птушка атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, парках, старых садах, трапляецца ў населеных пунктах. Гнёзды ў дуплах. Трымаецца паасобку або парамі. На Беларусі гняздоўны, часткова аселы і вандроўны від.
Даўж. да 16 см, маса да 26 г. Шчыльны склад цела і моцныя лапы з учэпістымі кіпцюрамі прыстасаваны для перамяшчэння па ствалах і галінах дрэў. Корміцца насякомымі, лічынкамі, павукамі, насеннем. Адкладвае да 8 яец, двойчы за лета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСА́К, таракан рыжы (Blattella germanica),
насякомае атр. тараканавых. Пашыраны ўсюды; сінантропны від, жыве пераважна ў жыллі чалавека. Актыўны ўначы. Можа пашкоджваць харч. прадукты, скураныя вырабы, пераплёты кніг, пакаёвыя і цяплічныя расліны. Пераносчык узбуджальнікаў шэрагу хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. Цеплалюбівы, гіне пры т-ры ніжэй за -5 °C.
Даўж. да 13,3 мм. Цела пляскатае. Пярэднія крылы (надкрылы) скурыстыя, заднія — тонкія. Вусікі доўгія. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Яйцы адкладваюць (да 40 шт.) у аптэку — хіцінавую капсулу, якую да 40 дзён выношваюць на канцы брушка. Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШАНЕ́Ц, ватачнік (Asclepias),
род кветкавых раслін сям. ластаўневых. Больш за 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы, некат. — у Афрыцы. На Беларусі 1 заносны від — П. сірыйскі, або эскулапава трава (A. syriaca). Трапляецца на берагавых схілах, у зарасніках, каля жылля. Як дэкар. расліну культывуюць П. мяса-чырвоны (A. incarnata).
Шматгадовыя пераважна травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя. Лісце чаранковае, суцэльнае, супраціўнае. Кветкі двухполыя ў парасоніках. Плод — лістоўка. У культуры вырошчваюць П. сірыйскі (насенне мае каля 20% тэхн. алею, лісце — горкія гліказіды, засухаўстойлівы меданос). Лек., алейныя, тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАЕ́ДЫсапраўдныя
(Aviculariidae),
сямейства членістаногіх атр. павукоў. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, а таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыцы, у трапічных лясах. Актыўныя на змярканні і ўначы. Віды родаў акантаскурыя (Acanthoscurria), тэрафоза (Theraphosa) і інш. небяспечныя для чалавека (яд паражае ц. н. с.).
Даўж. да 11 см. Цела і ногі ўкрыты шматлікімі валаскамі. Хеліцэры заканчваюцца кіпцікамі з адтулінамі ядавітых залоз на канцы. Лёгкіх 2 пары. Кормяцца буйнымі насякомымі, дробнымі пазваночнымі, у т. л. птушанятамі (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́РНІК (Cystopteris),
род папарацей сям. качадыжнікавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў горных і лясных абласцях зямнога шара. На Беларусі П. ломкі (C. fragilis), які расце на глебава-грунтавых агаленнях берагоў рэк, азёр, яроў, у дубровах, і П. судэцкі (C. sudetica) — рэліктава-таежны від, занесены ў Чырв. кнігу, трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 10—35 см. Карэнішча ўкрыта рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце двойчы-тройчыперыстае з трохвугольнай пласцінкай. Сорусы размешчаны чаргавана на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухпалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́НЫ,
група арганічных гетэрацыклічных рэчываў, вытворных пурыну (араматычнага біцыклічнага злучэння, утворанага кандэнсаванымі ядрамі пірымідзіну і імідазолу). Найб.пашыраны амінапурыны або пурынавыя асновы (адэнін, гуанін) і гідраксіпурыны (мачавая кіслата, гіпаксанцін, ксанцін), якія з’яўляюцца прадуктамі распаду амінапурынаў. Да П. адносяцца таксама алкалоіды кафеін і тэабрамін (метыліраваныя вытворныя ксанціну) і адэназінтрыфосфарная кіслата. Утвараюцца ў арганізме і паступаюць з прадуктамі харчавання. Біясінтэз П. пачынаецца з рыбоза-5-фасфату — прадукту пентозафасфатнага цыкла. Прыгнечанне біясінтэзу пурынавых нуклеатыдаў прыводзіць да тармажэння росту. Канчатковым прадуктам распаду П. у чалавека і большасці жывёл з’яўляецца мачавая к-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАПЯЛЁСНІК (Coeloglossum),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 барэальна-таежны рэліктавы від — П. зялёны (C. viride), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лугах, у поймах невял. рэк.
П. зялёны — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см, з падоўжаным, звычайна 2-раздзельным клубнем. Лісце яйцападобнае або лінейнае, ніжняе — на кароткіх чаранках, верхняе — сядзячае. Кветкі, накшталт шлема, жаўтавата-зялёныя, інш. раз чырванавата-карычневыя, у суквецці — рыхлы колас. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХІ́РНІК (Cucubalus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БЧЫК (Fritillaria),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 100 відаў.
Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. Трапляюцца на лугах, сярод хмызнякоў, у стэпах, па схілах гор. На Беларусі культывуецца 6 відаў Р.: бледнакветкавы (F. pallidiflora), жоўты (F. lutea), імператарскі (F. imperialis), камчацкі (F. camschatcensis), Радэ (F. raddeana), шахматны (F. meleagris).
Шматгадовыя цыбульныя расліны выш. да 100 см. Цыбуліны шарападобныя. Лісце вузкае або шырокаланцэтнае, чаргаванае ці кальчаковае. Кветкі паніклыя, адзіночныя або ў суквецці белага, жоўтага, аранжавага, чырвона-фіялетавага колераў, часта з шахматным малюнкам. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БЧЫК (Tetrastes bonasia),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. раёнах. Нар. назва арабак.
Даўж. да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў на галаве чубок. Крылы кароткія, тупыя. Ніжняя ч. цэўкі і пальцы неапераныя. Манагам. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яец. Расліннаедны. Аб’ект палявання.