помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел. землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.Нямцэвічам у 1822 у перакладзе на польск. мову.
Публ.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;
Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр.Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРО́Ў Васіль Рыгоравіч (2 або 4.1.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 10.6.1882),
рускі жывапісец і графік. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Акад. жывапісу (1866), праф. (1870). Вучыўся ў Арзамаскай школе жывапісу (1846—49, з перапынкамі), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1853—61) у С.К.Заранкі, з 1871 выкладчык гэтага вучылішча. На пенсію АМ быў за мяжой (1862—69). У ранніх творах выкрываў недахопы тагачаснага грамадства: «Прыезд станавога на следства» (1857), «Першы чын...» (1860). У пазнейшых творах надаваў амаль гратэскавую сац. характарыстыку носьбітам грамадскага зла ў прыгонніцкай Расіі («Пропаведзь на вёсцы», «Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень», абодва 1861; «Чаяванне ў Мыцішчах», 1862; «Прыезд гувернанткі ў купецкі дом», 1866; «Манастырская трапеза», 1865—75). Цяжкае жыццё сялян і гар. беднаты адлюстраваў у творах «Сляпы музыка» (1864), «Праводзіны нябожчыка» (1865), «Тройка» (1866), «Тапельніца» (1867), «Апошні шынок ля заставы» (1868). Стварыў шэраг карцін, у якіх намагаўся перадаць індывідуальнасць чалавека з народа, яго здольнасць глыбока мысліць і адчуваць («Фомушка-сыч», 1868; «Вандроўнік» 1870). Аўтар партрэтаў дзеячаў рус. інтэлігенцыі, у т. л. А.Астроўскага (1871), У.Даля, Ф.Дастаеўскага, М.Пагодзіна (усе 1872). Пісаў таксама карціны на быт. («Птушкалоў», 1870; «Паляўнічыя на прывале», «Рыбалоў», абедзве 1871) і гіст. («Суд Пугачова», 1875; «Мікіта Пустасвят», 1881) тэмы.
Тв.:
Рассказы художника. М., 1960.
Літ.:
Лапунова Н.Ф. В.Г.Перов. М., 1968;
Лясковская О.А. В.Г.Перов: особенности творч. пути художника. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІЗІЯНІ́ЗМ [ад лац. revisio (revisionis) перагляд],
у шырокім сэнсе — перагляд, радыкальнае пераасэнсаванне фундаментальных палажэнняў у працэсе эвалюцыі грамадскай думкі, ідэйна-паліт. плыні, рэліг. вучэння, грамадскай навукі (філасофіі, гісторыі, правазнаўства і інш.). Узнікненне Р. звязана са з’яўленнем новых сац. груп. паліт. груповак, навук. школ і іх барацьбой за пануючыя пазіцыі ў ідэалогіі, палітыцы ці навуцы. У вузкім сэнсе — плынь у ідэалогіі рабочага руху канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая ажыццяўляла рэвізію палажэнняў марксісцкай тэорыі. Узнік у канцы 1870-х г. у Германіі, прадстаўнікамі якога быў прапанаваны перагляд асн. палажэнняў марксісцкай рэв. тэорыі (І.Хёхберг, Э.Бернштэйн). Як самастойная плынь Р. усталяваўся ў 1890-я г. і распаўсюдзіўся ў Аўстра-Венгрыі (К.Каўцкі, О.Баўэр), Расіі (С.Пракаповіч, Л.Мартаў), Францыі (А.Лефеўр, Р.Гарадзі), ЗША (Дж.Гейтс), Польшчы (Л.Калакоўскі) і інш.Асн. рысы Р.: у філасофіі — адмаўленне матэрыяліст. дыялектыкі і яе законаў, крытыка ідэі рэв. перабудовы грамадства; у эканамічнай тэорыі — сцвярджэнні, што развіццё буйных капіталіст. прадпрыемстваў (трэстаў, карпарацый, суперкарпарацый) на аснове навук.-тэхн. прагрэсу прыводзіць да змякчэння сац. супярэчнасцей і затухання класавай барацьбы; у рэвалюцыйнай тэорыі — адмаўленне дыктатуры рабочага класа, проціпастаўленне марксізму ленінізму і абмежаванне ідэй У.І.Леніна межамі Расіі.
