разры́ў, ‑рыву, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца 1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).
2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.
3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.
•••
Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.
2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.
3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.
падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.
Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Злёгку штурхнуць (ззаду або знізу). Маладзейшы падштурхнуў воз плячом, і конь лёгка пайшоў. Чорны. — Чаго адстаеш, гані! — крыкнуў Пеця і палкай падштурхнуў Славу ў спіну. Хомчанка.
2. Злёгку штурхнуўшы, зрушыць у якім‑н. кірунку. — Але ж хадзем у тую хату. Тут і без нас ужо ведаюць, што рабіць. — [Бацька] далікатна падштурхнуў госця да дзвярэй-філёнак і прапусціў у другі пакой — вялікі, поўны святла і з густам прыбраны. Чыгрынаў. // перан. Схіліць да чаго‑н., прыспешыць з чым‑н. — Я мелася.. ехаць працаваць у сельскую мясцовасць. А гэтае сумнае здарэнне толькі падштурхнула мяне здзейсніць сваё летуценне хутчэй. Дубоўка. // перан. Разм. Паскорыць (справы, падзеі і пад.). Вера Ігнатаўна часта прыязджала ў Серадзібор, каб падштурхнуць справы. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакале́нне, ‑я, н.
1. Сваякі адной ступені роднасці ў адносінах да агульнага продка. У Аляксееўцы так ужо вялося спакон веку: дадуць каму мянушку — лічы на ўсё жыццё, а то і на другое ці трэцяе пакаленне пяройдзе. Пальчэўскі. [Дзед:] — У нашым родзе сем пакаленняў займалася дрэсіроўкай птушак, паляваннем. Беразняк. // Патомства. — А ведаеш, дзядзька, у тваіх сыноў народзіцца слаўнае пакаленне. Не падобнае на нас. Чорны.
2. Людзі блізкага ўзросту, якія жывуць у адзін час. Маладое пакаленне. □ Калі ж стане маё пакаленне сівым, — мы тады маладым гэты сцяг аддадзім. А. Вольскі. К мэце, што вызначыў Ленін, Вашыя сцежкі ляглі, Веку майго пакаленне, Камуністычнае племя, — Моцная соль зямлі! Звонак. // Сукупнасць людзей з аднолькавымі інтарэсамі, поглядамі. Пакаленне рэвалюцыянераў. □ Ён, Камлюк, не належаў да пакалення старых бальшавікоў. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палі́тык, ‑а, м.
1. Палітычны дзеяч. Дальнабачны палітык. □ [Шафёр] кіўнуў галавой у бок парламента і кінуў кароткае слова: — Па-а-літыка!.. І тут жа, нібы схамянуўшыся і як бы апраўдваючыся, ён пачаў ужо зусім другім тонам: — Я не палітык... Мы людзі маленькія, у нас свае справы... Лынькоў. // Разм. Той, хто цікавіцца пытаннямі палітыкі, хто любіць пагаварыць, паразважаць аб палітыцы. Іван Васілёк — Танін бацька — палітык. Ён хоць і аднаасобнік, а выпісвае і чытае «Звязду». Васілевіч. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Колас.
2. Разм. Чалавек, які выяўляе такт і ўменне ў адносінах з іншымі людзьмі. Цімох Бабура быў хітры чалавек і тонкі палітык.. Да Высокім Доле ён пусціў моцныя карэнні. Колас.
3. Уст. Палітычны зняволены.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні́зка 1, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Нанізаныя на нітку, дрот і пад. якія‑н. аднародныя прадметы (грыбы, пацеркі і пад.). Нізка жэмчугу. □ Падымаецца ў паветра з раённага аэрадрома вясковы народ. Жанчыны вязуць звязаных курэй, кошыкі яек, нізкі грыбоў. Ракітны.
2. Цыкл мастацкіх твораў аднаго жанра. Нізка вершаў. □ Нізка Ул. Дубоўкі «Крыху восені і жменька кляновых лістоў» друкавалася ва «Узвышшы». Лойка.
ні́зка 2,
1. Прысл. да нізкі (у 1, 2, 4 і 7 знач.). // Блізка да каранёў чаго‑н. (стрыгчы, жаць, зразаць). Гэта быў ужо чалавек з сівымі, нізка, пад машынку стрыжанымі валасамі. Чорны.
