лы́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

1. Памянш. да лыка.

2. пераважна мн. (лы́чкі, ‑чак). Вузкія папярочныя нашыўкі на пагонах. Яны прыйшлі ўтрох. Адзін — на пагонах тры белыя лычкі, а ў тых двух — сівыя пагоны, як і іх фрэнчы. Баранавых.

3. Абл. Кольца, круг. Арына паклала ў міску кавалак сала, кавалак мяса і лычка кілбасы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перламу́травы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да перламутру, складаецца з перламутру. Перламутравы слой. // перан. Які нагадвае чым‑н. перламутр. Перламутравы бляск. □ [Хмары] як бы ўзняліся, у іх з’явіліся перламутравыя прамыіны-прасветліны, і навокал паяснела. Карпаў.

2. Зроблены з перламутру; аздоблены перламутрам. Перламутравыя гузікі. Перламутравыя клавішы акардэона. □ З рукавоў пінжака высунуліся белыя шырокія манжэты з перламутравымі запінкамі. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.

Схавацца або прыцішыцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Выслаўшы ў сяло разведку, партызаны прытаіліся ў нізінцы каля возера, у густым асінніку. Краўчанка. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна узіраецца перад сабою. Колас. // Прыціхнуць, замерці. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых. Валька выпіла з імі паўчаркі, легла на печы з Верачкай і прытаілася. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схваста́ць, схвашчу, схвошчаш, схвошча; зак.

Разм.

1. што. Сасцёбаць, хвошчучы чым‑н. Схвастаць лісце з куста.

2. каго. Збіць, хвошчучы чым‑н. [Брат] абапёрся аб стол, так і прастаяў. Аказваецца, белапалякі схвасталі розгамі, што не можа сесці. Баранавых. Тоня .. схвастаў ламачынаю свайго каня. Чорны.

3. што. Хвошчучы, знішчыць, сапсаваць што‑н. [Янка:] — Чуць твой пруток не схвастаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угамава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

Абл.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца. Пісар Васількевіч, як заўважыў Лабановіч, угамаваўся і паспакайнеў. Колас. Ціха ўсё наўкола. Угамавалася станцыя. Нават аматараў вечаровага шпацыру .. і то не відаць. Шынклер.

2. Утаймавацца, перастаць што‑н. рабіць. [Цётка:] На тым тыдні насілі ў Дараўку яйкі, масла і воўну... Яны ж [белапалякі] усё бяруць. Я не ведаю, калі яны ўгамуюцца... Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Навесці ў сябе належны парадак, справіцца з чым‑н., ухадзіцца. [Бацька:] — Дык ты [сын] едзь... але пачакай: з’ездзіш па клункі .. Упарадкуйся тут. Бо не будзе чакаць ярына: авёс жа трэба сеяць. Баранавых. // Пайсці на лад, наладзіцца. Жыццё горада паступова ўпарадкавалася.

2. Стаць добраўпарадкаваным. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы і ўпарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́калатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Сучляненне касцей галёнкі з касцямі ступні, якое выдаецца па баках нагі. Шчыкалаткі былі загорнуты анучамі, якія былі запраўлены ў салдацкія чаравікі. Новікаў. // Абл. Сучляненне касцей на пальцах рук. [Парфеніха] пастукала шчыкалаткамі пальцаў аб паліваны бок. Баранавых. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў ля шчыкалатак голыя рукі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. У мовазнаўстве — вымаўляць ненаціскны гук «е» як «а» («я») пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам.

2. Разм. Выхваляючыся, вельмі часта паўтараць у размове «я». Не звык я змалку якаць, Ды ў справе важна — Якасць! Барадулін. [Яўген:] — Не тое што, як другі — каторы любіць выстаўляцца, штосьці якаць: — Я! я! Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.​Александровіч, З.​Астапенка, А.​Астрэйка, С.​Баранавых, П.​Броўка, П.​Галавач, Ю.​Гаўрук, А.​Звонак, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Б.​Мікуліч, Р.​Мурашка, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, В.​Таўлай, П.​Трус, М.​Чарот, С.​Шушкевіч, Х.​Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП), Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ. сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.​Бэндэ, А.​Кучар, М.​Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пры́цемна, прысл.

1. На світанні або на змярканні, прыцемкам. Ты прыцемна будзеш у Шацку, Пранікнеш у змроку цішком... Бялевіч.

2. безас. у знач. вык. Цемнавата. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. Хаця было прыцемна, але востры позірк Варыва прыкмеціў на руках у старасты валёнкі і коўдру, а на плячы — вінтоўку. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)