ВЕСПУ́ЧЫ ((Vespucci) Амерыга) (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),
італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн.ч. кантынента, набылі сусв. вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІЁНІ ((Antonioni) Мікеланджэла) (н. 29.9.1912, г. Ферара, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу эканомікі і камерцыі ў Балонні. Асн. тэма творчасці — даследаванне ўнутр.свету чалавека, які адчувае сваю ізаляванасць, пакінутасць, адзіноту і боязь жыцця. У пасляваен. эпоху паказаў раз’яднанасць людзей, іх трагічную «некамунікабельнасць». Героі яго стужак пакутліва перажываюць сваю ўнутраную самоту: «Хроніка аднаго кахання» (1950), «Пераможаныя» (1952), «Дама без камелій» (1953), «Сяброўкі» (1955). Своеасаблівы цыкл складаюць фільмы 1960-х г., у якіх паказаны разрыў кантакту герояў з рэальнасцю, унутраны крызіс: «Крык» (у сав. пракаце «Адчай»), «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня». Майстэрскае выкарыстанне натуральных шумаў, паўз, сімвалічных дэталяў робіць фільмы Антаніёні гукапластычным відовішчам. У інш. краінах зняў фільмы: «Фотапавелічэнне» (Англія, 1967), «Забрыскі Пойнт» (ЗША, 1970), «Прафесія: рэпарцёр» (Алжыр, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),
мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БСЛЕЙ (англ. bobsleigh),
від спорту, скорасны спуск з гары па ледзяным жолабе на спарт. санях спец. канструкцыі. Сані (наз. таксама бобслей) маюць суцэльнаметал. кузаў абцякальнай формы, замацаваны на 2 парах палазоў-канькоў: пярэдняя рухомая з рулём, задняя нерухомая з тормазам. Спаборніцтвы праводзяцца для 2-месных і 4-месных бобслеях. Ёсць пэўныя абмежаванні па даўжыні саней і агульнай масе экіпажу. Траса (жолаб) даўж. 1500—2000 м, шыр. 1,5—2 м, глыб. — 0,5 м з віражамі, перапад вышыняў 130—150 м. Скорасць саней на спуску дасягае 100—130 км/гадз.
Узнік бобслей у канцы 19 ст. ў Швейцарыі. Спачатку ўдзельнічалі і жанчыны, з 20 ст. толькі мужчыны. З 1924 існуе Міжнар. федэрацыя бобслея і табагана (ФІБТ), з 1924 бобслей у праграме Алімпійскіх гульняў, — з 1930-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КАў Лондане,
нацыянальная б-ка Вялікабрытаніі. Засн. ў 1972 на базе б-кі Брытанскага музея (створаны ў 1753 на аснове прыватных калекцый і б-кі каралёў Англіі ад Эдуарда IV да Георга IV), Нац.цэнтр. б-кі (з 1916), Брыт.нац. каталога (з 1950), Нац. б-кі навукі і тэхнікі (хатні абанемент). У фондах б-кі больш за 21 млн.аддз. захоўвання (1995). Захоўвае бібліятэчныя матэрыялы на англ. мове, узорную выдавецкую прадукцыю свету. Брытанская бібліятэка — рэгіянальны н.-д. і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства і навук. інфармацыі з аўтаматызаванымі сродкамі апрацоўкі бібліяграфічна-каталогавых матэрыялаў (друк. каталогі і каталогавыя карты на магнітных стужках і мікраформах), мае сістэму інфармац. абслугоўвання (system BLAISE — British Automated Information service); пры дапамозе цэнтралізаванай камп’ютэрнай сістэмы (адзіная ў свеце) праводзіць міжбібліятэчны і міжнар. кнігаабмен. Забяспечвае ахову аўтарскіх правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБО́ЎСКІ (Павел Арсенавіч) (11.9.1864, в. Грабоўскае Сумскай вобл., Украіна — 12.12.1902),
украінскі паэт, рэв. дэмакрат. У 1874—82 вучыўся ў Ахтырскім духоўным вучылішчы і Харкаўскай духоўнай семінарыі. Удзельнік харкаўскай групы «Чорнага перадзелу». У 1882 за рэв. агітацыю арыштаваны і сасланы на катаргу. Каля 20 гадоў правёў у сібірскіх турмах і ссылцы. Майстар кароткага верша, насычанага глыбінёй думкі і пачуццяў (зб-кі «Пралеска», 1894; «З Поўначы», 1896; «Кобза», 1898). У творах адлюстроўваў мінулае і сучаснае Украіны, героіку рэв. барацьбы. Як крытык і публіцыст выступаў супраць дэкадэнцтва, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», апалітычнасці ў маст. творчасці, ліберальнага народніцтва, сцвярджаў прынцыпы рэалізму. Пісаў для дзяцей. Перакладаў з рус., груз., арм., балг., польск., англ., італьян., франц. і інш. моў свету (зб. «З чужога поля», 1895).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАКІ́,
група парод паляўнічых сабак. Выкарыстоўваюць для палявання на зайцоў, лісоў і ваўкоў, а таксама капытных. Вядомы з глыбокай старажытнасці, паходзяць ад стараж. травільных сабак. Ганчакі па нюху знаходзяць след звера і з гучным брэхам гоняць яго (адсюль назва). Пашыраны ў многіх краінах свету, вядома каля 80 парод ганчакоў; на Беларусі гадуюць рускага ганчака, рускага рабога і эстонскага.
