ПАЛАТА́,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Палата. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Полацк, 130 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Палата. 634 ж., 273 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай культуры.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Каўпіта, на аўтадарозе Чачэрск—Краснаполле. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнУ ад г. Чачэрск, 100 км ад Гомеля, 70 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 551 ж., 221 двор (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во́дбліск, ‑у, м.

1. Адбітае святло; бляск. Водбліск сонца. □ Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Дзесьці злева гарэла вёска, і на вершалінах дрэў мігцелі водбліскі пажару. Хомчанка. // Адценне колеру, адліў. Паласа вады з цьмяным металёвым водбліскам ляжала перад.. [Шаманскім], як нейкая лінія, як нейкі рубеж. Дуброўскі.

2. перан. Адлюстраванне, след чаго‑н. Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няя́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены яркасці; даволі цьмяны. Вячэрняе сонца, ідучы на спачын, залівала роўным, няяркім святлом суседні парк. Паслядовіч. На машынах у цэху, дзе працаваў Вася, друкаваліся дзіцячыя кніжкі, і часам малюнкі выходзілі няяркія, невыразныя, фарбы расплываліся. Сапрыка.

2. перан. Які не кідаецца ў вочы; малапрыкметны. Тым часам вёска, што прытуліла Юзіка, важыла на шырокую нагу.. І толькі Юзік несамавіта выдзяляўся сярод усіх сваёй няяркай вопраткай. Хадановіч. Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой. Караткевіч. // Які нічым не вылучаецца; звычайны. Няяркае жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць ствараць якія‑н. гукі (гаварыць, смяяцца, крычаць і пад.); змоўкнуць. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. Брыль. Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона, са сцэны павеяла халадком, зала заціхла. Карпаў. // Перастаць чуцца, раздавацца. І змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас. Заціх апошні водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.

2. перан. Аслабіць або спыніць сваю дзейнасць. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны. Вёска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Заўсёды ўласцівы каму‑, чаму‑н.; які заўсёды бывае; пастаянны, прывычны. Дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Колас. Маці — высокая, хударлявая — ішла звычайным, шырокім крокам. Сіняўскі.

2. Які не вылучаецца сярод іншых, нічым не знамянальны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходню прынеслі паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. Звычайная вёска стаяла, а ў вёсцы — звычайная хата, якіх і на свеце нямала, і на Беларусі багата. Дубоўка. — Які ж ты лоўкі! — з захапленнем сказала.. [Паліна]. — Звычайны, — адказаў Антон. Кавалёў.

•••

Звычайная ступень параўнання гл. ступень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разві́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца, разыходзіцца (звычайна на дзве часткі). [Бусел] аблюбаваў зручную развілку метраў на пятнаццаць ад зямлі, пачаў цягнуць туды галлё і рабіць гняздо. Самусенка. Мы ляжалі на зялёнай мураве непадалёку ад развілкі дарог, дзе стаяць слупы з указальнікамі. Навуменка. Вёска ляжала ў развілцы дзвюх гразкіх і балотных рачулак. Танк.

2. Месца, дзе разыходзяцца дарогі, вуліцы і пад. Па Маскоўскай вуліцы аўтобус нырнуў пад Заходні мост, затрымаўся на развілцы і рушыў прама. Новікаў. — Дойдзеш да развілкі на Ружанскай шашы, чакай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які рухаецца ў адным кірунку з чым‑н. Якраз дзьмуў вецер спадарожны. Аўрамчык. Ад бліжэйшай да МТС чыгуначнай станцыі юнак дабіраўся на спадарожнай машыне. Даніленка. / у знач. наз. спадаро́жны, ‑ага, м. Спадарожныя стаялі на беразе і казалі: «Глядзі ты, які .. наш Яшка: рэчкі не пераплыў, а панчохі ўжо сушыць». Колас.

2. Які сустракаецца на шляху, на дарозе. Спадарожная станцыя. Спадарожная вёска.

3. Які існуе поруч, разам з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. асноўнаму. Спадарожныя газы. □ У каментарыях .. не прыводзяцца спадарожныя элементы бытавання і расказвання казак, запісаных у пасляваенны час. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарва́ркі, ‑рак; адз. шарварка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Грамадская працоўная павіннасць пераважна па будаўніцтву і рамонту дарог, мастоў, грэбляў, панскіх будоўляў у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай у 15–18 стст., а таксама ў Заходняй Беларусі ў 1921–39 гг. Вёска не хадзіла адбываць шарваркі, не плаціла падаткаў. Пестрак. Вызначалі [панскія начальнікі] фурманкі і людскую сілу на шарварку для рамонту мастоў і дарог, што праходзілі па панскай зямлі, зноў збіралі сход. Машара. На сялян сыпаліся шматлікія штрафы і прымусовыя павіннасць па рамонту дарог і мастоў (шарваркі), якія ператварылася ў сапраўдную дарожную паншчыну. Палуян.

[Польск. szarwark ад ням. Scharwerk.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надовень ’участак поля каля вёскі’ (полац., Яшк.). Цёмнае слова. Варбат збліжае з в.-луж. nadows ’вясковы выган, выпас’ (паводле Шустара–Шэўца, з *nadъ і *vьsь, гл. вёска), на падставе чаго прапануе рэканструкцыю *na‑dó‑vьsь‑nъ, параўн. прыметнік в.-луж. nodowsny ’выганны, пашавы’, з наступнай субстантывацыяй і фанетычнымі зменамі (падзенне рэдукаваных і як вынік гэтага спрашчэнне спалучэння sn > n), што можна прыняць з вялікай доляй верагоднасці. Менш падстаў мае, як здаецца, збліжэнне в.-луж. nodows, а значыць, і надовень, з прыслоўямі тыпу надовесь ’нядаўна’, надовись ’пазаўчора’ і інш. (Варбат, Этимология–1979, 31–32), якія, як і беларускія словы нагдысь, нагдовесь, надое, надовень, з *ono‑gъda‑ (ESSJ SG, 2, 525). Гл. наступнае слова. Можна прапанаваць і іншую версію: надовень < надобень ’карысная (зручная) рэч’ (да даби, гл.), параўн. семантычна блізкае выгада ’паша’, рус. ’угодье’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)