прыва́тны

(польск. prywatny, ад лац. privatus)

1) які належыць пэўнай асобе, не грамадскі, не калектыўны;

2) які датычыць каго-н. асабіста, асабісты (напр. п-ая перапіска);

3) адзінкавы, не агульны, не тыповы (напр. п. выпадак).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАКСІ́МАЎ (сапр. Ліповіч) Марк Давыдавіч

(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),

расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед. ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.​Жук, М.​Калачынскі, Г.​Кляўко, Я.​Семяжон.

Тв.:

Избранное. М., 1982.

Г.​Е.​Барысаў.

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́СЛІВЕЧАК (Mysliveček) Іозеф (9.8. 1737, Прага —4.2.1781),

чэшскі кампазітар. Музыцы вучыўся ў духоўных навуч. установах (1744—52), кампазіцыю вывучаў у Празе (з 1760) і гарадах Італіі (з 1763). Найб. плённа працаваў у оперным жанры. Яго оперная музыка спалучае рысы традыц. італьян. оперы-серыя і чэш. музыкі, адметная прыгажосцю і багаццем мелодый, майстэрствам вак. пісьма, рытмавай разнастайнасцю і маляўнічасцю гармоніі. У сімф. і камерных творах адчуваецца блізкасць да ранняй творчасці В.​А.​Моцарта, з якім М. быў асабіста знаёмы. Сярод твораў: каля 30 опер, у т. л. «Белерафонт» (паст. 1767), «Дэмафонт» (паст. 1769), «Мантэцума» і «Тамерлан Вялікі» (паст. 1771), «Міласэрнасць Ціта» (паст. 1773), «Эцый» (паст. 1775), «Арміда» (паст. 1779); араторыі на біблейскія сюжэты; канцэртная сімфонія; канцэрты для розных інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі і інш.

Літ.:

Шагинян М.С. И.​Мысливечек. 2 изд. М., 1968;

Pečman R. J.Mysliveček. Praha, 1981.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уручы́ць, уручу, уручыш, уручыць; зак., каго-што, каму-чаму.

Перадаць з рук у рукі, аддаць асабіста каму‑н. Уручыць пісьмо. Уручыць тэлеграму. Уручыць дыплом. □ [Пісар:] — Прабачайце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. / Пра медалі, ордэны. Перад вечарам генерал уручыў узнагароды. Мележ. // перан. Даверыць. Нам Радзіма ўручыла скаткі, Аўтаматы і спакой граніц. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

САМАЛЁТНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на самалётах; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спарт. і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі па выкананні фігур вышэйшага пілатажу (у т. л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы.

Узнік у пач. 20 ст. Міжнар. авіяц. федэрацыя засн. ў 1905 (Парыж), Усерасійскі аэраклуб — у 1908 (Пецярбург). Чэмпіянаты свету па вышэйшым пілатажы праводзяцца з 1960 раз у 2 гады. Найб. развіты С.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі, Швейцарыі і інш.

На Беларусі спаборніцтвы па С.с. праводзяцца штогод з 1949. Зборная каманда — сярэбраны прызёр 19-га асабіста-каманднага чэмпіянату СССР (1972). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся В.​Аўсянкін, Т.​Перасекіна, Я.​Фралоў, В.​Яікава і інш.

т. 14, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВРК),

часовыя надзвычайныя органы ўлады, якія стваралі бальшавікі пры Саветах і ў арміі пры вайсковых к-тах у перыяд падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі і на пачатку барацьбы за дыктатуру пралетарыяту. Дзейнічалі ў кастр. 1917 — сак. 1918. Першы ВРК створаны ў Петраградзе, працаваў пад кіраўніцтвам ЦК РСДРП(б) і асабіста У.​І.​Леніна і стаў штабам узбр. паўстання, цэнтр. органам дзярж. улады, якую перадаў 2-му Усерас. з’езду Саветаў. На Беларусі ВРК створаны ў 1917: у Мінску (гл. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту) і Віцебску 27 кастр. (9 ліст.), у Нясвіжы 29 кастр. (11 ліст.), Барысаве 5(18) ліст., Вілейцы і Гарадку 8(21) ліст., Магілёве 18 ліст. (1 снеж.) і інш., а таксама ў часцях і злучэннях Зах. фронту. Па меры бальшавізацыі Саветаў і вайсковых к-таў, арганізацыі сав. дзярж. апарату неабходнасць у ВРК адпала, уся ўлада перайшла да Саветаў. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ствараліся часовыя надзвычайныя органы ўлады — рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы).

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ ВЯЛІ́КІ (лац. Carolus Magnus, франц. Charlemagne; 2.4.747—28.1.814),

франкскі кароль (з 768), імператар [800—814], палкаводзец. З дынастыі Каралінгаў (назва ад яго імя). Сын Піпіна Кароткага, унук Карла Мартэла.

