«ПАГО́НЯ»,

герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст. Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял. дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.

З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд. Мн., 1993;

«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.

А.​К.​Цітоў.

Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.​М.​Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.​Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.

Літ.:

Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НСЫ (Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса I [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,

рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.​Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦКсак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.​Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.​Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач. жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.​Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.

Літ.:

Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;

Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;

Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.

А.​П.​Салькоў.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ КЛАС,

адзін з асн. класаў сацыяльных сучаснага грамадства, які заняты непасрэдна прадукцыйнай працай, працуе па найму на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці і атрымлівае асн. даход ад выкарыстання ўласнай рабочай сілы. У Еўропе пачаў фарміравацца ў канцы 15 — пач. 16 ст. У Англіі гэты працэс быў звязаны з т. зв. першапачатковым накапленнем капіталу — абеззямельваннем сялян, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы, што стала асновай для развіцця мануфактуры, а пасля і буйной машыннай вытв-сці. У сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі налічвалася 4,1 млн. прамысл. рабочых, у Францыі — 2,5 млн., у ЗША — 1,4 млн. У пач. 20 ст. колькасць Р.к. ва ўсім свеце дасягнула 70 млн., у пач. 21 ст. — больш за 700 млн. чал. У СССР і інш. былых сацыяліст. краінах Р.к. быў абвешчаны гегемонам — кіруючай сілай грамадства (дыктатура пралетарыяту). У 20 ст. пад уплывам радыкальных сац.-паліт. абставін і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў Р.к. высокаразвітых краін адбыліся значныя змены. Высокакваліфікаваныя рабочыя па характары працы і сваім сац. статусе наблізіліся да інтэлігенцыі. Многія рабочыя атрымліваюць высокую заработную плату, з’яўляюцца ўладальнікамі акцый прадпрыемстваў. Калектыўныя дагаворы строга рэгламентуюць узаемаадносіны паміж наймальнікамі і рабочымі, гарантуюць апошнім прававую і сац. бяспеку. Паводле ацэнкі некаторых зах. даследчыкаў у постіндустрыяльным грамадстве Р.к. страчвае ролю асн. прадукц. сілы грамадства і гал. сілы гіст. працэсу. Сучасныя рабочыя складаюць большасць занятых у гандлі, сферы паслуг, многія з іх тэхн. спецыялісты, частка работнікаў бюро, кантор і інш.

На Беларусі Р.к. пачаў фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адмены прыгоннага права. У 1913 рабочыя прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці Беларусі складалі 57 тыс. чал. Фабрычна-заводскімі цэнтрамі былі Віцебск, Гродна, Мінск. Сацыяльна новы Р.к. у БССР сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў працэсе індустрыялізацыі краіны. У 1922 ён складаў 98 тыс., у 1940—724 тыс., у 1990—2900 тыс. чал. Р.к. станавіўся ўсё больш адукаваным і свядомым, адыгрываў важную ролю ў эканам. і паліт. жыцці дзяржавы. У 2000 на Беларусі 4,5 млн. чал. занятага насельніцтва (44,6% ад агульнай колькасці насельніцтва), пераважную большасць якога складаюць рабочыя прам-сці, лясной гаспадаркі, буд-ва і інш. галін нар. гаспадаркі.

Літ.:

Марченко И.Е. Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;

Панютич В.П. Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861—1914 гг. Мн., 1969;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1—4. Мн., 1984—87;

Рабочий класс и мировое развитие: Этапы борьбы. М., 1987.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК (Аляксандр Аляксандравіч) (28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),

рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.​Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.​Салаўёў, А.​Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.

Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач. жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас. дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.​Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.​Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.​Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.​Дзяргай, М.​Дукса, С.​Законнікаў, М.​Калачынскі, Р.​Лынькоў, Я.​Сіпакоў, М.​Федзюковіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.

Літ.:

Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;

Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;

Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;

Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;

Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.

А.А.Блок.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс. км². Нас. 192 тыс. чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г. Горна-Алтайск.

Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн. ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах. ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.

Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз.сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс. чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.​Я.​Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт. вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт. вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сць буд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).

т. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ (Karl),

імя каралёў Швецыі Найб. значныя з іх:

Карл IX (4.10.1550, Стакгольм — 30.10.1611), кароль [1604—11]. Малодшы сын Густава I Вазы. Пасля заключэння швед.-польск. уніі (1592) узначаліў рух супраць свайго пляменніка швед.-польск. караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся аднавіць у Швецыі каталіцызм (К. IX падтрымліваў лютэранства). Разбіў каля Стонгебру (1598) войскі Жыгімонта III і дамогся яго звяржэння (1599). З 1599 рэгент, з 1604 кароль (каранаваны ў 1609). Пачаў інтэрвенцыю супраць Расіі (пад выглядам ваен. дапамогі цару Васілю Іванавічу Шуйскаму ў 1611 захапіў Ноўгарад), Кальмарскую вайну 1611—13 з Даніяй.

