буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс.арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс.арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс.арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,
почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ВАЛЕ́РА ((De Valera) Іман) (14.10.1882, Нью-Йорк — 29.8.1975),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірландыі. Скончыў Дублінскі ун-т (1904). З 1908 чл.Гэльскай лігі, з 1913 — патрыят. арг-цыі «Ірл. валанцёры». Адзін з кіраўнікоў Ірландскага паўстання 1916, за што зняволены і прыгавораны да смерці, але амнісціраваны. З 1917 лідэр паліт. арг-цыі Шын фейн і «Ірл. валанцёраў». У 1919 абраны прэзідэнтам Ірл. рэспублікі, не прызнаў англа-ірландскі дагавор 1921. У 1922 адмовіўся ад пасады прэзідэнта і ў грамадз. вайну 1922—23 узначаліў апазіцыю, якая дамагалася поўнага суверэнітэту і цэласнасці краіны. У 1923 заснаваў партыю «Фіяна файл», пасля яе перамогі на выбарах узначальваў у 1932—48 урад і быў міністрам замежных спраў. Імкнуўся да поўнай паліт. і эканам. незалежнасці Ірландыі ад Вялікабрытаніі. У 1932 узначальваў сесію Савета Лігі Нацый, у 1938 — Асамблею Лігі Нацый. У 2-ю сусв. вайну захаваў нейтралітэт Ірландыі. У 1951—54, 1957—59 зноў кіраўнік урада, у 1959—73 прэзідэнт Ірландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,
цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс.т, Германія — 3,7 тыс.т, Францыя — 3,2 тыс.т, Італія —2,6 тыс.т, Швейцарыя — 2,6 тыс.т (усяго 20,2 тыс.т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс.т, у 1994—34,2 тыс.т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВА,
у крымінальным праве Рэспублікі Беларусь забароненае законам грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на асобу, канстытуцыйны лад дзяржавы, уласнасць, а таксама на інш. аб’екты, якія ахоўваюцца законам. Неабходнай прыкметай З. з’яўляецца наяўнасць віны (наўмыснасць або неасцярожнасць дзеяння). Не з’яўляюцца З. дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна маюць прыкметы якога-н. З., але з-за сваёй малазначнасці не ўяўляюць сабой грамадскай небяспекі. Грамадска небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымін. законам, г. зн. не было процізаконным, проціпраўным. Сукупнасць названых прыкмет (віны і проціпраўнасці) утварае склад З. Адсутнасць любой з іх выключае паняцце З.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь асобна вылучае паняцце цяжкае З. — наўмыснае дзеянне, якое ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку (іх пералік змешчаны ў агульнай частцы крымін. кодэкса). У адпаведнасці з сучаснай крымін. дактрынай краіны асаблівая частка кодэкса падзяляе З. паводле аб’екта пасягання на дзярж., супраць уласнасці, супраць асобы, супраць грамадскай бяспекі і грамадскага парадку, супраць правасуддзя, воінскія З. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬ-ДЭ-ФРАНС (Île-de-France),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пн Францыі. Уключае дэпартаменты Парыж, Івелін, О-дэ-Сен, Сен-Сен-Дэні, Валь-дэ-Марн, Валь-д’Уаз, Эсон, Сена і Марна. Пл. 12 тыс.км².
Нас. 10,8 млн.ж. (1992). Гал. горад — Парыж. Размешчана ў даліне р. Сена, на прылеглых плато і ўзгорках. Клімат мяккі, умераны, марскі. Сярэдняя т-растудз. 3,4 °C, ліп. 18,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў 645 мм. Высокаразвіты індустр. раён краіны. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (аўтамабілі, самалёты, станкі, вагоны, рачныя судны), хім. (угнаенні, пластмасы, фарбавальнікі, фармацэўтыка, парфумерыя), шкляная, паліграф., папяровая, швейная, мэблевая, харч. (у т. л. сыраварства), буд. матэрыялаў. ЦЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Міжнар. турызм.
Тэрыторыя І.-дэ-Ф. уключае шэраг гіст. зямель: Лаанэ, Нуаянэ, Суасанэ, Валуа, Бавэ і інш. З’яўлялася ядром франц. дзяржавы, у канцы 10 ст. складала каралеўскі дамен Капетынгаў. Цэнтр рэв. падзей у канцы 18—19 ст. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С (ІНК),
самая буйная паліт. партыя ў Індыі. Засн. ў 1885 прадстаўнікамі ліберальных бурж.-памешчыцкіх колаў і заможнай інтэлігенцыі. Напачатку выступала як лаяльная апазіцыя англ.калан. рэжыму. У 1920-я г. пад кіраўніцтвам М.К.Гандзі і Дж.Нэру ўзначаліла нац.-вызв. рух у краіне, ператварылася ў арганізацыйна аформленую масавую партыю з шырокай сац. базай (аснова праграмы — прынцыпы гандзізму). Пасля дасягнення Індыяй незалежнасці ў 1947—77 кіруючая партыя. У 1980—89 і 1991—96 зноў на чале ўлады пад назвай ІНК (I) (ад імя лідэра І.Гандзі) і фарміраваў аднапарт. ўрады. У канцы 1980-х — пач. 1990-х г. страціў большасць у парламенце, але заставаўся самай уплывовай партыяй краіны (да 1991 лідэр Р.Гандзі, пазней Н.П.В.Раа). Арганізаваны паводле адм. прынцыпу. Кіруючыя органы; з’езд, Усеінд. к-т, рабочы к-т. Старшыня партыі (з 1998) — С.Гандзі.
