КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРО́НІКА,

раздзел фізікі, які вывучае працэсы генерацыі і ўзмацнення эл.-магн. хваль на аснове вымушанага выпрамянення квантавых сістэм (атамаў, малекул). Узнікла на мяжы спектраскапіі і радыёфізікі. Частка К.э., звязаная з аптычным дыяпазонам эл.-магн. хваль, наз. лазерная фізіка. На базе К.э. ўзніклі нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія, новы імпульс атрымала галаграфія.

Сфарміравалася і развівалася як самаст. галіна навукі і тэхнікі ў 1950-я г. Асн. аб’екты вывучэння: актыўныя асяроддзі, аб’ёмныя рэзанатары, квантавыя генератары і квантавыя ўзмацняльнікі, пераўтваральнікі частаты і метады кіравання характарыстыкамі такіх сістэм. Да К.э. адносяць таксама пытанні нелінейнага ўзаемадзеяння магутнага лазернага выпрамянення з рэчывам і выкарыстання такога ўзаемадзеяння для пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення. Працэс вымушанага выпрамянення эл.-магн. хваль адкрыў А.Эйнштэйн (1917); на магчымасць выкарыстання гэтай з’явы для ўзмацнення святла паказаў В.А.Фабрыкант (1939). Першая прылада К.э. — малекулярны генератар на аміяку — створана ў 1954 адначасова ў СССР (М.​Г.​Басаў, А.​М.​Прохараў) і ў ЗША (Ч.​Таўнс і інш.). У 1960 у ЗША створаны першы лазер на рубіне і гелій-неонавы газавы лазер. У 1959 М.Г.Басаў тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць стварэння паўправадніковага лазера і першыя такія лазеры створаны ў 1962—63.

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па К.э. праводзяцца з 1961 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ і інш.

Б.​І.​Сцяпанаў, П.​А.​Апанасевіч.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСАМАТЫ́ЗМ, метасаматоз

[ад мета... + грэч. sōma (sōmatos) цела],

працэс замяшчэння адных мінералаў іншымі са зменай хім. саставу пароды (звычайна з захаваннем яе аб’ёму і цвёрдага стану) пад уздзеяннем раствораў (флюідаў) высокай хім. актыўнасці. Адрозніваюць М. магматычнай стадыі (напр., у сувязі з гранітызацыяй) і постмагматычнай стадыі (рудаўтварэнне метасаматычных радовішчаў). Са зменай хімізму раствораў, пры іх ахаладжэнні, вылучаюцца стадыі працякання М.: ранняя шчолачная высокатэмпературная (магнезіяльныя і вапняковыя скарны), кіслотная (грэйзены і другасныя кварцыты),

позняя шчолачная нізкатэмпературная (беразіты, лісцвяніты). Вылучаюць інфільтрацыйны М. (перанос хім. кампанентаў растворамі, якія фільтруюцца, праз горную пароду) і дыфузійны М. (дыфузія хім. кампанентаў у адносна нерухомым растворы). На мяжы 2 розных паводле хім. саставу асяроддзяў (напр., вапнякі і кварцыты) узнікае сустрэчная дыфузія, т.зв. біметасаматоз. У сувязі з дыферэнцыяльнай рухомасцю кампанентаў у растворах пры М. ўзнікае метасаматычная занальнасць з рэзкімі межамі паміж зонамі. З нарастаннем інтэнсіўнасці М. павышаная рухомасць хім. кампанентаў прыводзіць да ўтварэння монамінеральнай пароды. Пры рэгіянальным М. ўтвараюцца вял. аб’ёмы метасаматычных парод, пры лакальным М. на кантактах з руднымі целамі — калярудныя метасаматыты. На Беларусі метасаматычныя пароды трапляюцца: у крышт. фундаменце — альбітыт, біятыталіт, другасныя кварцыты, піраксеналіты, мікраклініт і інш.; у асадкавым чахле — даламіты, ангідрыты і інш.