Карл X Густаў (8.11.1622—13.2.1660), кароль [1654—60], палкаводзец. З 1648 генералісімус швед. арміі ў Германіі. Заняў прастол пасля адрачэння стрыечнай сястры Крысціны. У ліп. 1655 пачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай (гл. Паўночная вайна 1655—60); на працягу жн.кастр. 1655 шведы занялі б.ч. Польшчы і Жамойці. Некаторыя бел. і літ. магнаты на чале з Я. і Б.​Радзівіламі пачалі перагаворы з прадстаўнікамі К. X, падпісалі акт аб дзярж. уніі ВКЛ і Швецыі, а К. X быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. На акупіраваных тэр. разгарнулася нац.-вызв. барацьба (у крас. — маі 1656 успыхнула паўстанне ў Жамойці), у выніку чаго знішчана значная ч. швед. гарнізонаў. У 1657 войскі К. X пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы. У 1658 заключыў перамір’е і з Расіяй.

Карл XII (27.6.1682, Стакгольм — 11.12.1718), кароль [1697—1718], палкаводзец. Сын Карла XI (правіў у 1660—97). Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 супраць Паўн. саюза (Расія, Рэч Паспалітая, Данія). Лічыў гал. сваім ворагам караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага. У 1701 на чале швед. арміі захапіў Інфлянты і Літву, у 1702 праз Коўна і Гродна ўступіў на тэр. Польшчы. У ВКЛ К. XII падтрымала магнацкая групоўка Сапегаў, якая ў 1704 дамаглася абрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1708 войскі К. XII уступілі на Беларусь, потым на Украіну. У 1708—09 пацярпеў паражэнне каля Лясной і Палтавы, уцёк у Турцыю. Пасля паражэння шведаў у Фінляндыі і ў Гангуцкім баі 1714 пачаў мірныя перагаворы з Расіяй. У 1716 абараняў Швецыю ад высадкі войск Паўн. саюза. Намагаўся заваяваць Нарвегію, загінуў у час аблогі крэпасці Фрэдэрыксхаль (Зах. Нарвегія).

Карл XVI Густаў (н. 30.4.1946, каля Стакгольма), кароль з 1973. З дынастыі Бернадот. Адмірал флоту, генерал арміі і авіяцыі. Унук караля Густава VI Адольфа. З 1950 наследны прынц. Скончыў Каралеўскую ваенна-марскую акадэмію і Каралеўскі каледж нац. абароны. Вывучаў сацыялогію, фін. права, эканоміку ва ун-тах Стакгольма і Упсалы. Заняў прастол пасля смерці дзеда. У адпаведнасці з дзярж. традыцыямі з’яўляецца апекуном швед. евангелісцка-лютэранскай царквы, мае статус 1-га прадстаўніка ўзбр. сіл.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА АСТРАВЫ́ (Cook Islands). У цэнтральнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; аўт. дзяржава ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Пл. 240,1 км². Нас. 19,8 тыс. чал. (1997); мясц. жыхары — пераважна палінезійцы а-воў Кука. Каля 27 тыс. мясц. жыхароў жыве ў Новай Зеландыі. Сярэдняя шчыльн. 82,5 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Раратонга (пл. 67 км²), там жа адм. ц. і порт Аваруа (каля 1,5 тыс. ж.). Афіц. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца мясц. мова. Большасць вернікаў — пратэстанты-кангрэгацыяністы (75%), ёсць католікі (10%) і інш. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (4 жн.). У склад К.а. уваходзяць 15 астравоў, адлегласць з Пн на Пд каля 1 тыс. км, з 3 на У каля 800 км. Падзяляюцца на 2 групы: Паўднёвую (8 астравоў, пл. 212,1 км², у асноўным вулканічнага паходжання, выш. да 652 мг. Тэ-Манга на в-ве Раратонга), Паўночную (7 каралавых атолаў, пл. 28 км²). Клімат трапічны пасатны. На паўд. астравах цёплая зіма (чэрв.жн., сярэдняя т-ра каля 22 °C) і гарачае лета (каля 26 °C), на Пн сезонныя адрозненні невялікія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 2000 мм. У ліст.крас. сезон ураганаў. Рэчкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах, там жа на схілах гор лясы з пальмаў, фікусаў і інш. раслін. На атолах расліннасць бедная. Вырошчваюць какосавую пальму, тара, бананы, маніёк, жыхары паўд. астравоў — батат, фасолю, кукурузу, апельсіны, ананасы, памідоры. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства, здабыча штучна вырашчанага жэмчугу, перламутру, чарапахавых панцыраў. 2 швейныя ф-кі, піваварны з-д, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і рыбы. Найб. важная галіна эканомікі — замежны турызм. З абслугоўваннем турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі) звязана большасць працоўных. Дадатковы даход краіне прыносіць рэалізацыя мясц. паштовых марак. Транспарт пераважна марскі. Аэрадромы на а-вах Раратонга і Аітутакі, якія з’яўляюцца цэнтрамі турызму. Экспартуюць копру і трапічныя фрукты. Гандл. сувязі ў асноўным з Новай Зеландыяй. Дэфіцыт знешнегандл. балансу і бюджэту пакрываецца субсідыямі Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Заселены палінезійцамі ў 1-м тыс. н.э. У 1773 адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.​Кукам (адсюль назва). У 1821 тут замацаваліся еўрап. місіянеры хрысціянства. У 1888 абвешчаны брыг. пратэктаратам, у 1891 перададзены пад кантроль Новай Зеландыі, з 1915 яе калонія. У 1915 створаны Заканад. савет. У 1957 ён пераўтвораны ў Заканад. асамблею, пры якой існуе палата арыкі (правадыроў) з дарадчымі функцыямі. Паводле канстытуцыі 1965 жыхары К.а., застаючыся грамадзянамі Новай Зеландыі, маюць аўтаномію ва ўнутр. справах. Новая Зеландыя захавала кантроль за знешняй палітыкай і абаронай К.а.