Літ.:
Чичеров А.И. Джавахарлал Неру и независимая Индия: (Очерки общественного развития страны в 50—70-е гг.). М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС КО́ШТУ ЖЫЦЦЯ́,
адносны паказчык, які разлічваецца з улікам змянення кошту фіксаванага «спажывецкага кошыка» або як сярэднеарыфметычная ўзважаная велічыня з індэксаў рознічных цэн на тавары і паслугі і фактычнай структуры расходаў насельніцтва. Адзінкай стат. ўліку з’яўляецца сям’я. У структуру яе расходаў уключаюць прадукты харчавання, адзенне, абутак, тавары працяглага карыстання, паліва, электраэнергію, камунальныя і трансп. паслугі, мед. абслугоўванне, адукацыю і інш. Вага І.к.ж. вызначаецца шляхам бюджэтных абследаванняў структуры спажывецкіх расходаў, якія робяць з дапамогай мэтанакіраваных або выпадковых адбораў. Метады вызначэння складу спажывецкіх набораў у розных краінах адрозніваюцца. У большасці краін пры пабудове І.к.ж. выкарыстоўваюць пастаянныя вагі, якія дзейнічаюць працяглы час. Прымаючы пад увагу іх недахопы, некат. краіны (напр., Вялікабрытанія, Францыя і інш.) перайшлі да неперарыўнага абследавання бюджэтаў сем’яў і злічэнні на гэтай падставе ланцуговых І.к.ж. з бягучымі вагамі. У шэрагу краін акрамя агульнага індэкса разлічваюцца індэксы розных груп насельніцтва (пенсіянераў, з малым, сярэднім даходамі і інш.). Гл. таксама Індэкс цэн, Індэкс узроўню жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (англ. Conservative Party),
адна з дзвюх вядучых паліт. партый краіны. Пачала фарміравацца ў 1830-я г. на базе партыі торы, арганізацыйна аформілася ў 1867—70 пад кіраўніцтвам Б.Дызраэлі. Прадстаўляе пераважна інтарэсы буйных уласнікаў. Ідэалогія — кансерватызм. З 1885 неаднаразова кіруючая партыя (яе лідэр у выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах фарміруе ўрад), у т. л. пасля 2-й сусв. вайны ў 1951—64, 1970—74, 1979—97. У 1912 аб’ядналася з больш ліберальнай паліт. групоўкай «юніяністаў» (лідэр з 1886 Дж.Чэмберлен). Налічвае каля 300 тыс.чл. (1990-я г.). Кіруючыя органы — Цэнтр. савет і Цэнтр. офіс, адносна самаст. ролю адыгрывае парламенцкая фракцыя партыі. Лідэры: Дызраэлі (1868—81), Р.Солсберы (1881—1902), А.Бальфур (1902—11), Б.Лоу (1911—23), С.Болдуін (1923—37), Н.Чэмберлен (1937—40, гл. ў арт.Чэмберлены), У.Чэрчыль (1940—55), А.Ідэн (1955—57), І.Макмілан, (1957—63), А.Дуглас-Х’юм (1963—65), Э.Хіт (1965—75), М.Тэтчэр (1975—90), Дж.Мэйджар (з 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТА́НЦА (Constanda),
горад на ПдУ Румыніі, на ўзбярэжжы Чорнага м.Адм. ц. жудзеца Канстанца. 747,4 тыс.ж. (1994). Гал. порт краіны на Чорным м. На паўд. ускраіне К. порт Аджыджа. Міжнар. аэрапорт. Канцавы пункт канала Дунай — Чорнае м.Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, цэлюлозна-папяровая, мэблевая, тэкст., харчовая. Археал. і маст. музеі. Марскі акварыум. Руіны стараж.-рымскіх пабудоў 2—3 ст., візант. базілік 5—6 ст. Мячэці 18—19 ст. Цэнтр прыморскага курортнага раёна.
На месцы К. ў 6 (паводле інш. звестак у 7) ст. да н.э.стараж. грэкі з Мілета заснавалі калонію Томы, якую ў 29 да н.э. заваявалі рымляне. У 8—17 гадах н.э. тут адбываў ссылку рым. паэт Авідзій. Рым. імператар Канстанцін Вялікі [306—337] перайменаваў Томы ў Канстанцініяну. Пазней належала Візантыі, Балгарыі (з 7 ст.). У 14 ст. порт К. выкарыстоўвалі генуэзскія купцы. У часы гур. панавання (1413—1878) горад заняпаў, рыбацкае пасяленне (Кюстэнджэ). З 1878 у складзе Румыніі.