гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Юзаф Андрэевіч) (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ СМЕ́ЛЫ (Charles le Téméraire; 10.11.1433, г. Дыжон, Францыя — 5.1.1477),
герцаг Бургундыі [1467—77]. Сын бургундскага герцага Філіпа III Добрага (правіў у 1419—67). Выступаў супраць цэнтралізатарскай палітыкі франц. караля Людовіка XI, дамогся ад яго вяртання пад сваю ўладу гарадоў па р. Сома (1465), імкнуўся стварыць самаст. бургундска-нідэрл. каралеўства, дзеля чаго заваяваў Латарынгію (1475) і інш. землі. Жанаты з Маргарытай Йоркскай (з 1468), дапамог Эдуарду IV вярнуць англ. прастол (1471). Цэнтралізаваў фінансы і войска, ваяваў з Францыяй (1470—75, з перапынкамі), кёльнскім епіскапствам (аблога г. Нейс у 1474—75) і створанай Людовікам XI аўстра-латарынгска-швейц. кааліцыяй (т. Ж бургундскія войны 1476—77): загінуў у час аблогі г. Нансі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),
ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Да арт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГЕО́РГІЙ (Karađorđe),
Георгій Чорны (сапр.Георгій Петравіч; 14.11.1768, с. Вішавац, Сербія — 25.7.1817), дзеяч сербскага нац.-вызв. руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў. Удзельнік антытур. паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстр. ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле інш. звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-тур. вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярх. сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-МАГО́Н ((Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс) (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж.ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ IX [свецкае Мастаі-Ферэці (Mastai-Ferretti) Джавані Марыя; 13.5.1792, г. Сенігалія, Італія — 7.2.1878],
папа рымскі з 1846. У 1846—47 правёў ліберальныя рэформы ў Папскай вобл., абвясціў амністыю для больш чым 10 тыс. палітзняволеных. У пач. Рэвалюцыі 1848—49 сфарміраваў урад (сак. 1848) з удзелам памяркоўных лібералаў, згадзіўся на абвяшчэнне канстытуцыі, адпраўку войск на аўстра-італьянскую вайну 1848—49. Але ў крас. 1848 асудзіў нац. вайну супраць Аўстрыі, заклікаў да інтэрвенцыі супраць аб’яўленай у Рыме рэспублікі, пакінуў Рым. Вярнуўся ў 1850 пасля падзення рэспублікі, праводзіў рэакц. палітыку. Аўтар «Сілабуса» (пералік грамадска-паліт. і рэліг. рухаў, якія падрываюць аўтарытэт папства). Пры ім скліканы ўсяленскі (I Ватыканскі) сабор (1869—70; гл.Ватыканскія саборы). Пасля ліквідацыі папскай улады над Рымам (1870) адмовіўся прызнаць аб’яднаную італьян. дзяржаву. Кананізаваны Іаанам Паўлам II (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДО́ЛЬФ II (Габсбург) (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл.Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон) (3.5.1849, г. Гамбург, Германія — 28.10.1929),
германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў час Баснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).