НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),

Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак. Пл. 923,8 тыс. км². Нас. 113,8 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г. Абуджа; былая сталіца і гал. эканам. цэнтр — г. Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.

Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд. т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж.студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал. р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.

Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн. чал. Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн. чал.) і ігба (каля 21 млн. чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн. чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн. чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс. чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс. ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн. ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.

Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. У канцы 1-га тыс. н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс. н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр. паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн. нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.

1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх. вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн. чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар. дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар. дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.

Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн. т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд. кВт·гадз (1996); 61% даюць ЦЭСнайб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс. т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст. прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн. т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн. т за год) і Алоджы (1 млн. т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс. т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс. т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн. га, пад пашай каля 40 млн. га, арашаецца каля 1 млн. га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пнфеад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн. т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах. ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс. т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс. т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс. т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс. км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд. дол., імпарт — 9,8 млрд. дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал. гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс. чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.

Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст. н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап. акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб- розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.

Літ.:

История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;

Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ. М., 1984;

Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;

Современные литературы Африки. М., 1973.

І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).

Герб і сцяг Нігерыі.
Да арт. Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.
Да арт. Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.
Да арт. Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.

т. 11, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́КА, Каралеўства Марока (араб. Аль-Мамляка аль-Магрыбія або Магрыб аль-Акса, літар. далёкі захад) дзяржава ў Паўн.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на У і ПдУ з Алжырам, на Пд — з Заходняй Сахарай. На Пн абмываецца Міжземным м. (на ўзбярэжжы гарады Сеута і Мелілья належаць Іспаніі), на З — Атлантычным ак. Пл. 446,6 тыс. км². Нас. 29,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Рабат. Падзяляецца на 31 правінцыю і 2 прэфектуры. Нац. свята — Дзень трона (3 сак. — дата ўступлення на прастол караля Хасана II у 1961).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная спадчынная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны парламент — Палата прадстаўнікоў, 306 членаў якога выбіраюцца на 6 гадоў (​2/3 з іх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах, ​1/3 — калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з дэпутатаў камунальных, правінцыяльных і прэфектурных саветаў і інш. арг-цый). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары, у прэфектурах — мэры, у абшчынах — каіды (усіх гэтых асоб назначае кароль). У абшчынах ёсць выбарныя органы мясц. самакіравання (камунальныя і муніцыпальныя саветы). Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, апеляцыйныя суды і т.зв. суды садада, або міравыя трыбуналы.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы (больш за ​1/3 тэрыторыі) і высокія раўніны (месеты). На Пн горы Эр-Рыф. Праз цэнтр. ч. з ПдЗ на ПнУ цягнуцца хрыбты Атласа — Сярэдні Атлас, Высокі Атлас (г. Тубкаль, 4165 м), Антыатлас. Горы акаймоўваюцца высокімі раўнінамі, на ПнЗ — Мараканскай Месетай, на ПдУ — Перадсахарскай Месетай. Раўніны на марскіх узбярэжжах. Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: фасфарыты (адно з першых месцаў у свеце, разведаныя запасы 10,6 млрд. т), руды кобальту, вальфраму, ванадыю, хрому, тытану, жалеза, медзі, поліметалаў, невял. запасы вугалю і нафты. Клімат пераважна субтрапічны міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэднія т-ры студз. 10—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў ад 1700—1000 мм на зах. схілах гор да 200—100 мм на Пд і ПдУ. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Рэк з пастаянным цячэннем мала; галоўныя — Ум-эр-Рбія, Мулуя, Себу. На Пд і У шмат вадзі. У гарах на ПнЗ субтрапічныя лясы (12 % тэр.), гаі коркавага дуба і атласкага кедра. У паўпустынях — разрэджаная расліннасць (трава альфа, палыны і інш.). Аазісы з фінікавымі пальмамі. Для жывёльнага свету характэрны драпежнікі (шакал, гіена, рысь, пантэра), шмат грызуноў (зайцы, тушканчыкі, мышы), паўзуноў і птушак. З насякомых найб. небяспечная саранча. У краіне 2 нац. паркі (Тубкаль, Тазека) і каля 100 запаведнікаў.