Літ.:
Ленін У.І. Марксізм і рэвізіянізм // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);
Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм? «Ответ Г.Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;
Каутский К. Демократия и социализм: фрагменты работ разных лет. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КАНСТРУ́КЦЫЯ ПО́ЎДНЯ 1865—77,
перыяд радыкальных сац.-эканам. пераўтварэнняў у амер.паўд. штатах пасля грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65; састаўная частка (2-я фаза) другой Амер. рэвалюцыі 1861—77. Праведзена ў час прэзідэнцтва Э.Джонсана (1865—68) і У.С.Гранта (1869—77) з мэтай аднаўлення дзярж. адзінства ЗША і перабудовы жыцця паўд. штатаў краіны. Вырашала пытанні індустрыялізацыі, памяншэння ўплыву плантатараў, надання грамадз. правоў негрыцянскаму насельніцтву ў паўд. (б. рабаўладальніцкіх) штатах ЗША. Гал. рухаючыя сілы — радыкальнае крыло Рэсп. партыі (на федэральным узроўні), узбр. атрады (на мясц. узроўні). Фактычна пачалася з закону аб Рэканструкцыі ад 2.3.1867. Паводле рашэння кангрэса федэральныя войскі былі ўведзены ў паўд. штаты, іх тэр. падзелена на 5 ваен. акруг на чале з генераламі. У 1867 упершыню ў кангрэс ЗША выбраны 16 неграў. Яны ўваходзілі і ў мясц. органы ўлады. У ходзе Р.П. ў рэгіёне актывізавалася развіццё прам-сці, транспарту (чыг.буд-ва), гандлю, добраўпарадкоўваліся населеныя пункты, пашырылася асвета сярод неграў. Але з-за супраціўлення плантатараў і інш. кансерватыўных сіл (гл.Ку-клукс-клан) не ўдалося радыкальна вырашыць агр. пытанне, у большасці паўд. штатаў узмацніліся расісцкія настроі (да 1877 рэспубліканцы кантралявалі ўладу толькі ў 3 з 11 мясц. штатаў). У крас. 1877 федэральныя войскі выведзены з паўд. штатаў. У выніку Р.П. замацавана дзярж. адзінства ЗША, устаноўленае ў ходзе грамадз. вайны, зроблены захады па інтэграванні негрыцянскага насельніцтва ў амер.грамадства.
Літ.:
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
цэласнае, структурна ўпарадкаванае ўтварэнне, якое складаецца з індывідаў і сац. супольнасцей, аб’яднаных сац. сувязямі і ўзаемаадносінамі. Істотнымі рысамі С.с., як і кожнай сістэмы, з’яўляюцца цэласнасць і інтэгральнасць. Новая якасць, якую яна ўтварае, не зводзіцца механічна да сумы якасцей яе элементаў (інтэгральны эфект), а ўласцівасці і заканамернасці элементаў часам выяўляюцца інакш, чым пры самаст. існаванні. У шырокім сэнсе С.с. — усё грамадства з яго падсістэмамі (сац. ін-тамі, арг-цыямі і інш. структурнымі фарміраваннямі). На эмпірычным узроўні — пэўная сац.супольнасць ці арганізацыя, для якой характэрны такія сістэмаўтваральныя якасці, як мэта, іерархія, кіраванне, этн. і нац. супольнасці, дзяржава. С.с. можна лічыць і кожную асобу, калі разглядаць яе з пункту гледжання характарыстык, якія выяўляюцца ў працэсе сац. узаемаадносін. У параўнанні з біял., тэхн. і інш. сістэмамі С.с. максімальна складаная, паколькі Яе асн. элемент (чалавек) валодае суб’ектыўнасцю і вял. дыяпазонам выбару паводзін. Аб’ектыўная складанасць С.с. прапарцыянальная множнасці яе элементаў, колькасці ўзроўняў і падсістэм, разнастайнасці сувязей паміж імі, ступені аўтаномнасці яе частак. Кожнай канкрэтнай С.с. уласціва іерархічнасць пабудовы — сістэмы ніжэйшага ўзроўню паслядоўна ўключаюцца ў сістэмы вышэйшага. Яна арганічна звязана са знешнім асяроддзем, выконвае строга абмежаваныя функцыі. Спосабам рэгулявання шматузроўневай іерархіі, забеспячэння сувязей паміж рознымі ўзроўнямі С.с. з’яўляецца кіраванне. Эфектыўны метад кіравання С.с. — мэтанакіраваны ўплыў на яе сістэмаўтваральныя элементы і сувязі.