Ажыццявіў 53 ваен. паходы (27 узначальваў асабіста) супраць саксаў (772—804 з перапынкамі), лангабардаў (773—774, 776—777), арабаў у Іспаніі (778—779, 796—810), зах.-слав. плямён (789—806), авараў (791—799) і інш. Стварыў вялізную дзяржаву (умацаваў яе граніцы праз заснаванне марак), якая ўпершыню пасля распаду Зах. Рымскай імперыі аб’яднала амаль усе хрысц. краіны Зах. Еўропы (уключала тэр. сучасных Францыі, зах. і паўд. Германіі, паўн. і сярэдняй Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Аўстрыі, паўн.-ўсх. Іспаніі). Каранаваны як імператар у Рыме папам Львом III (800), пасля чаго лічыўся правадыром усяго хрысц. Захаду (як візант. імператары на Усходзе). Правёў суд. і ваен. рэформы, апекаваўся царквой, садзейнічаў развіццю культуры і асветы (выдаў указ пра абавязковае навучанне дзяцей вольных людзей, пры яго двары існавала акадэмія).

Карл Вялікі. Бронзавая статуэтка. Каля 870(?).

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАНКА Юрый (Георгій) Іванавіч (25.5.1904, г. Канатоп Сумскай вобл., Украіна — 21.1.1991),

украінскі перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Вінніцкі ін-т сац. выхавання (1933). Перакладаў на ўкр. мову з рус., літ., польск., ням., франц. і інш. моў. Пераклаў з бел. мовы на ўкр. шэраг нар. казак, творы З.​Бядулі («Апавяданні», 1952), Я.​Брыля («Апавяданні», 1954), асобныя п’есы К.​Крапівы, празаічныя творы А.​Васілевіч, В.​Віткі, М.​Вішнеўскага, В.​Зуба, У.​Краўчанкі, М.​Лупсякова, Я.​Маўра, І.​Шамякіна, паэт. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Э.​Агняцвет, А.​Александровіча, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, М.​Гамолкі, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, М.​Клімковіча, У.​Корбана, Е.​Лось, М.​Лужаніна, Р.​Няхая, П.​Панчанкі, А.​Русака, А.​Русецкага, М.​Танка, С.​Шушкевіча, манаграфію Я.​Мазалькова «Янка Купала» (1952, з І.​Майстрэнкам), мемуары С.​Слесарэнкі «Дарагія абліччы» (1974). Быў асабіста знаёмы з Я.​Коласам, вёў з ім перапіску. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў па пытаннях літ.-творчых сувязей, маст. перакладу.

В.​Я.​Буран.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬБА́ СТЭ́НДАВАЯ,

стральба з гладкаствольнай зброі шротам па лятаючых мішэнях (талерачках) на спец. пляцоўках — траншэйным і круглым стэндах; від стралковага спорту. Да 1940 наз. «стралкова-паляўнічы спорт».

Паходзіць ад трэніровачнай стральбы ў сярэдневяковай Англіі. Як від спорту існуе з канца 19 ст. У праграме Алімп. гульняў: на траншэйным стэндзе з 1900; паводле сучасных правіл (200 мішэней) — з 1952; на круглым стэндзе — з 1968. Асабіста-камандныя чэмпіянаты свету праводзяцца з 1935 на траншэйным і з 1947 на круглым стэндах; для жанчын на абодвух стэндах з 1962. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца для мужчын з 1955, для жанчын з 1964. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. Першы чэмпіянат рэспублікі праведзены ў 1927. Зборная каманда Беларусі на VI летняй Спартакіядзе народаў СССР (1975) заняла 4-е месца. Сярод бел. стралкоў найб. вызначыліся Г.​Галкін, чэмпіёны СССР: В.​Вятохін (1967), Ш.​Ляцьен (1971).

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛО́ПЫ,

асабіста залежная ад феадалаў і найб. эксплуатуемая частка насельніцтва ў Кіеўскай Русі ў 9—13 ст. і ў Расіі да пач. 18 ст. Паводле прававога становішча набліжаліся да рабоў. Тэрмін «Х.» ўпершыню сустракаецца ў летапісе пад 986. У 11—12 ст. ужываўся для абазначэння розных катэгорый залежнага насельніцтва. Паводле «Рускай праўды» поўнымі (абельнымі) Х. станавіліся: палонныя; самазапраданыя пры сведках; тыя, хто ажаніўся з халопкаю (рабою); свабодныя жанчыны, якія выходзілі замуж за Х.; дзеці Х.; даўжнікі. Уладальнік мог неабмежавана распараджацца асобай Х.: забіць, прадаць, аддаць за даўгі і інш. Ён таксама нёс адказнасць за ўчынкі Х.: знявагу вольнага чалавека, кражу і г.д. Асн. частка Х. працавала ў сельскай гаспадарцы, некаторыя былі рамеснікамі, хатнімі і ваеннымі слугамі, выконвалі функцыі ніжэйшай адміністрацыі ў маёнтках. У Расіі ішоў працэс зліцця Х. з асн. масай прыгонных. У ВКЛ найб. залежныя ад феадалаў людзі наз. чэлядзь нявольная.

Літ.:

Зимин А.А. Холопы на Руси. М., 1973.

т. 16, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)