Насельніцтва. 99,1% складаюць мараканцы, у т. л. арабы — 74,1%, берберы — 25%; еўрапейцаў 0,7% (французы, іспанцы і інш.), яўрэяў 0,2%. 98,7% насельніцтва — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 1,9%. Сярэдняя шчыльн. 65,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200—300 чал. на 1 км²) заселены раўнінныя ўчасткі на ПнЗ. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (млн. ж., з прыгарадамі, 1998): Касабланка — 3,4, Рабат — 1,6, Маракеш — 1,6, Фес — 1,2, Танжэр —0,65, Кенітра — 0,43. Каля 1,5 млн. чал. — качэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 26%, у інш. галінах — 9%. У сувязі з няпоўнай занятасцю многія жыхары М. выязджаюць за мяжу, дзе пражывае каля 0,5 млн. мараканцаў (пераважна ў Францыі).

Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — плямёны бербераў. У 12 ст. да н.э. міжземнаморскае ўзбярэжжа М. каланізавана фінікійцамі, з 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагену. Пасля яго разбурэння рымлянамі (146 да н.э.) М. знаходзілася пад іх уплывам, каля 42 н.э. паўн. ч. краіны ўвайшла ў склад Рым. імперыі як прав. Маўрэтанія Тынгітана. У 429 узбярэжжа М. заваявалі вандалы, у 533 — Візантыя. У 682 М. заваявалі арабы, якія зрабілі вял. ўплыў на жыццё насельніцтва краіны: усё яно, за выключэннем яўрэяў, перайшло ў іслам, араб. мова стала дзяржаўнай. У канцы 8 ст. М. аддзялілася ад Арабскага халіфата, тут замацавалася араб. дынастыя Ідрысідаў (789—926). Пазней правілі розныя дынастыі араб. і берберскага паходжання, з якіх найб. магутныя Альмаравіды (1050—1147) і Альмахады (1147—1269). Пры Альмахадах М. было цэнтрам вял. дзяржавы, якая ўключала тэр. сучасных Алжыра, Туніса, Лівіі, значныя ч. Іспаніі і Партугаліі. Пасля яе распаду пачаўся доўгі перыяд міжусобіц і войнаў паміж берберамі і арабамі. Адначасова разгарнулася еўрап. экспансія. У 1415 Партугалія захапіла г. Сеута. Паступова Партугалія і Іспанія ўстанавілі кантроль над узбярэжжам М. Адраджэнне М. пачалося пры 1-й дынастыі Саадзідаў (1554—1660). У 1578 мараканцы нанеслі паражэнне партугальцам і да канца 17 ст. аднавілі сваю ўладу над б.ч. прыбярэжных гарадоў. Кіраванне Ахмеда аль-Мансура [1579—1603] лічыцца «залатым векам» у гісторыі М. У 1660 да ўлады прыйшла 2-я дынастыя Саадзідаў, якая дасягнула найб. магутнасці пры Ісмаіле [1672—1727]. Пасля яго смерці М. перажыло працяглыя міжусобіцы і грамадз. войны. У 18 — пач. 19 ст. піраты М. і інш. «варварскіх дзяржаў» Паўн. Афрыкі стваралі вял. небяспеку марскому гандлю ў Міжземнамор’і. Гэта прыцягнула да М. ўвагу вял. еўрап. дзяржаў (Іспаніі, Вялікабрытаніі і Францыі). У 1859—60 Іспанія захапіла г. Тэтуан. У 1904 Вялікабрытанія прызнала М. сферай франц. інтарэсаў, а Францыя і Іспанія дамовіліся пра падзел М. на сферы ўплыву, што выклікала процідзеянне Германіі і прывяло да Мараканскіх крызісаў 1906—11. У сак. 1912 Францыя ўстанавіла пратэктарат над М., невял. тэр. на Пн краіны паводле франка-ісп. пагаднення (ліст. 1912) адышла пад ісп. кантроль. У 1920 правадыр рыфскіх плямён Абд аль-Керым узняў паўстанне супраць іспанцаў і да 1924 вызваліў б. частку ісп. М. Паўстанне задушана ў 1926 франц. арміяй (200 тыс. чал.) на чале з маршалам А.Ф.Петэнам. Пасля паражэння Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) Франц. М. перайшло пад уладу калабарацыянісцкага ўрада «Вішы» і фактычна ператварылася ў сыравінную базу і стратэг. плацдарм Германіі і яе саюзнікаў па «восі». У ліст. 1942 у Паўн. Афрыцы высадзіліся англа-амер. войскі, якія выгналі з М. ням. і італьян. акупантаў. Адначасова ў краіне ўзмацніўся нац.-вызв. рух, у 1943 узніклі партыя «Ісцікляль» («Незалежнасць») і камуніст. партыя М., якія адыгрывалі важную ролю ў барацьбе за незалежнасць. У канцы 1950 султан М. Сідзі Мухамед бен Юсуф запатрабаваў ад Францыі даць яго краіне поўны суверэнітэт, але атрымаў адмову і ў жн. 1953 быў пазбаўлены прастола (зноў атрымаў яго ад франц. улад у кастр. 1955 пад уплывам шырокага паўстанцкага руху).

