучылішчаў, 160 пач. школ і 29 пансіёнаў. У 1834 адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя. У 1848 адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая вышэйшая навуч. ўстанова ў Беларускай навучальнай акрузе. У 1840 на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, з іх 65,2% складалі дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5% — дзеці сялян, 16,3% — дзеці мяшчан, рамеснікаў і інш.; у школах працавалі 553 настаўнікі. Пасля ліквідацыі акругі (2.5.1850) навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. аднесены да адноўленай Віленскай навуч. акругі, навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. — да Пецярбургскай навучальнай акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б.Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.
Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн.дзес. з 3,8 млн.чал.Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ.гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.К.Анішчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ
(грэч. Akadēmia),
назва навук., навуч., асветных, маст. устаноў і т-ваў. Слова «акадэмія» паходзіць ад імя стараж.-грэч. міфічнага героя Акадэма, у гонар якога былі названы свяшчэнныя сады, дзе Платон каля 387 да н.э. заснаваў філас. школу (гл.Акадэмія платонаўская). У сярэднявеччы ў Еўропе і ў араб. краінах узніклі акадэміі як навук. і навуч. ўстановы. У 15—16 ст. гэта назва замацавалася ў Італіі за рознымі т-вамі, якія вывучалі мову і л-ру; пазней узніклі падобныя т-вы прыродазнаўства, эксперым. метадаў даследавання. З 2-й пал. 17 ст. ствараюцца акадэміі як навук. цэнтры (Акадэміі навук): Парыжская АН (1666), АН у Берліне (1700), Пецярбургская АН (1724), Рас. Акадэмія (Пецярбург, 1783). Важнае значэнне як навук. цэнтры маюць Нац.АН ЗША, Аўстрыйская, Шведская і інш. У Вялікабрытаніі ролю АН выконвае Лонданскае каралеўскае т-ва (1662). Цэнтр.навук. ўстанова Францыі — Ін-т Францыі (аб’ядноўвае 5 нац., у т. л. Парыжскую АН).
Старэйшая на тэр. Беларусі і Літвы — Віленская акадэмія, заснаваная ў 1579 (гл.Віленскі універсітэт). У 1775—81 існавала Гродзенскаямед. акадэмія, на чале якой быў франц. хірург і анатам Ж.Э.Жылібер. На базе Полацкага езуіцкага калегіума была створана Полацкая акадэмія (1812—20). У 1840 у маёнтку Горы-Горкі заснавана першая на Беларусі вышэйшая с.-г.навуч. ўстанова — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У 1957—61 у Мінску існавала Акадэмія с.-г. навук БССР. Вышэйшай навук. установай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Акадэмія навук Беларусі (засн. ў 1929). У 1991 засн.Акадэмія кіравання, якая займаецца навук. і навуч. дзейнасцю, у 1992 — Акадэмія аграрных навук. У 1993 створана недзярж. вышэйшая навуч. ўстанова Акадэмія парламентарызму і прадпрымальніцтва. Статус акадэміі атрымалі некаторыя спец.ВНУ (гл.Беларуская дзяржаўная політэхнічная акадэмія, Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Акадэмія міліцыі, Акадэмія фізічнага выхавання і спорту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ (ВНУ). Рыхтуюць спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін гаспадаркі, аховы здароўя, навукі, культуры, а таксама органаў дзярж. кіравання. Да ВНУ належаць ун-ты (у т. л.тэхн., мед., с.-г., пед.), ін-ты рознага профілю (інж., с.-г., маст. і інш.), акадэміі, кансерваторыі; у некат. краінах — каледжы, а таксама духоўныя ВНУ. Правобраз ВНУ — вышэйшыя для свайго часу філас. школы ант. перыяду, у якіх выкладанне вялося ў форме лекцый, гутарак і дыспутаў. Такую арг-цыю навучання перанялі сярэдневяковыя ун-ты, якія ўзніклі ў Зах. Еўропе ў 13 ст. У 16—17 ст. адбывалася пашырэнне спецыялізацыі ў вышэйшай школе. Пры ун-тах сталі ўзнікаць адносна самаст.навук. і практычныя школы. У 18 ст. значны ўплыў на змест і метады выкладання ў ВНУ аказалі ідэі В.Гумбальта, рэалізаваныя ў практыцы Берлінскага універсітэта; склалася факультэцкая сістэма. У канцы 19 ст. пры ВНУ пачалі ўзнікаць н.-д. падраздзяленні. У 20 ст. факультэцкая сістэма будовы ВНУ набыла больш свабодны характар, многія ВНУ перайшлі на шматпрофільную форму арг-цыі работы аддзяленняў і кафедраў. Большасць вядучых сучасных ВНУ — гэта вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, якія даюць студэнтам адукацыю і магчымасць займацца навук. даследаваннямі. У большасці краін свету асноўны ўплыў на сістэму вышэйшай школы аказваюць ун-ты і ВНУ універсітэцкага статуса.
У Беларусі першай ВНУ была Віленская акадэмія (з 1579; гл.Віленскі універсітэт). З 1775 дзейнічала Гродзенская медыцынская акадэмія — першая на Беларусі ВНУ па падрыхтоўцы мед. персаналу. У 1812—20 на правах ВНУ дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (гл.Горы-Горацкая земляробчая школа, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). Сталая сетка ВНУ на Беларусі сфарміравалася ў 1920—30-я г. (гл. раздзел Асвета ў арт.Беларусь). У 1996/97 навуч.г. на Беларусі 39 дзярж., 18 недзярж. ВНУ.