Літ.:
Аверьянов А.Н. Система: филос. категория и реальность. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УА́ЙТХЕД (Whitehead) Алфрэд Норт (15.2.1861, г. Рэмсгіт, Вялікабрытанія — 30.12.1947),
англійскі логік, філосаф і матэматык. Праф. Кембрыджскага і Лонданскага (з 1914), Гарвардскага (з 1924) ун-таў. Адзін з заснавальнікаў лагістычнай школы ў філасофіі матэматыкі, якая ў значнай ступені вызначыла развіццё матэматычнай логікі («Principia mathematica», т. 1—3, 1910—13, з Б.Раселам). Для эвалюцыі філас. поглядаў У. характэрны пераход з пазіцый неарэалізму да аб’ектыўнага ідэалізму, набліжанага да платанізму. Імкнуўся да ўзгаднення філасофіі з прыродазнаўчымі дысцыплінамі, да рацыянальнага абгрунтавання навукі і яе ролі сярод інш. сістэм ведаў (мастацтва, рэлігія, філасофія). Уяўляў прыроду ў выглядзе адзінства падзей («элементарных фактараў пачуццёвага вопыту») і аб’ектаў («вечных элементаў у прыродзе»), што, на яго думку, дазваляе разумець прыроду як працэс і сумясціць палажэнні пра незалежнасць прыроды ад думкі і пра тоеснасць прыроды і вопыту. Лічыў, што ўсё існае з’яўляецца часткай вопыту: індывідуальнага для канечных рэчаў і божага для свету наогул. Сусв. працэс разглядаў як «вопыт Бога», у якім «вечныя аб’екты» пераходзяць з ідэальнага божага свету ў свет фізічны і якасна вызначаюць падзеі. Сцвярджаў, што паколькі падзея мае часовы, зменлівы характар, яна арганічная; прапанаваў замяніць паняцце матэрыі паняццем «арганізм». Лічыў, што аб’ектам вывучэння навукі з’яўляюцца арганізмы (напр., біялогія вывучае больш буйныя арганізмы, фізіка — меншыя). Для сацыялагічных поглядаў У. характэрны разуменне ідэй як гал. рухальных сіл грамадства і абсалютызацыя ролі вучоных у сац. развіцці.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные работы по философии. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕМІНІ́ЗМ (франц. féminisme ад лац. femina жанчына),
жаночы сац.-паліт. рух, мэта якога — імкненне да раўнапраўя жанчын з мужчынамі ва ўсіх сферах грамадства; у больш шырокім сэнсе — асобная філас. канцэпцыя сацыякульт. развіцця. Ідэалогія Ф. зарадзілася ў канцы 18 ст., пасля выхаду ў свет прац А. дэ Гуж (Францыя), А.Адамс (ЗША) і М.Уолстанкрафт (Англія), якія выступалі супраць дыскрымінацыі жанчын у грамадстве. Арганізацыі жан. руху (гл.Суфражысткі) з 1840-х г. фарміраваліся ў ЗША, у 1850-я г. — у Вялікабрытаніі, у 1860-я г. — у Францыі і Германіі, у 1870—80-я г. — у Скандынаўскіх краінах. Для тагачаснага руху Ф. цэнтральным было пытанне ўраўнавання жанчын у правах з мужчынамі (на адукацыю, валоданне маёмасцю, выбарчае права і г.д.). Пасля таго як у 1920-я г. жанчыны ў большасці еўрап. і амер. краін атрымалі выбарчыя правы, «першая хваля Ф.» пайшла на спад. З 1960-х г. пачаўся новы ўздым жаночага руху, т. зв. «другая хваля Ф.», на ідэалогію якой паўплывала кніга Б.Фрыдан «Таямніца жаноцкасці» (1963). У 1966 у ЗША створана Нац.жан.арг-цыя (НЖА), пры яе ўдзеле разгарнуўся масавы жаночы рух, які ахапіў большасць развітых зах. краін. Мэтай Ф. стала барацьба за роўнасць жанчыны ў сям’і, за права на паўнавартасную прафесійную працу і г.д. У выніку да 1980—90-х г. значна павысіўся статус жанчыны ў грамадстве.