2.3.1956 Францыя прызнала незалежнасць Франц. М. У крас. 1956 Іспанія перадала М. сваю ч. краіны, але захавала за сабой гарады Мелілья і Сеута. У 1957 у склад М. вернуты г. Танжэр (дагэтуль міжнар. зона), у 1958 — тэр. Тарфая. У жн. 1957 Сідзі Мухамед бен Юсуф абвясціў сябе каралём М. пад імем Мухамеда V. Пасля яго смерці (лют. 1961) каралеўскі прастол заняў яго сын Хасан II [1961—99], які ў снеж. 1962 выдаў першую канстытуцыю М. і абвясціў краіну канстытуцыйнай манархіяй. Тады ж адбыліся першыя ўсеагульныя выбары. У 1972 прынята новая канстытуцыя. На эканам. становішча М. негатыўна паўплываў ваен. канфлікт з фронтам ПОЛІСАРЫО у Зах. Сахары ў 1976—89. На ўсеагульным рэферэндуме ў вер. 1997 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх створаны 2-палатны парламент, вызначаны функцыі губернатараў, замацаваны палажэнні аб прыхільнасці М. да дэмакр. каштоўнасцей. На выбарах у канцы 1997 дасягнула поспеху дэмакр. апазіцыя на чале з Сацыяліст. саюзам нар. сіл, лідэр якога А.Юсуфі стаў у лют. 1998 прэм’ер-міністрам. Пасля смерці ў жн. 1999 Хасана II каралём М. стаў Мухамед VI. М. — чл. ААН (з 1956), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. краін (з 1956). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. саюз нар. сіл, Канстытуцыйны саюз, Нац. аб’яднанне незалежных, Народны рух, Ісцікляль і інш. Найб. прафс. аб’яднанні — Мараканскі саюз працы, Усеагульны прафсаюз працоўных М., Дэмакр. канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. М. — індустр.-аграрная краіна, належыць да найб. развітых краін Афрыкі. Прам-сць дае 32,2% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14,3%, абслуговыя галіны — 53,5%. Штогадовы даход на 1 чал. — 1140 дол. (1996). Найб. развіта горназдабыўная прам-сць. Яе аснова — здабыча фасфарытаў (18,3 млн. т, 1995); гал. радовішчы — Хурыбга, Юсуфія, Бен-Герыр. Здабываюць таксама жал., свінцова-цынкавую, марганцавую, кобальтавую. медную руды, плавікавы шпат і інш. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Надоры (арматурная сталь, катанка), невял. з-дамі па вытв-сці акатышаў, стальных і чыгунных труб. Ёсць прадпрыемствы каляровай металургіі. Машынабудаванне развіта пераважна на імпартаваных вузлах і дэталях. Працуе 6 аўтазборачных (легкавыя і грузавыя аўтамабілі) і трактаразборачны з-ды. Вытв-сць чыг. вагонаў, горнашахтавага абсталявання. Электратэхн. прам-сць (больш за 60 прадпрыемстваў) вырабляе халадзільнікі, швейныя і пральныя машыны, газавыя і эл. пліты. Наладжаны выпуск электронных кампанентаў і камп’ютэраў. Хім. прам-сць выпускае фосфарныя (926 тыс. т, 1997) і азотныя (280 тыс. т) угнаенні, саляную і фосфарную кіслоты і інш. Фармацэўтычная прам-сць задавальняе патрэбы краіны на 85%. Вытв-сць цэменту склала 6,4 млн. т. Лёгкая прам-сць выпускае тканіны (баваўняныя, шаўковыя, суконныя), габелены, дываны. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці. З галін харч. прам-сці вылучаюцца цукровая (13 заводаў), кансервавая (1-е месца ў свеце па выпуску кансерваў з сардзіны), алейная, вінаробчая, мукамольная; з-ды па вытв-сці фруктовых сокаў. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (выпуск ДСП, тары, буд. элементаў, апрацоўка кары коркавага дубу). Паліўна-энергет. комплекс уключае нафтаперапр. з-ды ў Сіды-Касеме і Махамедыі, здабычу каменнага вугалю (603,8 тыс. т, 1995), цеплавыя электрастанцыі. На рэках працуюць 17 ГЭС. Ёсць геліяўстаноўкі. Штогод атрымліваюць больш за 10 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы — у гарадах на Пн краіны, у т. л. палавіна — у Касабланцы. Шырока развіты саматужныя промыслы — выраб скураных, медных, плеценых вырабаў, дываноў, прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў і інш. Сельская гаспадарка — традыцыйны занятак б.ч. насельніцтва. Землі, прыдатныя для апрацоўкі, складаюць каля 20,7% тэр. краіны, апрацоўваецца каля 7,6 млн. га, пад пашай 20 млн. га. 6% апрацаваных зямель займаюць шматгадовыя насаджэнні, 13,6% — арашаецца. Каля палавіны с.-г. зямель належыць буйным землеўладальнікам. Раслінаводства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Найб. развіта на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Вырошчваюць пшаніцу (валавы збор 1,2—1,6 млн. т), ячмень (608 тыс. т), кукурузу, авёс, жыта, сорга, проса, на арашальных землях — рыс. Агародніну і фрукты вырошчваюць часткова на экспарт. Збор (тыс. т, 1995): памідораў — 624, морквы — 224, дынь — 415, ранняй бульбы — 770, алівак — 436, вінаграду — 128, апельсінаў — 676, мандарынаў — 304, яблыкаў — 270. Вырошчваюць цукр. буракі (2,7 млн. т, 1995) і цукр. трыснёг (1 млн. т), бавоўнік, лён, сізаль, тытунь. Збор травы альфа. Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, асн. занятак насельніцтва ў горных і паўпустынных раёнах. Гадуюць (1995, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 2500, авечак — 16 600, коз — 4400, аслоў — 880, мулаў — 351, коней — 156, вярблюдаў — 36. Каля буйных гарадоў прамысл. птушкагадоўля. У рыбалоўстве занята больш за 100 тыс. чал. Штогод ловяць 0,5—0,8 млн. т сардзіны, тунца, макрэлі. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 53,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 28,2 тыс. км, чыгунак 1562 км. Гал. парты Касабланка, Сафі, Танжэр, Кенітра, Агадыр. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Касабланцы і Рабаце. У 1996 экспарт склаў 7,7 млрд. дол., імпарт — 9,8 млрд. долараў. Гал. тавары экспарту: фасфарыты, фосфарныя ўгнаенні, фосфарная кіслата (больш за 40% па кошце), канцэнтраты руд каляровых металаў, цытрусавыя, агародніна, ранняя бульба, сардзіны, тэкстыль. У імпарце пераважна нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты.