Літ.:

Коржинский Д.С. Теория метасоматической зональности. 2 изд. М., 1982.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГА́ЦЫЯ ПАВЕ́ТРАНАЯ, аэранавігацыя,

прыкладная навука пра дакладнае, надзейнае і бяспечнае ваджэнне ў паветры лятальных апаратаў (ЛА) па зададзенай аптымальнай траекторыі ва ўстаноўлены час. Вывучае і распрацоўвае метады, спосабы і сродкі (навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, навігацыйныя сістэмы), з дапамогай якіх ажыццяўляецца навігацыя. Часам пад Н.п. разумеюць толькі працэс ваджэння ЛА (самалётаваджэнне, верталётаваджэнне).

Пры Н.п. вызначаюць месцазнаходжанне (каардынаты), скорасць і напрамак руху ЛА (з выкарыстаннем палётных карт, аэралоцый, бартавых і наземных навігацыйных сродкаў — геатэхн., радыётэхн., астр., светатэхн.), чарговы пункт маршруту і метад палёту да яго. Каардынаты ЛА вымяраюць: злічэннем шляху — вылічэннем бягучых каардынат па вядомых пач. каардынатах, скорасці і напрамку руху; метадам ліній (паверхняў) становішча, заснаваным на вымярэнні з дапамогай радыёнавігацыйных сістэм фіз. або геам. велічынь, што дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне ЛА; аглядна-параўнальным метадам, які грунтуецца на параўнанні бягучых арыенціраў ці параметраў геафіз. палёў, з тымі, што вызначаны загадзя. Палёт ЛА да чарговага пункта маршрута ажыццяўляюць 3 асн. метадамі: маршрутным, пуцявым і курсавым. Дакладны палёт ЛА па зададзеным маршруце ў любых умовах надвор’я забяспечваецца навігацыйнымі сродкамі, заснаванымі на розных прынцыпах і канструкцыйна аб’яднанымі ў адзіныя навігацыйныя комплексы. Перспектыўнае выкарыстанне спадарожнікавых радыёнавігацыйных сістэм (гл. Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы).

Літ.:

Воздушная навигация: Справ. М., 1988;

Селезнев В.П. Навигационные устройства. 2 изд М., 1974;

Авиационная радионавигация: Справ. М., 1990.

В.​В.​Латушкін, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Іван Рыгоравіч) (н. 26.1.1918, в. Нязнань Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967), Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Камуна» (Клімавічы, 1935—38), «Советская Белоруссия» (1946—57), «Правда» (1957—86). Дэбютаваў у 1935 вершамі, пазней пачаў пісаць нарысы. Выдаў кн. дакумент. нарысаў «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» (1958), «Палескае золата» (1959) і інш. Услаўленне барацьбы падпольшчыкаў і партызан у Вял. Айч. вайну — асн. пафас нарыса «Вера Харужая» (1962), дакумент. аповесцей «Сэрца інакш не можа» (1960), «Руіны страляюць ва ўпор» (1960—61), «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» (1964, Літ. прэмія імя. Я.​Коласа 1965), «Тварам да небяспекі» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя П.​М.​Лепяшынскага 1968), «Да світання блізка» (1974), гіст. нарысаў «Бяссмерце Мінска» (1977), «Мінск — горад-герой» (1986). У рамане «Ачышчэнне» (1987) раскрывае працэс пошукаў герояў гарадскога падполля, дзейнасць падполля, даследуе, як ствараецца кульцік мясц. дзеяча. Аўтар зб. фельетонаў «Уласны іншаземец» (1960), сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць» (з І.​Чыгрынавым, 1973, Дзярж. прэмія Беларусі 1974).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1988;

Параненая памяць: Аповесць, апавяданні. Мн., 1990.

Літ.:

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968;

Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;

Гніламёдаў У. Як само жыццё. Мн., 1980.

Л.​С.​Савік.