2. у знач. вык. На невялікай адлегласці ўверх ад зямлі, якога‑н. узроўню. Дупло зусім нізка і ў ім поўна мёду. Якімовіч.
3. у знач. вык. Подла, ганебна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паглы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш глыбокім. Каляіны паглыбіліся. □ На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй. Пестрак.
2. Пранікнуць у глыб чаго‑н., урэзацца ў што‑н. І вось вастрыё разца паглыбілася ў метал. «Звязда».
3. Прасунуцца, прайсці, праехаць і пад. куды‑н. углыб. Паглыбіцца ў цясніну. □ Непрыкметна для сябе Тамара збілася з дарогі і паглыбілася ў лес. Васілевіч. // перан. Пачаць глыбока займацца чым‑н. Паглыбіцца ў калгасныя справы. □ Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Колас. // перан. Засяродзіцца на чым‑н. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Чорны.
4. Стаць, зрабіцца больш значным, сур’ёзным. Супярэчнасці паглыбіліся. □ У «Юнацкім свеце» паглыбіўся і заззяў новым святлом вобраз лірычнага героя паэзіі Куляшова. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нара́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Вуснае або пісьмовае распараджэнне на выкананне якой‑н. работы. Атрымаць нарад. Даць нарад. □ — Нарады брыгадзіры атрымалі ўчора вечарам. Шахавец. Яшчэ ўчора брыгадзір даў нарад акучваць бульбу на загуменні. Пташнікаў. // Дакумент з распараджэннем аб выкананні якой‑н. работы, а таксама на выдачу або атрыманне чаго‑н. Нарад на лес. □ [Міхал:] — Грошай трэба многа і на ўгнаенні, і на сеялку нарад ужо ёсць... Васілевіч.
2. Спец. Якая‑н. работа або заданне (пераважна для ваеннаслужачых). Быць у нарадзе. Нечарговы нарад. □ Аднойчы .. [Павел і Саша] трапілі ў нарад на кухню. Васілёнак.
3. Спец. Група ваеннаслужачых, якія выконваюць такое заданне. Нарад пагранічнікаў. // Наогул група людзей, што выконваюць якую‑н. работу або якія‑н. абавязкі. Чарговы нарад грузчыкаў займаўся ў гэты час упарадкаваннем складаў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праці́ўнік, ‑а, м.
1. Чалавек, які адносіцца варожа ці адмоўна да каго‑, чаго‑н. Селянін Сцёпка Ляўшун смела выступаў супраць крыўд сельскай грамады, на сходах быў першым праціўнікам начальства. Пшыркоў. Сярод клінкоўскай беднаты знайшліся і праціўнікі калектывізацыі. Колас.
2. Чалавек, які імкнецца перамагчы другога (у спрэчцы, сутыкненні, бойцы); сапернік. Маім адкрытым праціўнікам стаў Васіль. Кавалёў. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. // Удзельнік гульні, спартыўнага спаборніцтва (у адносінах да другога, другіх удзельнікаў). Мячык быў перахоплены праціўнікам. Гамолка.
3. зб. Варожыя ўзброеныя сілы; вораг. Вагонаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Брыгада несла цяжкія страты, адступаючы пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжыш, ‑лежыце і перале́жаць, ‑лежу, ‑лежыш, ‑лежыць; зак.
1. Праляжаць вельмі доўга, даўжэй, чым трэба. Пераляжаць на сонцы. // Сапсавацца ад доўгага ляжання. Агуркі пераляжалі. □ Лён, які тут добра радзіў, таксама не кожны раз даводзіўся да ладу — то перастаіць у загоне, то пералежыць на сцелішчы. Машара.
2. што і без дап. Лежачы, перачакаць што‑н. Пераляжаць бамбёжку. □ [Кандрат:] — Мне лепш пераляжаць дзень у разоры, а там з вечара нешта трэба будзе прыдумаць. Лобан. [Шура] ужо намерыўся шуснуць у вулачку, на агароды, каб пераляжаць дзень дзе-небудзь у кіяшніку. Навуменка. Не знаю, Як доўгую ноч пералежаць: Так цягне прайсціся па золкай расе! Свірка.
3. каго. Разм. Праляжаць даўжэй за каго‑н. Пераляжаць усіх на пляжы.
4. што. Адлежаць да здранцвення. Пераляжаць руку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)