Вядучыя краіны па экспарце — Францыя, Іспанія, Японія, па імпарце — Францыя, Іспанія, ЗША. М. — краіна развітога турызму. Па колькасці замежных турыстаў (3115 тыс. чал. у 1997) займае 4-е месца сярод афр. краін. Даходы ад турызму склалі ў 1997 1,2 млрд. долараў. Асн. цэнтры замежнага турызму — Атлантычнае ўзбярэжжа і гарады Агадыр, Фес, Маракеш, Танжэр, Тэтуан. Знешняя запазычанасць — 21 млрд. долараў. Асн. крэдыторы — Францыя, ЗША, Германія, некат. арабскія краіны, міжнар. банкі і кансорцыумы. Грашовая адзінка — дырхем.

Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 200 тыс. чал. (1998). Галоўнакамандуючы — кароль. У сухап. войсках 175 тыс. чал., больш за 600 танкаў, 780 бронетранспарцёраў, каля 800 гармат, у т. л. 420 зенітных, 1,1 тыс. мінамётаў, больш за 100 зенітных ракетных комплексаў. У ВПС 13,5 тыс. чал., 89 баявых самалётаў і 24 баявыя верталёты. У ВМС 7,8 тыс. чал., у т. л. 1,5 тыс. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 24 катэры.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 120 перыяд. выданняў. Найб. масавыя газеты на араб. — «Аль-Анба» («Весці», з 1971), «Аль-Місак аль-Ватані» («Нацыянальная хартыя», з 1977), «Аль-Ітыхад аль-Іштыракі» («Сацыялістычны саюз», з 1983), «Аль-Алям» («Сцяг», з 1946), на франц. — «Le Matin du Sahara et du Maghreb» («Раніца Сахары і Магрыба», з 1971), «L’Opinion» («Думка», з 1965), на араб. і франц. мовах — «Аль-Баян» («Заява», з 1972), «Аль-Дэмакраці» («Дэмакратыя», з 1982). Урадавае інфарм. агенцтва — Магрыб Араб Прэс (МАП, засн. ў 1959). Радыёвяшчанне з 1962, перадачы вядуцца на араб., франц., ісп., англ., берберскай мовах. Тэлебачанне з 1962, на араб. і франц. мовах.