І.Р.Новікаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ДЗІНЫ,

сістэма дзеянняў жывых істот у працэсе іх узаемаадносін паміж сабой і з навакольным асяроддзем. Уласцівы асобным індывідам і іх сукупнасцям (П. біял. віду, сац. групы). Асн. адзінкай аналізу П. з’яўляецца дзеянне — працэс, абумоўлены матывамі і накіраваны на рэалізацыю мэты. Важную ролю адыгрываюць таксама заахвочвальныя фактары — патрэбнасць, інтарэсы, погляды, перакананні, ідэалы, імкненні, каштоўнасныя арыентацыі і ўстаноўкі. П. чалавека вызначаюцца заахвочваннямі, што ўзнікаюць пад уплывам жыццёвых умоў (гал. ч. сацыяльных), прыроджанымі імкненнямі. Адрозніваюць віды П.: усвядомленыя і неўсвядомленыя, рацыянальныя і эмацыянальныя, якія знаходзяцца ў складанай узаемасувязі. П. чалавека вывучае псіхалогія. У сацыялогіі і сац. псіхалогіі паняцце П. выкарыстоўваецца для характарыстыкі самавыражэння індывіда ў сац. акружэнні. Біхевіярызм разглядае П. як сістэму рухальных рэакцый у адказ на знешні стымул. Неабіхевіярызм паміж стымуламі і рэакцыяй уключае т.зв. «прамежкавыя пераменныя» ў выглядзе заахвочванняў, мэт, установак і інш. элементаў свядомасці. Фрэйдызм звяртае ўвагу на залежнасць П. ад бессвядомай прыхільнасці; гештальтпсіхалогія — ад цэласных вобразаў успрымання. Гл. таксама Выхаванне, Дэвіянтныя паводзіны, Дзеянне сацыяльнае, Нормы, Сацыялізацыя.

Літ.:

Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;

Мисюк Н.С. Структура и коррекция поведения человека. Мн., 1980;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЕ СВЯТЛА́,

змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.

Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл. Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл. Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл. Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,

устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.

П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл. Плазменная тэхналогія).

На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.

В.​М.​Асташынскі, Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВІЛЫ ДАРО́ЖНАГА РУ́ХУ,

асноўны нарматыўны акт, які рэгламентуе парадак дарожнага руху і паводзіны яго ўдзельнікаў (вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў). Выконваюць арганізацыйна-прававыя функцыі кіравання, вызначаюць пералік няспраўнасцей і ўмоў, пры якіх забараняецца эксплуатацыя трансп. сродкаў на дарожна-трансп. сетцы. На Беларусі дзеючыя П.д.р. ўведзены ў 1996.

Дарожны рух — складаны дынамічны працэс, які ўяўляе сабой узаемадзеянне сукупнасці рухомых і нерухомых пешаходаў і розных тыпаў мех. і немех. трансп. сродкаў. П.д.р. садзейнічаюць падтрыманню неабходнай скорасці руху, устанаўліваюць значэнні сігналаў святлафора, знакаў дарожных, дарожнай разметкі і інш. Першыя правілы аўтамаб. руху з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1896), пазней у інш. краінах. У Расіі распрацоўваліся і ўводзіліся мясц. органамі ўлады з 1900-х г. У СССР П.д.р. ўстаноўлены дэкрэтам СНК (1920). У 1940 зацверджаны «Тыпавыя правілы руху па вуліцах гарадоў СССР», на аснове якіх распрацоўваліся П.д.р. на месцах, у т. л. рэспубліканскія. Адзіныя «Правілы руху па вуліцах і дарогах СССР», уведзены ў 1961, у 1965 і 1970. У 1973 уведзены П.д.р. з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб дарожным руху і Канвенцыі аб дарожных знаках (1968; Вена), яны змяняліся і дапаўняліся ў 1975, 1976 і 1979. У правілах 1980 улічаны таксама і міжнар. вопыт у галіне аўтамаб. транспарту і дарожнага руху, а таксама дакументы па бяспецы дарожнага руху.

Літ.:

Правила дорожного движения. Мн., 1998.

Дз.​Дз.​Селюкоў.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,

армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл. Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен. рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г. Узбр. Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс. чал.), прапаршчыкаў (11 тыс. чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс. чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.

Г.​І.​Чуксін, С.​А.​Шматок.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),

сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.

У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш. Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн. ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)