Літ.:
Феминизм: проза, мемуары, письма: Пер. с англ.М., 1992;
Фридан Б. Загадка женственности: Пер. с англ.М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНЛЯ́НДСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918,
узброенае процістаянне (фактычна грамадз. вайна) паміж «чырвонымі» — прыхільнікамі сацыялізацыі фінл.грамадства (С.-д. партыя Фінляндыі і інш. левыя сілы) і іх апанентамі — «белымі» (кансерватыўныя партыі і групоўкі). Адбылася пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, калі Фінляндыя атрымала незалежнасць (абвешчана 6.12.1917). Пачалася 28.1.1918 з захопу атрадамі «чырвоных» улады ў Хельсінкі і гарадах Паўд. Фінляндыі. Часовы фінл. ўрад (сенат) эвакуіраваўся ў г. Вааса. Апорныя пункты «белых» узніклі ў паўн. і цэнтр. частках краіны. За ўладу «чырвоных» змагаліся пераважна добраахвотнікі, якія не мелі вайск. падрыхтоўкі. Ядро арміі «белых» склалі фін. егеры (лёгкія стралкі), якія набылі баявы вопыт у герм. арміі ў 1-ю сусв. вайну. З абодвух бакоў у баях удзельнічалі прыбл. па 70 тыс.чал. З канца лют. — пач.сак. 1918 ваен. ініцыятыва перайшла да «белых», якія з Пн наступалі ў напрамку г. Тамперэ — апорнага пункта «чырвоных». Вайна скончылася ў маі 1918 перамогай войск сената на чале з К.Г.Э.Манергеймам. Іх перамозе паспрыялі заключэнне Брэсцкага міру 1918 (паводле яго з Фінляндыі выведзены рас. вайскоўцы, частка якіх падтрымлівала фінл. «чырвоных») і ўдзел на баку сената экспедыцыйнай герм.Балт. дывізіі (12 тыс.чал.). У ходзе вайны з абодвух бакоў загінула каля 30 тыс.чал.; большасць чырв. вайскоўцаў трапіла ў палон (пазней яны амнісціраваны). У выніку рэвалюцыі ў Фінляндыі ўсталяваліся асновы яе сучаснага дзярж. ладу.