Літаратура. Развіваецца на араб., берберскай і франц. мовах. Першы пісьмовы помнік берберскай славеснасці — Каран Баргуаты (8 ст., страчаны). Араб. л-ра М. класічнага перыяду прадстаўлена асн. жанрамі класічнай араб. л-ры (гл. ў арт. Арабская культура). У 11—12 ст. у паэзіі вядучае месца займалі лірыка і панегірык (Ібн Хабус, Ібн Рушэйд). У прозе 12—14 ст. пераважалі гіст. летапісы (Абд аль-Вахід аль-Маракушы, Ібн аль-Катан) і геагр. творы (Ідрысі, Ібн Батута). У 15—16 ст. узнікла біягр. і жыційная л-ра. З 16 ст. культываваліся традыцыі андалускай паэзіі. Нар. л-ра на араб. і берберскай мовах вядома з 14—15 ст.: вусныя фалькл. і аўтарскія вершаваныя і празаічныя жанры — эпічныя паэмы і жывёльны эпас (казкі). У 1930-я г. вядомасць набыла берберская нар. паэтэса Н.А.Мрырыда. Росквіту дасягнула паэзія мальхун, якая на літ. араб. мове прадоўжыла асн. матывы класічнай араб. паэзіі. З 17 ст. развіваліся традыцыі нар. паэзіі Андалусіі. Сучасная л-ра на араб. і франц. мовах атрымала развіццё пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з уздымам нац.-вызв. руху. На мяжы 1940—50-х г. складвалася апавядальная проза на араб. і франц. мовах (А. аль-Фасі, А.Бенджэлун, А.Сефрыўі). У 1950-я г. вядучае месца заняў франкамоўны раман (Д. Шрайбі), атрымала вядомасць паэзія на франц. мове М.А.Лахбабі. Тэмы нац.-вызв. барацьбы і станаўлення новага ўкладу жыцця пераважалі ў творчасці арабамоўных паэтаў М.Маадаўі, Б.Ламтуні, М. ат-Танжаўі. У 1960-я г. ўзніклі гіст. п’есы Х.Саіха на літ. араб. мове, драматургія на франц. мове (Фарыс Фарыд) і на мараканскім дыялекце араб. мовы (А. аль-Алажы). Бурна развівалася арабамоўная проза: творы публіцыста А.Галаба, раманы Лахбабі, навелы і раманы пісьменнікаў новага пакалення — М.Сабага, М.Буалу, М.Знібера, А. аль-Бакалі, А.Ларуі, А.Схімі, Д. аль-Хуры, М.Шагмума, М.Барады і інш. З наватарскімі пошукамі ў паэзіі выступілі М.Хайрэддзін, Т.Бенджэлун. Захоўвае папулярнасць і франкамоўная л-ра (Шрайбі, А.Хатыбі). У 1960 засн. Саюз пісьменнікаў М.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд. раёнах М. захаваліся наскальныя выявы сланоў, антылоп, птушак часоў неаліту. Ад 1-га тыс. да н.э. захаваліся кальцавыя каменныя могільнікі (шушы) мясц. качавых плямён, рэшткі фінікійскіх калоній (Тынгіс, сучасны Танжэр), руіны рым. гарадоў (Валюбіліс, Тамуд) з рэшткамі арх. ансамбляў, мазаікамі, скульптурай. У 11—15 ст. у М. развівалася адна са школ маўрытанскага мастацтва. Сярэдневяковыя гарады, якія будаваліся з каменю, бетону, гліны і цэглы, уключалі касбу (цытадэль) і медыну (гар. ядро), абкружаныя сценамі з прамавугольнымі ў плане вежамі (Мекнес, Рабат, Фес). У культавай архітэктуры склаўся тып шматстаўповай мячэці са сталактытавымі ці ячэістымі купаламі, з драўлянай наборнай столлю-артэсанада з кесонамі: мячэці Караўін у Фесе (859—1135), Кутубія ў г. Маракеш (1153, 17 нефаў; мінарэт 1184—99, выш. 67,5 м, разны каменны дэкор), Хасана ў Рабаце (1195, не завершана). Высокага ўзроўню дасягнула фартыфікацыйнае буд-ва: крэпасці Амаргу каля Феса (11 ст.), Тасгімут (12 ст.), гар. ўмацаванні з брамамі, аздобленымі разьбой па камені (Баб-Агвенау ў Маракешы, 12 ст.). Помнікі 13—14 ст. дэкарыраваны драўлянай і стукавай разьбой, паліванай кафляй, керамічнай і шкляной мазаікай, вітражамі (Вял. мячэць у г. Таза, медрэсэ Атарын у Фесе). Пабудовы 16—17 ст. адметныя празмернай пышнасцю (ансамбль маўзалеяў у Маракешы, Вял. мячэці ў Танжэры і Тэтуане). Са збудаванняў 18—19 ст. вылучаюцца вароты Баб-эль-Мансур у Мекнесе, палацы Феса (Дар-Бата), Мекнеса і інш. У сярэднія вякі склаліся тыпы нар. жылля мараканцаў: 2-павярховыя дамы з унутр. дваром, горныя жытлы-замкі бербераў (касба, ксар), круглыя ў плане хаціны (нуала) з конусападобным саламяным дахам, жытлы з 2-схільным дахам з чароту. У мастацтве сярэднявечча росквіту дасягнулі ткацтва (шоўк, парча, дыванаткацтва; Рабат і Маракеш), цісненне па скуры, выраб керамікі са штампаванымі і размаляванымі ўзорамі, маст. апрацоўка бронзы (шмат’ярусныя ажурныя люстры для мячэцей). У перыяд франц. пратэктарату ў гарадах з’явіліся раёны еўрап. забудовы (франц. арх. А.