Літ.:

Малаховский К.В. История островов Кука. М., 1978.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПАЛЕО́Н I,

Напалеон Банапарт (Napoléon Bonaparte; 15.8.1769, Аяча, в-аў Корсіка, Францыя — 5.5.1821), французскі дзярж. дзеяч і палкаводзец, першы консул Франц. Рэспублікі [1799—1804] імператар французаў [1804—14, 1815]. Скончыў Брыенскае ваен. вучылішча (1784), вучыўся ў Парыжскай ваен. школе (1784—85). З 1785 у арміі, афіцэр артылерыі. Падтрымаў Французскую рэвалюцыю 1789—99. За ўмела арганізаванае ўзяцце (снеж. 1793) захопленага мяцежнікамі і англічанамі г. Тулон атрымаў чын брыгаднага генерала. Па даручэнні Канвента 5.10.1795 задушыў раялісцкі мяцеж у Парыжы, за што прызначаны галоўнакамандуючым Унутр. арміяй. З сак. 1796 галоўнакамандуючы «Італьян. арміяй». Італьянскі паход Банапарта 1796—97 прынёс яму славу лепшага палкаводца Рэспублікі і таленавітага дыпламата. У 1798—99 узначальваў Егіпецкую экспедыцыю 1798—1801. 9—10.11.1799 здзейсніў дзярж. пераварот, які ўсталяваў у Францыі рэжым консульства. У 1802 абвешчаны пажыццёвым консулам, у 1804 — імператарам. З мэтай умацавання новай бурж. манархіі Н.I стварыў імперскае дваранства і пышны імператарскі двор. Ва ўнутр. палітыцы кіраваўся інтарэсамі буржуазіі і заможнага сялянства. У 1804, 1808 і 1810 пры ўдзеле Н.I распрацаваны і выдадзены Грамадз., Камерцыйны і Крымін. кодэксы — т.зв. «Кодэксы Напалеона», што рэгулявалі грамадскія адносіны, ахоўвалі непарушнасць прыватнай маёмасці, стваралі ўмовы для развіцця свабоднай канкурэнцыі і прам-сці. У ходзе напалеонаўскіх войнаў значна пашырыў сваю імперыю. Але не здолеў перамагчы свайго гал. праціўніка — Вялікабрытанію, з якой Францыя знаходзілася ў стане вайны з 1793 (за выключэннем 1802—03). Спробы Н.I ізаляваць Вялікабрытанію шляхам кантынентальнай блакады не мелі поспеху. 24.6.1812 Н.І пачаў вайну супраць Рас. імперыі (гл. Вайна 1812). У шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812) асабіста кіраваў войскамі і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Каб заручыцца падтрымкай магнатаў і шляхты Літвы і Беларусі і для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі, зацвердзіў Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага. Ухіліўся ад пацвярджэння акта Генеральнай канфедэрацыі 1812 аб аднаўленні Польскага каралеўства як унітарнай дзяржавы, хоць не пагадзіўся і на стварэнне асобнай Літ. канфедэрацыі. У выніку вайны 1812 яго «Вялікая армія» была разгромлена, што выклікала ўздым антыфранц. руху ў залежных ад Н.I краінах. Пасля паражэнняў у кампаніі 1813—14 і заняцця ў сак. 1814 войскамі антыфранц. кааліцыі Парыжа адрокся ад трона (6.4.1814). Саюзнікі-пераможцы захавалі за Н.I тытул імператара і аддалі яму ва ўладанне в-аў Эльбу. Выкарыстаўшы незадаволенасць французаў рэстаўрацыяй улады Бурбонаў, Н.І высадзіўся 1.3.1815 на Пд Францыі і да 20.3.1815 аднавіў сваю ўладу (гл. «Сто дзён»). Пасля паражэння пры Ватэрлоо 18.6.1815 зноў адрокся ал трона (22.6.1815). Арыштаваны англічанамі, сасланы на в-аў Св. Алены, дзе і памёр.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992;

Яго ж. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992;

Людвиг Э. Наполеон: Пер. с нем. М., 1998.

П.​А.​Тупік.

Напалеон I.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)