традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл.Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сцьбыт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКУ́Р’ЕЎ (Васіль Васілевіч) (6.4.1904, г. Востраў Пскоўскай вобл., Расія — 12.5.1978),
расійскі акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1960). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтваў (1926). На сцэне з 1920. З 1928 у Ленінградскім т-ры акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам Л.С.Віўена, з 1937 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.С.Пушкіна. Вядомы пераважна як камедыйны, характарны акцёр. Яго выканальніцкае майстэрства вызначалася яркасцю, непасрэднасцю, мяккім гумарам, лірызмам, тонкай псіхалагічнасцю. Сярод роляў: Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Меншыкаў («Пётр I» А.Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Максімаў («За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва) і інш. Здымаўся ў кіно: «Нябесны ціхаход» (1946), «Глінка» (1947, Дзярж. прэмія СССР), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Ляцяць журавы» (1957), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),
агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн.Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.
Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.П.Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.
На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.Дз.Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),
засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст.наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА,
міфалагічны вобраз народнага падання. Вядомыўсх. славянам і інш. народам. Паводле падання, апоўначы на Купалле ў лясным гушчары раз на год зацвітае папараць. Высачыць і сарваць гэтую кветку, якую ахоўваюць розныя пачвары і страшыдлы, можа толькі адважны і сумленны чалавек. Сарваўшы кветку, ён стане празорлівым і зразумее гаворку дрэў і траў, звяроў і птушак, яму адкрыюцца заклятыя ў зямлі скарбы. У гэтым паданні пра цудадзейную П.-к. ўвасоблена мара чалавека аб шчасці, імкненне да пазнання таямніц свету. У бел. фальклоры паданне мела шмат варыянтаў, у т.-л. і сац. пераасэнсаванне. Міфалагічны матыў П.-к. шырока выкарыстаны ў л-ры і мастацтве. Да яго звярталіся М.Гогаль, Ю.Крашэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, У.Караткевіч (п’еса «Калыска чатырох чараўніц»), І.Козел (п’еса «Папараць-кветка»), А.Туранкоў (опера «Кветка шчасця» паводле муз. драмы М.Чарота «На Купалле»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.Ахрэмчык, І.Давідовіч).
Т.В.Габрусь.
Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАПЁРЫЯ (Actinopterygii, Teleostomi),
падклас касцявых рыб. Аб’ядноўвае каля 97% відаў сучасных рыб. Вядомы з верхняга сілуру — сярэдняга дэвону (каля 410—380 млн.г. назад). 5 надатр.: палеанісцыды (Palaeonisci), мнагапёры (Brachiopterygii, або Polypteri), храстковыя ганоіды (Chondrostei), касцявыя ганоіды (Holostei) і касцістыя рыбы. Паводле розных класіфікацый, 33—60 атр. (10—16 вымерлых), каля 430 сям., больш за 20 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах. Рыбы Беларусі належаць да П.
Шкілет касцявы, хорда захавалася толькі ў асетрападобных. Верхнясківічны апарат рухома сучленены з чэрапам (гіястылія або амфістылія). Луска ганоідная, цыклоідная або ктэноідная, рэдка скура голая або з касцявымі пласцінкамі Спінны плаўнік звычайна I (другасна могуць быць 2—3). Хвост гетэрацэркальны ў стараж. і гомацэркальны ў больш маладых груп. Плавальны пузыр звычайна ёсць. Спіральны клапан кішэчніка і артэрыяльны конус сэрца характэрны толькі для ганоідных і ніжэйшых касцістых рыб. Многія П. — аб’екты промыслу.