Прост). У 1-й пал. 20 ст. пашыраны стыль «марэск» — эклектычнае выкарыстанне дэкар. элементаў маўрытанскай архітэктуры. У 1950—80-я г. будавалі ў сучасных стылях з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў (Касабланка, Рабат і інш.). Развіваецца новае для М. выяўл. мастацтва (жывапісцы МА.Ідрысі, М.Мушбаа, скульпт. Х. бен Салах, графік М.Амар). Пашыраны гар. кааператывы прыкладнога мастацтва. Развіваюцца выраб дываноў, цісненне і вышыўка па скуры, чаканка і інкрустацыя па медзі, ювелірная справа. Помнікі медын у Маракешы і Фесе, жытлы-замкі ў в. Аіф-бен-Хадоу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Музыка. У музыцы М. вылучаюцца 2 асн. галіны: берберская (найб. стараж.) і арабская. Мастацтва берберамоўных народаў сінкрэтычнае: непарыўная сувязь музыкі, паэзіі і танца. Найб. пашыраныя жанры — аферды (распеў загадак), ташэрафт (пастухоўскія песні без інстр. суправаджэння), атэмшы, або ізлі (невял. песні-паэмы). Музыка бербераў засн. пераважна на 7-ступенных дыятанічных ладах, сустракаецца і пентатоніка. Характэрныя рэспансорныя спевы ў суправаджэнні інстр. ансамбляў (духавыя і ўдарныя інструменты — зурны і табл; касабы і бендыры); часам для акампанементу выкарыстоўваецца гуінбры — 2—3-струнная лютня. З 7 ст. замацаваліся стылі і жанры араб. муз. мастацтва, у т. л. звязаныя з мусульм. рэліг. культам, у 12—13 ст. — рытуальныя містычныя цырымоніі. Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя рэбаб, уд, 72-струнная цытра канун; най (падоўжная флейта), мембранафоны — дарабука, рык, табл і інш. Свецкія жанры фарміраваліся ў рэчышчы т.зв. андалускай школы (9—15 ст., заснавальнік Зір’яб), асн. жанр — нуба (вак.-інстр. кампазіцыя), сярод інш. жанраў — касыда, мувашах, заджаль, мауэль (вак.), таксім (інструментальны). У сярэднявеччы сфарміраваліся асновы муз. тэорыі, склалася ладавая сістэма макамаў. У 16 ст. ўзніклі гар. песенныя стылі, у т. л. грыха, для якіх характэрна куплетная форма з прыпевам. З сярэдзіны 16 ст. музыка М. зазнала тур. ўплыў. У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. яна трапіла пад уплыў франц. муз. мастацтва. З 1950-х г. узмацнілася тэндэнцыя да захавання і развіцця нац. музыкі. Сярод муз. дзеячаў кампазітары М.Беніс, А.Аўатыф, М.Шэкруні, інструменталісты Х. бен Брахім, О.Тантаўі, выканаўца на кануне і музыказнавец С.Шаркі. Працуюць ансамблі андалускай музыкі, кансерваторыі, праводзяцца міжнар. фестывалі нар. мастацтва (з 1960, г. Маракеш), кангрэсы араб. музыкі.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы зняты франц. аператарамі ў 1897. У 1944 арганізаваны Мараканскі кінацэнтр і кінастудыя «Сусі». Рэгулярны выпуск кінахронікі ў М. пачаўся з 1958 (рэж. Л.Беншэкрун, М.Афіфі, А.Рамдані, М.Тазі). У 1968—70 створана студыя «Айн-Шок», пачалася вытв-сць паўнаметражных фільмаў, пераважна прыгодніцкіх, сумесна з Францыяй, Італіяй, Іспаніяй, Егіптам, Румыніяй і інш. Першыя стужкі — перайманні егіп. меладрам і галівудскіх фільмаў 1940-х г. Пошукі сучасных сродкаў выразнасці выявіліся ў фільмах «Веснавое сонца» (рэж. Л.Лахлу), «Сляды» (рэж. Х.Бенані; абодва 1970), «Аш-Шэргі, або Лютае маўчанне» (1975, рэж. М.Сміхі), «Аль Канфудзі» (1978, рэж. Лахлу), прысвечаных гісторыі краіны. Сац.-крытычная тэндэнцыя прадстаўлена творчасцю А.Маануні («Дні... дні», 1979), С.Бен Баркі («Тысяча і адна рука», 1972, з Італіяй). Сярод фільмаў 1980-х г. «Трансы» (1981, рэж. Маануні), «Цырульнік беднага квартала» (рэж. М.Рэгаб) і «Амок» (рэж. Бен Барка, сумесна з Гвінеяй і Сенегалам; абодва 1982), «Наканаванне» (1983, рэж. Ф.Буркія).

