БАБРУ́ЙСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1941, 1944—47 у Бабруйску. Маст. кіраўнікі: К.​Стэцкі, М.​Кавязін (з 1945). У рэпертуары былі: «Надзвычайны закон» бр. Тур і Л.​Шэйніна, «Жыццё вучыць» В.​Галаўчынера, «Лодачніца» М.​Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона, «Лісічкі» Л.​Хелман, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Рускае пытанне» К.​Сіманава і інш. У 1947 пераведзены ў Гродна (гл. Гродзенскі абласны драматычны тэатр).

Літ.:

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество: Исслед. Свидетельства. Воспоминания. Мн., 1990. С. 36—54.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНДЫ́НА»,

(«Ondyna druskienickich źródeł», «Ундзіна друскеніцкіх крыніц»), літаратурна-гістарычны і медыцынскі часопіс. Выходзіў у 1844—46 на польск. мове раз на месяц у час курортнага сезона (крас.снеж.) у Друскеніках (цяпер Друскінінкай, Літва). У літ. аддзеле пераважала белетрызаваная проза. Лейтматывам паэт. твораў («Сеймікі павятовыя» К.​Буйніцкага) была ідэалізацыя мінулага, крытыка арыстакратыі. У гіст. аддзеле былі змешчаны артыкулы Т.​Нарбута («Аб імёнах жонак вял. князя літоўскага Альгерда», «Заўвагі наконт аўтэнтычнасці падаравання Вітаўта трокскаму манастыру»), В.​Мацэёўскага («Бібліятэка шляхецкая і валасная польскага грамадзяніна 16 ст.») і інш.

Я.​С.​Умецкая.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АО́РЫСТ (грэч. aoristos),

простая дзеяслоўная форма, уласцівая многім стараж. і некаторым сучасным індаеўрап. мовам. Абазначае адзінкавае мінулае дзеянне (стан) без паказу яго працягласці. У старабел. літ. мове аорыст ужываўся рэдка. Утвараўся ад асновы інфінітыву пры дапамозе суфіксаў -х-, -с-, -ш («быхъ, бы, бы, быхомъ, бысте, быша» — «я, ты, ён быў; мы, вы, яны былі»). У сучаснай бел. мове не захаваўся, але форма 2-й і 3-й асобы адз. л. аорыста дзеяслова «быти» ператварылася ў нязменную часціцу «бы» («б») і служыць сродкам перадачы мадальнасці («меў бы», «калі б»).

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́Т з Сікіёна

(Aratos Sikyōnios; 271—213 да н. э.),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі. Прыйшоў да ўлады ў 251, скінуўшы тырана г. Сікіён. Дамогся ўключэння горада ў Ахейскі саюз. З 245 больш як 17 разоў выбіраўся стратэгам (кіраўніком) саюза, які пры ім дасягнуў росквіту і стаў незалежны ад Македоніі. У 224 уступіў у саюз з Антыгонам III Дасанам супраць Спарты. У 221 саюзнікі перамаглі спартанцаў, але Ахейскі саюз зноў трапіў у залежнасць ад Македоніі. Аўтар запісак (не захаваліся), якія былі выкарыстаны ў працах Палібія і Плутарха.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦКІ СУД,

прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж. гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАРО́Ў,

вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Прыстань на р. Прыпяць. За 31 км на ПдУ ад Мазыра, 164 км ад Гомеля. 563 ж., 265 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Сядзібна-паркавы ансамбль 19 ст.

Вядомы з 18 ст. як мястэчка, былі смалакурні. У 1779 пабудаваны Успенская царква, каталіцкая капліца, палац (каля 1865; не збярогся). У 1886 — 226 ж., 33 двары. У Вял. Айч. вайну ў Барбарове і наваколлі дзейнічаў славацкі партыз. атрад; вёска была спалена ням.-фаш. акупантамі.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЦКІ (Іоў) (свецкае Іван Мацвеевіч; ?, с. Бірчы Гарадоцкага р-на Львоўскай вобласці — 12.3.1631),

дзеяч укр. праваслаўнай царквы, асветнік. Выкладчык, у 1604—05 рэктар Львоўскай брацкай школы. З 1610 у Кіеве, удзельнічаў у стварэнні Кіеўскай брацкай школы (1615, пазней акадэмія, першы яе рэктар). У 1620—31 кіеўскі мітрапаліт. Выступаў супраць распаўсюджвання на Украіне каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар палемічных антыуніяцкіх твораў «Пратэстацыя» (1621; на польск. мове), «Аполія Апалогіі М.​Сматрыцкага» (1628), пасланняў, лістоў, прадмоў, перакладаў. Працы Барэцкага ў 17 ст. былі вядомы на Беларусі, яго дзейнасць мела ўплыў на бел. культуру.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА»,

літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся з ліп. да вер. 1927 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ф.​Умястоўскі. Ідэйныя пазіцыі часопіса былі абумоўлены памяркоўнымі поглядамі рэдактара, яго паліт. арыентацыяй на тэр. аўтаномію Зах. Беларусі з паслядоўнай эвалюцыяй да незалежнасці. Асвятляў пытанні гісторыі Беларусі, бел. асветы на зах.-бел. землях. Пісаў пра неабходнасць культ. і краязнаўчай руплівасці ў Зах. Беларусі і краязнаўчую работу ў БССР. Друкаваў творы М.​Багдановіча, А.​Бартуля, М.​Васілька, У.​Дубоўкі і інш. Меў грунтоўны раздзел «Хроніка». Выйшлі 3 нумары ў 2 кнігах.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́МФІЛД ((Bloomfield) Леанард) (1.4.1887, г. Чыкага, ЗША — 18.4.1949),

амерыканскі мовазнавец. Праф. ун-таў у Агайо (1921—27), Чыкага (1927—40), Іельскага ун-та (1940—49). З 1935 прэзідэнт Амер. лінгвістычнага т-ва. Даследаваў агульналінгвістычныя пытанні, вывучаў мовы Паўд.-Усх. Азіі і Паўн. Амерыкі; упершыню выкарыстаў параўн.-гіст. метад даследавання да моў полісінтэтычнага складу і дастасоўваў да вывучэння моўных з’яў біхевіярыстычную псіхалогію, што базіруецца на вывучэнні паводзін. Шмат якія палажэнні Блумфілда былі развіты прадстаўнікамі т.зв. дэскрыптыўнай лінгвістыкі. Аўтар прац «Мова» (1933), «Лінгвістычныя аспекты ў навуцы» (1939) і інш.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Існавала з 1896 да восені 1897 у Віцебску. Створана ў выніку пераходу мясц. с.-д. гурткоў да масавай агітацыі сярод рабочых. Асновай арг-цыі былі цэхавыя стачачныя касы. На агульным сходзе членаў касы выбіраліся касір, кантралёр і прадстаўнік цэха. Яны ўваходзілі ў міжкасавую сходку, якой праз свайго прадстаўніка кіраваў мясцовы с.-д. камітэт. Віцебская рабочая арганізацыя не выстаўляла паліт. патрабаванняў, задачы абмяжоўвала барацьбой за паляпшэнне эканам. становішча рабочых, каардынацыяй дзейнасці цэхавых арг-цый (стачачных кас). У вер. 1897 уступіла ў Бунд.

М.​В.​Біч.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)