ВА́РТАСЦЬ,

увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сць асн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.

У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.

С.​Я.​Янчанка.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЫБА́ШАЎ (Міхаіл Пятровіч) (5.11.1878, Ахтырскі р-н Сумскай вобл., Украіна — 3.3.1927),

рускі пісьменнік. Раннія творы («Бунт», «Канакрад», «Смех»; усе 1901) прасякнуты духам лібералізму. У творах перыяду рэвалюцыі 1905—07 спроба развянчаць ідэю сац. і маральнай адказнасці мастацтва (апавяданні «Крывавая пляма», «На белым снезе», аповесці «Чалавечая хваля» і інш.). Рэчаіснасць у іх спалучалася з натуралістычным апісаннем жахаў і самазабойстваў. У гады рэакцыі прымкнуў да ўпадніцкага кірунку ў л-ры. У аповесцях «Мільёны» (1908), «Рабочы Шавыроў» (1909), раманах «Санін» (1907), «Ля апошняй рысы» (1910—11) амаралізм, сексуальная разбэшчанасць, сац. песімізм, адмаўленне грамадскіх ідэалаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі эмігрыраваў за мяжу.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТО́НІК (Aristonikos, ? — 129 да нашай эры),

кіраўнік антырымскага паўстання 133 (або 132) — 129 да нашай эры ў Пергаме. Пазашлюбны сын пергамскага цара Яўмена II У паўстанні (пачалося пасля смерці зводнага брата Арыстоніка цара Атала III, які завяшчаў сваё царства Рыму) удзельнічалі частка насельніцтва Пергама, грэчаскія гарады Малой Азіі, наёмныя войскі, рабы. Паўстанцы марылі стварыць «сонечную дзяржаву», дзе б усе людзі былі роўнымі. У 130 да нашай эры яны разбілі каля Леўкі консульскую армію П.​Ліцынія Краса, але ў 129 пацярпелі паражэнне пры Стратанікеі. Арыстонік трапіў у палон і пакараны смерцю. Пергам стаў рымскай правінцыяй пад назвай Азія.

т. 2, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,

паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у т. л. праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, на якіх гаворыць карэннае насельніцтва Аўстраліі (акрамя папуаскай мовы мірыям і тасманскіх моў). Агульная колькасць моў ад 200 да 600 (у сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж дыялектамі), значная частка знікла або знікае. Аўстралійскія мовы ўключаюць 12 асобных моў і 16 сем’яў (найбольш моў у сям’і паманюнга — каля 180).

Фанетычная сістэма большасці аўстралійскіх моў мае тры галосныя (i, a, u), сярод зычных няма свісцячых і шыпячых, не адрозніваюцца глухія і звонкія. Націск, як правіла, на першым складзе. Граматычны лад усіх аўстралійскіх моў аглюцінатыўны. Парадак слоў у сказе — свабодны. Усе аўстралійскія мовы — бяспісьменныя.

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУК (Саламон Ільіч) (н. 1.7.1920, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

рускі этнограф. Чл.-кар. АН СССР (1987), д-р геагр. н. (1965), праф. (1971). Засл. дз. нав. Расіі (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). З 1956 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі Расійскай АН. Распрацаваў тэарэт. прынцыпы, метады і спосабы этнічнага картаграфавання. Асн. працы па этнічнай геаграфіі і краіназнаўстве: «Колькасць і рассяленне народаў свету» (1962), «Насельніцтва зямнога шара» (1965), «Краіны і народы: Зямля і чалавецтва» і «Праблемы этнічнай геаграфіі і картаграфіі» (1978; усе ў сааўт.), «Насельніцтва свету: Этнадэмаграфічны даведнік» (2-е выд. 1986). Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСО́Н ((Bresson) Рабер) (н. 25.9.1907, Брамон-Ламот, дэпартамент Пюі-дэ-Дом, Францыя),

французскі рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў літ. і філас. адукацыю. Вучыўся жывапісу. У кіно з 2-й пал. 1930-х г. як мастак і сцэнарыст. У 1943 паставіў фільм «Анёлы граху», у 1945 — «Дамы Булонскага лесу». Усе наступныя фільмы здымаў па ўласных сцэнарыях, хоць часам выкарыстоўваў і літ. першакрыніцы: «Дзённік сельскага святара» (1950), «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк» (1956), «Працэс Жанны д’Арк» (1962), «Мушэт» (1967), «Пакорлівая» (1969), «Магчыма, д’ябал» (1977), «Грамы» (1983). Гуманістычнае гучанне творчасці Брэсона абумоўлена глыбокай спагадай тым, хто пакутуе, зняважаным і гаротным.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́Ц (Actaea),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі зрэдку трапляецца варанец каласісты (A. spicata). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках па берагах рэк. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце буйное, трайчастае, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, белыя або жаўтавата-белыя, у гронках. Плод — ягадападобная касцянка чорнага, белага або чырв. колеру. Дэкар., тэхн. (з пладоў атрымліваюць чорную і чырв. фарбу), лек. (карані — ірвотны і слабіцельны сродак) і ядавітыя (усе часткі) расліны.

Варанец каласісты.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЁНАК (Яўген Пятровіч) (26.12.1917, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1973),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це (1934—35). З 1935 працаваў у бел. газетах, у 1939—43 — на Д. Усходзе. З 1948 у Мінску, у 1958—66 гал. рэдактар час. «Нёман». Першы зборнік прозы «Зялёныя агні» (1954). У яго творах — жыццё рабочых-чыгуначнікаў, моладзі, маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў «Прызванне» (1956), «Выпадковы прыпынак», «Розныя дарогі», драмы «Каралеўскі гамбіт» (усе 1957), «Вячэрняя размова» (1968), «На перагоне» (1973) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1977.

Я.П.Васілёнак.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 17 ст. на тэр. Узгорскага замка. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з высокіх прамавугольных у плане асн. аб’ёму і гранёнай апсіды, накрытых 2-схільнымі дахамі, і 3-яруснай званіцы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні з высокімі вузкімі вокнамі ўвянчаны васьмерыковым купалам). Асн. аб’ём завяршаўся галоўкай на высокім барабане. Фасады расчляняліся высока размешчанымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)