Ганчакі рускай і рускай рабой парод (выш. ў карку 55—68 см) маюць моцную канстытуцыю, тэмпераментныя і настойлівыя ў пошуку і гонцы дзічыны. Паводзіны ўраўнаважаныя, характар спакойны, лёгка дрэсіруюцца. Масць рускага ганчака рыжая з цёмным чапраком, часам шэрая з жоўтымі падпалінамі, рускага рабога — пераважна чорна-рабая з рыжымі плямамі на галаве, плячах і крыжы. Эстонскі ганчак нізкарослы (выш. 42—52 см), жвавы, масць часцей чорна-рабая з рыжымі плямамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯ (ад грэч. harmonia сувязь, стройнасць, суразмернасць),
унутраная і знешняя ўпарадкаванасць, узгодненасць, цэласнасць з’яў і працэсаў, суразмернасць частак, зліццё розных кампанентаў аб’екта ў адзінае арганічнае цэлае; адзін з важнейшых крытэрыяў эстэт. ацэнкі гармоніі — паказчык, мера гістарычна дасягнутага ўзроўню практычна-духоўнага асваення чалавекам навакольнага асяроддзя. Гармонія заўсёды адносная і гістарычна канкрэтная. Выступае неад’емнай якаснай характарыстыкай зместу эстэт. ідэалу, вышэйшай сац.-эстэт. мэты грамадскага развіцця. Паводле характарыстык, распрацаваных у стараж.-грэч. філасофіі, гармонія — універсальны эстэтыка-касмалагічны прынцып светапогляду. Ант. філосафы адзначалі дыялектычны характар гармоніі. Сучасная сусв. эстэтыка разумее гармонію як аб’ектыўную магчымасць стасункаў чалавека са светам і дасягальны ідэал; як дасканаласць звышнатуральнай сутнасці рэчаў, якую можна суб’ектыўна ўявіць, але нельга дасягнуць. У гісторыі эстэтыкі разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага. Дыялектычны матэрыялізм бачыць аснову гармоніі ў матэрыяльным адзінстве свету, ва ўсеагульнай узаемасувязі і развіцці з’яў, у аб’ектыўных заканамернасцях.
амерыканскі пісьменнік. Брат філосафа і псіхолага У.Джэмса. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це. З 1875 жыў у Англіі. Сябраваў з І.Тургеневым, творчасць якога (а таксама Н.Хотарна) паўплывала на фарміраванне эстэт. поглядаў Дж. Аўтар больш як 20 раманаў, у т. л. «Амерыканец» (1877), «Вашынгтонская плошча» (1880), «Жаночы партрэт» (1881), «Бостанцы» (1886), «Нязручны ўзрост» (1899), «Залатая чаша» (1904), аповесцей, у т. л. «Дэйзі Мілер» (1879), «Урок майстра» (1892), літ.-крытычнага даследавання «Майстэрства рамана» (1834), больш за 100 апавяданняў, а таксама п’ес, навел і эсэ. Дж. разважаў над узаемаадносінамі Новага і Старога свету (амер. і еўрап.культ. традыцыямі), вытокамі нац.амер. менталітэту. Яго прозе ўласцівы прытчавасць, сімвалічная абагульненасць вобразаў, рэфлексіўнасць.