Літ.:
Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
галіна навукі, якая вывучае этнічныя і нац. супольнасці ў іх узаемасувязі з дынамікай сац. структуры грамадства. Вытокі Э. ў даследаваннях па псіхалогіі народаў (В.Вунт, Х.Штэйнталь, М.Лацарус, Г.Лебон, Г.Тард), а таксама ў працах па культ. своеасаблівасці першабытных народаў (Р.Бенедыкт, М.Мід, Р.Хінтан). Цэнтр. паняцце Э. — этнас як спецыфічная прыродна-сац. і антрапалагічнаўстойлівая супольнасць людзей, што ўзнікла і развівалася на аснове адзінства прыродна-ландшафтных умоў, мовы, асаблівасцей вонкавага выгляду, агульнай культуры і рэлігіі. Асн. задача Э. — высвятленне спецыфічных асаблівасцей этнасаў і нацый: устойлівасць і працягласць існавання, наяўнасць дакладных прыкмет, што адрозніваюць іх ад інш.сац. супольнасцей, сацыякультурная своеасаблівасць, наяўнасць нацыянальнай самасвядомасці, традыцый, абрадаў, звычаяў, спецыфічнага менталітэту (напр., памяркоўнасць, добразычлівасць, талерантнасць, працавітасць у беларусаў) і да т.п. Сучасныя прадстаўнікі Э. — Г.Гарфінкель (ЗША), Ю.В.Аруцюнян, Л.М.Гумілёў, Л.М.Дробіжава (Расія), а таксама большасць бел. даследчыкаў этнасац. адносін (Я.М.Бабосаў. Л.І.Навуменка і інш.) лічаць, што этн. агульнасць мае першараднае значэнне як сац. архетып і яго ігнараванне ў сацыялогіі прыводзіць да сур’ёзных памылак. Пры этнасацыялагічных даследаваннях на мяжы апошніх стагоддзяў, асабліва ў Расіі, Беларусі і Украіне, вывучаліся прычыны і наступствы міжэтн. канфліктаў, асаблівасці нац. менталітэту гэтых народаў і нац. супольнасцей. Важную ролю ва ўмовах станаўлення і развіцця незалежнай бел. дзяржавы набывае вывучэнне і канструктыўная рэалізацыя такіх функцый этнанац. груп, якія ствараюць спрыяльныя перадумовы для нацыі як адзінага цэлага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАБІ́НЦЫ,
прадстаўнікі радыкальнай паліт. плыні (фактычна — партыі) у Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99, члены Якабінскага клуба, што засталіся ў ім пасля адыходу жырандыстаў. Лідэры: М.Ф.М.І.Рабесп’ер, Ж.П.Марат, Ж.Ж.Дантон, Л.А.Л.Сен-Жуст і інш. Былі выразнікамі інтарэсаў рэв.-дэмакр. буржуазіі, якая выступала ў саюзе з сялянствам і гар.плебействам у абарону заваяванняў рэвалюцыі і за яе далейшае развіццё. Найб. паслядоўныя Я. імкнуліся стварыць рэсп.грамадства з поўнай паліт. роўнасцю грамадзян, без кантрастаў галечы і багацця, але адвяргалі крайні радыкалізм «шалёных». У перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793—ліп. 1794) узмацнілася барацьба паміж «правымі», або «памяркоўнымі» (Дантон, К.Дэмулен і інш.) і «крайнімі» (П.Г.Шамет, Ж.Р.Эбер і інш.) Я. «Правыя», звязаныя з «новай» буржуазіяй, выступалі за аслабленне рэжыму дыктатуры і асабліва рэв. тэрору; «крайнія» — выразнікі ідэй гар. нізоў — патрабавалі ўзмацнення рэпрэсій супраць спекулянтаў і раздзелу маёмасці ворагаў рэвалюцыі сярод незаможнага насельніцтва, змагаліся з каталіцкай царквой. Большасць Я. ішла за групоўкай Рабесп’ера, якая, скарыстаўшы заклік Эбера да новага нар. паўстання, дамаглася ў сак.—крас. 1794 смяротнага пакарання лідэраў «крайніх», а неўзабаве расправілася з Дантонам і інш. лідэрамі «правых». Гэта адштурхнула ад Я. «новую» буржуазію і значную частку нар. нізоў, стварыла ўмовы для звяржэння якабінскай дыктатуры ў выніку тэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) і закрыцця Якабінскага клуба (12.11.1794). Спробы Я. аднавіць сваю дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 падаўлены Дырэкторыяй. У канцы 18 — пач. 19 ст. тэрмін «Я.» набыў па-за межамі Францыі значэнне хадзячай назвы для абазначэння ўвогуле рэвалюцыянераў і радыкальных рэфарматараў.