Літ.:

Луцкая Н.С. Очерки новейшей истории Марокко. М., 1973;

Аяш Ж. Очерки марокканской истории: Пер. с фр. М., 1982;

Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев, 1982;

Ментешашвили З.А. Социальное развитие независимого Марокко: Традиции и современность. М., 1988;

Кушке И.Г. Писатели Марокко, пишущие на французском языке, 1940—1980 гг. М., 1981;

Дербисалиев А.Б. Арабоязычная литература Марокко: Осн. этапы развития. Алма-Ата, 1983;

Каптерева Т.П. Искусство стран Магриба: Древний период. М., 1980;

Шоттен А. Обзор марокканской музыки: Пер. с фр. М., 1967.

П.Л.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка).

Герб і сцяг Марока.
Да арт. Марока. Атласкія горы.
Да арт. Марока. Узбярэжжа Атлантычнага акіяна каля Танжэра.
Да арт. Марока. Старая французская крэпасць у Эль-Арапшы.
Да арт. Марока Руіны старажытнарымскага горада Валюбіліс.
Да арт. Марока. Унутраны двор мячэці Караўін у г. Фес. 859—1135.
Да арт. Марока. Фрагмент сцяны медрэсэ Атарын у г. Фес. 14 ст.
Да арт. Марока Жытлы-замкі ў вёсцы Аіфбен-Хадоу.

т. 10, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)